Вы тут

«Мёд з Хатомля, ладан з мыта...» Давыд-Гарадоцкія храмы


Свята-Георгіеўская (Юр'еўская) царква, Казанская царква.

г. Давыд-Гарадок


Свята-Георгіеўская (Юр'еўская) царква, Казанская царква

Сляды першых культавых збудаванняў (дзвюх капліц) пачатку XІІ стагоддзя былі знойдзены ў Давыд-Гарадку падчас археалагічных раскопак Замкавай гары ў 1937-м і ў 1938 годзе.

Археолаг, доктар гістарычных навук Раман Якімовіч зрабіў выснову: другая капліца ўзведзена пасля пажару на месцы першай; тое, як называліся гэтыя багоўні, — невядома...

Першая вядомая нам імянная бажніца — царква святога Дзмітрыя; яна згадваецца ў гістарычных крыніцах у 1501 годзе і, на думку таго ж Якімовіча, заснавана ў канцы XІV стагоддзя Дзмітрыем Гарадзецкім.

Адносна яе ў 1507 годзе князь Іван Васілевіч Яраславіч прадыктаваў сыну Фёдару сваю апошнюю грамату.

Гісторык Грушэўскі так пераказаў гэты слаўны дакумент: «При Городецкой церкви св. Дмитрия устанавливается два придела и назначается штат — три священника и диакон, которые и должны служить ежедневно, сменяясь неделями... Причту назначены земельные участки — 8 земель, плата деньгами — главным образом — из сбора татарщины и натуральная — хлебом: на церковь придано 3 землицы, десятина с пашни и с огородов, мед с Хотомля, ладан с мыта, вино и свечи с княжеского погреба...»

У 1559 годзе ў Давыд-Гарадку было чатыры царквы: Дзмітраўская, Мікалаеўская, Козьмадзям'янаўская і Васкрасенская.

Інвентар 1675 года называе ўжо толькі дзве царквы і адзін касцёл — трэба думаць, што неназваныя ў інвентары цэрквы згарэлі ў верасні 1655 года ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, калі царскія войскі на чале са стольнікам Валконскім штурмам узялі і спалілі Давыд-Гарадок.

«Гэтую драму і пыльнае сонца — немагчыма забыць...»

У 1724 годзе (а можа, нават і раней!) за грошы мяшчан пабудавана Юраўская; яна ж — Георгіеўская і Закаморская; апошняя назва празрыста падказвае нам, што знаходзілася бажніца за мытнай каморай.

Тры зрубы пад чатырохбаковымі шатровымі дахамі — такая яна, гарадзецкая прыгажуня!

Залажылі царкву 6 мая на веснавога Юр'я і ў гэты дзень пачалі адзначаць першы «городзецкі святок».

Лес на Закаморскую — сасну — вазілі з той мясціны, якая цяпер называецца «Боровэ» (Баравое) поле; яно і ў разводдзе заставалася сухім, пра яго казалі: «Боровэ поле накорміць Городок!»

У 1751 годзе ў Закаморскай усталявалі барочны іканастас, апісаны Караткевічам у эсэ «Званы ў прадоннях азёр»: «...Верх ягоны — XVІІІ стагоддзе, цяжкаваты, мясцовы жывапіс з фарбамі злёгку пажухлымі, але затое па-беларуску грунтоўнымі. А ў ім дзве рэчы XVІІ, ну, можа, самага пачатку XVІІІ стагоддзя. Маці Божая і Спас. Адвечная жаноцкасць маці і адвечная туга за людзей. Гэта здорава! На жаль, аклад скрывае ўсё, акрамя абліччаў і тонкіх, любоўных рук, і разгледзець гэта больш дакладна не ўдаецца. Але ўсё адно гэтыя твары, гэтыя рукі, гэтую вялікую цішыню і вялікі спакой закінутага будынка, гэтую драму і пыльнае сонца — немагчыма забыць...»

На цвінтары Закаморскай заўсёды раслі бэз і высачэзныя хвоі; бэз расце і сёння, а вось хвояў няма — зімой 1944 года немцы пусцілі іх на свае абарончыя збудаванні.

Стаіць тут і званіца; яна закрывала фасад храма, таму ў 1993 годзе яе перанеслі на паўтара метра ўлева і паставілі на новы падмурак.

