Вы тут

Дар'я Навумава: «Як можна не любіць штангу?»


Спартсмены — людзі моцныя не толькі целам, але і духам. Спорт вучыць думаць на тры крокі наперад, аналізаваць сітуацыю і прымаць правільныя рашэнні. Таму ў атлетаў ёсць чаму павучыцца, да іх думак варта прыслухоўвацца. У рубрыцы «Моцныя думкі» мы прапануем даведацца, пра што думаюць спартсмены.


Фо­та: Бе­ла­рус­кі цяж­ка­ат­ле­тыч­ны са­юз.

Гісторыя Дар'і Навумавай, дзяўчыны з вёскі Патока, што на Магілёўшчыне, падобная на казку. У цяжкую атлетыку трапіла амаль выпадкова, прыйшла за кампанію з сяброўкай. А ў 21 год стала сярэбраным прызёрам Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра. Толькі казачным гэты сцэнарый назваць нельга. Усе свае медалі — серабро чэмпіянату свету 2018 году, золата чэмпіянату Еўропы 2019 і мноства іншых — Дар'я заваявала не па ўзмаху чароўнай палачкі, а выключна сваёй працай і ўпартасцю. На чэмпіянаце Еўропы 2021 года ў Маскве спартсменка выйграла малую бронзавую ўзнагароду. Зараз яна актыўна рыхтуецца да Алімпійскіх гульняў у Токіа. Аб чым думае моцная (ва ўсіх сэнсах гэтага слова) дзяўчына, яна расказала «Звяздзе».

«Сядзець на адным месцы не спадабалася»

Чэмпіянат Еўропы. Сваім выступленнем на чэмпіянаце Еўропы я задаволена. Свой вынік я палепшыла, магла б, вядома, выступіць і лепш. Але ўжо як атрымалася, так атрымалася. Гэта быў першы турнір амаль за год, і ўжо добра, што ён увогуле адбыўся. Увесь гэты год мы правялі на закрытых зборах у Стайках. Пастаянна былі там на каранціне і нікуды не выходзілі. Нават дадому, да сям'і не атрымлівалася з'ездзіць. Па-першае, гэта было небяспечна, а па-другое, потым прыйшлося б зноў сядзець на каранціне і лішні раз нервавацца.

Перанос спаборніцтваў. Чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы пераносілі, мабыць, больш разоў, чым астатнія турніры. І кожны раз перажываць перанос было вельмі цяжка. Псіхалагічна нават цяжэй, чым фізічна. Мы толькі выходзілі на пік формы, рыхтаваліся да выступленняў, і аказвалася, што гэта амаль дарма. І прыходзілася збаўляць абароты, правільна размяркоўваць нагрузку, каб пазбегнуць траўм.

Жыццё без турніраў. Мне здаецца, нават звычайнаму чалавеку цяжка некалькі месяцаў запар сядзець у чатырох сценах. Што ўжо казаць пра спартсменаў, якія пастаянна ў раз'ездах. І ад трэніровак, якія нічым не разбаўляюцца, вельмі стамляешся. Рыхтуешся, працуеш — а мэты, дзеля якой ты гэта робіш, фактычна няма. І гэтая стомленасць, апатыя збіраецца, а потым праз яе пачынаюцца траўмы, няўдалыя выступленні. Таму навіна аб тым, што чэмпіянат Еўропы ў Маскве ўсё ж такі адбудзецца, была для нас як свята. За год усе вельмі засумавалі па спаборніцтвах. А сядзець на адным месцы не спадабалася.

Саперніцы. Едучы на чэмпіянат Еўропы, я, як і ўсе спартсмены, настройвалася на барацьбу. Паколькі цэлы год у нас не было спаборніцтваў, трэба было быць падрыхтаванай да таго, што з'явяцца новыя саперніцы. Мы былі гатовыя, што чэмпіянат Еўропы падкіне шмат сюрпрызаў. Так яно і атрымалася. Напрыклад, расіянкі, якія раней выступалі ў меншай катэгорыі, перайшлі ў маю катэгорыю. Адпаведна, у мяне стала больш канкурэнтак. Нас здзівіла ўкраінская спартсменка. Мы не бачылі сапернікаў каля года і не ведалі, у якой яны форме, хто на што здольны. У звычайных абставінах на працягу сезона мы можам назіраць адзін за адным і ўлічваць гэта ў сваёй падрыхтоўцы. Таму я не выключаю, што на Алімпійскіх гульнях у Токіа таксама будзе шмат сюрпрызаў, і спаборніцтвы стануць яшчэ цікавейшыя.

«У кожнай спробе раблю ўсё магчымае»

Узрост і мяжа здольнасцей. Цяжка сказаць, ці ёсць ў цяжкай атлетыцы ідэальны ўзрост. У нас такі спорт, дзе ўсё залежыць ад унутраных рэсурсаў арганізма, яго асаблівасцей. Я бы не раўняла ўсіх па адным узросце. Не магу сказаць, ці ёсць канчатковая вага, якую можа падняць цяжкаатлет, бо гэта таксама залежыць ад індывідуальных якасцей. І, канешне, многае вырашае праца, якую спартсмен кожны дзень выконвае на трэніроўках, яго рысы характару, мэтанакіраванасць, жаданне перамагаць. Чалавечыя магчымасці бязмежныя, і мы, спартсмены, гэта пастаянна даказваем.

Штанга любіць дакладнасць. У цяжкай атлетыцы дробязяў не бывае. Каб суддзі залічылі падыход, тэхніка павінна быць ідэальнай. Былі моманты, калі мне не залічвалі падыход, бо не так былі пастаўлены локці, плечы «гулялі». Таму дакладнасць у цяжкай атлетыцы — гэта абсалютна правільнае тэхнічнае выступленне без «гуляючых» локцяў ці плячэй.

