Вы тут

Веліч сонца ў спакоі


Дынастыя мастакоў Аракчэевых у прадстаўленні не мае патрэбы. Найбольш вядомы гледачу работы Барыса Аракчэева і Аксаны Аракчэевай, малодшай з трох дачок творцы, якая апякуецца яго спадчынай — нават ня- гледзячы на тое, што на працягу апошніх некалькіх гадоў жыве літаральна на дзве краіны.

Мастацтвазнаўцы заўважаюць: у мастака Барыса Аракчэева была ясная і дакладная сістэма поглядаў на творчасць і мастацтва, на традыцыі і сучаснасць. Яго маглі не разумець — і любілі, маглі нечым папракаць — і шанавалі. Аднойчы ў размове з Барысам Крэпакам майстар сказаў: «Цудоўнае заключана ў прыродзе. Нават у малым. Які змест ні зрабі — калі няма дасканалай формы, ён не “працуе”. Значыць, гэты змест паўторны, другім наваратам. Ведаеш, дасканалы «пусты» нацюрморт лепш, чым недасканалая сюжэтна-тэматычная карціна...»

Перакананы ў правільнасці сваіх прынцыпаў, ён працягваў ствараць да апошняга дня — для сябе, для беларусаў. Многія лічылі мастака Барыса Аракчэева народным і рабілі памылку — фактычную, не сэнсавую.


На пленэры. 1997 г.  Фота з асабістага архіва Аксаны Аракчэевай.

Майстэрня як падарунак лёсу

З Аксанай Аракчэевай сустракаемся ў сямейнай майстэрні, дзе некалькі дзесяцігоддзяў працаваў яе бацька і дзе шмат гадоў працуе яна сама. Гэтае памяшканне мастак атрымаў у канцы 1962 года. Тады быў сапраўды шчаслівы перыяд жыцця, бо ў хуткім часе, у сакавіку 1963 года, на свет з’явілася малодшая дачушка Аксана. Між тым Барыс Уладзіміравіч вельмі хацеў, каб нара-
дзіўся хлопчык, таму спрабаваў супакоіць жонку Галіну Ягораўну. Як расказвае Аксана Аракчэева, ён пісаў у радзільны дом, маўляў, каб не думала, што засмуціўся, згадваў сон, у якім нейкая старая сказала, што народзіцца дзяўчынка з такімі ж прыгожымі вачыма, як у Лаліты Торэс. Жонка мастака вельмі любіла гэтую артыстку.

— Спачатку бацька працаваў з двума сябрамі-мастакамі — Фёдарам Бараноўскім і Уладзімірам Пасюкевічам, а ўжо ў 1975 годзе застаўся ў майстэрні сам-насам. Так яна стала сямейнай: тут вучыліся маляваць і дзеці, і ўнукі Барыса Аракчэева, — дзеліцца ўспамінамі малодшая дачка мастака. — Гэта асаблівае месца для мяне, менавіта тое, што цягне з Гамбурга ў Мінск. З-за розных пераездаў я знаходжуся ў майстэрні пастаянна. Усё, нават творчы беспарадак, захоўваю ўжо на працягу 8 гадоў. Многія маладыя мастакі, калі атрымліваюць майстэрню, адразу займаюцца капітальным рамонтам. Мне ж дарагі хаос, які любіў тата.

Дарэчы, майстэрня ў доме 1955 года на рагу вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай прызначалася архітэктарам, але, як расказваў пазней Барыс Уладзіміравіч, яны тут не толькі працавалі, што перашкаджала суседзям.

На працягу пятнаццаці гадоў бацька з дачкой стваралі разам — у адным памяшканні. Кожны тут меў свой закуток. Працавалі ціха, дружна, не ўзнікала ніякіх канфліктаў, ніхто нічога не навязваў. Калі глядзіш на горад з акна майстэрні, адразу разумееш, што натхняла мастака на мноства пейзжаў, эцюдаў, акварэляў. Мінск Барыс Аракчэеў перастаў маляваць, калі сталіца пачала кардынальна змяняцца, у 1999—2000-х гадах.

Віншавальныя рытуалы

Дзень нараджэння мастака — 19 красавіка. Святкавалі заўсёды — увогуле традыцыя святкавання была важнай для сям’і. Барыс Аракчэеў шанаваў усе савецкія святы нават пасля развалу СССР. Існаваў і «віншавальны рытуал» — адпраўляць лісты і паштоўкі ўсім сваякам і сябрам сям’і. У гэтым яны былі падобныя са зводным братам Сяргеем, ваенным карэспандэнтам. Той заўсёды віншаваў усіх з днём нараджэння, прытым вершамі. Дарэчы, у 2017 годзе Аксана Аракчэева выдала яго кнігу паэзіі «Ваенны сшытак», праілюстраваную работамі Барыса Уладзіміравіча.