Цвінтар быў багаты не толькі на дубовыя, металічныя, але й бетонныя рознай формы крыжы-распяцці.

Час і неразумныя людзі панішчылі іх, аднак жа нешта захавалася: напрыклад, гранітны крыж у выглядзе дрэва, з якога зрэзалі галіны; пад ім пахаваны мешчанін Мацвей Камар.

Летам 2000 года на цвінтары Закаморскай мой сын Васіль знайшоў надпіс:

«Алексей Николаевичъ Матусевичъ

Род 17 марта 1887 г.

Убитъ Григоріем Тукиномъ

4 февраля 1908 г.

Миръ праху твоему незабвенный сынъ».

На адным помніку — імёны забітага і забойцы!

Незвычайная эпітафія!

Уяўляю навальнічнае здзіўленне Караткевіча, калі б толькі ён убачыў гэты помнік...

— У гэтой царкве энь шчо робілосо! — успамінаюць старыя гарадчукі.

«Энь шчо» — значыць, было поўнае запусценне.

Плён давыд-гарадоцкіх залатароў (паціры, даразахоўніцы, дыскасы) у 1969 годзе музейшчыкі забралі ў Мінск; вывезлі й царскія вароты, а былы святар N тым часам зняў з іконы Мікалая Цудатворца каштоўныя камяні.

Дзякуй богу, на месцы засталіся пасярэбраныя аправы ікон «Маці Божая Адзігітрыя» і «Спас».

У закінутай Закаморскай меркавалі адкрыць атэістычны музей «Палеская ікона», і вельмі добра, што гэта задума засталася толькі задумай; святыню не сапсавалі музейнымі пераробкамі, яна захавала сваё першапачатковае аблічча і засталася бажніцаю для памінальных богаслужэнняў.

Ад пачатку свайго Закаморская была могілкавай царквой, у ёй адпявалі і адпяваюць нябожчыкаў, і служаць двойчы на год — на Юр'е і на Пакровы; яна была прыпісана да Васкрасенскага, а цяпер да Свята-Казанскага храма...

Закаморская перажыла ліхалецце, восенню 1991 года яе адрамантавалі і перадалі вернікам, аднак шашаль точыць яе аналой...

«Тут сабралась аўчарня Хрыстова...»

У архітэктуры Закаморскай праглядваюцца заходнія, барочныя рысы, якія ў прастамоўі называліся ўніяцкімі, таму, пэўна ж, невыпадкова, што менавіта ад яе нябесных сцен пры Пілсудскім вернікі неаднойчы хадзілі хрэсным ходам у вёску Альпень, дзе тады існавала грэка-каталіцкая парафія.

І, пэўна ж, яны хадзілі сустракаць папскага візітатара; у сваёй кніжцы «Унія на Палессі», прысвечанай душпастыру альпенскіх уніятаў айцу Вячаславу Аношку, Вінцук Адважны (ксёндз Язэп Германовіч) у вершы «Госць з Рыма» даў такі малюнак:

«...званы радасна б'юць,

Тут сабралась аўчарня Хрыстова;

Праваслаўны також тут сабраліся тож,

Каб пачуць архірэйскае слова...»

Трэці радок гэтай страфы для мяне асабіста мае гарадзецкую афарбоўку...

Уніяцтва спрабавала прыжыцца ў Давыд-Гарадку.

23 кастрычніка 1892 года епіскап Мінскі і Тураўскі Сімяон пісаў мінскаму губернатару Трубяцкому: «...в самом Давид-Городке (как и в соседних местностях)... устроен был униатский приход, впоследствии обращенный в католический...»

Але ў асноўным браты-уніяты жылі побач, у суседніх вёсках, і ўжо з канца XVІІІ стагоддзя іх праўдамі і няпраўдамі выводзілі з уніі, але не заўсёды тое ўдавалася.

У канфесійным жыцці гарадчукоў бывалі і тэхнічныя здарэнні — так, у 1814 годзе ў Васкрасенскай царкве разбіўся звон, які важыў 35 пудоў.

Але што тэхнічныя здарэнні ў параўнанні з вогненным пеклам!

