Вы тут

На адкрытай пляцоўцы ў Гродне паказалі, як беларусы здаўна рыхтаваліся да Вялікадня


Цэнтр горада нагадаў вялікі кірмаш-майстэрню, дзе кожны мог не толькі набыць святочны атрыбут, але і сам нешта зрабіць, напрыклад, распісаць яйкі па ўнікальнай старажытнай тэхналогіі, зрабіць карункі з белай паперы, паспрабаваць сябе ў ткацтве паясоў.


Фота аўтара.

Менавіта так беларусы здаўна рыхтаваліся да свята Вялікадня: фарбавалі яйкі, упрыгожвалі свае дамы, ткалі новае адзенне і дываны. Усё гэта было прадстаўлена на кірмашы ў Гродне, куды з'ехаліся рамеснікі з усіх раёнаў вобласці. Цэнтрам увагі стала старажытнае майстэрства, якое данеслі да нас таленавітыя творцы. Дзякуючы ім, народная творчасць не адышла ў нябыт, а набыла новыя рысы і працягвае развівацца. Магчыма, не так шырока, як было раней. Бо цяпер наўрад ці хто будзе ткаць дываны ці ручнікі да свята. Але займець такія ўнікальныя рэчы магчыма.

Вядучы метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Яніна Барысевіч знаёміць з унікальнымі вырабамі. Напрыклад, з Гудзевічаў Мастоўскага раёна тут прадстаўлена падвойнае ткацтва, калі ўзоры кладуцца з абодвух бакоў. А вось на Лідчыне ткуць ручнікі старадаўнім белаўзорыстым спосабам. І сёння ўпрыгожыць кватэру такім дываном ці ручніком будзе стыльна. Аб унікальнасці такіх твораў сведчыць і той факт, што яны ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У гэтым спісе і Навагрудская выцінанка-выбіванка. Сёння гэта рамяство не такое распаўсюджанае, але яно дайшло да нашых часоў, аднавілася і цяпер упрыгожвае культурныя ўстановы. Раней да Вялікадня вырэзвалі тэматычныя сурвэткі і набожнікі для абразоў. Рабілі новыя фіранкі. Дарэчы, кожны ахвотны мог паспрабаваць сябе ў гэтай справе падчас кірмашу.

Але больш за ўсё было жадаючых распісаць яйкі па старажытнай тэхналогіі — гарачым воскам. Згаданае майстэрства актыўна адраджаецца ў аграгарадку Сапоцкін Гродзенскага раёна
і таксама з'яўляецца элементам нематэрыяльнай спадчыны. Майстар Антаніна Лук'янаўна падрыхтавала спецыяльны васковы раствор і завостранай палачкай выводзіць на фарбаваных яйках нескладаны ўзор.

— Вось памацайце, якія шурпатыя ад воску, — паказвае яна свае вырабы. — Праўда, зараз холадна, і гарачы воск пачынае замярзаць. Яйкі фарбую ў спецыяльным растворы з кары дуба, вольхі, іржавых цвікоў. Але трэба кару браць падчас руху соку, бо інакш нічога не атрымаецца, яйкі будуць не чорныя, а шэрыя. Я ў школе праводжу майстар-класы, у дзіцячых садках, ім падарыла такія яйкі. Дзецям і ўнукам на Вялікдзень фарбую.

Ларыса Касіцкая з Азёраў, якая таксама з'яўляецца носьбітам культурнай каштоўнасці Беларусі, распісвае страусіныя яйкі, у тым ліку на велікодную тэму. У Музеі пісанкі ў Сапоцкіне захоўваецца звыш 30 яе твораў. Шкарлупіны для іх закупляе раённы аддзел культуры на страусінай ферме.

— Кірмаш праводзіцца, каб гараджане змаглі набыць пэўныя атрыбуты да свята. Велікодныя кампазіцыі прадстаўлены ўсімі раёнамі вобласці. Вялікая колькасць яек — самага рознага складу. Гэта дэкаратыўная прадукцыя, таму можа выкарыстоўвацца як сувенір.Таксама тут можна набыць велікодныя кошычкі, сурвэткі і нават печыва. Дарэчы, нашы караваі — Ваўкавыскі і Слонімскі — таксама занесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, — паведаміла Яніна Барысевіч.

Аказваецца, слонімскае традыцыйнае печыва мае сваю гісторыю. У рэгіёне на свята выпякалася да васьмі велікодных булак. Для дарослых і дзяцей — асобныя, для царквы — каравай з крыжам зверху. Нават было печыва для жывёлы, называлася «чырвоная горка». Пяклі з аўса, у якім замочваліся чырвоныя яйкі, гэтым грубым печывам кармілі жывёлу, каб яна не хварэла. Такія цікавыя традыцыі адраджаюцца на Слонімшчыне. Адтуль свае вырабы прывезлі чараўніцы-каравайніцы з народнага аматарскага аб'яднання Алена Лазута і Дар'я Кірыенка. Усіх частавалі салодкім печывам. Расказалі, што зараз заказаў вельмі многа, асабліва да свята. Каравай пячэцца ў сапраўднай рускай печы па старых рэцэптах вёскі Паўлава. Яго асаблівасць — аздабленне рознымі фігуркамі, кожная з якіх мае свой сэнс. Напрыклад, каласкі — багацце, вароты — на шчасце, васьмёркі — даўгалецце, кветкі — шчасце і багацце. Птушкі — на дзетак. Каравай доўга захоўваецца і мае сапраўдны «хатні» смак. Дарэчы, праверана — вельмі смачна.

Яек таксама было на любы густ — ад малых да вялікіх. Праўда, усе яны — дэкаратыўныя. Прыгожа глядзіцца сувенір з дрэва з напісаным на ім пейзажам. Такія яйкі робіць Юрый Сяргей са Шчучына. Ён майстар з 30-гадовым стажам, але яйкі пачаў распісваць нядаўна. Можна было ўбачыць і набыць яйкі, дэкарыраваныя саломкай, скурай, тканінай. Трапіла на вочы карункавае. Аказваецца, узор вырэзваецца спецыяльнай прыладай на натуральнай гусінай шкарлупіне. Кошт яек таксама розны — ад 7-8 рублёў да 20-30. За 13-15 рублёў можна было набыць прыгожы сувенір. Попытам карысталіся і плеценыя кошычкі з сурвэткамі, і караваі, і велікодныя пернікі. Многія наведвальнікі куплялі тавар у рамках дабрачыннай акцыі, сродкі ад якой пойдуць на аперацыю хвораму хлопчыку. А тавар ахвяравалі майстры-рамеснікі. І гэта таксама адна з велікодных традыцый — аказваць дапамогу тым, каму яна патрэбна, выказваць свае чалавечыя пачуцці.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара і БелТА

Загаловак у газеце: Велікодныя традыцыі з новым акцэнтам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.