Вы тут

Як настройваюцца на Гульні беларускія стралкі


Псіхолагі лічаць, што заняткі гэтым відам спорту — генетычна абумоўлены інстынкт, выкліканы пачуццем самазахавання. Перадумовы яго развіцця ўзніклі ў старажытнасці, калі чалавек вынайшаў першыя прылады для палявання. Першыя спаборніцтвы па гэтым відзе спорту праходзілі ў Еўропе яшчэ у XV—XVІ стагоддзях. А першыя медалі былі разыграны на першых Алімпійскіх гульнях сучаснасці — у 1896 годзе ў Афінах па ініцыятыве самога П'ера дэ Кубертэна. Барон быў сяміразовым чэмпіёнам Францыі ў гэтым відзе спорту. Бадай ці не самы старажытны спорт з багатай гісторыяй — стралковы спорт.


Фота Беларускай федэрацыі стралковага спорту.

На Беларусі стралковы спорт не новы. У 1920-х гадах была створана ўсесаюзная сістэма Усеагульнага ваеннага навучання, ключавым кампанентам якой была кулявая стральба. Стралкі трэніраваліся ў цірах фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама». У 1927 годзе быў створаны Саюз таварыстваў сяброў абароны і авіяцыйна-хімічнага будаўніцтва БССР, які даваў пачатковую стралковую падрыхтоўку і ў 1932 годзе зацвердзіў Палажэнне аб значку «Варашылаўскі стралок». У 1934 годзе варашылаўскімі стралкамі лічыліся 25 тысяч беларускіх спартсменаў-аматараў. Але на Алімпійскіх гульнях беларускія снайперы выступілі толькі ў 1964 годзе і, пачынаючы з той алімпіяды ў Токіа, пастаянна ўваходзілі ў алімпійскія каманды СССР. Першым алімпійскім чэмпіёнам стаў Аляксандр Газаў, трыумфатар алімпіяды 1976 года ў Манрэалі. Дзякуючы Сяргею Мартынаву беларускі гімн пасля стралковых спаборніцтваў гучаў і на Алімпійскіх гульнях у Лондане ў 2012 годзе. Сяргей Мартынаў — трохразовы чэмпіён свету і ўладальнік яшчэ двух бронзавых алімпійскіх медалёў. Цэлы россып медалёў сабраў і Ігар Басінскі — шэсць залатых, два сярэбраныя і два бронзавыя медалі чэмпіянатаў свету, два «серабра» і дзве «бронзы» Алімпійскіх гульняў. Адразу пасля заканчэння спартыўнай кар'еры ён узначаліў нацыянальную зборную: Ігар Басінскі падзяліўся з карэспандэнтам «Звязды» цікавымі фактамі пра справу свайго жыцця.

Стралковая матэматыка

На Алімпійскія гульні ў Токіа гэтым летам дакладна паедуць тры беларускія снайперы — Марыя Мартынава, Вікторыя Чайка і Юрый Шчарбацэвіч. З 20 мая да 6 чэрвеня ў Харватыі пройдзе чэмпіянат Еўропы, дзе будуць разыгрывацца яшчэ ліцэнзіі. «Патэнцыйна пуцёўкі на Алімпіяду могуць заваяваць усе нашы спартсмены, мы разлічваем на кожнага. У фінал выходзяць восем найлепшых стралкоў па выніках кваліфікацыі. І ўсе вынікі ў фінале анулююцца. Таму ўсё вельмі непрадказальна. Хто перамог — той атрымлівае ліцэнзію. Калі ў гэтага спартсмена яна ўжо ёсць — пераходзіць да іншага», — тлумачыць Ігар Міхайлавіч. Колькасць ліцэнзій на краіну абмежаваная — па дзве ліцэнзіі на адно практыкаванне. Кожная краіна можа зарабіць 20 ліцэнзій на адны Гульні, бо ўсяго ў стралковым спорце 10 алімпійскіх дысцыплін. У выступленнях з вінтоўкай два алімпійскія практыкаванні — стральба з класічнай вінтоўкі і з малакалібернай вінтоўкі з трох становішчаў: на калене, стоячы і лежачы. Таксама і ў стральбе з пісталетам ёсць па два алімпійскія практыкаванні з малакаліберным і пнеўматычным пісталетамі. Гэта што датычыцца кулявой стральбы.