22 красавіка 1839 года пажар знішчыў Васкрасенскую царкву. Ён узнік перад самым Юр'ем ці, як пісалі пазней у казённых паперах, «...пред Святым Георгием...»; царква мела 1256 прыхаджан і, паводле вызначэння архібіскупа Міканора, была «...самостоятельная, двуприходная, деревянная... с колокольнею...»

Яе аднавілі на Замкавай гары, а ў 1906 годзе на старой базарнай плошчы, на якой у далёкім мінулым былі праваслаўныя могілкі, малады і вельмі прадпрымальны святар Юхневіч узвёў цагляную капліцу, бляшаная макаўка якой была ўпрыгожана крыжам у форме ліры.

Пад яго ж кіраўніцтвам на гэтым пляцы ў 1910 годзе залажылі царкву ў гонар Казанскай іконы Маці Божай.

Гарадчукі назвалі яе Новай царквой.

Новая царква — летні храм, доўгі час у ім не было падлогі; ён стаіць не на ўзвышшы і, не маючы высокага падмурка, знаходзіцца амаль на ўзроўні грунту.

Пры любой уладзе царква ў гонар Казанскай іконы Маці Божай не зачыняла сваіх дзвярэй, была з людзьмі, суцяшала, давала надзею, а ў свой час выконвала яшчэ і сацыяльную функцыю — пры ёй існавалі курсы краўцоў і шаўцоў…

Шматканфесійны гарадок

У 1935 годзе ў мястэчку дзейнічалі тры праваслаўныя царквы, невялікая каталіцкая малельня і на новай базарнай плошчы дарабляўся каменны парафіяльны касцёл Божага Цела...

І зорка іўдзейства таксама ж ярка свяціла.

Адносіны мяшчан-гарадчукоў да мяшчан-іўдзеяў былі спакойныя — словам, людзі, якія пакланяліся іконам, паважліва ставіліся да людзей, якія іконам не пакланяліся, і ўсё гэта было толькі на карысць мястэчку...

19 кастрычніка 1896 года будаўнічае аддзяленне Мінскага губернскага праўлення ўхваліла праект пабудовы ў Давыд-Гарадку сінагогі.

У пратаколе праўлення сказана, што павераны прыхаджан гарадзецкай сінагогі мешчанін Сымон Ліўшыц разам з прашэннем падаў праект драўлянай сінагогі і сведчанне (удостоверение) прыстава.

Далей у пратаколе змешчана характэрнае для чыноўнікаў царскай Расіі ўдакладненне: «В удостоверении пристава записано... что предполагаемая синагога находится не на одной улице с православной церковью и отстоит от последней, по прямому направлению, в расстоянии 151 сажени...»

У першай палове XX стагоддзя ў Давыд-Гарадку існавала не адна сінагога (ці не шэсць іх было!); дзейнічаў і малітоўны дом карлін-столінскіх хасідаў.

Як вядома, хасідскую абшчыну ў нашым краі заснаваў рабін Аарон Карлінскі (або Каралінскі) — ён паходзіў з пінскага прадмесця Каралін.

Цікава тое, што ў Давыд-Гарадку таксама ёсць прадмесце Каралін (цяперашняя вуліца Лучнікоўская), таму можна меркаваць, што і тут жылі хасіды...

Першыя татарскія сем'і з'явіліся ў мястэчку яшчэ ў XV стагоддзі, таму хочацца думаць, што ў Давыд-Гарадку мелася й мячэць.

Аднак жа калі не было мулы, то мячэці магло й не быць.

Словам, дакладных звестак пра мусульманскую малітоўню пакуль не выяўлена; тут можна і ўсміхнуцца: ніякага следу ад магаметанскай малітоўні няма, а вось Койданава яма на «Осэліцы» (так называецца адна з гарадзецкіх вуліц) захавалася.

6 мая 1936 года на Замкавай гары зноў згарэла (пасля чаго, на жаль, не адбудавалася) Васкрасенская царква, якую называлі яшчэ Старой царквой.

Апошнім збудаваннем на Замкавай гары яшчэ доўгі час заставалася 3-ярусная званіца.

Мой бацька расказваў мне, як яго, брыгадзіра брыгады цесляроў, пасылалі разбурыць яе.

