Вы тут

Другога Чарнобыля быць не павінна!


Напярэдадні 35-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адбылося пасяджэнне круглага стала на тэму: “Радыяцыйнае становішча ў Рэспубліцы Беларусь: учора, сёння, заўтра”.

Фота прэс-службы Мінпрыроды.

Прадстаўнікі Мінпрыроды, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, НАН Беларусі, грамадскіх аб’яднанняў, Беларускай праваслаўнай царквы абмеркавалі дынаміку радыяцыйных паказчыкаў на тэрыторыі краіны, мерапрыемствы, якія праводзяцца для ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы і захады, якія прымаюцца, каб падобныя аварыі больш не здараліся.

Вёў круглы стол першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Баляслаў Пірштук. Ён адзначыў, што Чарнобыльская аварыя – адна з самых жахлівых тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва, і Беларусі яна нанесла найвялікшую шкоду. З гаспадарчага абароту было выведзена каля 265 тыс. га зямель. Радыеактыўнае забруджванне закранула чацвёртую частку ляснога фонду краіны. Але галоўнае – пацярпелі людзі. У зонах забруджвання апынуліся 3678 населеных пунктаў, у якіх жыло больш за 2 мільёны беларусаў; 479 пунктаў перасталі існаваць. Давялося адсяліць 138 тысяч чалавек, з якіх 75 % – жыхары Гомельскай вобласці. Яшчэ 200 тысяч грамадзян самастойна пакінулі небяспечныя мясціны. Цяпер колькасць населеных пунктаў у зонах радыеактыўнага забруджвання зменшылася да 2022-х, у іх пражывае 998 тысяч чалавек.

Устойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю пацярпелых тэрыторый с забеспячэннем патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі надаецца агульнанацыянальнае значэнне. З 1990 па 2020 год рэалізаваны пяць дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Іх агульнае фінансаванне склала каля 20 мільярдаў долараў ЗША (у эквіваленце).

Усе ізатопы пад кантролем!

Чарнобыльская аварыя дала імпульс для развіцця ў краіне сеткі радыяцыйнага маніторынгу. Як паведаміў начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета Міхаіл Каваленка, 32 аўтаматычныя пункты вымярэння кожныя 10 хвілін аналізуюць спектральны склад радыенуклідаў у паветры, ёсць магчымасць выяўляць цэзій-134 і ёд-131. У 41 стацыянарным пункце вызначаюць моц дозы радыеактыўнага выпраменьвання, у 21 – адбіраюць натуральныя выпадзенні з атмасферы. 13 пунктаў займаюцца пробамі паверхневых вод, у тым ліку трансгранічных. Існуюць таксама 7 пунктаў маніторынгу глебаў. Гэтыя працы выконваюць толькі лабараторыі з сертыфікатам адпаведнасці, які атрымаў Белгідрамет. Сетка назіранняў арыентавана на ранняе выяўленне радыеактыўнага забруджвання ў выпадку аварыі. Галоўная ўвага надаецца пацярпелым ад Чарнобыля тэрыторыям і ўчасткам паблізу патэнцыйна небяспечных аб’ектаў. За ўвесь перыяд назіранняў было выяўлена тры выпадкі нязначнага павышэння радыяцыі ў атмасферным паветры: пасля аварыі на Фукусіме; у 2016 годзе – у сувязі з буйнымі ляснымі пажарамі ў зоне ЧАЭС; і ў кастрычніку 2017 года было зафіксавана воблака рутэнія-106 невядомага паходжання. Усе гэтыя выпадкі не ўяўлялі пагрозы для здароўя насельніцтва.

Белгідрамет прадастаўляе дзяржаўным органам як аператыўную фактычную, так і прагнозную інфармацыю па радыяцыйным маніторынгу.

