Вы тут

Айцец Рафал. У высылцы будучы кармеліт даследваў Байкал


Шлях, якім прыйшоў айцец Рафал да святасці і служэнню Богу — гэта самаахвярны і напружаны шлях праз сумненні і роздум, пакуты і выпрабаванні.


Кволы здароўем ад нараджэння (1 верасня 1835 г. у г. Вільні ў сям’і настаўніка Андрэя Каліноўскага), Юзаф рос задумлівым, засяроджаным у сябе. Ён марыў прысвяціць сябе святарскай дзейнасці. Аднак пасля заканчэння ў 1850 годзе з залатым медалём віленскай гімназіі Юзаф з братам Віктарам паступае на вучобу ў Гора-Горацкі земляробчы інстытут. Схільнаму да дакладных навук і матэматыкі Юзафу больш спадабалася прафесія інжынера, чым астранома. І пасля двух гадоў навучання ў земляробчым інстытуце ён паступае ў Мікалаеўскую ваенна-інжынерную акадэмію адразу ў трэці клас. Пасля заканчэння акадэміі ў 1857 годзе Юзаф не знайшоў сябе, хоць і застаўся там выкладаць матэматыку і будаўнічую механіку. Цяпер ён ужо шкадаваў пра паступленне ў акадэмію, што не паслухаў свой унутраны голас і не прысвяціў сябе Богу. Зрэшты, ён вырваўся з няветлага Пецярбурга і ў 1859 годзе працаваў у палявых умовах над праектам чыгункі Адэса — Кіеў — Курск. Пасля была служба ў Брэсцкай крэпасці. З дапамогай аднадумцаў Юзаф адкрыў нядзельную школу для дзяцей, дзе вучыў іх чытаць і пісаць, настаўляў рэлігійнаму жыццю. Паўстанне Юзаф не падтрымаў, лічачы яго «толькі ўспышкаю, якая павінна была хутка згаснуць». Але не змог заставацца на царскай службе, «калі ўсім сэрцам уздрыгваў пры вестцы аб праліцці братняй крыві». Ён звольніўся з арміі ў маі 1863 года ў чыне штабс-капітана. Сумненне не дазволіла Юзафу ціха перачакаць часы суровых выпрабаванняў. «Прыклад людзей, якія ахвяравалі сваім жыццём, набыткам, сям’ёй, усімі ўмовамі правільнага жыцця, прыклад нават іншаземцаў, якія прыносілі жыццё сваё на карысць паўстання, — усё гэта прымусіла мяне засумнявацца ў тым, ці маю я маральнае права заставацца толькі гледачом сярод гэтага агульнага ахвярапрынашэння», — прызнаваўся Юзаф у сваёй «Споведзі». Юзаф Каліноўскі прыняў прапанову кіраўніцтва паўстання ў Варшаве ўзначаліць ваенны аддзел Выканаўчага аддзела Літвы. Ён падтрымаў прыход да кіраўніцтва Канстанціна Каліноўскага і «чырвоных». Разам з Канстанцінам Юзаф разглядаў ваенныя пытанні і справы, вёў перапіску з паўстанцкімі камісарамі, падпісваў намінацыі на званні. Такім чынам, ён сапраўды быў «дзейснай асобай у арганізацыі» (як заявіў падчас следства Вітальд Парфіяновіч, які выдаў Канстанціна Каліноўскага). Цяжка было западозрыць, што гэты ціхмяны, апатычны і змучаны хваробамі чалавек узначальвае ўзброеныя сілы паўстання. Пэўна, тады ён і даў сабе зарок: «Калі Бог захавае мне свабоду, аддацца Пану Богу».

