Вы тут

Крок у бурлівы 1915-ты


У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту прайшоў фестываль, прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны.


Пра гэтую вайну, адну з самых крывавых у летапісе чалавецтва, мы гаворым значна радзей, чым пра Вялікую Айчынную. Аднак варта памятаць, што падчас яе загінула больш за мільён нашых суайчыннікаў, яшчэ амаль два мільёны сталі бежанцамі, тысячы вёсак і мястэчак былі зруйнаваны. Музей разам з Мясцовым дабрачынным культурна-гістарычным фондам памяці Першай сусветнай вайны «Крокі» і ваенна-рэканструктарскімі клубамі пры падтрымцы гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна» правёў фестываль «Няскончаны ўрок», каб нагадаць пра забытыя старонкі беларускага мінулага.

Музейны сектар Паазер’е на выходныя 24–25 красавіка «акупавалі» войскі, якія быццам выйшлі з далёкага1915 года. Тут разгарнуліся два лагеры: рускі і нямецкі. І ў кожным было на што падзівіцца гасцям.

У лагер прыбыла руская кавалерыя.

Капітан Чацвёртага пяхотнага палка імператарскай арміі Арцём Быкаў на прывале.

«Немцы» абедаюць.

Пакуль ваяры адпачывалі, гатавалі ежу на вогнішчах і правяралі зброю, старшыня праўлення «Крокаў» Андрэй Аралін правёў для ўсіх ахвотных экскурсію па біваку.

Здаецца, Андрэй Уладзіміравіч ведае ўсё-усё, што датычыць Першай сусветнай. Ён цалкам «захапіў у палон» сваю рознаўзроставую аўдыторыю жывым аповедам з цікавымі фактамі. Напрыклад, пра ўдзел у вайне літаратурных знакамітасцяў. Праз мабілізацыю прайшлі Янка Купала і Якуб Колас, а Максім Гарэцкі ў складзе 27-й артылерыйскай брыгады ўдзельнічаў у жорсткіх баях і быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені. На тэрыторыі Беларусі храбра праявілі сябе Канстанцін Паўстоўскі і Мікалай Гумілёў, а Міхаіл Зошчанка пацярпеў ад нямецкай газавай атакі пад Смаргонню.

Рэканструктары — людзі ўніклівыя: імкнуцца, каб і абмундзіраванне, і зброя, і вайсковы рыштунак, і нават дробязі цалкам адпавядалі іх улюбёнай эпосе. Вось, скажам, навошта былі пікі на нямецкіх шлемах? «Па-першае, яны мелі вентыляцыйную адтуліну, а па-другое, засцерагалі носьбіта шлема ад шабельнага ўдару кавалерыста», —патлумачыў Андрэй Аралін.

Акрамя вырабленых па-майстэрску сучасных імітацый, на фестывалі можна было ўбачыць і рарытэтныя экспанаты часоў Першай сусветнай з прыватных калекцый.

У палявым шпіталі неслі дзяжурства сапраўдныя дактары: Дзмітрый Плакса і яго сын Аляксей. Абодва захапляюцца гісторыяй і з гордасцю прадэманстравалі конаўкі, бутэлечкі, зонд, датаваныя першай паловай мінулага стагоддзя. «Старадаўнія рэчы жывуць, калі іх паказваюць людзям, калі пра іх распавядаюць», — казаў Аляксей Дзмітрыевіч.

Аляксей Плакса ў цэнтры.

Дарэчы, Першая сусветная вайна дала штуршок развіццю медыцыны: падчас яе ўпершыню арганізавалі эвакуацыю параненых з поля бою і сталі рабіць сківічна-тварныя аперацыі.

Валянцін Шэры з клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Брэсцкая крэпасць» у рэальным жыцці любіць кулінарыць. Вось таму і абраў сабе месца на паходнай кухні, каб пачаставаць баявых сяброў.

Пехацінец паказваў хлапчукам прыёмы штыкавога бою.

Самай вострасюжэтнай падзеяй фестывалю стала інсцэніроўка бітвы паміж расійскім і нямецкім войскамі падчас Свянцянскага прарыву. У 1915 годзе нямецкія часткі «прабілі» лінію фронту і дайшлі да самага Мінска. Яны мелі на мэце захоп Масквы, аднак імператарская армія перайшла ў контрнаступленне і не пусціла ворагаў далей.

Праціўнікі шыхтуюцца перад бітвай…

І займаюць пазіцыі.

Уявім, што ў эпіцэнтры ваенных дзеянняў апынулася мірная беларуская вёска. Сяляне хвалююцца, не ведаюць, якога ліха чакаць.

У вёску завіталі рускія конныя разведчыкі: «Немцы ў вас ёсць?»

Было ўсё ціха, адкуль жа тыя немцы падкраліся?!

 

Рускі атрад намагаецца выбіць непрыяцеля з вёскі. Але нямецкі кулямёт не дае салдатам падняцца ў атаку.

Да рускіх байцоў прыходзіць падмацаванне з правага флангу.

Кайзераўцы ганебна бягуць.

Перамога! Ура!

Урокі вайны заўсёды жорсткія. Яны аб штодзённым пераадольванні страху смерці. Аб тым, як пачаць жыць нанова пасля цяжкага ранення, кантузіі, атручвання газамі, страты баявых сяброў і сваякоў. Досвед мінулых войн, якія пракаціліся цераз нашу зямлю, вучыць, што толькі яднанне народаў перад варожай навалай можа прынесці перамогу. Што трэба да скону бараніць сваё. Уваскрашаючы падзеі больш чым стагадовай даўніны, мы ўшаноўваем адвагу і самаахвярнасць салдат Першай сусветнай. І намагаемся хоць на кароткае імгненне, у гульні адчуць, зразумець: ці змаглі б мы так на іх месцы? Памяць не знікае — яна набывае новыя формы.

Святлана ІШЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».