Вы тут

Багатая спадчына пісьменнікаў. Як захаваць яе для нашчадкаў


Не пакінуў абыякавым мяне артыкул «Памяці Васіля Макарэвіча» (ЛіМ, № 11), аўтар якога — паэт Ізяслаў Катляроў. Добра ведаў героя публікацыі як творцу і чалавека. А яшчэ лепш ведаю Ізяслава Рыгоравіча, бо жыве ён у Светлагорску. І калі на працягу пятнаццаці гадоў я ўзначальваў Гомельскую абласную пісьменніцкую арганізацыю, заўсёды дапамагаў добрым словам і карыснай парадай. І не толькі мне: ахвотна браў пад крыло, калі можна так сказаць, маладзейшых і менш вопытных паплечнікаў па літаратурнай ніве. Таленавіты, адказны, надзейны. Таму, атрымаўшы штотыднёвік «ЛіМ», я адразу ж засяродзіўся на матэрыяле І. Катлярова.


Калі ж гаварыць пра Васіля Сцяпанавіча Макарэвіча, то ў свой час мы маглі б аказацца ў адным кабінеце на беларускім радыё. Мяне запрашалі ў літаратурную рэдакцыю, я ўжо прайшоў суразмоўе з Генадзем Бураўкіным, аднак не склалася: тады я не быў яшчэ ў Саюзе пісьменнікаў (1984 год) і таму не асмеліўся мяняць трохпакаёвую кватэру ў абласным цэнтры на сталічную хрушчоўку-двушку. Лепшых варыянтаў не мелася.

Але з літдрамай мае стасункі працягваліся, і надзвычай плённа. Пісаў публіцыстычныя нататкі, гучалі апавяданні, гумарэскі, пазней дэбютаваў як драматург. І кожны раз, бываючы ў Мінску, стараўся забегчы на радыё. Таму поціск дужай рукі Васіля Сцяпанавіча адчуваю і сёння. І вельмі шкадую, што не паціснуў у свой час руку лаўрэату Дзяржаўнай прэміі — за паэзію. Хаця і публіцыстыка ў яго была годная. Хто-хто, а ён варты быў такога высокага прызнання ад дзяржавы. Гэтую думку я неаднойчы выказваў у размовах з некаторымі вядомымі пісьменнікамі. Усе як адзін пагаджаліся. А чаго было варта выказванне Пімена Панчанкі пра паэзію В. Макарэвіча!..

У матэрыяле ж Ізяслава Катлярова асабліва зачапілі радкі, дзё ён прыгадвае, як у тэлефоннай размове Васіль Макарэвіч прызнаўся, што падрыхтаваў першую ўласную празаічную кнігу, збіраўся шукаць грошы на яе выданне. Далей І. Катляроў працягвае: «Гаварыў пра шматлікія вершы і паэмы. Ведаю, што спадчына паэта беражліва захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Але мала толькі захоўваць. У лімаўскай публікацыі 2017 года я задаў рытарычныя пытанні: «І наогул, ці ёсць каму мэтанакіравана клапаціцца пра рукапісы, якія застаюцца беспрытульнымі пасля смерці іх аўтараў? Магу дадаць яшчэ шмат прозвішчаў паэтаў і празаікаў, якіх дружна забываем. Ці можна спадзявацца, што на выданне творчай спадчыны будуць асобна прадугледжаны пэўныя сродкі і выдавецкія пазіцыі?»

Падстаў для аптымізму Ізяслаў Катляроў не бачыць. Прайшло тры гады з дня той публікацыі, а што змянілася? «Вось калі б пры тым жа Беларускім дзяржаўным архіве-музеі існавала ўласнае выдавецтва «Спадчына», — прапаноўвае І. Катляроў, — і выпускаўся б альманах або часопіс з гэт-
кай жа шматабяцальнай назвай, то ўсё было б інакш. Знайшліся б не толькі занядбалыя рукапісы, але і аўтары літаратурна-крытычных даследаванняў, мемуараў, многіх іншых аспектаў творчасці пісьменнікаў, якія маюць права духоўнага жыцця і цяпер, і заўсёды».