Сваё зняволенне Юзаф успрымаў стойка: «Езус Хрыстус цярпеннем і смерцю адчыніў мне неба, ад якога можа аддзяляе мяне толькі некалькі гадзін, няўжо тых колькі гадзін не вытрымаю цярпліва?». З паказанняў Юзафа вынікала, што ён адыгрываў другасную ролю ў кіраўніцтве паўстаннем і выступаў за яго спыненне і роспуск паўстанцкіх атрадаў. Ён напісаў запіску Мураўёву аб бессэнсоўнасці далейшага тэрору. Зацікавіўшыся думкамі Юзафа Каліноўскага, Мураўёў дазволіў яму выкласці свае думкі больш шырока. У сваёй «Споведзі» Юзаф асэнсоўвае ход паўстання, дае станоўчую характарыстыку Канстанціну Каліноўскаму. Ён раздумвае аб ролі Бога і веры ў сучасным грамадстве. Менавіта хрысціянскія ідэі мусяць спрыяць удасканаленню грамадства. «Цывілізацыя, не заснаваная на глебе рэлігійнай, прыносіць толькі шкоду чалавецтву».

Смяротны вырак Юзафу Каліноўскаму быў зменены на 10-гадовую катаргу і пазбаўленне шляхецтва. Для Юзафа наступіў цяжкі час маральных і фізічных выпрабаванняў. Катаржная праца выматвала да тупога знясілення. Суцяшэнне Юзаф знаходзіў у малітвах да Бога. «Свет можа пазбавіць мяне ўсяго, аднак застанецца адно сховішча, недаступнае яму, — малітва. У ёй можна змясціць мінулае, сучаснасць і будучыню ў постаці надзеі. Божа, якім скарбам надзяляеш тых, хто табе давярае!». Разам з сасланым ксяндзом Юзаф праводзіць патаемныя набажэнствы. За шчырую набожнасць і бескарыслівую дапамогу бліжнім ссыльныя лічылі яго ледзь не святым. Ён даглядаў у шпіталі хворых, выконваў апошнія пажаданні паміраючых. Удзельнічаў ён і ў даследаванні Байкала, разам з Бенядзіктам Дымбоўскім і Іванам Чэрскім. Але ў адрозненні ад іх Юзаф у 1873 годзе вярнуўся на Беларусь, у Грозава, дзе жыла сям’я Каліноўскіх. Пасля ён служыў выхавацелем сына князя Уладзіслава Чартарыйскага, суправаджаў хворага хлопчыка на курортах. І толькі ў 1876 годзе Юзаф уступае пад імем айцец Рафал у ордэн кармелітаў. А ў 1881 годзе ён становіцца прыёрам кармяліцкага кляштара ў Чэрнай на Галіцыі.

Сярод мясцовага люду айцец Рафал праславіўся як душэўны спавядальнік. Ён для кожнага знаходзіў добрыя і мудрыя словы суцяшэння, што пранікалі ў душы людзей. Тысячы вернікаў прыбывалі ў Чэрную, каб атрымаць ад яго прычасце і блаславенне. Ён строга прытрымліваўся манаскага статусу, спаў на дошках, ужываў простую ежу, падчас пастоў харчаваўся кавай з булачкай. І лічыў сябе вельмі грэшным чалавекам, заклікаў сясцёр кармелітак маліцца за яго грэшнага. А людзі шанавалі яго як святога.

Апроч душапастарскага служэння айцец Рафал вывучаў гісторыю кармелітаў у Польшчы і Літве. Вынікам гэтых даследаванняў быў выхад чатырох тамоў працы «Кляштары кармелітак босых у Польшчы, на Літве і Русі...» (1900–1904). А ўсяго яго творчая спадчына налічвае болей за дзве тысячы старонак, і каштоўнейшыя з іх — гэта ягоныя «Успаміны».

Напрыканцы 1899 года айца Рафала насуперак яго жаданню прызначылі вікарыем кармелітак босых у Галіцыі. Пад яго душапастарскай апекай знаходзілася чатыры кляштары кармелітак: два ў Кракаве, у Пшэмыслі і Львове, а таксама семінарыя ў Вадовіцах.

За святасць і заслугі перад хрысціянствам айцец Рафал быў кананізаваны 17 лістапада 1991 года. Наступныя словы айца Рафала можна лічыць яго запаветам для тых, хто імкнецца да святасці: «Нам нельга сумнявацца ў тым, што Бог у сваёй міласэрнасці вызначыў кожнаму заданне, якое ён павінен выканаць на гэтым свеце. Калі хочаш стаць святым, стаць дасканалым, будзь верным выканаўцам сваіх абавязкаў».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?