Адказнасць чэмпіёнкі. Выходзячы на памост, я не думаю аб тым, што трэнеры, кіраўніцтва, аматары, чакаюць ад мяне выдатнага выступлення. Вядома, усе чакаюць, што на кожным выступленні я буду паказваць клас. Гэта іх права. У кожнай спробе я раблю ўсё магчымае, што магу.

Псіхалагічны настрой. Настройваюся на выступленне заўсёды па-рознаму. Як кажуць, у залежнасці ад таго, з якой нагі ўстала ранкам. Нязменна адно: заўсёды побач — мой трэнер, які ўжо стаў і сябрам, і бацькам. Ён мой найлепшы псіхолаг, заўсёды знойдзе патрэбныя словы, каб настроіць на выступленне, накіроўвае думкі ў правільнае рэчышча. Стараюся ў сваіх думках не заходзіць далёка, але і не зацыкліваюся на тым, што буду рабіць зараз.

Аматары. Мне здаецца, па тэлебачанні за спаборніцтвамі заўжды назірае больш людзей, чым на трыбунах. Тым больш цяпер, калі турніры праходзяць без гледачоў. Таму не магу сказаць, наколькі мне важная падтрымка трыбун. Калі я выходжу на памост, не тое што публікі на трыбунах не заўважаю — нічога, акрамя штангі, не бачу. А мае самыя галоўныя аматары — гэта людзі, якія выводзяць мяне на памост, — трэнеры. І сям'я, вядома.

Любімае практыкаванне. У мяне часта пытаюцца, якое практыкаванне з цяжкай атлетыцы я люблю больш: штуршок ці рывок. А што я мушу на гэта адказваць? Мы павінны іх сумяшчаць і аднолькава добра паказваць. Часам адно атрымліваецца лепш, другое горш, але гэта не прычына не ўдасканальваць кожнае. Не магу вылучыць адно практыкаванне, стараюся кожнае рабіць аднолькава добра.

Дыета. Паколькі цяжкая атлетыка прадугледжвае выступленне ў пэўных вагавых катэгорыях, лічбы на вагах павінны заўсёды быць адныя і тыя ж. Але ніякіх дыет я не прытрымліваюся. За столькі гадоў арганізм прывык да сваёй вагі. Лішнія 2-3 кілаграмы — не бяда, да спаборніцтваў яны лёгка сыходзяць. У маёй кар'еры былі выпадкі, калі прыходзілася экстранна зганяць некалькі кілаграмаў за кароткі тэрмін. У цяжкай атлетыцы гэтым нікога не здзівіш. Не самы прыемны вопыт, хачу сказаць.

Знакавыя спаборніцтвы. Кожны турнір дае свае ўрокі, кожны дае новы вопыт: згонка вагі, фізічнае ўдасканаленне, псіхалагічныя асаблівасці. Не бывае аднолькавых турніраў, кожны адметны. Акрамя Алімпійскіх гульняў у Рыа, мне асабліва запомніўся чэмпіянат Еўропы 2019 у Батумі, дзе я заваявала «золата». Неаднаразова выступала ў Грузіі, і ў мяне заўсёды там усё добра складваецца.

«Нежаночы спорт. Ну і што?»

Сябры ў спорце. За столькі гадоў у цяжкай атлетыцы сяброў з гэтай сферы ў мяне так і не з'явілася, акрамя нашых беларускіх спартсменаў. На спаборніцтвах не да сяброўства ўсім: няма ні часу, ні магчымасці пасябраваць. А трэніруецца кожная каманда сама па сабе, як правіла.

Сям'я. У мяне няма адказу на пытанне, адкуль у дзяўчынкі з неспартыўнай сям'і такая любоў да спорту. Мае родныя ніяк не звязаны са спортам. Таму я адзіная спартсменка ў сям'і.

Спартыўны характар. Спорт накладвае на чалавека свой адбітак, гэта непазбежна. Жыццё атлета зусім іншае, чым у астатніх. І ад гэтага спартсменам часта бывае цяжка ў неспартыўным жыцці. Звычкі, характар — усё іншае. Але дысцыпліна і мэтанакіраванасць, якія развівае спорт, мне здаецца, нікому не перашкодзяць.

Чужыя парады. Я ўжо колькі гадоў чую, што цяжкая атлетыка — не жаночы від спорту. Ну і што? Большасць людзей толькі і ўмеюць, што парады раздаваць і вучыць жыць. Гэта робяць людзі, якія не могуць знайсці сваю справу і чагосьці ў ёй дасягнуць. А спартсмены ставяць сабе мэту і ідуць да яе, нягледзячы ні на што.

Любоў да штангі. З кожным годам у цяжкай атлетыцы я ўсё больш люблю штангу. Гэта адбываецца з кожным цяжкаатлетам. Са штангай мы заўсёды разам — на трэніроўках, на спаборніцтвах, з ёй мы дасягаем перамог і перажываем паражэнні. У нас усё жыццё са штангай. І як яе можна не любіць?

Адрэналін. Некалькі гадоў таму я прыгнула з парашутам. Проста захацелася адчуць, як гэта. Захацела экстрыму, адрэналіну. Мне вельмі спадабалася. Пакуль нічога такога не хочацца, але, я думаю, нешта цікавае і незвычайнае яшчэ прыйдзецца адчуць і перажыць.

Матывацыя. Мяне матывуюць мэты, якія перад мной стаяць, і людзі, з якімі я іх стаўлю і дасягаю.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.