Цалкам падтрымліваю Ізяслава Катлярова. Паколькі жыву ў Гомелі, то перш-наперш мяне хвалюе лёс спадчыны пісьменнікаў-землякоў. Добра ведаю, што Іван Сяркоў, аўтар вядомай трылогіі «Мы з Санькам…», не скончыў раман пра дружбу жыхароў беларуска-ўкраінскага памежжа. Але ж і тое, што напісана, магло б, на маю думку, зацікавіць чытача. Не ўсё выдаў і Міхась Даніленка, які пайшоў з жыцця два гады таму. Да апошняга дня друкаваў апавяданні для дарослых і дзяцей. Нешта ж засталося ў пісьмовых сталах Міколы Янчанкі і Уладзіміра Верамейчыка. Мы забыліся, што ў Гомелі жыў і працаваў Іван Кірэйчык, ураджэнец Ганцавіцкага раёна. Паэт-лірык, нарысіст.

Не дзеля пахвальбы заўважу, што пры падтрымцы аблвыканкама і абласной пісьменніцкай арганізацыі пабачыла свет мая кніга «Сцежкі-дарожкі», дзе сабраны ўсе публікацыі пра сяброў-пісьменнікаў, якія я друкаваў на працягу сарака гадоў у газетах і часопісах. Сабраў пад адной вокладкай гэтыя нататкі з адзінай мэтай — каб помнілі. Кніга трапіла ва ўсе бібліятэкі вобласці. Ужо добра. Ну, хоць так. Дарэчы, у «Сцежках-дарожках» змешчана і нататка «Вяртанне» пра раман «Час пастыра» Мікалая Елянеўскага, які жыў у Пінску і заўчасна пакінуў гэты свет. Ведаю, у яго засталася багатая спадчына. Цікавы, глыбокі аўтар!

Можна прыводзіць і іншыя прыклады, называць прозвішчы пісьменнікаў, вартых увагі і прызнання. І — недаравальна забытых.

…Жыццё не стаіць на месцы. Час ляціць імкліва. Не згубіць бы толькі ў гэтай плыні памяць пра тых, хто некалі здабываў славу нашай роднай беларускай літаратуры. Не згубіць бы і аддаць ім даніну павагі ды шанавання.

Мне як чалавеку, які пэўны час жыў у Расіі, Казахстане, ва Украіне і Туркменіі, добра вядома: высока цанілі там наша беларускае пісьменніцкае слова. Давайце ж цаніць
і берагчы яго і тут.

Васіль ТКАЧОЎ


З  вялікай цікаўнасцю і ўдзячнасцю прачытаў артыкул паэта і перакладчыка Ізяслава Катлярова «Памяці Васіля Макарэвіча» («ЛіМ», 19.03.2021 г.). У ім аўтар закрануў, на маю думку, вельмі важнае пытанне і падаў надта слушную ідэю.

Справа ў тым, што ў наш хуткасны і прагматычны час мала ўвагі аддаецца творчай спадчыне пісьменнікаў, якія пайшлі з жыцця. Калі класікам шанцуе больш, то, напрыклад, такім пісьменнікам, як Валянцін Лукша, Пятрусь Макаль, Анатоль Грачанікаў, Барыс Сачанка, Васіль Макарэвіч і многім іншым, куды меней. Добра, калі прыгадаюць сябры ў юбілейную дату. Ды і надрукаваць належнае слова пра іх іншы раз не проста. А выдаць творы — тым больш.

Таму цалкам падтрымліваю прапанову Ізяслава Рыгоравіча адносна стварэння спецыяльнага выдання, часопіса альбо альманаха «Спадчына» (на выдавецтва разлічваць пакуль нельга). Такое выданне магло б існаваць пры Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ці пры адным з дзяржаўных выдавецтваў. Выдатных творцаў у гісторыі нашай літаратуры шмат, да таго ж нямала іх твораў засталося ненадрукаванымі, а часам пра гэта няма каму і парупіцца.

Упэўнены, часопіс «Спадчына» займеў бы шмат удзячных чытачоў. У ім можна было б шырэй расказваць пра жыццёвы і пісьменніцкі шлях нашых вядомых папярэднікаў, змяшчаць артыкулы пра іх творы. А гэта сотні знакамітых імёнаў. Ды і справа была б зроблена выключная — для нашай літаратуры, для грамадства, для Беларусі.

Міхась ПАЗНЯКОЎ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік