Вы тут

У галоўнай бібліятэцы краіны вучаць шанаваць кнігі і іх аўтараў


Мінулы тыдзень аказаўся насычаны на культурныя падзеі. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 21 красавіка адбыўся шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Сусветнаму дню кнігі і Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці. А з 22 да 23 красавіка прайшлі XVІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні.


Пытанні «Як пацвердзіць аўтарства?» або «Якія правы я маю на свае творы?» некаму падаюцца далёкімі і непатрэбнымі. Але для кожнага прадстаўніка творчай сферы тэма інтэлектуальнай уласнасці з'яўляецца актуальнай і, на жаль, часам вельмі балючай. Каб растлумачыць зацікаўленым, як пазбегнуць праблем з крадзяжом аўтарскіх правоў, кіраўнікі Нацыянальнай бібліятэкі разам са спецыялістамі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў правялі адукацыйны семінар «Прававыя аспекты дзейнасці бібліятэкі ў лічбавым асяроддзі».

А ў галерэі «Лабірынт», што на базе Нацыянальнай бібліятэкі, адбылася культурна-асветніцкая акцыя «Майстры беларускай культуры. Эдуард Зарыцкі». Сёлета народны артыст Беларусі адзначыў бы 75-гадовы юбілей. На музыку кампазітара былі пакладзены вершы беларускіх паэтаў Максіма Багдановіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы... Падчас акцыі Ліна Літц, дачка Эдуарда Зарыцкага, перадала правы на выкарыстанне лічбавых асобнікаў рукапісаў нот кампазітара ў інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі. Таксама ў галерэі была арганізавана кніжная выстаўка, якая дазволіла наведвальнікам бліжэй пазнаёміцца з жыццём і творчасцю народнага артыста.

Рэгіянальная канферэнцыя, якая прайшла 22 і 23 красавіка, служыць пляцоўкай для абмеркавання навуковых даследаванняў у галіне кніжнай культуры. На Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях закранулі шмат яе аспектаў, пачынаючы з асаблівасцяў мастацкай атмасферы Бібліі Францыска Скарыны і заканчваючы мастацтвам сучаснай беларускай дзіцячай кнігі.

Падчас падвядзення вынікаў канферэнцыі Алесь Суша, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, адзначыў:

— Да ўдзелу ў канферэнцыі было прадстаўлена больш за восемдзесят дакладаў: большасць з іх прэзентавалася ўжывую, але мы трошкі эксперыментавалі і выкарыстоўвалі альтэрнатыўныя фарматы. З лакальнай і мясцовай канферэнцыя зрабілася штогадовай з амаль сотняй дакладчыкаў. Вялікім выклікам быў каранавірус, таму сёлета мы спалучаем розныя формы работы, але ні пры якіх умовах не збіраемся спыняць сваю дзейнасць.

На адкрыцці пленарнага пасяджэння генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі падкрэсліў:

— Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны вызначана найважнейшым прыярытэтам развіцця культуры на найбліжэйшае пяцігоддзе. А кнігі як сведкі мінулага з'яўляюцца неад'емнай часткай тае спадчыны і заслугоўваюць асаблівай увагі пры іх вывучэнні.

На сайце бібліятэкі паведамляецца, што за два дні анлайн-трансляцыі відэаролікі з запісам пасяджэнняў набралі больш за 700 праглядаў. Цікава, што відэазапісы застаюцца ў свабодным доступе. Галоўнае кнігасховішча краіны, якое зрабілася аўтарытэтным культурным, навуковым і інфармацыйным цэнтрам, працягвае паспяхова ўжываць новыя формы работы, адгукаючыся на выклікі часу.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».