Вы тут

Аляксандр Дарковіч: Важна правільна выбіраць арыенціры


Размова пра тое, як актывісты Федэральнай нацыянальна­культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі ўмацоўваюць і развіваюць рознабаковыя сувязі паміж брацкімі народамі.


Аляксандр Дарковіч дае аўтограф у Зорным гарадку. Снежань 2019 г.

Спецыяльна рыхтавалі гэтую публікацыю ў красавіцкі нумар. Бо на пачатку красавіка, як вядома, у братэрскіх краінах адзначаюць Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі. Заўважым: якраз беларуская дыяспара ў Расіі — самая шматлікая сярод нашых па свеце. Паводле афіцыйных дадз­еных, у ёй больш за 600 тысяч чалавек. І, мабыць, не менш супляменнікаў, згубіўшы з часам родавыя сувязі з зямлёй продкаў, асіміляваліся на расійскіх прасторах: пішуцца ў анкетах рускімі. Не ўсе, скажам, і ведаюць, што ў першай у свеце жанчыны-касманаўткі Валянціны Церашковай — моцныя беларускія родавыя карані: як па бацьку, так і па маці. Дзмітрый Шастаковіч, Аляксандр Грын, Аляксандр Твардоўскі, Ігар Шклярэўскі, Яўгеній Еўтушэнка (у 1990-м у Мінску выйшаў зборнік яго вершаў «Беларуская крывінка»), акадэмікі з Новасібірска Валянцін Капцюг, Андрэй Трафімук, цяперашні кіраўнік Сібірскага аддзялення РАН Валянцін Пармон — у яны, ды і тысячы іншых таксама з нашай «крывінкай».

І Герой Расіі, палкоўнік, у мінулым камандзір асобнай брыгады марской пяхоты Балтыйскага флоту Аляксандр Дарковіч — у ліку тых паважаных, вядомых расіян. А таксама й актывістаў Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі. Мы пісалі, што напярэдадні VІ Усебеларускага народнага сходу пабываў ён у Выдавецкім доме «Звязда» разам з калегамі па грамадскай працы: Сяргеем Кандыбовічам, які з’яўляецца Старшынёй ФНКА, і Аксанай Солапавай, яго намесніцай. Аляксандр Дарковіч абраны першым намеснікам старшыні праўлення ФНКА Беларусаў Расіі, ён — выканаўчы дырэктар арганізацыі, адказны за напрамак па патрыятычным выхаванні.

Гутарку з земляком вялі мы разам з Дар’яй Шлапаковай, журналісткай з газеты «Звязда».

— Аляксандр Васілевіч, якімі пытаннямі займаецца ФНКА Беларусаў Расіі?

— Наша галоўная мэта —зрабіць так, каб беларусы, жывучы ў Расіі, не гублялі повязі з гістарычнай радзімай, адчувалі сваю самабытнасць. У нас ёсць свая гісторыя, свая культура, свая мова, іншыя асаблівасці, і нам бы вельмі хацелася ўсё тое зберагчы, перадаць наступным пакаленням. Асабіста я адказваю за патрыятычнае выхаванне, што вельмі важна і актуальна ў гэтым часе. На тэрыторыі Расіі ды Беларусі мы штогод плануем, праводзім, прымаем удзел у розных мерапрыемствах. У Расіі адзначаем нацыянальныя беларускія святы, гадавіны значных для беларусаў падзей. Запрашаем да ўдзелу прадстаўнікоў федэральных, рэгіянальных і мясцовых органаў улады, розных грамадскіх арганізацый, прадстаўнікоў розных народаў Расіі ды гасцей з Беларусі. Займаемся і народнай дыпламатыяй: заключаем дамовы аб супрацоўніцтве паміж населенымі пунктамі нашых краін, асобнымі ВНУ.

— Якія праекты рэалізуюцца вамі для развіцця дачыненняў паміж нашымі краінамі?