Гэтыя звесткі дапоўніла намеснік начальніка службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета Жана Бакарыкава. Яна патлумачыла, што навукоўцы рэгулярна бяруць аналізы глебы на тэрыторыях, пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі. Адпаведна атрыманым даным не радзей чым раз у пяць гадоў пераглядаецца Пералік населеных пунктаў і аб’ектаў, якія належаць да зон радыеактыўнага забруджвання. У 64 % населеных пунктаў адбылося значнае змяншэнне забруджвання, у 11 % – нязначнае павелічэнне, у 6 % даныя не змяніліся. Супрацоўнікі Белгідрамета маюць намер укараняць альтэрнатыўныя метады ацэнкі, такія як палявая гамаспектраметрыя.

– Нам трэба абнаўляць методыкі даследаванняў і апаратуру, больш працаваць з грамадскасцю, – даў рэкамендацыі Баляслаў Пірштук. – Давер павінен быць ключавым словам ва ўзаемаадносінах улады і насельніцтва. Аператыўная дакладная інфармацыя мусіць падавацца ў анлайн-рэжыме, каб людзі адчувалі сябе ў бяспецы.

Лясы-трансформеры наступаюць

Пра змены, якія адбываюцца з расліннасцю ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку, зрабіў даклад намеснік дырэктара Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Дзмітрый Грумо:

– У мясцінах, пакінутых людзьмі, назіраецца трансфармацыя ландшафтаў: з’яўляюцца яблыневыя, акацыевыя лясы. Лясная прастора пашырылася на 20 %, працягваецца зарастаннне адкрытых ўчасткаў. Плошча лугоў змяншаецца, а балот – павялічваецца. Пакуль для навукоўцаў загадка, што будзе з вербалозамі. Беларускі досвед існавання прыроды на адчужаных тэрыторыях унікальны, такога няма нідзе ў свеце.

Беларуская АЭС: узровень бяспекі – максімальны

Удзельнікі “круглага стала” надалі шмат увагі пытанням бяспекі Беларускай АЭС. У яе праекце ўвасобілася трансфармацыя інжынернай думкі ў галіне атамнай энергетыкі. Нашай дзяржаве была прапанавана навейшая расійская мадыфікацыя атамнай станцыі, і МАГАТЭ зацвердзіла беларускі выбар. Цяпер на БелАЭС у рэжыме вопытна-прамысловай эксплуатацыі працуе першы энергаблок. Ён мае чатыры ахоўныя бар’еры перад навакольным асяроддзем. Корпус рэактара з усімі трубаправодамі першага контуру выключае выхад радыяцыі ў другі контур. Увесь першы контур пакрыты моцнай, падвоенай герметычнай абалонкай.

Фота прадастаўлена інфацэнтрам БелАЭС.

Этап вопытна-прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока завяршаецца. Прыёмная камісія ўпэўнілася ў правільнасці ўсіх тэхнічных рашэнняў, і ў маі плануецца пачаць яго прамысловую эксплуатацыю.

Грамадскае меркаванне пра атамную энергетыку за 35 гадоў пасля Чарнобыля прайшло праз значныя змены. Недавер часткі насельніцтва да новай атамнай станцыі можна зразумець. Аднак вакол Беларусі дзейнічае шмат АЭС у суседніх дзяржавах, і яны выклікаюць у спецыялістаў значна большую насцярожанасць. Там выкарыстоўваюцца састарэлыя тэхналогіі і ёсць праблемы з бяспекай.

Найбольшы давер да айчынных атамшчыкаў – у жыхароў Астравеччыны, бо яны на свае вочы бачаць, як вядзецца будоўля, як развіваецца аб’ект.

Удзельнікі “круглага стала” пагадзіліся на тым, што на сайце БелАЭС павінна размяшчацца інфармацыя пра тое, што там адбываецца на дадзены момант. Трэба суправаджаць пуска-наладачныя работы тлумачэннямі ў даступнай насельніцтву форме, каб яны не выклікалі трывог і домыслаў. Заручыцца даверам людзей да новай для нашай краіны атамнай галіны вельмі важна, асабліва ў кантэксце чарнобыльскага мінулага.

Святлана ІШЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?