Вы тут

Кацярына Дубаневіч: У дарозе я знайшла свой унутраны Акіян


Аб прыбыцці Кацярыны Дубаневіч у Мінск 31 кастрычніка 2020 года пісалі шмат. Многія СМІ Беларусі не пакінулі па-за ўвагай яе вяртанне дадому. Што і зразумела. Бо Каця — адзіная жанчынаў Беларусі, якая рызыкнула ў адзіночку пачаць кругасветнае падарожжа на байку па імені Генры.


Пацалунак ад кенгуру. Адэлаіда, Аўстралія.

Дарэчы, яе вандроўка шырока асвятлялася. Мы таксама пра гэты ўнікальны праект адважнай беларускі пісалі. (№ 8-2019, стар. 24).

Нагадаем чытачам: стартавала Каця 18 жніўня 2018 года. За перамяшчэннем матацыклісткі можна было сачыць анлайн у яе сацыяльных сетках. За гэты час Каця тройчы перасекла экватар, пабывала на пяці кантынентах з сямі. Паміж кантынентамі было тры пераправы. Першая — з Расіі ў Аўстралію: матацыкл плыў на пароме. А яна паляцела ў Японію, дзе ездзіла на веласіпедзе: бо там нашы беларускія правы кіроўцы несапраўдныя з-за другой канвенцыі (у нас Венская, у іх Жэнеўская). З Японіі быў пералёт у Аўстралію. Адтуль разам з Генры, які перапраўляўся на грузавым самалёце, накіравалася ў Лос-Анджэлес і ЗША. Матацыкл. У цэлым праехала 112 000 км. А ў Паўднёвай Амерыцы — давялося спыніцца. І правяла там Каця паўтара месяца. Адтуль паведаміла нам, што яе нагнаў каронавірусный каранцін. Таксама паабяцала расказаць пра свае прыгоды, як толькі зможа. Мы гутарылі з ёю і анлайн, калі яна нядаўна была на мотавыставе ў Маскве, і ўжывую — як з госцем рэдакцыі.

— Каця! Паўтара месяца каранціну — гэта нешта... Увесь час у Буэнас-Айрэсе? Як вы, чый стыль жыцця рух, пастаяннае абнаўленне, перамены і новыя ўражанні, каранцін вытрымалі? Раскажыце пра той час. Ці быў ён багатым для вас на падзеі? Што запомнілася больш за ўсё? Ці, можа, вы скарысталіся магчымасцю паглыбіцца ў свой унутраны свет, падумаць пра нейкія важныя для вас рэчы? Што адчувалі? Што было самым цяжкім у тыя дні?

— Мне пашанцавала значна больш, чым большасці з іншых «захраснуўшых». У Байрэсе спыніліся мае сябры — прафесійныя гіды і вандроўцы Ганна і Марк. Яны і запрасілі падзяліць каранціннае жыллё з імі. Гэта быў не проста пакойчык дзесьці на ўскраіне, а 100-гадовая трох-узроўневая вежа ў самым цэнтры горада, з узрушаючым відам на плошчу Кангрэса і заходамі сонца неверагодных колераў. Кожны дзень за імі можна было назіраць з нашага даху. Раніцай мы рабілі зарадку, разам гатавалі, размаўлялі, глядзелі фільмы, чыталі і марылі пра вяртанне ў свет, дзе падарожжы — даступныя, межы — адкрытыя і ўсе абмежаванні дзейнічаюць толькі ва ўласнай свядомасці. Мы нават некалькі разоў спрабавалі «гуляць», але нас лавіла паліцыя і адпраўляла дадому. Усё перамяшчэнні былі абмежаваныя бліжэйшымі крамай і аптэкай. Нават знаходзячыся ў такой цудоўнай кампаніі, складана было пазбавіцца ад думкі пра «падрэзаныя крылы». Бо зусім нядаўна я захаплялася краявідамі Патагоніі, кожны дзень прыносіў новыя ўражанні, а цяпер, быццам дзень сурка, усё паўтараецца. Займалася самаадукацыяй, вучылася маляваць і асвойвала мексіканскае мастацтва гуачоль. Гэта такія пацеркавыя фігуры, узоры з мацаваннем пчаліным воскам. І разважала, чаму такая з’ява, як кавід, адбываецца з людзьмі, і навошта нам дадзена гэта выпрабаванне. Можа чалавецтву трэба часцей задумвацца пра тое, што ўсе мы не вечныя, берагчы адзін аднаго і шанаваць жыццё і свабоду?

Гара Фітц Рой, рэгіён Патагонія ў Аргенціне.

— Вы падрабязна распавядалі ў сацсетках пра тое, як і дзе прыходзілася зарабляць падчас падарожжа. Раскажыце пра самыя яркія моманты, якія вам запомніліся. Можа, гэта быў цікавы працадаўца, ці сітуацыя, з ім звязаная?

— Вядома, самыя запамінальныя падпрацоўкі былі звязаны з будаўніцтвам. Я па прафесіі менеджар па маркетынгу і рэкламе, большую частку рабочага жыцця правяла ў офісе за ноўтбукам, толькі зрэдку працавала фізічна. Для мяне было вельмі цікава атрымліваць новыя навыкі. Навучылася валікам фарбаваць сцены, адколваць старое пакрыццё адбойным малатком, заліваць і раўняць бетон, класці плітку... Яшчэ больш стала паважаць людзей, якія працуюць рукамі — гэта цяжкі занятак, які вымотвае сілы, патрабуе акуратнасці і ўважлівасці. У першыя дні ў мяне былі велізарныя сінякі і мазалі, пакуль я прыстасавалася правільна трымаць інструменты. Яшчэ падабалася праца па ўборцы дамоў. Часта бывала, што мэбля ў жудасным стане, асабліва на кухні, і потым высвятляецца, што жоўтыя шафкі на самой справе белыя, проста пакрыліся пластом бруду і тлушчу. Вельмі прыемна глядзець на вынік сваёй працы, успамінаючы, як было да таго.

— Якая гісторыя ад людзей, якія вас запрашалі пераначаваць, пагасціць, уразіла? І ў якой краіне гэта адбылося?

— Мне здаецца, сусвет любіць у дарозе зводзіць разам аднадумцаў і блізкіх па духу людзей. Прынамсі, у мяне атрымлівалася сустракаць вельмі цікавых асоб па ўсім свеце. Распавяду пра Вудзі, лепшага майстра па спіцаваных колах у Амерыцы.

Менавіта да яго я і адправілася ў Дэнвер. Мяне турбавала моцная вібрацыя матацыкла на хуткасці да 80 км/г. Вудзі Вітэ — легенда, яму 78, і ён зрабіў тысячы колаў для падарожнікаў з усяго свету, спартсменаў і проста матацыклістаў. Яшчэ адным напрамкам, які ўзначальвае Вудзі, з’яўляецца выраб механізмаў, якія дазваляюць інвалідам катацца на лыжах, займацца серфінгам і любой іншай актыўнасцю. Ён найбуйнейшы ў ЗША вытворца гэтых механізмаў. Не магу не расказаць пра яго больш падрабязна. А пачалося ўсё з захаплення маторнымі лодкамі, хоць бацькі Вудзі хацелі бачыць яго юрыстам або лекарам. Па гісторыі яго жыцця можна здымаць кіно. Нарадзіўся Вудзі ў сям’і нямецкага інжынера ў Мюнхене ў 1942 годзе. У час вайны яго бацька быў накіраваны ў Польшчу, недалёка ад нямецкай мяжы. У студзені 1945-га маці Вудзі забрала яго і сястру, якая нарадзілася ў Польшчы, і паспела на апошні цягнік, які ішоў ў Германію. Бацька ж у Мюнхен з’ехаў раней. З сабой яна ўзяла толькі дакументы і некалькі сярэбраных нажоў і відэльцаў. На зборы пайшло 20 хвілін. Шлях да месца, які звычайна займаў 8 гадзін, ператварыўся ў 8 тыднёвы: з-за разбурэнняў часткі чыгуначных шляхоў. І бацька вельмі хваляваўся, чаму сям’і ўсё няма. І нават накіраваўся на вакзал, каб ехаць па жонку з дзецьмі ў Польшчу на тым самым цягніку, на якім яны і прыехалі.

Скульптура «Рука Пустыні» ў горадзе Антафагаста ў Чылі.