— Усіх і не пералічыць: бо ФНКА Беларусаў Расіі створана ў 1999-м: 24 красавіка. Таму возьмем толькі 2020-ы год. У нас было рэалізавана шмат розных сумесных беларуска-расійскіх праектаў. На жаль, большасць з іх прыйшлося праводзіць у анлайн рэжыме. Але дзякуючы нашым шматлікім партнёрам і выбудаваным за перыяд дзейнасці арганізацыі камунікацыям, колькасць саміх імпрэзаў і кола іх удзельнікаў значна пашырыліся. Спынюся на пастаянна дзеючых. Больш за тры гады Аляксандр Ужанаў, наш сябра з рады ФНКА, вядзе праект «Родина подвига — Родине героя». Сутнасць праекта ў тым, што мы яшчэ раз прыцягваем увагу грамадскасці непасрэдна да самога Героя, апісання яго подзвігу, біяграфіі. Аляксандр вядзе перапіску і шукае сваякоў Героя, імкнецца наведаць месцы здзяйснення подзвігу. Асноўны этап праекта — заключэнне дамовы аб супрацы паміж населенымі пунктамі Радзімы Героя і месца здзяйснення ім подзвігу. Часта ў выніку такіх камунікацый наладжваецца абмен дэлегацыямі, з удзелам у розных сумесных імпрэзах, пашыраецца культурнае ды эканамічнае супрацоўніцтва.

У ходзе праекта «Мы вместе защищали Родину», прысвечанага 75-годдзю Вялікай Перамогі, мы арганізавалі дзве акцыі-канцэрты — «Молодежь бессмертного полка» і «От Москвы до Берлина», навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную і партызанскаму руху на тэрыторыі Беларусі з удзелам прафесарска-выкладчыцкага складу МДУ імя М. В. Ламаносава і Беларускага дзяржуніверсітэта. Правялі таксама міжшкольную канферэнцыю, на якой педагогі ды школьнікі прадставілі як подзвігі сваіх дзядоў і прадзедаў, так і школьныя музеі. Беларусь прадстаўлялі чатыры ўстановы: мінская 42-я гімназія лаўрэата Нобелеўскай прэміі Жарэса Алфёрава, 1-я школа Давыд-Гарадка Брэсцкай вобласці, школы аграгарадкоў Дашкаўка і Казловічы Магілёўскай і Мінскай абласцей. За тое мы ім вельмі ўдзячныя. Цікавай атрымалася і творчая сустрэча са стваральнікамі ды галоўным героем фільма «100 шагов»: народным артыстам Беларусі Уладзімірам Гасцюхіным і заслужаным дзеячам мастацтваў Расіі Артурам Цамая. Яшчэ адна справа: падрыхтаваны й выдадзены навукова-практычны зборнік «Республика-партизанка» творчым калектывам пад кіраўніцтвам Аксаны Солапавай і Сяргея Кандыбовіча. Агульная колькасць удзельнікаў праекта, якія глядзелі яго ў рэжыме анлайн і прымалі ў ім непасрэдны ўдзел, перавысіла 750 тысяч чалавек.

Таксама выдатна падтрымлівалі мы воінаў, якія выступалі ў каман­дзе Беларусі на «Танкавым біятлоне» ў падмаскоўным Алабіна: у рамках Армейскіх міжнародных гульняў. Узначальваў дэлегацыю генерал-маёр Андрэй Некрашэвіч, сам танкіст у трэцім пакаленні. А мы з падачы Сяргея Кандыбовіча вырашылі правесці з воінамі сустрэчу, пагутарыць і падтрымаць: бо многія заўзятары не змаглі прыехаць з-за пандэміі. Сустрэча прайшла вельмі цёпла, былі й песні ў выкананні аўтара і кампазітара Сяргея Костачкі, і знаёмства танкістаў з асновамі балета, і майстар-класы ў выкананні салістаў Імперскага рускага балета. Мы ўручылі падарункі кожнаму ўдзельніку сустрэчы.

Госці-землякі з Масквы Сяргей Кандыбовіч, Аляксандр Дарковіч, Аксана Солапава ў Выдавецкім доме "Звязда" з дырэктарам — галоўным рэдактарам Аляксандрам Карлюкевічам (другі злева).

— Мабыць, і Гедымінаса Таранду, сябра свайго, да такой працы падключалі...

— Яго таксама. Вайскоўцы добра адпачылі, скінулі напружанне. Раніцай у іх былі спаборніцтвы — і адразу мне званок: «Вялікі дзякуй за ўчарашняе мерапрыемства! Вы так хлопцаў натхнілі, што яны ў паўфінальным заездзе занялі першае месца. Кітай абагналі». Яшчэ й пажартавалі: падрыхтуйце перад фіналам — пойдзем на 1-е месца.

— Так, на пачатку верасня СМІ паведамлялі пра нашу перамогу ў першым паўфінале «Танкавага біятлону». Ніхто, праўда, не напісаў, дзе натхнялі хлопцаў на перамогу. 13 каманд спаборнічалі ў Алабіна, і ў фінале ў беларусаў — ганаровае трэцяе месца: за Расіяй і Кітаем.

— Гэта добры і дастойны вынік. Я адзначыў толькі тыя мерапрыемствы, якія праводзіліся ў Маскве, а калі падсумаваць усё, што праведзена рэгіянальнымі, мясцовымі грамадскімі арганізацыямі беларусаў на месцах, то атрымаецца, што беларуская культура прысутнічае практычна ў кожным кутку Расіі ад Камчаткі да Калінінградскай вобласці.

— Да 46-й гадавіны першага палёту Пятра Клімука ў космас у вас, мы ведаем, у снежні 2019-га таксама была прыгожая імпрэза: Дні беларускай культуры. Пра тое ў артыкуле «Калядныя спевы ў Зорным гарадку» пісаў Мікола Котаў, адзін з удзельнікаў беларускага творчага дэсанту.

— Здорава мае землякі з Давыд-Гарадка сябе паказалі — я маю на ўвазе народнае аматарскае аб’яднанне «Прамень». Увесь Зорны гарадок быў у захапленні: заходзяць госці ў нацыянальных касцюмах, у фае гучаць цымбалы, іншыя музінструменты. Плывуць беларускія мелодыі, нашы песні... Прыязджаў яшчэ з Мінска ўзорны ансамбль народнай песні «Святкі», якім кіруе Марына Рудкоўская. Ён, дарэчы, паўдзельнічаў і ў нашым Купаллі-2019 у Падмаскоўі, было ўсё вельмі годна.

— Радуе, што вы такіх артыстаў у Расію запрашаеце: бо культуры нашых народаў хоць і блізкія, але ж маюць свае асаблівасці.

— Так, нам і хочацца расіянам адметны дух беларускі паказаць: прыгожа, на высокім прафесійным узроўні. А яшчэ мы стараемся, выкарыстоўваючы патэнцыял дыяспары, прыўнесці ў жыццё беларускай глыбінкі новыя культурныя трэнды. Вы чулі, напрыклад, пра балетны клас у Давыд-Гарадку?

— Вядома ж! Праходзілі матэрыялы ў СМІ, сюжэты па тэлебачанні.

— У 2018-м па нашай ініцыятыве Гедымінас Таранда падпісаў у Давыд-Гарадку пагадненне з гарвыканкамам аб адкрыцці балетнай студыі. У ёй ужо 87 дзяцей і падлеткаў. Мне на днях смс-даслалі: 14 новых пяцігодак узялі. Цэлую групу!

— Дзякуючы вам сусветна вядомы балетмайстар Гедымінас Таранда і апынуўся ў Беларусі. Але, магчыма, і нейкія родавыя повязі яго сюды прыцягнулі. Таленавітыя людзі з такім прозвішчам жывуць, у прыватнасці, у вёсках Вялікае Падлессе (дарэчы, знакаміты Нацыянальны акадэмічны хор імя Генадзя Цітовіча там пачынаўся), Зарытава, Жарабковічы, Гулічы Ляхавіцкага раёна. Мы вучыліся разам у Жарабковіцкай школе з Мікалаем Тарандам (стаў вучоным, доўгі час танцаваў у
народным ансамблі песні і танца «Нёман» з Гродна), Аляксандрам Тарандам (вучыўся ў Маскве, журналіст, намеснік галоўнага рэдактара газеты «Беларусь сегодня», першы намеснік шэф-рэдактара газеты «СОЮЗ». Яны абодва родам з вёскі Зарытава. Прычым на здымках Мікалай і Гедымінас у маладосці ну вельмі падобныя. Мікалай кажа неяк: у інтэрв’ю Гедымінаса прачытаў пра вялікія вушы яго дачкі Анастасіі, яе прыроджаную схільнасць да танцаў. І ён далей: «Дык у нас у родзе ўсё менавіта так: і вушы вялікія, і да танцаў задаткі добрыя». Цяпер, дарэчы, Анастасія — у сябрах у Мікалая ў Фэйсбуку.

— Думаю, Таранды з часам разбяруцца ў сваіх радаводах. Але вернемся да праектаў ФНКА. Гэты год асаблівы: 80 гадоў таму пачалася Вялікая Айчынная вайна. І галоўны ўдар фашысты нанеслі ў Беларусі. Мы вырашылі правесці выязны савет ФНКА 21 чэрвеня ў Брэсце і 22 чэрвеня наведаць Брэсцкую крэпасць-герой. У сярэдзіне чэрвеня, напярэдадні паездкі, у Маскве праводзім акцыю-канцэрт «Священную память храним обо всем. Мы помним» з удзелам нашых зорак з беларускімі родавымі каранямі. Будзе зроблены відэазапіс і ў эфір матэрыял выйдзе 22 чэрвеня на інтэрнэт-рэсурсах. Мы плануем таксама раскрыць баявы шлях Пінскай рачной ваеннай флатыліі ды 120 гвардзейскай мотастралковай дывізіі, чые ўсе палкі былі ўзнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага. А ў верасні выедзем у Смаленск, дзе ладзім мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю нараджэння Гвардыі. Туды плануем запрасіць і педагогаў-гісторыкаў школ, пра якія згадаў раней.

— Наколькі запатрабаваныя такія імпрэзы, як лічыце?

— Мяркуйце самі. Ідэя нашых акцый такая: гаварыць з моладдзю на яе мове, не выхалошчваць тэму патрыятызму, падаваць яе ў сучасных фарматах. На жаль, мы бачым, як розныя «тэхнолагі» часам па-майстэрску адводзяць увагу моладзі на другарадныя дэталі, пры тым прапускаецца галоўнае. Скажам, кажучы пра подзвіг герояў-панфілаўцаў, пачынаюць высвятляць: а ці былі яны наогул? ці ня фейк гэта? І выпускаюць з-пад увагі галоўнае: што герояў было мала, і што яны, абараняючы Радзіму, Маскву, стаялі насмерць пад Валакаламскам, дзе немцы наносілі ў 41-м галоўны ўдар. На іх ішла танкавая дывізія. І героі далей Дубасекава ворага не прапусцілі. Вось у чым сутнасць подзвігу. Таму там і ёсць мемарыял, і фільм створаны, і кнігі напісаныя. А яшчэ ўзгадаем подзвіг падольскіх курсантаў — герояў-абаронцаў Масквы. Нагадаю, на пачатку кастрычніка 41-га падлеткаў 16-18 гадоў паднялі па трывозе і папрасілі на два дні затрымаць наступ немцаў. Сітуацыя склалася вельмі цяжкая: да Масквы ворагу, можна сказаць, адкрыта была вольная дарога. І змагаліся тыя героі два тыдні, практычна ўсе загінулі. Дарэчы, мы высветлілі: сярод падольскіх курсантаў было 11 беларусаў.

— Вельмі важна сёння казаць пра гэта, Аляксандр Васілевіч! Раней жа мы часцей чулі: савецкі салдат, рускі воін, савецкія войскі, Чырвоная армія... Але ж і нашы супляменнікі ваявалі ў самых розных месцах, у тым ліку й на галоўных участках франтоў: пад Сталінградам, Курскам, Ржэвам, Ленінградам... Этнічныя беларусы былі таксама ў знакамітых сібірскіх дывізіях, якія ваявалі пад Масквой у 41-м. Яшчэ ў гады Сталыпінскай рэформы ў Сібір масава перасяліліся сотні тысяч беларусаў — у 41-м іх нашчадкі гэтак жа масава ішлі на фронт.

— Вядома, нам не варта падзяляць Перамогу па нацыянальнасцях, аднак і ведаць, і памятаць пра подзвігі беларусаў у гады вайны — абавязкова трэба. Гэта святы наш абавязак.

Балетмайстар Гедымінас Таранда ў Падмаскоўі на беларускім Купаллі-2019.

— А ў Беларусі падобныя праекты не плануеце праводзіць?

— Калі дазволіць пандэмійная сітуацыя, то так. Хацелася б пабываць на месцах многіх знакавых баёў, наведаць мемарыялы ў памяць пра спаленыя карнікамі вёскі, прывезці туды нашых школьнікаў і студэнтаў. Хай глядзяць, што было тут на самой справе — і параўноўваюць з тым, як падаецца ім цяпер іншая інфармацыя. Асабіста я хацеў бы пабываць на месцы контрудару Чырвонай арміі ў ліпені 1941-га пад Лепелем.

— Яго яшчэ называюць Танкавай бітвай пад Сянно...

— Так, у розных крыніцах называюць па-рознаму, і ёсць нямала па тых падзеях пытанняў.

— Кажуць, гэта была самая масавая танкавая бітва за ўсю Другую сусветную...

— І я таксама чуў пра тое. Плануем запрасіць спецыялістаў, будзе цікавая гутарка. Папросім удзельнікаў канферэнцыі абапірацца ў першую чаргу на архіўныя матэрыялы, канкрэтныя факты. Каб выключыць усякія маніпуляцыі ў далейшым вакол гэтай тэмы, па якой ужо нямала і кандыдацкіх, і доктарскіх абаронена. Па Буйніцкім полі, думаю, усё зразумела. Па абароне Оршы, калі ўпершыню батарэя «Кацюш» Івана Флёрава сябе праявіла — таксама няма пытанняў. А заключнае мерапрыемства цыклу плануем правесці зімой у горадзе вайсковай славы Мажайску. Там праходзіла Мажайская лінія абароны, а пад Малаяраслаўцам здзейснілі подзвіг падольскія курсанты. Таксама бу­дзе канферэнцыя з запрашэннем гісторыкаў.

— Вялізны ў вас участак работы, Аляксандр Васілевіч!..

— Так, працы шмат у нас! І я гэта толькі ў бліжэйшыя планы вас пасвячаю. Мы ўжо і ў год 2022-і зазіраем: там юбілей Сталінградскай бітвы. Яшчэ ўспомнім: у 41-м партызанскі рух у Беларусі зараджаўся, росквіт яго прыйшоўся на 42-43-і. Тады ж быў і перыяд падаўлення руху з боку фашыстаў: масавыя забойствы мірных жыхароў, спаленне вёсак. Так што і партызанскаму руху на тэрыторыі Беларусі мы свае мерапрыемствы прысвецім. Плануем з Дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны зладзіць выставу ў Маскве. А тут праехаць па месцах партызанскіх баз і баёў. А ў 2023-м звернем увагу на Курскую бітву.

Іван ЖДАНОВІЧ

Заканчэнне будзе

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

З Васілём Цішкевічам, навуковым супрацоўнікам Слуцкага краязнаўчага музея, мы знаёмыя даўно.

Грамадства

Папяровыя лісты. Вернем іх у наша жыццё?

Папяровыя лісты. Вернем іх у наша жыццё?

Сёння ад рукі пішуць рэдка, мы жывём у эпоху месенджараў.

Грамадства

Беласнежныя мары. Чаму на Навагрудчыне выцінанку называюць выбіванкай

Беласнежныя мары. Чаму на Навагрудчыне выцінанку называюць выбіванкай

Папера стала выдатнай альтэрнатывай дарагім ажурным тканінам.

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.