Вы тут

Хада ў стылі фэнтэзі. Нататкі пра пешае падарожжа, якое ніхто пакуль не паўтарыў. Частка 3


Працяг. Пачатак і частку 2 чытайце па спасылках

Саламяныя капелюшы ад слабодкаўскіх майстроў і цяпер сустракаюць нас у пярэднім пакоі кватэры, нагадваюць пра «Хаджэнне ў трыдзясятае царства». Мы падвесілі рарытэты на сцяну, дзе брылі — так іх яшчэ называюць у некаторых рэгіёнах Беларусі — збіраюць пыл. Але толькі змахні яго, і брылі зноў блішчаць як новыя.


1.	Браслаў з вышыні птушынага палёту Фота Сяргея Плыткевіча.

У іх мы і выходзім са Слабодкі ў 14.30. За ваколіцай, злева па дарозе на Браслаў (прыкладна за кіламетр ад вёскі) на прыгожым грудку непадалёк ад Слабодкаўскай озавай грады садзім каштаны і жалуды. Ці вырастуць? Валя смяецца і гаворыць: праз дваццаць гадоў паглядзім... Натуральна, ніводзін не вырас, бо мінулагоднія, падсохлыя ўжо былі.

Далей па дарозе за вёскай Маскавічы справа бачым вялікае ўзвышша, разважаем: можа то і ёсць курган, са зрэзаным верхам, дзе археолагі вялі раскопкі. Пазней даведаліся, што гэта — гарадзішча Маскавічы (Маскаўцы) па назве вёскі, у якім знойдзены рэчы, прадметы побыту ХІ-ХVІ стагодзяў. Даследаванні там з 1976 па 1988 год праводзіла археолаг Людміла Дучыц, у 1991-м выйшла яе кніга «Браслаўскае Паазер’е ў ІХ — ХІV стст». Яшчэ ў ХІХ стагоддзі археолаг Фёдар Пакроўскі, які быў захавальнікам Віленскага музея старажытнасцяў і праводзіў раскопкі ў Заходнім краі Расійскай імперыі, згадваў тое месца як Рацішскае гарадзішча: па назве вёскі Рацішы, на поўдзень ад гары. У нашым часе засталося там некалькі хутароў пад назвай Рацюны. Зрэшты, Браслаўшчына, сцвярджаюць гісторыкі, здаўна была кантактнай зонай крывічоў і розных усходне-прыбалтыйскіх плямёнаў. Пра тое сведчаць вынікі раскопак курганных могільнікаў у розных месцах: Опса, Пагошча, Вусце, Рацкі Бор, Ахрэмаўцы... Уся зямля там нібы кніга старажытная: толькі здолей прачытаць.

На аўтобусным прыпынку ў вёсцы Шавуры — 10-хвілінны адпачынак. У свеце нашым усё надзвычай ціха, сонечна, лагодна. Хіба што птушыныя канцэрты цішыню парушаюць. Рушылі далей. Праходзім вёску Рубеж. Ідучы, захапляемся бусламі. Бачым, як яны прыгожа танцуюць і клякочуць у гнёздах. І, здаецца, робяць тое для нас, людзей, кажа Валянціна. І дадае: у трыдзясятым царстве, куды шлях трымаем, і мова прыроды зразумелая. Толькі Іван, як сляпы, нічога не бачыць і мовы той не чуе. У хуткім часе, праз пары тыдняў да яе прыйдзе разуменне: валачы за сабой каляску з грузам кілаграм пад сто — не толькі мовы птушак не пачуеш, але нават забудеш як цябе завуць. Менавіта такі выпадак здарыцца з намі пазней у Белавежскай пушчы, калі ў часе знаёмства з конюхамі пакажа Іван на Валянціну і скажа: «Гэта — Ваня», а потым пакажа рукой на сябе і ледзь вымавіць: «А гэта — Валя»... Смешна да слёз і цяпер. Як прыгадаеш, дык адразу рэлакс наступае. А тады Валянціна доўга не магла супакоіцца, усё смяялася...

Што да галасоў прыроды, то часам сапраўды мы іх не чулі: бо фізічная стомленасць кожнага з нас усё прыглушвала. Да таго ж на першым часе хады настойліва падавалі свае галасы мазалі. Цытуем запіс з дзённіка, запісаў Іван: «У Валі ўжо 2 мазалі, а ў мяне расце першы. Пройдзена 32 км. Але ж шмат выхадзілі сёння без каляскі па озавай градзе з Аўгустам Вайцяховічам-Дварэцкім». Далей запіс Валі: «Пайшлі на Браслаў, а не на Плюсы, таму што, па словах Вайцяховіча, там надта дрэнная дарога. А мы шкадуем нашу „Лялечку“. Па дарозе сустрэўся пень, аброслы парасткамі — падобны да вялікага вожыка. І, здавалася, ён нават пыхкаў».

Вечарэе, калі ўваходзім у Браслаў. Стома такі адчуваецца, хоць паміж Слабодкай і райцэнтрам кіламетраў 12. У нейкім месцы заўважаем, разглядаем сакральны герб горада: вока з залатой аўрай у трохкутніку. Пэўна, мае дачыненне да сімволікі Бога ці Святога Духа — так ён выяўляецца на хрысціянскіх іконах і карцінах мастакоў. У сувязі з гербам прыгадваем Рэрыхаў. У мастака Мікалая Рэрыха ёсць палотны з выявай нябеснага вока, якое ўсё бачыць. Раніцай Іван запіша: «Мікалай Канстанцінавіч і Алена Іванаўна, спачатку аддалі належнае сваёй зямлі — шмат падарожнічалі, рабілі раскопкі, рэстаўравалі храмы і мазаікі, рабілі фотаздымкі, пісалі карціны... А потым пайшлі на больш высокі віток: праца для ўсёй Зямлі».

А можа ўсё ж для сябе яны найперш працавалі? Бо тое ж было цікава ў першую чаргу ім, разважала Валянціна. Мы схільныя цяпер думаць, што так яно і было. Іншыя маюць права тлумачыць матывы нечых учынкаў так, як ім хочацца і бачыцца: называць вандроўкі Рэрыхаў подзвігам, дасягненнямі. Бо так прынята у нас, людзей. Адны — дзейнічаюць, другія — ацэньваюць, каб іншыя ведалі. Так і мы з вышыні пражытых гадоў ацэньваем сваё падарожжа. Вядома ж, перш за ўсё абысці Беларусь пешшу было цікава нам самім. Тады ж хацелася думаць: мы робім вялікую духоўную справу — ствараем абярэг для роднай краіны. А як яно на самой справе, ніхто ж не ведае. Але ж кажуць, што энергія чалавека, яго вібрацыі на квантавым узроўні здольныя сапраўды быць нечым накшталт абарончай сцяны ці то для чалавека, ці то для нейкага аб’екта. Зрэшты, часам і доказы навукоўцаў нас ні ў чым не пераконваюць. І кожны верыць у тое, у што хоча верыць, альбо не верыць зусім. Калі мы святкавалі з сябрамі 20-годдзе нашага «Хаджэння» ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, то паказвалі фотаздымкі з падарожжа, нават прынеслі кій-посах з ядлоўцу — з часу «Паломніцтва ў Полацак»-1995. У «Хаджэнні» ж кій служыў прыладай для таго, каб, за яго ўзяшыся, можно было везці каляску. Дык вось тагачасная дырэктарка музея пра посах сказала прысутным такія прыкладна словы: калі вы за яго патрымаецеся рукой, то і ў вас перацяче энергія нашых вандроўнікаў, сіла іх еднасці і любові, і вы сустрэнеце сваё каханне. Некаторыя ўдзельнікі вечарыны падыходзілі, трымалі посах у руках. Адна дзяўчына заплюшчыла нават вочы і так моцна яго сціснула, што аж костачкі яе пальцаў пабялелі. Так яна і стаяла з заплюшчанымі вачыма можа з хвіліну…

Так, большасць з нас верыць у цуды. І ў тым ёсць прыгажосць душы чалавека. Спадзяемся, што лёс той дзяўчыны складваецца шчасліва.

На адной з вуліц Браслава Фота Івана Ждановіча.

Цытуем яшчэ адзін «браслаўскі» запіс у дзённіку. «Начавалі ў музычным класе 2-й Браслаўскай сярэдняй школы. Дырэктар дазволіў. Настаўніца ў інтэрнаце не ўзяла на сябе такую адказнасць. Па дарозе да інтэрната былі для нас знакі-падказкі: жанчына з пустым вядром, чорная кошка. Валя тады і сказала: у інтэрнат нас не пусцяць». Так і сталася. Наогул, знакі ў нашай вандроўцы — рэч надзвычай цікавая, істотная. Пра тое яшчэ згадаем не раз.

На раніцу размаўлялі з дырэктарам школы. Мікалай Раманавіч Матвееў, быў раней сакратаром райкама партыі. Мы гаварылі яму, што вельмі прыгожыя пейзажы на Браслаўшчыне. А ён згадаў, як у свой час Пётр Машэраў прыязджаў на Браслаўшчыну з вядомай маскоўскай паэтэсай Екацярынай Шавялёвай, якая пісала пра Машэрава паэму. І чуў, мусіць, Мікалай Раманавіч, як Машэраў казаў паэтцы: «Я в 90 странах мира был, но красивее страны не видел».

І сапраўды: знайшлі мы, рыхтуючы нататкі, весткі пра згаданую паэтэсу, яе «беларускія» вершы: пра Брэсцкую крэпасць, Хатынь... А найбольш вядомы яе твор — пэўна, «Серебряные свадьбы», які стаў песняй, хітом у выкананні знакамітай спявачкі Валянціны Талкуновай. Пацвярджэннем таго, што Екацярына Васільеўна бывала з Машэравым у Браславе — урывак-верш «Паруса» з яе паэмы «Коммунист», прысвечанай Пятру Миронавичу. Пачынаецца ён радкамі: «Утро в Браславе. Солнце всходило/ Над грядой изумрудных холмов./ Было связано все воедино —/ Созидание, дружба, любовь;/ Тихих сосен смолистые ветки,/ В чешуе серебристой волна;/ Были связаны крепко, навеки,/ Воедино — душа и страна».

У яе кнізе «Принцессы, русалки, дороги...» знаходзім запіс з размовы з вадзіцелем па дарозе ў Расоны, на радзіму Пятра Машэрава: «Приехала в командировку от газеты, но главное — чтобы встретиться с моим давним другом, Петром Мироновичем Машеровым, и побывать в его родных местах.

— Значит, вы давно его знаете? Сколько лет? Пять? Десять?

— Почти сорок, — сказала я».

Цікавым нам падаецца і тое, што згадалі мы пра Рэрыхаў, цесна звязаных з Індыяй, — і вось у Браславе нам сказалі пра Екацярыну Шавялёву, якая ў Індыі таксама жыла тры гады. Напісала нарысы пра той час, яна ж адна з аўтараў кнігі «Разбуженный Восток». У кнізе «Принцессы, русалкі, дорогі...» ёсць раздзел «Из дневника гостьи йогов». Масквічка наведала на поўдні Індыі, у горадзе Пандзішэры ашрам Аўрабінда — яго заснаваў містык і філосаф Шры Аўрабінда. У пісьменніцы была сустрэча з яго паслядоўніцай, 82-гадовай Маці... Заканчваецца нарыс развагамі, сугучнымі са звышідэяй нашага «Хаджэння»: «Итак, я узнала еще одно неписаное правило ашрама: надо уметь находить время, чтобы остановиться и почувствовать простор планеты, простор Вселенной!»

Мы гэты час знайшли. У чым не раз пераконвалися, пераадольваючы киламетр за киламетрам.

Але вяртаемся ў красавіцкую раніцу 1996-га, у Браслаў. Ніжэй на старонцы дзённіка — пячатка школы. Надпіс па крузе: «Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 2 г.Браслава. Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці». У цэнтры пячаткі — вершнік з мячом у правай і шчытом у левай руцэ. Тагачасны герб нашай дзяржавы.

Дзень пачаўся з агляду Браслава. Дарэчы, хадзілі па горадзе з каляскай, але без рэчаў: каб фіксаваць пройдзены шлях спідометрам. А ў Браславе, бачылі, ездзяць на раварах з каляскамі. Так што і наша не ўспрымалася як дзіва... Нам адно падвор’е, па вуліцы Ленінскай, 97, вельмі спадабалася. Стаім, любуемся ім, да нас выходзіць гаспадыня: Ларыса Шпаковіч. Мы яе фатаграфуем. На падворку стаяць з каменя грыбок, снегавік. На дрэве зладавана буслянка, у ёй — бусел з птушанятамі. Там і дуплы: птушкі маленькія водзяцца, кажа гаспадыня. «Камянёў было на гародзе шмат, з-за іх нічога не расло. То гаспадар зрабіў агароджу з тых камянёў. А старыя жорны на сядзібе прыстасаваныя пад лаўкі. Гаспадар прывёз іх з Шаркаўшчыны, са старых хутароў».

Падняліся мы потым і на Замкавую гара. З яе далёка відаць. У горадзе бачым царкву і касцёл — побач. Дарога ж на знакамітасць браслаўскую, гару Замкавую, была недагледжаная. Можа, таму што ранняя вясна? Дрывяты возера — яшчэ ў лёдзе з гары відаць. А чайкі як шалёныя над ім носяцца: мусіць, галодныя. Па лёдзе ж, бачылі, ходзяць яшчэ людзі, значыць, ён моцны. У Браславе паляцца печы, пахне дымком. Возера вялізнае: мы нават у падзорную трубу не ўбачылі процілеглы бераг. Ці, можа, ён там бязлесы, заснежаны, і проста зліваецца з роўняддзю возера?

Краявід з Замкавай гары. Фота: planetabelarus.by

З Замкавай гары бачым і касцёл «Сэрца Ісуса», што ў Слабодцы. Разважаем: сустрэчы ў падарожжы (скажам, з Аўгустам Вайцяховічам) — не выпадковыя. Магчыма, некаторыя даюцца нам як вобраз нашай магчымай будучыні. Хочаш — рабі як гэты чалавек, рухайся па жыцці падобным шляхам. Альбо выбірай свой.

На Замкавай гары сёння. Фота: planetabelarus.by

Гаворым пра тое, што людзі раней будавалі бастыёны, узводзілі крэпасці, насыпалі велічэзныя валы земляныя — і яны іх аберагалі ад ворагаў. Абараняла менавіта шчыльная матэрыя, бо на фізічным плане ішло змаганне за жыццё. Сёння ж поле бітвы перамясцілася ў свет больш тонкіх энергій: тонкаматэрыяльны. Ранейшыя бастыёны, крэпасці, валы ніяк не абароняць ад злосці, здрады, бесчалавечнасці, зайздросці. Чым абаронімся?... Мусіць, толькі любоўю.

Прыходзім ў Браслаўскі гістарычна-краязнаўчы музей. Ён адкрыўся ў 1988 годзе, якраз у красавіку, заснаваны ў 1984-м. А пачалося ўсё з таго, што ў 1982-м адзін школьны музей перадаў свае калекцыі, сабраныя энтузіястамі, археолагамі, краязнаўцамі, у фонд толькі што заснаванай установы. За больш чым 30 гадоў, глянулі ў інтэрнэце, пішучы нататкі, колькасць экспанатаў Музея традыцыйнай культуры ў Браславе перавысіла 30 000 і па-ранейшаму павялічваецца. Да таго ж менавіта музей апякуецца і краязнаўчым выданнем «Павет».

Дзяржаўны гістарычна-краязнаўчы музей у Браславе. Сучасны выгляд. Фота: holiday.by

Экскурсію па музеі для нас праводзіць Аляксандр Панцялейка, ён выпускнік геафак БДУ. У яго мы пытаем: ці суадносіцца нйекім чынам культура тутэйшая з ведамі друідаў? Бо Друя, кажам, зусім побач. І ён, ягоныя калегі-музейшчыкі пра тое не ведаюць. То, магчыма, проста словы падобныя, робім выснову.

Многа чаго цікавага сярод экспанатаў кідаецца ў вочы. У музеі ёсць выява ранейшага герба Браслава: вока ў трохкутніку, вакол трохкутніка як аўра-сонца, і ўсё гэта ў крузе. Даведваемся: на тэрыторыі раёна шмат майстравых людзей, яны займаюцца разбярствам па дрэве і камені, саломапляценнем, ганчарствам. Таксама чуем і пра тое, што многія знакамітыя людзі Беларусі маюць повязі з рэгіёнам. У прыватнасці, у Відзах Лаўчынскіх (з 1586 года згадваюцца як Ловішча) было ўладанне роду Ваўжэцкіх. Адтуль родам Тамаш Ваўжэцкі (там і памёр у 1816-м, там і пахаваны), удзельнік паўстання пад кіраўніцтваў Кастуся Каліноўскага... У 1823-м, ёсць весткі, маёнтак тамтэйшы наведваў паэт Адам Міцкевіч.

Многае з запісаў дзённікавых, зробленых у музеі, — апускаем. Пасля музея сустракаемся з калегамі ў газеце «Браслаўская звязда». Адна журналістка пагутарыла з намі, газета ў хуткім часе змясціла публікацыю пра падарожжа — яна зберагаецца ў нашым архіве.

Адыходзім з Браслава ў 11.20. На спідометры, калі весці лік ад пачатку маршрута, ужо амаль 90 км. Пакуючы рэчы, маем магчымасць пераканацца, як пашыраны яшчэ ў школьным асяродку «метады антыпедагогікі». Запісалі нават у дзённік: адзін хлопчык з цікавасцю назіраў, як Іван пакуе рэчы. І што яму сказала настаўніца, якая праходзіла міма? Вельмі традыцыйнае: «Марш у клас!». Яна зусім не чула яго апраўданне «Мне интересно», а потым і нас, калі спрабавалі таго хлопчыка апраўдаць. У настаўніцы, вядома ж, ёсць свой рэзон: дысцыпліна... Але ў імя чаго? І дзе той «індывідуальны падыход» да кожнага вучня?

Бывай, Браслаў! Фота: planetabelarus.by

Ідзем з Браслава ў бок Карасіна, бліжэй да Дзяржаўнай мяжы. Пад нагамі гравійка. Па дарозе — вёска Зарачча. Заглядваем у Зарацкую базавую школу. У ёй 9 класаў, 64 вучні. У школе якраз праводзіцца Тыдзень зямлі, таксама ідзе падрыхтоўка да Дня памяці ахвяраў Чарнобыля. Нам расказалі, што тэрыторыя школьнай сядзібы і вакол яе пастаянна прыбіраецца, вучні і настаўнікі высаджваюць дрэвы. Зрабілі экалагічную сцежку. Настаўніцы Ніна Кірчанка і Таццяна Бальшакова ахвотна расказваюць пра школьнае жыццё-быццё. Яму Іван прысвяціў у дзённіку цэлую старонку.

Першы паходны абед у нас быў у той дзень: з вогнішчам, пад вялікім старым дрэвам. І з невялічкім канфліктам пад кодавай назвай «эканомія». На гэты раз — часу. Валянціна злуецца, бурчыць: навошта столькі часу траціць на выслухоўванне справаздач пра школьную работу? Калі, кажа, у кожнай школе будзем пра тое слухаць, то да зімы не вернемся дадому. І допісы ў газеты ж пра іх пісаць не будзем. У Івана іншыя меркаванні: трэба людзей уважыць, выслухаць. Аргументуе: вось калі сварыцца з-за драбязы пачнем, то ў дарозе ўсё можа здарыцца. Так яно не раз потым і бывала: толькі мы ў «напружанне» паміж сабой — і знешні свет нас тут жа яшчэ больш паднапружвае.

На дарозе-гравійцы, якая хутка падсыхае, ужо месцамі з’явіўся пыл. Узгадваем з гумарам прадказанні мінскіх знаёмых пра гразь. О, каб такая гразь ды ўсюды! Цёпла. І сонца на працягу дня. Курткі едуць на «Лялечцы». Валянціна ўсё ніяк не супакоіцца, кажа: не магу ўраўнаважыцца. І будзе ісці цэлую гадзіну моўчкі. А потым у дзённіку запіша: «У часе нашай часовай хады ў маўчанні з намі побач ішла Еўфрасіння. Малітва сэрца, пэўна, атрымалася».

Праходзім вёску Братняя Гара. Жыхары гавораць: некалі тут жылі тры браты, якія адначасова нарадзілся і адразу ўсе і памерлі. Таму быццам бы ў памяць пра тое здарэнне і назвалі вёску.

Ідзем далей і разважаем пра тое, што свабода ад транспарту заваёўваецца цяжкаю працаю ног... І ўвогуле, калі ўдумацца, то груз свабоды — надзвычай цяжкі. Не кожны здольны яго панесці на ўласных плячах... Гэты афарызм, пра свабоду ад транспарту, мы потым часта скарыстоўвалі ў розных інтэрв’ю, у часе расповедаў пра «Хаджэнне». А нарадзіўся ён, як бачым, пасля першай сотні пешых кіламетраў. Увогуле дарогі нашы на працягу чатырох месяцаў ніколі не былі лёгкімі. Так што, робім выснову: прайдзіце хаця б сотню пешшу самі, каб мець хоць якое ўяўленне пра тое, што адчувалі штодзень вандроўнікі, прайшоўшы 2810 кіламетраў.

Далей у дзённіку ідзе і першы паходны верш, крыху пазней, ужо ў Мінску, названы «Светласці пара». І яго, і яшчэ больш за 100 напісаў у часе «Хаджэння» Іван. Валянціна ж выступала ў якасці мяккай натхняльнай сілы, цярплівага суаўтара, часам і ўедлівага рэдактара. Так, праз вершы, у нас таксама ішло сумеснае паэтычнае асэнсаванне рэчаіснасці, душэўных рухаў, спалучэнне ў вобразы шматлікіх уражанняў і роздумаў.

«Тут у Бога людзі вераць, ходзяць цяпер у храмы» — казаў жыхар аднаго з хутароў. А іх шмат паблізу дарогі. «Зараз усе людзі за веру». У яго мы спыталі: як вы ўяўляеце сабе Бога? Ён адказаў: «Есць какая-та сіла».

Па дарозе праз Усяны, Мяжаны настойліва рухаемся да Дзяржаўнай мяжы. Праходзім паўз вёскі Клемянсполле. На думку аднаго з яе жыхароў, «непадалёку тут жыў Агінскі». Можа нехта з краяўзнаўцаў ведае праўду?

І вось 20.30 вечара. Пагранічная застава «Карасіна». Чакаем пры ёй пагранічніка Сашу, каб размясціцца тут на начлег. А ён, як нам сказалі, сёння дзяжурны.

Прычасціліся мы ўпершыню ў вандроўцы малаком, якое купілі надвячоркам у бабкі-стараверкі. Разведваючы абстаноўку — дзе б прыстаць на начлег? — папыталі ў яе ўнука наконт дырэктаркі мясцовай школы: ці добрая яна? «Дзярэ за вушы...» — шчыра прызнаўся Дзіма. І сказаў у дадатак, што дзяўчынка Надзя Сініца ледзь не спаліла школу. Страсці вясковыя... Ісці ў школу на начлег мы не рашыліся. Пастукаліся да пагранічнікаў. А ўрэшце там і заначавалі.

Круглы штампік ёсць у дзённіку «Военная часть 2034», у цэнтры — «Литер К». Далей запіс пагранічнікаў: «17.04.96 г. 23 ч 50 мин. ПогП „Карасино“ Желаем Вам в вашей жизни и трудовой деятельности всего самого наилучшего, и исполнения всех ваших желаний. Счастья и Удачи Вам. Витя, Сергей, Саша». Хлопцы-пагранічнікі, з якімі мы правялі «творчую сустрэчу», пакінулі ў дзённіку і свае подпісы-аўтографы.

З дзённіка: «18.04.96. Дзень чацвёрты. Пройдзена за мінулы дзень — 37 км. Іван пакуе рэчы па-іншаму. Кажуць, наперадзе ў нас дарога не самая лепшая па якасці. А можа яна будзе самай лепшай? Паглядзім!» Ёсць і такія развагі, наконт якіх Валя выказалася: ну каму будзе цікава, як пакуюцца рэчы на калясцы? Хто захоча пайсці пешшу, той возьме рукзак. Альбо паедзе на байку, ці ровары. І не стане чытаць, як тое намі рабілася. Але Іван — педант. Усё ж такі запіша: «Праблема рацыянальнага пакавання рэчаў — вельмі важная штука ў нашай вандроўцы... Уся канструкцыя павінна быць добра сцэнтраваная і збалансавана — тады каляску везці лягчэй, асабліва па бездарожжы...». Не будзем спыняцца на дэтальным апісанні, як Іван таго «цэнтра і балансу» шукаў. А запісалі раніцай пра тое, як дапазна сядзелі з пагранічнікамі.

«Размова атрымалася. Пагранічнікі спецыяльна сабраліся ў адным з пакояў, каб паслухаць, хто мы такія, куды ідзем, пагаварыць „за жыццё“. Хлопцы вельмі добразычлівыя. Іван чытаў свае вершы, Валянціна — „Душу“ (невялічкае эсэ, якое пачынаецца словамі „Якая ты, душа мая?“). Гаварылі пра касмічныя законы і тое, як яны праяўляюцца ў рэальным жыцці, пра іншасветы і каханне. Хлопцы маладыя, і апошняя тэма іх вельмі цікавіць. А зараз, калі пойдзем, будзем слухаць радыёжурналістку Алену Сцяпанаву». Наша калега ў той час вяла цікавыя перадачы «Для тых, хто дома». Мы іх у вандроўцы слухалі па партатыўным радыёпрыёмніку. Вось паслухалі чарговую. Атрымалі задавальненне. Адчуваем удзячнасць ёй за «прывітанне двум падарожнікам». Сапраўды, спадарыня Алена часам у канцы перадач у 1996-м казала гэтыя незразумелыя многім словы, а яны якраз нам адрасаваліся. Бо яна ведала нас, і куды мы выправіліся, цікавілася, як і мы, рознымі духоўнымі вучэннямі, ставіла ў эфір цудоўныя песні Ігара Талькова, запрашала ў студыю да сябе цікавых суразмоўцаў.

Далей з дзённіка: «У нас там атрымалася пятля... Абышлі вёску Карасіна кругам і... прыйшлі туды, адкуль выйшлі. Зноў да пагранічнікаў. Вось такая «кара», але за што — пакуль не разумеем. Па дарозе бачым жабак. У іх таксама, як і ў буслоў, пара шлюбная: яны ездзяць адна на другой. І гэта вельмі смешна, асабліва як яны такімі тандэмчыкамі скачуць цераз дарогу.

Цяпер Валянціна разважае: чаму так атрымалася, што мы не рагледзелі на карце неабходнага нам напрамку руху? Смяецца: гэта я, кажа, была вельмі рэактыўная, не хапала цярпення выслухоўваць Івана, яго аргументы пра тую ці іншую з’яву, пра людзей, пра тое, як пакаваць рэчы на калясцы. У сілу сваёй прыроды ёй камфортна быць хуткай, хутка прымаць рашэнні, ісці да мэты, якую паставіла, быць наперадзе. А Іван нааадварот —запаволены, удумлівы, пралічыць шмат варыянтаў, каб прыняць нейкае рашэнне. Часам яно можа быць і памылковым. Як там гаворыцца: сышліся вада і полымя...

Але ісці трэба далей, асэнсаваўшы ўрок «пятлі Карасіна». Па вясковай ці прасёлкавай дарозе колы «Лялечкі» больш урэзваюцца ў пясок, рухацца значна цяжэй. Але прымацаваны знізу груз ужо менш на ямах расхістваецца.

Прыйшлі нарэшце ляснымі прымежнымі дарогамі ў паселішча Дрысвяты, што на беразе вядомага возера. Бралі ваду ў хаце Соф’і Ліцвін, яна казала: «Сацыяльны работнік, старычкоў мясцовых даглядаю». Іван запытаў, ці хутка перагараюць у іх лямпачкі — пра тое расказвалі хлопцы-пагранічнікі. Тыя казалі, што ў гэтых мясцовасцях вельмі «скача электранапружанне». То можа, выказвалі версію, Ігналінская АЭС, якая там праз возера відаць, на тое ўплывае... А спадарыня Соф’я расказала, што, відаць, цеплавы баланс у возеры станцыя парушыла. Мяркуем, з закрыццём АЭС ён аднавіўся.

Ідзем па дарозе на Відзы. І яшчэ відаць справа станцыя, пра якую нам людзі казалі, што і здароўе яна забірае. Так яно ці не, мы не ведаем. Але наша задача — фіксаваць усё, што цікавага бачым, чуем, адчуваем у часе нашай вандроўкі ў памежных рэгіёнах Беларусі, на мяжы рэальнасці і «трыдзясятага царства», і амаль на мяжы тысячагоддзяў, у глыбінных раёнах самага цэнтра Еўропы.

Саламея Шукель – сімвал даверу. Фота Івана Ждановіча.

Набліжаемся да вёскі Леванішкі: сельсавет Дрысвяты, раён Браслаўскі. Сіл ісці далей ужо няма, бо пераадолелі за дзень ажно 35 км. Хат удалечыні не відаць. Вакол дарогі — вада ў канавах. Толькі на узгорку, ледзь відная ў густых прыцемках, адзінокая хатка. Што рабіць? Палатку ставіць няма дзе. І цемра гусцее. Раімся: ці далей рухацца, ці ў хату прасіцца. Рашучасць Валянціны неацэнная у такіх выпадках. Яна падымаецца па ўзгорку, агінае вугал хаты і стукае ў вакно. Спачатку ціха, потым і мацней. Ніхто не адказвае. Цішыня невымоўная. І жудасна неяк — аж да холаду ўнутры. І мы яшчэ не ведаем, што адкрыць дзверы нам не пабаіцца Саламея Шукель, якая ўсю ноч не самкне вачэй. А побач з ёй, каля ложка будзе ляжаць важкая сякера... Што перажыла гэтая сціплая вясковая жанчына-хутаранка, пусціўшы да сябе на начлег зусім невядомых людзей, можна толькі здагадвацца. Але пра тое яшчэ расскажам.

Іван і Валянціна ЖДАНОВІЧЫ

Працяг будзе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.