Вы тут

Анкамамолаг: Самае галоўнае — любіць сябе прыгожага і аберагаць


Калі ісці да ўрача, ці карыстацца саветамі траўніц і чым падтрымліваць жанчыне імунітэт увесну? Аб гэтым і шмат чым іншым сеткаваму выданню zviazda.by расказаў загадчык мамалагічнага аддзялення № 2 Гродзенскай універсітэцкай клінікі Аляксандр ХОМБАК.


unsplash.com

Расслабляцца не трэба

— Аляксандр Міхайлавіч, як паўплывала пандэмія каранавіруса на колькасць зваротаў пацыентаў?

— Пандэмія не павінна расслабляць. З пункту гледжання анкалогіі, на жаль, яна наклала адбітак не толькі на гэтую сферу медыцыны, але і на іншыя хваробы ў цэлым. Людзей хвалюе як засцерагчыся ад COVID, а заўважаючы сімптомы іншых праяў, часцяком, спісваюць на яго і зацягваюць хваробу, звяртаюцца па дапамогу толькі тады, калі з’яўляюцца клінічныя праявы анкапаталогіі. То бок ужо ёсць сімптомы, якія тычацца малочнай залозы, але некаторыя вырашаюць пачакаць, асабліва сталыя людзі. У выніку, калі бачаць нешта не тое (рост жа ідзе) і звяртаюцца за дапамогай — працэс ужо далёка не пачатковы. А многія адкладваюць надоўга.

Трэба разумець, існуе пэўная заканамернасць — захваральнасць не зніжаецца, яна паціху расце. Адпаведна тых, хто захварэў на рак малочнай залозы, таксама менш не становіцца. Пытанне толькі, у якой стадыі мы пачынаем лячыць. А сёлета (канец 2020-га — пачатак 2021 года) пацыентаў з гэтым дыягназам зарэгістравана менш. Яны прыйдуць пазней, але ў больш запушчанай стадыі. Звычайна штогод да нас звяртаюцца 400-420 пацыентаў, а тут пайшоў адкат амаль да ста пацыентаў. Гэта шмат для невялікай вобласці. Адпаведна, і лячэнне будзе менш выніковым. Цяпер (пры зніжэнні колькасці выпадкаў каранавіруснай інфекцыі — аўт.) пацыенты пачалі звяртацца. Прычым актыўна: у пачатку вясны пайшоў наплыў. Гэта сведчыць аб зніжэнні распаўсюджання ковіднай інфекцыі, але расслабляцца не трэба. Самае галоўнае — любіць сябе прыгожага і аберагаць. Бачу, як у крамах ходзяць без масак — гэта вельмі дрэнны сігнал. Трэба прытрымлівацца ўсіх мер засцярогі: насіць маскі, захоўваць сацыяльную дыстанцыю і гэтак далей, бо хвароба мае хвалепадобны характар. Пакуль у асяродку людзей не сфарміруецца калектыўны імунітэт, трэба быць пільным.

Усе сродкі ўздзеяння прыдатныя

— Ці паўплывала пандэмія на рэалізацыю скрынінгавых праграм, якія існавалі на базе ўніверсітэцкай клінікі?

— Скрынінгавыя праграмы, нягледзячы на тое, што вірусная небяспека існуе, працягваюцца. Канешне, некаторыя адхіленні ад вызначанага графіка адбыліся. Але па меры таго, як змяняецца сітуацыя з пандэміяй — мы пачынаем нармалізаваць гэтую тэму, паколькі ранняя дыягностыка ўсіх злаякасных новаўтварэнняў — самая галоўная задача ў анкалогіі. Калі высвятляем любую пухліну любой лакалізацыі ў пачатковай стадыі, яна мае ўсё шансы атрымаць максімальна добры вынік, у тым ліку да поўнага вылечвання. А дамагчыся выяўлення пачатковай стадыі можна толькі дакладна арганізаванымі мерапрыемствамі. Дык вось скрынінг — гэта і ёсць праграма, якая накіравана на выяўленне ранніх выпадкаў анкапаталогіі: ці рака малочнай залозы, ці рака шэйкі маткі, зараз з’явіліся і іншыя лакалізацыі.

— Што трэба, каб здаровыя людзі, якія пакуль не адчуваюць праблем, самі прышлі да ўрача?

— Я лічу, што ў постковідным перыядзе вядучым стымулюючым момантам уздзеяння на людзей павінны быць сродкі масавай інфармацыі. Усе магчымыя: для моладзі — інтэрнэт, для старэйшага насельніцтва — тэлебачанне і газеты. Павінны быць задзейнічаны ўсе сродкі ўздзеяння на свядомасць людзей, што трэба апекавацца здароўем, анкалогія нікуды на фоне ковіда не сышла і калі з’яўляюцца нейкія сімптомы — заўсёды трэба звяртацца да ўрача.

«Ён мяне кальнуў, а там — клеткі»

— Давайце нагадаем, асабліва для моладзі, якая не ведае гэтыя сімптомы, на што трэба звяртаць увагу ў першую чаргу.

— Маладым дзяўчатам ад пачатку палавога саспявання неабходна навучыцца даследаваць сябе уласнымі пальцамі. Раз на месяц у сярэдзіне менструальнага цыкла яны павінны пальпіраваць сваю малочную залозу. У абавязковым парадку! Часам прыходзяць на першае ўльтрагукавое даследаванне, а там — жах. Пытаю: «А з чым параўнаць, бо ў вас перадракавае становішча, пакажыце папярэдняе УГД». У адказ: «Я ніколі раней не рабіла...»

— Ці не вінен у гэтым сіндром слімака (я ў хатцы схаваўся, аб гэтым не ведаю, значыць, гэтага няма)?

— Канешне, я як ніколі перакананы, што зрушыць сітуацыю з месца, каб звярталіся за дапамогай да ўрача, могуць толькі СМІ, калі нагадваюць кожны раз: паглядзіце сябе самастойна. Сярод нядаўніх прыкладаў: жанчына з невялікім ушчыльненнем на прыёме расказала, што бачыла выступ раённага анколага па тэлебачанню. Так, седзячы перад экранам, яна знайшла ў сябе праблему. І заўтра яна ўжо першая была ў яго пад кабінетам. «Ён мяне кальнуў, а там — клеткі». І праз два дні яна ўжо ў нас, праз тры дні мы яе ўжо аперыруем: першая стадыя, пачатковая. Ад моманту прагляду праграмы па тэлебачанні да аперацыі прайшлі лічаныя дні.

Аб гэтым трэба расказваць, асабліва моладзі. Што самаабследванне павінна стаць часткай культуры, як нафарбаваць вочкі, прыгожа апрануцца, так і орган, які вызначае ў цэлым прыгажосць жаночага арганізма, трэба кантраляваць. І калі з’яўляюцца нейкія ўшчыльненні, свае пальцы заўсёды гэта заўважаць. Пасля гэтага трэба зрабіць УГД. Наогул, калі ніякіх змен у малочнай залозе не намацваецца, УГД як дадатковы метад кантролю трэба рабіць раз на год.

— Мы закранулі вельмі цікавую тэму: ад моманту дыягностыкі да аператыўнага ўмяшання прайшоў невялікі перыяд. Прыклад з нядаўняй пацыенткай — гэта выключэнне ці практыка?

— У выпадку, калі з’яўляецца ўшчыльненне ў малочнай залозе і пацыентка адразу ж звярнулася да свайго доктара, ад моманту звароту да аперацыі максімальны тэрмін складае 10 дзён. Чаму? Неабходна правесці даследаванне, здаць усе аналізы, цяпер яшчэ і на COVID. Калі пацыент паступае ў анкадыспансер цалкам абследаваны, мы можам у гэты ж дзень яго шпіталізаваць і ў наступны — выканаць аперацыю.

— Такая хуткасць уплывае на вынік?

— Лячэнне анкапаталогіі праводзіцца згодна стандарту. Вынік лячэння залежыць ад хірургічнага ўмяшання, лекавай, прамянёвай тэрапіі і рэабілітацыі. То бок комплекснае лячэнне дае канчатковы вынік. Нейкі адзін метад не з’яўляецца поўным для лячэння рака малочнай залозы. Чым раней пухліна будзе дыягнаставана на больш ранняй стадыі — тым лепш. У першай стадыі выяўлення пухліны пяцігадовая выжывальнасць пацыентак складае больш за 90 %.

Святы жыцця павінны быць — без іх нельга

— Як практыкуючы анколаг, як вы ставіцеся да самалячэння?

— Не толькі я, любы ўрач-анколаг, канешне ж, стаўлюся вельмі адмоўна. Мы ведаем прыклады ўздзеяння на свядомасць людзей тых, хто знаходзіцца каля медыцыны і маюць жаданне на гэтым зарабіць, прапануючы розныя адвары, настоі, якія не могуць станоўча ўздзейнічаць на развіццё хваробы — яны, як правіла, дэпрэсіўна ўздзейнічаюць на імунітэт. І ў выніку адмоўна ўплываюць на праграму лячэння, якую мы праводзім. Калі ў чалавека праводзіцца курс хіміятэрапіі і неабходна, каб імунная сістэма была ў добрым стане, а паралельна хтосьці навязвае прыём адвараў розных атрутных грыбоў і траў — ён падаўляе імунітэт і шансы правесці якасна спецыяльную тэрапію значна зніжаюцца.

— Працягваючы тэму ежы, што імунітэт умацоўвае?

— Перш за ўсё нармальны псіхаэмацыйны стан чалавека, таму што хранічныя стрэсы з’яўляюцца імунасупрэсарамі. Нармальная рухальная актыўнасць: то бок павінна быць спалучэнне фізічнай і разумовай актыўнасці. Тады работа арганізма будзе больш камфортнай і аптымальнай.

Характар харчавання таксама мае значэнне. Важна задумацца: што карысна і патрэбна арганізму. Калі гэта шкодна і сістэмна — абавязкова ўзнікнуць наступствы. На наступным этапе ён пачне разбірацца, што карысна. І галоўны прынцып: прадукты харчавання павінны быць максімальна разнастайныя і тады можна быць упэўненым, што ў арганізм трапяць тыя кампаненты, якія яму патрэбныя. Вітаміны, мікраэлементы, бялкі, жыры, вугляводы павінны трапляць у патрэбным балансе.

— Зараз вясна, харчаванне не такое разнастайнае, як хацелася б...

— Таму патрэбныя харчовыя дабаўкі, бо ў тых прадуктах, што ёсць у супермаркетах недастаткова патрэбных рэчываў. Зразумела, што аснову харчавання павінна складаць гародніна, бо яна ўтрымлівае асноўныя антыаксіданты: вітаміны А, Е, С, D, цынк, селен, ёд — гэта кампаненты, якія ахоўваюць арганізм ад анкалагічнага працэсу (клетку на шляху пераўтварэння ў злаякасную). Зразумела, што можна пазбягаць тых шкодных прадуктаў, якія вядомыя ўсім, але хто можа адмовіцца ад булак? Святы жыцця павінны быць — без іх нельга.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.