Бацька не пайшоў разбураць, не пайшла й брыгада; тады раённае начальства пачало згружаць у званіцу соль і паступова давяло гэты цудоўны помнік палескага дойлідства да згубы...

Нягледзячы на тое, што ў сярэдзіне XVІ стагоддзя месцам уладарыў Мікалай Радзівіл Чорны, вядомы прапагандыст кальвінізму, вучэнне «жэнеўскага папы» Жана Кальвіна на берагах ніжняй Гарыні не ўкаранілася.

Паводле Ластоўскага: «Рэфармацкі рух... быў сухі, апіраўся на розум, таму не заўсёды задавальняў славян, якія, маючы буйную фантазію, жадаюць і ад веры таёмства і блеску».

У час панавання Жыгімонта ІІІ Вазы (канец XVІ — першая палова XVІІ стагоддзя), які, дарэчы, спрыяў езуітам, было пастаноўлена пабудаваць у Давыд-Гарадку рымскі храм; мяркую, не толькі для малітвы, для змагання таксама — і з праваслаўем, і з тым жа (каб не дай бог сюды не дайшло!) евангелічна-рэфармацкім вучэннем.

З паперы ксяндза Якуба Гарбацэвіча, якую ён падаў у 1843 годзе ў канцылярыю мінскага губернатара, пра тыя падзеі даведваемся, што князь Ян Альбрэхт Радзівіл у 1624 годзе «...пожертвовал фундуш для основания римско-католического давид-городецкого прихода и костела...»

Ксёндз Гарбацэвіч пачаў адбудоўваць святыню; пра гэта чытаем у «Журнале Присутствия Минского Губернского Правления» (запіс ад 19 мая 1848 года): «...на основании... разрешения г. Министра Внутренних Дел дозволить... окончить постройку начатой в м. Давид-Городке новой римско-католической церкви вместо сгоревшей...»

Святыня Якуба Гарбацэвіча — сасновая, на дубовых штандарах і пад гонтавым дахам — праіснавала да 19 красавіка 1890 года, да новага вялікага пажару.

Тады ўжо задумалі змураваць касцёл, і задума гэтая мела наступны ход: у красавіку 1901 года ў Варшаве архітэктары Вайцэхоўскі і Дзержаноўскі склалі праект храма на 500 чалавек, а 30 лістапада таго ж года Міністэрства ўнутраных спраў дазволіла за грошы парафіян збудаваць названы храм.

Паводле варшаўскай задумы, гэта меўся быць высокі з дзвюма вежамі прыгожы чырвоны будынак у неагатычным стылі, яго планавалі залажыць на пляцы паміж Лучнікоўскай вуліцай і Сасоўскім кутом...

На гэтым месцы касцёл усё ж такі змуравалі ў 1930-я гады, праўда, паводле іншага архітэктурнага праекта.

Але ў савецкі час, разабраўшы вежу-званіцу, храм на доўгія дзесяцігоддзі закрылі, размясцілі ў ім Дом культуры і толькі ў 2017 годзе вярнулі вернікам, аднак жа без вежы-званіцы...

Сваім цэрквам гарадчукі дарылі іконы — і асабіста, і грамадой, асабліва пасля эпідэмій, пажараў і нараджэнняў. Васкрасенскаму храму багатыя іконы даравалі цэх цесляроў і цэх краўцоў. А вось параходныя службоўцы і шавецкі цэх убралі іконамі Закаморскую.

У шаўцоў была й такая завядзёнка — на Кузьму-Дзям'яна яны заказвалі службу ў памяць былой Козьмадзям'янаўскай царквы.

А на Міхайлаў дзень службу замаўлялі цесляры, і з гэтага можна вывесці, што колісь у Давыд-Гарадку быў і Міхайлаўскі храм.

Чуў я аднойчы такую пагалоску: у Дзмітрыеўскай царкве маліліся для князя, у Васкрасенскай — для сэрца, у Закаморскай — для душы, а ў Казанскай — для цара.

Пагалоска — не дакумент, а плён нечай рызыкоўнай творчасці, аднак жа, вядома, іншым разам творчасць бывае бліжэйшая да ісціны, чым гістарычная грамата.

Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Грамадства

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

На пытанне чытача адказваюць Янка Крук і Аксана Катовіч.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.