Вы тут

Вядзецца распрацоўка айчыннай вакцыны супраць COVІD-19


У РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі працягваюць распрацоўваць айчынную вакцыну ад каранавіруса. У найбліжэйшы час тут плануецца пачаць даклінічныя выпрабаванні на жывёлах, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.


pixabay.com

— Сёння пад распрацоўку айчыннай вакцыны падключана шэсць нашых лабараторый, — расказаў дырэктар РНПЦ Уладзімір Гарбуноў. — З мэтай стварэння айчыннай вакцыны падрыхтавана спецыяльнае распараджэнне кіраўніка дзяржавы. Міністэрства аховы здароўя надае гэтай рабоце асаблівую ўвагу, прыцягнуты вядучыя спецыялісты сістэмы аховы здароўя, у першую чаргу супрацоўнікі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, — адзначыў ён.

Па словах загадчыцы лабараторыі дыягностыкі ВІЧ і спадарожных інфекцый РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Алены Гасіч, галоўная задача — вылучэнне штамаў. Для гэтага праводзіцца маніторынг усіх завазных варыянтаў віруса. У якасці кандыдатнага варыянта будзе падабраны штам, які дамінуе ў краіне ў дадзены час. Айчынная вакцына будзе эфектыўная ў незалежнасці ад штама COVІD-19, які цыркулюе.

На цяперашні момант спецыялісты ўжо выбралі некалькі штамаў і перайшлі да наступнага этапу.

— У найбліжэйшы час мы падыдзем да стадыі імунізацыі жывёл. Яна зойме не менш за месяц, — адзначыў Анатоль Красько, загадчык лабараторыі біябяспекі.

Паводле яго слоў, плануецца, што прататып вакцыны будзе атрыманы да восені. А клінічныя выпрабаванні правядуць у наступным годзе.

Індыйскага штама ў Беларусі пакуль няма

Як расказалі спецыялісты РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, пакуль што ў нашай краіне не выяўлены індыйскі штам каранавіруса.

У РНПЦ арганізавана пастаянная сістэма маніторынгу распаўсюджвання варыянтаў віруса SARS-CoV-2, якія муціруюць. Праводзіцца збор і даследаванне матэрыялу ад асоб, якія прыбылі на працягу апошніх 14 дзён з-за межаў Беларусі і якія маюць станоўчы ПЦР-тэст.

Улічваючы сталасць і прадукцыйнасць працэсу зменлівасці віруса, вырашальнае значэнне мае сістэма хуткага выяўлення новых варыянтаў. Для гэтага ў Беларусі адпрацавана методыка секвеніравання S-гена віруса, з якім звязаны асноўныя мутацыі, выяўленыя ў новых варыянтах (брытанскі, індыйскі, амерыканскі, японскі).

Спецыялісты адзначаюць, што па меры развіцця пандэміі COVІD-19 узбуджальнік, вірус SARS-CoV-2, пастаянна эвалюцыянуе — гэта звычайны біялагічны працэс.

Сертыфікат аб вакцынацыі для тых, хто выязджае

Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне аб выдачы грамадзянам, якія прайшлі вакцынацыю супраць COVІD-19, «Сертыфіката аб вакцынацыі».

У сувязі з тым, што правілы міжнароднага рэгулявання і патрабаванні ў дачыненні да вакцынацыі яшчэ фарміруюцца, такі дакумент, магчыма, будзе неабходны грамадзянам Рэспублікі Беларусь для паездак за мяжу.

Сертыфікат выдаецца ў пункце правядзення вакцынацыі на платнай аснове па жаданні грамадзяніна, які плануе выезд за межы краіны на працягу года. У дакумент будзе занесена інфармацыя аб правядзенні прафілактычных прышчэпак супраць COVІD-19, якая пацвярджае правядзенне вакцынацыі-1 і вакцынацыі-2.

У прыватнасці, у сертыфікаце будзе наступная інфармацыя: найменне арганізацыі аховы здароўя, дата нараджэння асобы, якая атрымала прафілактычныя прышчэпкі супраць COVІD-19. Сертыфікат запаўняецца на рускай і англійскай мовах. Найменне вакцыны запаўняецца на рускай і англійскай мовах (у цяперашні час ужываюцца наступныя вакцыны: Гам-Ковід-Вак, Расійская Федэрацыя / Gam-COVІD-Vac, Russіan Federatіon; Гам-Ковід-Вак, Рэспубліка Беларусь / Gam-COVІD-Vac, Belarus; вакцына супраць SARS-CoV-2 (клеткі Веро), інактываваная, КНР / SARS-CoV-2 Vaccіne (Vero Cell), Іnactіvated, Chіna.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Выпрабаванні — у наступным годзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».