Маці Вудзі была верніцай і моцна знервавалася, што не знайшла, калі збіралася ў Германію, любімую Біблію. Але цуды ўсё ж адбываюцца ў нашым свеце. Праз некалькі гадоў сям’я Вудзі пераехала ў Амерыку, а ў 1950-м прыйшла туды пасылка ад бабулі Вудзі, якая прадаўжала жыць у Германіі. У ёй была старая сямейная Біблія і ліст бабулі пра тое, як праз пяць гадоў пасля вайны ў дзверы пастукаў савецкі афіцэр. У руках у яго была Біблія, на адной з старонак якой гэты высакародны чалавек пабачыў адрас сям’і Вудзі... Калі Вудзі распавядаў мне гэтую гісторыю, яго вочы блішчалі ад слёз. І вось што яшчэ дадаў: усяго толькі адзін чалавек можа змяніць стаўленне да цэлай нацыі. У 1960-м Вудзі быў залічаны ў марскую пяхоту і таксама працаваў у сферы авіяцыйнай электронікі. Час, праведзены ў войску, «прышчапіў» яму стандарты майстэрства, якое захоўваецца і сёння. Што таксама абудзіла ў ім цягу да вандраванняў і знаёмстваў з рознымі культурамі. На працягу двух гадоў працы ў Японіі Вудзі пачаў спалучаць заходнія ідэалы з азіяцкім духам і філасофіяй. Менавіта ў Японіі стала ўмацоўвацца яго любоў да хуткіх матацыклаў. Пасля службы ў войску ў 1973-м Вудзі пераехаў у Каларада і знайшоў сваю нішу ў матагонках. Заўзяты гоншчык Вудзі часта наведваў гоначныя трасы і нават заснаваў Асацыяцыю матагонак. Працуючы ў дылерскім цэнтры і рамантуючы зламаныя колы, Вудзі сутыкнуўся з недахопамі стандартных колаў і ступіц. Імкненне мець лепшую альтэрнатыву прывяло яго да стварэння ўласных ступіц, а затым і колаў. Кампанія Woody’s Wheel Works была заснавана ў 1973 годзе. Сёння яна вядомая па ўсім свеце.

Я планавала праверку толькі пярэдняга кола, і калі Вудзі сказаў пра тое, што задняе таксама трэба раўняць, то пачала моршчыць носік. Ён, прыжмурыўшыся, паглядзеў на мяне і прамовіў: калі пытанне ў кошце, то я пад яго наглядам магу палову працы зрабіць сама. Прапанова мне спадабалася. Упершыню ў жыцці я здымала і ставіла назад абодва колы, барціравала гуму і вучылася ўсім сакрэтам у маэстра Вудзі. У заднім коле быў разбіты падшыпнік, памянялі. Пасля наладжвання спіц і ўсіх чароўных маніпуляцый Вудзі мой Генры паехаў так ідэальна, як ніколі да таго. Вось такія цудоўныя людзі сустракаюцца на маім Шляху.

— «Надзвычай выдатна сустракаць на іншых кантынентах родныя душы» — гэтыя вашы словы ўражваюць. Што вас падштурхнула такое напісаць? Нехта нешта для вас зрабіў, дапамог, як Вудзі, ці ж, наадварот, вы самі дапамаглі чалавеку?

— Было і такое. Самая сур’ёзная паломка матацыкла здарылася амаль ноччу ў штаце Агаё. Рухавік літаральна «закіпеў», таму што ўнутр выліўся ўвесь антыфрыз праз падраную пракладку галоўкі блока цыліндраў, і матацыкл ахутаў шчыльны шэры дым. Я стаяла на ўскрайку дарогі, і ніхто не спыніўся, каб хоць спытаць, у чым справа. Я змагла датэлефанавацца да Андрэя — чалавека, якога ведала толькі завочна, а ён цалкам арганізаваў эвакуацыю мяне і Генры да горада Луісвіля ў Кентакі, дзе займаўся рамонтам матацыкла. Андрэй — майстар на ўсе рукі. І ў мяне склалася ўражанне, што няма ў свеце матацыкла, які ён бы не змог адрамантаваць. Нам з Генры невымоўна пашанцавала апынуцца менавіта ў яго майстэрні пасля такой сур’ёзнай паломкі.

Ёсць людзі, якія за месяц становяцца табе бліжэйшымі, чым за іншыя гады. Таму што яны «твае», а ты «іх». Таму што мы не маглі не сустрэцца, таму што ў жыцці і ў дарозе так павінна было здарыцца. Андрэй і яго жонка Аксана — створаны адзін для аднаго, а я любавалася іх «мы» з боку, вучылася мудрасці, разуменню, мяккасці і цеплыні. Не люблю так казаць, але яны вельмі-вельмі сапраўдныя. Гэта не значыць, што іншыя не такія, проста Андрэй і Аксана ўсё робяць у згодзе з сумленнем, сэрцам і сабой. А я гэтаму толькі вучуся. Ад усяго сэрца ўдзячная гэтай выдатнай сям’і за шчырую дружбу і неацэнную дапамогу.

Краявід, які адкрываецца з самага верху вадаспада Іервэ эль Агуа ў Мексіцы.

— Каго з родных душ вам хацелася б пабачыць яшчэ раз? Пазнаёміць са сваімі сябрамі, мамай?

Усіх і кожнага! Я з радасцю прыму да сябе ў гасці ўсіх людзей, якіх сустракала ў дарозе, пакажу наш прыгожы Мінск, лясы і азёры, пачастую дранікамі і мачанкай.

— Наколькі нам вядома, падчас кругасветкі вы пабывалі ў 22 краінах, а ўсяго ўжо наведалі 45. Ці можаце вы некалькімі словамі апісаць тыя краіны, якія вам вельмі спадабаліся? І чаму? Зразумела, што казаць пра краіну коратка — цяжка. І ўсё ж, паспрабуйце пра некаторыя — хоць некалькі слоў. Скажам так, як апісалі Аўстралію, блізкую вам па духу. Раскажыце пра яе і для нашага выдання.

— Вы маеце рацыю: апісаць краіну ў некалькіх словах цалкам немагчыма. Я люблю кожную, дзе пабывала. І ўсё ж, каб зразумець мясцовы менталітэт, прачуць асаблівасці тамтэйшага жыцця, трэба правесці ў краіне хаця б месяц. Мне спадабалася Аўстралія за сваю дзікую натуру, за пустэльныя мясціны без адзінага чалавека, за доўгія пясчаныя пляжы з цёмна-сіняй вадой, унікальныя расліны і жывёлы, якіх няма нідзе больш на планеце, і, вядома, за лад жыцця аўстралійцаў. Філасофія «no worries» — «не варта турбавацца» — выяўляецца там ва ўсім. Любыя праблемы можна вырашыць, пакуль чалавек жывы і здаровы, а пра астатняе не варта турбавацца і нервавацца. Глыбока ў душу запала і мексіканская культура, з яе найсмачнай кухняй, шчырай і бескарыслівай гасціннасцю людзей, бясконцай разнастайнасцю ландшафтаў і небяспечнымі рэгіёнамі, дзе можна пазбавіцца не толькі маёмасці, але і жыцця.

Асобна хочацца адзначыць Японію, якая існуе быццам у паралельнай рэальнасці, дзе пануе Павага адзін да аднаго і гармонія чалавека з светам, тэхналогіі пераплецены з традыцыямі, і ўсё прадумана для дробязяў — каб рабіць жыццё чалавека лепшым і даўжэйшым.

Парцалянавая пустыня «Белыя пяскі», Нью Мехіка, ЗША.

— Што адчулі, калі даведаліся: можна ляцець дадому? І як ляцелі?

— Да таго моманту, калі нам — усім тым, хто засеў у Аргенціне — абвясцілі пра эвакуацыйны рэйс, ужо вельмі хацелася выбрацца дадому. Увесь свет звузіўся да памераў жылля, да квадратных метраў, у якіх людзі жылі. І ўсе проста марылі пра змену дэкарацый і сустрэчы з сябрамі і роднымі. Ляцелі мы каля 30 гадзін. Наш велізарны самалёт мы назвалі «трансатлантычнай маршруткай», паколькі нас збіралі з усіх краін Лацінскай Амерыкі, пачынаючы з Бразіліі і заканчваючы Кубай. Усяго вывезлі каля 500 чалавек, сярод якіх было 7 беларусаў. Па прылёце ў Маскву ў суправаджэнні супрацоўнікаў Пасольства Беларусі ў Расіі мы прайшлі да маршруткі, якая па трасе М1 адвезла ўсіх семярых да мяжы.

Едзем. І я нібы сплю наяве: 18 жніўня 2018 года ехала па гэтай трасе, у бок прыгод, невядомасці і ўвасаблення мары, а зараз сяджу ў маршрутцы, а мой матацыкл стаіць у сэрвісе ў Аргентыне. Мая свядомасць не верыць у тое, што адбываецца і гатова прачнуцца дзе-небудзь у палатцы на беразе Ціхага акіяна. На першай запраўцы ў нос б’е пах бору, я бягу туды, дзе заканчваецца асфальт, дакранаюся да мокрага лісця дзьмухаўца, заўважаю жабу, лаўлю яе, гладжу па карычневай шурпатай скурцы і адпускаю. Побач велізарная сасна, я гладжу пальцамі кару, нюхаю яе, імкнучыся напоўніць лёгкія вільготным смалістым водарам. І адчуваю шчасце...Рухаемся далей. Навігатар адлічвае апошнія кіламетры да мяжы ...

— Кажуць, што ўсе матацыклісты — «не от мира сего»...

— Мне здаецца, усе матацыклісты з большага — мазахісты. Падумайце самі: то горача, то холадна, то мокра... Цяжкая экіпіроўка, вечна ў пыле, прычоска ў лепшых традыцыях панк-культуры, спіна зацякае. А калі матацыкл падае на бок — гэта яшчэ і велізарная фізічная нагрузка. Але гэта наш выбар. І неверагодныя эмоцыі, якія мы атрымліваем ад язды на матацыкле, кампенсуюць любыя нязручнасці. Нядаўна я ехала з Масквы ў Санкт-Пецярбург — 660 кіламетраў, нічога асаблівага, акрамя тэмпературы каля нуля, залевы і снегу палосамі. А потым чорная імгла рассейваецца. І бачыш блакітную палоску неба, і радасць ну проста распірае грудзі, а ўсмешка не змяшчаецца ў шлем. Бо як бы маглі мы зразумець, што такое шчасце, калі б не было момантаў смутку, як бы мала шанавалі сонца, калі б у нас яго было ў лішку кожны дзень. Вясновае надвор’е непрадказальнае, прырода з радасцю вызваляецца ад ледзянога покрыва, агаляючы сваю ўскудлачаную натуру. І прыхарошваецца. Якая ж прыгожая наша зямля!

— Раскажыце пра свае ўражанні ад сустрэчы з радзімай, мамай, роднымі і блізкімі.

— Чамусьці было ўражанне, што я з’ехала толькі на тыдзень — і вось вярнулася, бо нешта забылася зрабіць. Бацькі зусім не змяніліся, хіба што сястра Марыяна пасталела і стала прыгожай стыльнай дзяўчынай. Вядома, мы вельмі шмат абдымаліся, але я толкам і не распавядала ім нічога пра гэтыя амаль 2 гады: сеткі даюць нам магчымасць ведаць адзін пра аднаго і «быць побач» нават на значнай адлегласці. Я арганізоўвала сустрэчу, на якой цэлых пяць гадзін распавядала сябрам і новым знаёмым пра свае прыгоды ў дарозе. Былі нават тыя, хто даслухаў мяне да канца. Вельмі спадзяюся: мой досвед будзе карысным для іншых людзей.

— Цяпер у вас, напэўна, перыяд заспакаення. Вы, вядома ж, разумееце, што сітуацыя з кавідам у свеце пакуль сур’ёзная, таму даводзіцца чакаць, калі будуць адкрытыя межы. Што думаеце на гэты конт?

— Маё заспакаенне наступіла, калі я змагла закончыць сваё кругасветнае падарожжа і выцягнуць матацыкл з Аргенціны. У пачатку кастрычніка былі адкрыты транспартныя зносіны і грузавыя самалёты сталі браць такія грузы. Мой Генры паляцеў у Стамбул, дзе я ўжо сустракала яго, гатовая выправіцца ў далейшы шлях. Амаль месяц мы даследавалі найпрыгожую Турцыю, якая за рулём матацыкла выглядае зусім інакш, чым «цюленні» адпачынак па сістэме «ўсё ўключана». Рэгіён багаты на славутасці, гістарычныя каштоўнасці і добрых людзей. Пандэмія абмежавала велізарную турыстычную хвалю, што для мяне стала вялікай перавагай: я змагла пабываць у такіх месцах як Памуккале, Кападокія, Немрут Даг, ехала практычна ў поўнай адзіноце. Пераадолеўшы 5000 км, на пароме дабралася да Чарнаморска. І даехала ў Мінск з другога боку зямнога шара. Я веру, што ўсё ў нашым жыцці адбываецца для нечага і па пэўных прычынах. Калі пандэмія здарылася, значыць, мы павінны праз гэта прайсці, зрабіць высновы і жыць далей. Зачыненыя мяжы — будзем нанова вывучаць родныя мясціны. Адкрыюць Расію і Украіну — будзе выдатна, там столькі ўсяго цікавага! Ды і для новых эмоцый не абавязкова ехаць на край свету, можна пачаць з суседняга горада і зносін з новымі людзьмі: унутры кожнага з нас схаваны цэлы свет і сусвет.

— Ці не сніцца вам па начах ваш верны сябар — матацыкл? Раскажыце пра яго. Ужо мы-та з мужам хоць і пешыя вандроўнікі, выдатна разумеем, што такое надзейны транспартны сродак.

— Мне часцей сняцца дарогі, па якіх мы з ім ездзілі. Мой матацыкл — старэнькі 17-гадовы БМВ, і ён мой надзейны і верны сябар. Пра Генры трэба клапаціцца, своечасова яго абслугоўваць і пільна сачыць за тэхнічным станам, але я ўжо настолькі прывыкла да яго, што адчуваю найменшыя змены ў працы і часта перастрахоўваюся, просячы механікаў праверыць то тое, то іншае ў яго сістэме. Я павінна быць заўсёды ўпэўненая, што матацыкл не падвядзе, бо ад яго шмат у чым залежыць маё жыццё. Калі мы доўга едзем у непагадзь або па складаных дарогах, я магу пагладзіць яго па бакавым пластыку, угаворваючы пацярпець трохі, бо гаспадыня яму дасталася мітуслівая і адчайная. Але я думаю, што ён таксама «шчаслівы», калі можна так казаць пра механізм — бо ён выконвае сваё прызначэнне, тое, для чаго і быў створаны. А гэта важна і для чалавека, і для любога аб’екта.

— У адным з інтэрв’ю вы абмовіліся, што ў цяперашні час працуеце над кнігай, займаецеся, як выказаліся, самаразвіццём... Што для вас гэта азначае? Быць усвядомленай, не рэфлексаваць, прымаць людзей такімі, якімі яны ёсць... Ці нешта яшчэ іншае?

— Кніга пакуль пішацца даволі павольна: бо актыўна ідзе працэс асэнсавання мінулых падзей і цяперашніх. Што тычыцца самаразвіцця, лічу: кожны дзень павінен прыносіць нам нешта новае — веды, эмоцыі, сустрэчы, навыкі. Інакш мы не развіваемся, а топчамся на адным месцы. Стараюся асвойваць самыя актуальныя тэндэнцыі ў сваёй працоўнай сферы — маркетынг і promotion, а таксама, вядома, працаваць над духоўным складнікам. Шмат чытаю і маю зносіны з аднадумцамі. Усведамляю свае рэакцыі, учынкі. І нават думкі. Мне, вядома, яшчэ далёка да разумення сябе і свету, да ўсведамлення прычын, чаму ў маім жыцці нешта складваецца не так, як бы мне таго хацелася, Але я на правільным шляху і ўжо ўспрымаю ўсю разнастайнасць соцыўма. Усе людзі розныя, са сваім бэкграундам і жыццёвымі абставінамі. Кожны транслюе ў свет тое, што ў яго ўнутры. Не раз пераконвалася: сапраўды шчаслівыя людзі не робяць зла, яны толькі дораць сваё цяпло і хочуць дзяліцца любоўю і дабрынёй.

Цяпер у акіяне свядомасці Кацярыны Дубаневіч зберагаюцца  ўнікальныя ўражанні з розных краін свету. Аўтар фотамантажу: Андрэй Сіняўскі.

— Але нават вельмі шчаслівыя — людзі не дасканалыя. З-за розных прычын нават яны могуць праявіцца нечакана для навакольных і саміх сябе не лепшым чынам: мімаволі кагосьці пакрыўдзіць, закрануць чыёсьці эга. Але калі яны ідуць па шляху самаразвіцця, то абавязкова, гэта ўсвядоміўшы, пастараюцца выправіць сваю памылку.

— Любы чалавек можа паводзіць сябе дзіўна.

— Вам лёгка такім дараваць?

— Мабыць, нашмат лягчэй, чым тое было раней. Бо ў дарозе я знайшла свой унутраны Акіян. Тлумачу. Я вельмі эмацыйная. Мяне заўсёды было лёгка пакрыўдзіць, хутка вывесці з раўнавагі. А свой тагачасны спакой я параўноўваю з лужынкай, якую можна было імгненна ўзбаламуціць чыімсьці кінутым вострым словам ці нечаканым учынкам. Цяпер жа лужынка ператварылася ў акіян, які ўсе «камяні злосці і крыўды» хутка паглынае і апускае на дно, ахутваючы мяне толькі адчуваннем свабоды, спакою і ціхамірнасці. І я стараюся дзяліцца гэтымі адчуваннямі з іншымі людзьмі. Бо, у канчатковым выніку, кожны з нас хоча быць проста шчаслівым.

Гутарыла Валянціна ЖДАНОВІЧ

Фота з асабістага архіва Кацярыны Дубаневіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».