Дзень Чырвонай Арміі мастак шанаваў нараўне з Днём Перамогі. Па ўспамінах дачкі, яны кожны год сям’ёй хадзілі на дэманстрацыі, а 9 Мая ўскладалі кветкі да помніка Перамогі. Будучы творца выпакутаваў гэтае свята: яшчэ пятнаццацігадовым хлапчуком ірваўся на фронт, але дабравольцам не ўзялі: ён быў старэйшым сынам, бацька на той момант пайшоў з жыцця. У 18 гадоў Барыс стаў салдатам Чырвонай Арміі і праслужыў 7 гадоў.

— Дарэчы, у партыю так і не ўступіў, хоць скончыў нейкія спецыяльныя курсы, — адзначае Аксана Барысаўна. — Відаць, хадзіў разам з матуляй, якая была ў партыі. Ён звяртаў мала ўвагі на палітычнае жыццё, хоць быў кансерватарам. Для яго галоўнае — жывапіс і сям’я.

«Лета», 1974 г.

Вытокі жывапіснай манеры

Барыс Аракчэеў выхоўваўся перадусім на традыцыях сусветнай і рускай класікі. Прыхільнік рэалістычнай мастацкай школы, ён не разумеў душой, што ёсць сацрэалізм, — для яго быў агульны рэалізм у мастацтве. На пытанне пра тое, кім натхняўся Барыс Аракчэеў, дачка мастака прыводзіць вытрымку з аўтабіяграфічных чарнавікоў творцы: «З заходнееўрапейскіх сусветных імён найбольш любімыя мной Рэмбрант з яго густым, таямнічым колерам, фактурай і цэлая плеяда такіх талентаў, як Вяласкес, Рафаэль, Леанарда да Вінчы, Веранэзэ і іншыя. З імпрэсіяністаў — Клод Манэ з яго зіхатлівым, пералівістым жывапісам. З рускіх мастакоў — гэта Сурыкаў як майстар карціны, каларыст. Увогуле, уся Траццякоўка — гэта непараўнаная з’ява рускага мастацтва. Асабліва з пейзажнага жывапісу мяне зачароўвае Саўрасаў — маленькім па памеры палатном “Гракі прыляцелі”, сваім пранікненнем у з’явы прыроды. З найбольш блізкіх мне па нашым часе гэта С. Герасімаў, а з беларускіх майстроў, вядома ж, мой настаўнік — В. К. Цвірка як выдатны майстар пейзажа. З карцін — Я. А. Зайцаў. З найбольш ранніх пейзажыстаў, зразумела, Бялыніцкі-Біруля».

Як адзначаў сам майстар, прырода была для яго найгалоўнейшым настаўнікам. Але каб склалася асоба мастака, неабходны канкрэтныя абставіны: разуменне дару ўзмацніў вопыт узаемадзеяння са школьным настаўнікам малявання.

— Яшчэ ў дзяцінстве, гуляючы з сябрамі ля ракі, тата знаходзіў каляровыя каменьчыкі накшталт крэйды, якімі можна было маляваць, — успамінае Аксана Аракчэева. — Ніхто гэтыя каменьчыкі не заўважаў, ён адзін мог разглядзець іх сярод шэрых камянёў, толькі ён так пільна бачыў колер…

Праз некалькі дзесяцігоддзяў адзначалі: жывапісная манера Барыса Аракчэева вельмі адметная. Часам гэта выклікала ў пачаткоўцаў жаданне крыху жартоўнага эпігонства. У кнізе «Бэз малюецца на шчасце» Рыгор Сітніца згадвае выпадкі, калі ляпіліся камякі алейнай фарбы, нагрувашчваліся на палатно, так-сяк набываючы падабенства нейкага суровага краявіду. Гэта называлася «пагуляць у Аракчэева» і было вясёлай праяваю павагі, шчырым захапленнем творчасцю.

Праца над творам «Партызанская сям'я», 1966 г.

Энергія клопату

 «А вось і сонца! — піша аб першай і адзінай сустрэчы з мастаком Алена Масла, укладальніца кнігі “Барыс Аракчэеў. Бэз малюецца на шчасце”. — Дачка, яго водбліск — жвавы сонечны зайчык. А сонца, як яму і належыць, велічнае ў сваім спакоі і нейкай прамяністай мудрасці». Сапраўды, расказвае Аксана Барысаўна, амаль усім у іх даволі вялікай сям’і ўласцівы спакойнасць характараў і разважлівасць:

— Я экспрэсіўная ў жыцці, тата — у творчасці. Увогуле ж агульная рыса ўсёй сям’і — працавітасць і адказнасць у любой справе. А яшчэ ўсім уласцівы культ сям’і — мы заўсёды падтрымліваем адно аднаго, дапамагаем, што, дарэчы, некаторыя людзі з іншай ментальнасцю не разумеюць.

Энергія — менавіта тое, чым вызначаецца характар Аксаны Аракчэевай. Многім такой стваральнай сілы хапае толькі на ўласнае мастацтва, але для дачкі мастака заўсёды было важна дэманстраваць творы бацькі, ладзіць выстаўкі, сустрэчы, пленэры яшчэ пры жыцці творцы, калі ў яго сіл на гэта станавілася ўсё меней. Мастака цешыла такая актыўнасць дачкі, а яна імкнулася пры любой нагодзе парадаваць тату: нават аднойчы зладзіла выстаўку яго найлепшага сябра Фёдара Бараноўскага. Яе ж клопат — удзел у дзейнасці мастацкай галерэі ў горадзе Крупкі, якая з 2015 года носіць імя Барыса Аракчэева.

Салдат і дзяўчына

Сапраўды, часам экспрэсія, часам спакой, струменістае святло адчуваюцца ў работах Барыса Аракчэева. Выдатна, калі б з’явіўся грунтоўны альбом з творамі мастака — пакуль сям’і ўдалося за свае сродкі выдаць кнігу «Барыс Аракчэеў. Творчы шлях» тыражом 500 экзэмпляраў (выданне пабачыла свет праз год пасля смерці мастака, аднак працэс яго падрыхтоўкі ён паспеў пракантраляваць). Але колькі твораў яшчэ не ўбачыў айчынны глядач… Дарэчы, адну канкрэтную задуму можна рэалізаваць ужо цяпер: нядаўна Аксана Аракчэева знайшла лісты бацькі да матулі і займаецца каментарыем да іх. 

Гэтую энергетыку сонечнага святла нейкім чынам трэба было перанесці і ў творы, якія б захоўвалі памяць пра Барыса Уладзіміравіча. Так, важную ролю для сям’і адыграў скульптар Яўген Колчаў — стваральнік мемарыяльнай дошкі ў гонар мастака на доме, дзе знаходзіцца майстэрня, і надмагілля. Па жаданні сям’і аснову кампазіцыі памятнай дошкі склаў аўтапартрэт майстра 2001 года. Складанасць заключалася ў тым, што сродкамі скульптуры неабходна было захаваць і па магчымасці перадаць стылістыку яго жывапіснага пісьма, што, дарэчы, атрымалася. На фоне вырашылі паказаць любімы Мінск.

На надмагільнай пліце — цэлы сюжэт: салдат Барыс Аракчэеў малюе дзяўчыну — Галіну Аракчэеву.

— Гэта была ідэя бацькоў — яны там разам, — тлумачыць Аксана Барысаўна. — Выкарыстоўваўся партрэт мамы «Юнацтва (Новая старонка жыцця)», дзе яна сядзіць каля Бярэзіны і чытае кнігу «Тры мушкецёры» Аляксандра Дзюма. Гарскія могілкі ў якасці апошняга прытулку тата выбраў сам. Гэта недалёка ад роднай матулінай вёскі, дзе яны часта бывалі разам.

«Хлеб», 1969 г.

Справа жыцця: свайго і чужога

— Адзін час — у 1990-я гады, — ён быў крыху разгублены і пытаў «Ці патрэбна маё мастацтва?», сумаваў па выкладчыцкай дзейнасці, але да ўсяго прызвычайваўся, — расказвае дачка майстра. — Ён больш за ўсё баяўся, што творы мастацтва могуць апынуцца на сметніцы. У свой час я зразумела: хтосьці павінен займацца яго спадчынай. Па шчырасці, я эгаіст і раблю толькі тое, што падабаецца мне. Творчасць — гэта маё жыццё. Я абавязана тату за ўсё тое, што ён для мяне зрабіў. Цяпер працую нібыта за сябе і за яго. Сама сабе кажу: мне трэба жыць доўга-доўга, бо ніхто не зможа працягнуць справу.

Аксана Аракчэева ўспамінае, што мастак вельмі хутка ствараў эцюды, а вось з заказнымі работамі мог памарудзіць. Але, як большасць мастакоў, намаляваўшы твор, не хацеў з ім расставацца. Вядома, шмат дарыў — каб камусьці за нешта аддзячыць. Часткова з-за гэтага і немагчыма падлічыць спадчыну Барыса Аракчэева: шмат работ знаходзяцца ў прыватных калекцыях, розных мастацкіх музеях, вялікая колькасць — у загашніках майстэрні. Да сваіх палоцен мастак ставіўся як да родных дзяцей. Аднойчы ён падышоў да дзвюх карцін, якія ўжо набыў калекцыянер Аляксандр Радаеў, пацалаваў іх і сказаў: «Ну, бывайце, мае дарагія…»

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.