Стралковы спорт уключае ў сябе і стэндавую стральбу. Спартсмены страляюць з гладкаствольных ружжаў дробавымі зарадамі па спецыяльных мішэнях. У алімпійскую праграму ўключаны дзве дысцыпліны. Круглы стэнд — спартсмен праходзіць восем пляцовак, страляючы па «талерачках», якія вылятаюць на рознай вышыні. Траншэйны стэнд — спартсмен страляе па «талерачках», якія вылятаюць з траншэі ў выпадковым кірунку. Спартсмен да апошняга не ведае, куды паляціць яго мішэнь. Рэакцыі стэндавых стралкоў можна толькі пазайздросціць.

Для кожнага стралка зброя падбіраецца індывідуальна. Спартсмены самі даглядаюць свае вінтоўкі і пісталеты. Па словах Ігара Басінскага, ад гэтага залежыць выступленне: «Калі на старце ламаецца зброя — спартсмен адразу выбіваецца з калеі. Рамонт, перажыванні марнуюць час. Зброя заўсёды павінна быць чыстая, гатовая, каб пазбегнуць форс-мажораў. Мне пашанцавала — у мяне не было такіх праблем. Сяргей Мартынаў доўга страляў з адной вінтоўкі, таму што ўважліва сачыў за сваёй зброяй». Дарэчы, спартыўныя пісталеты і вінтоўкі ў Беларусі не вырабляюцца, усё закупаецца за мяжой.

Адкрытыя ціры — адкрываюць вялікія перспектывы

Спаборніцтвы па кулявым спорце праходзяць у адкрытых цірах. І гэта значна ўскладняе паўнавартаснае развіццё спорту ў рэгіёнах. Як расказаў Ігар Басінскі, з кожным нацыянальным стартам удзельнікаў з рэгіёнаў становіцца ўсё больш. Калі раней у кожным практыкаванні было па 15-20 чалавек, цяпер — па 50-60 спартсменаў. Але не ўсё так добра. «Для таго каб у рэгіёнах добра развіваўся стралковы спорт, неабходныя адкрытыя ціры. У краіне такі цір ёсць толькі ў Мінску, пабудаваны да ІІ Еўрапейскіх гульняў, ён адпавядае ўсім міжнародным стандартам. У рэгіёнах стаіць якаснае сучаснае абсталяванне. Але дзеці трэніруюцца «пад лямпачкай», як у мінулым. І калі летам прыязджаюць на турніры ў Мінск, яны не разумеюць, што рабіць. Стральба у закрытым ціры — гэта адна справа, там аднолькавае святло, няма ветру. А на свежым паветры ўсё наадварот — ярка свеціць сонца ці пахмурна, дзьме вецер. І ў спартсменаў не атрымліваецца паказаць тое, чаму іх вучылі, бо няма належных умоў для трэніровак», — расказвае Ігар Басінскі.

Выступленні на адкрытай прасторы патрабуюць пэўнай тактыкі, стратэгіі і... псіхалагічнай падрыхтоўкі. «Стралкі павінны быць добра падрыхтаваныя псіхалагічна. У фінале ўсе балы за кваліфікацыі абнуляюцца і восем фіналістаў пачынаюць усё нанава. Найлепшым становіцца той, хто спакайней адстраляе. Здараецца, што лідары выходзяць у фінал і там апускаюцца на апошнія месцы, ці наадварот, спартсмены з апошніх пазіцый падымаюцца наверх. Усё можна змяніцца за адзіны выстрал — падзьмуў ветрык, праляцела птушка — спартсмен адцягнуўся і ўсё змянілася. Таму вопытныя спартсмены стараюцца адстраляцца як мага хутчэй, бо надвор'е можа змяніцца ў горшы бок», — растлумачыў Ігар Міхайлавіч.

Спорт, якому ўсе ўзросты пакорныя

Урачы рэкамендуюць пачынаць займацца стралковым спортам у 11-12 гадоў, калі арганізм ужо сфарміраваны. Ідэальнага ўзросту для дасягнення высокіх вынікаў няма. Канстанцін Лукашык стаў алімпійскім чэмпіёнам у 16 гадоў, а Сяргей Мартынаў — у 44-гадовым узросце. Але гэта хутчэй выключэнні з правілаў. Калі абагульніць, то на пік формы спартсмены выходзяць да 30 гадоў.

Асноўная нагрузка ў стралкоў прыходзіцца не на вочы, як можа здацца на першы погляд, а на пазваночнік. Па словах Ігара Басінскага, гэтаму ёсць лагічнае тлумачэнне — спартсмен некалькі гадзін стаіць з вінтоўкай вагой у шэсць кілаграмаў. Адсюль і самыя распаўсюджаныя траўмы — праблемы з пазваночнікам, спінай, кровазваротам. Юрый Шчарбацэвіч нават перанёс аперацыю. На вочы, на якія таксама прыходзіцца вялікая нагрузка, стралковы спорт амаль не ўплывае. Існуе шэраг прыстасаванняў, якія аблягчаюць іх работу.

Каб было лягчэй, вінтовачнікі выступаюць у спецыяльных касцюмах, што падтрымліваюць мышцы спіны і паясніцы, у спецыяльным абутку, які фіксуе галенастопы. Пісталетчыкі выступаюць у звычайным адзенні, але ў спецыяльным абутку. На трэніроўках стралкі ўмацоўваюць мышцы спіны і плячэй. Найлепшыя памочнікі ў гэтым — плаванне і лёгкі крос. А вось меткасць, без якой у стралковым спорце быць немагчыма, натрэніраваць амаль немагчыма. Яна ці ёсць ад прыроды, ці яе няма.

Нятаннае задавальненне

Сёння самыя моцныя школы стралковага спорту — у Індыі, Кітаі, Расіі, Германіі. На пытанне, што можна пераняць у гэтых школ, Ігар Басінскі дае самы актуальны адказ — грошы: «Там працуюць нашы трэнеры, што нам пераймаць. Нам патрэбна раскашэліцца на нармальную сучасную зброю, патроны. Вінтоўка і патрон сёння падбіраюцца пад кожнага спартсмена. А ў нас дзеці трэніруюцца з савецкімі патронамі, якія страляюць праз раз. Адзін выстраліў, другі — даў асечку. А ад тых жа патронаў залежыць вынік. На турнірах у фіналах барацьба ідзе на дзясятыя часткі балаў. Чым бліжэй пападанне да цэнтру мішэні — тым больш дзясятых. І тут вялікае значэнне мае падбор патронаў. Прывяду прыклад. На Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра ў стральбе лежачы выступалі наш Віталь Бубновіч і нямецкі спартсмен. Стралялі аднолькава, без дзявятак. Віталь набіраў 10,2 бала, 10,3. А немец — па 10,5, 10,6, 10,7, 10,8. І атрымалася, што стралялі аднолькава, атрымлівалі аднолькавыя балы. Але ў суме ў Віталя атрымалася 102,3, а ў немца — 104,5. А вырашыла ўсё якасць патронаў».

Акрамя зброі і патронаў, стралкам неабходна мноства дапаможных рэчаў — затыльнікі, наплечнікі, «шампіньёны» (накладка на далонь), «шчочкі» (накладка, якая кладзецца паміж шчакой і прыкладам). Стралковы касцюм каштуе каля 2000 еўра, абутак — 300 еўра, намушнікі — каля 150 еўра. У выніку атрымліваецца значная сума.

Гледачы могуць нашкодзіць, але іх падтрымка неабходная

Нягледзячы на багатую медалёвую гісторыю, сучасны стралковы спорт вялікай папулярнасцю ў аматараў не карыстаецца. Ігар Басінскі тлумачыць гэта дзвюма прычынамі. Першая — невялікая ўвага сродкаў масавай інфармацыі. Але пасля ІІ Еўрапейскіх гульняў гэта пачало паціху выпраўляцца. Другая прычына хаваецца ў тым, што стралковы спорт не самы відовішчны. Паколькі стралковы спорт патрабуе сур'ёзнай канцэнтрацыі, якую вялікая колькасць гледачоў на трыбунах можа парушыць, пытанне аб тым, ці патрэбныя балельшчыкі на трыбунах, застаецца рытарычным. Але дакладна вядома, што беларускім перспектыўным стралкам Марыі Мартынавай, Юрыю Шчарбацэвічу, Ілью Чыргейку, Уладзіславе Проньцы, Віталію Бубновічу, Абулу-Азізу Курдзі неабходна адчуваць веру і падтрымку заўзятараў і сваёй краіны, якую яны прадстаўляюць.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: «Патэнцыяльныя пуцёўкі на алімпіяду могуць за-ваяваць усе нашы спартсмены»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на сераду (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на сераду (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Культура

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Тэма антысавецкага падполля падчас ВАВ — складаная тэма ў гісторыі.

Грамадства

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

 Яго знайшлі ў краінах Паўднёвай Афрыкі, у прыватнасці, у ПАР і Батсване.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.