Вы тут

«Купалінка» ў карагодзе сяброў


Святочны канцэрт «Мы — Славяне!», прысвечаны Дню яднання народаў Беларусі ды Расіі, прайшоў у тальяцінскім Культурным цэнтры «Автоград».


На сцэне — артысткі гурта «Купалінка».

Канцэрт прысвячаўся 25-й гадавіне з часу падпісання (2 красавіка 1996 года) Дамовы аб утварэнні Садружнасці Беларусі ды Расіі. Тады, як мы памятаем, брацкім народам удалося не дапусціць далейшага адасаблення-аддалення, пачаць нанова выбудоўваць агульны — Саюзны — дом, выкарыстоўваючы багаты досвед папярэднікаў. І беларусы Тальяці шмат намаганняў прыкладваюць, каб рознабаковыя кантакты між нашымі народамі паглыбляліся ды ўмацоўваліся.

Канцэрт «Мы — Славяне!» праходзіў 3 красавіка, яго ладзілі Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія «Нёман» гарадской акругі Тальяці ды створаны пры ёй народны ансамбль беларускай песні «Купалінка» (мастацкая кіраўніца Людміла Дзёміна). Ініцыятыву падтрымалі кіраўніцтва КЦ «Автоград», гарадскія ўпраўленні ўзаемадзеяння з грамадскасцю ды міжнародных і міжрэгіянальных сувязяў. Ад імя гарадміністрацыі віншавала ўсіх у часе святочнай імпрэзы Ірына Шчокіна. Прыемнай нечаканасцю для беларусаў Тальяці, жыхароў горада стала віншаванне ад партнёраў суполкі «Нёман». Дзякуючы інтэрнэт-тэхналогіям яго даслаў Міхаіл Сіцько, старшыня Ваўкавыскага райвыканкама з Гродзенскай вобласці Беларусі. Накіравалі нам свой музычны падарунак і Алена Шабарова і Кацярына Клімук з Ваўкавыскага Дома культуры. Шчыра дзякуем, сябры! Мы цэнім нашае сяброўства,будзем рады прадоўжыць сумесныя творчыя праекты.

У праграме канцэрта прынялі ўдзел самыя лепшыя творчыя калектывы КЦ «Автоград» і пастаянныя партнёры суполкі «Нёман». А гэта узорны ансамбль танца «Арабеск» (ім кіруе Кацярына Шуляцікава), народны ансамбль танца «Ритм планеты» (кіруе Вольга Антонава), народны харэаграфічны ансамбль «Лицей» (кіраўнікі Ганна Уланава, Алена Мечава, Ганна Маісеева) з Ліцэя мастацтваў. Упершыню ў такой нашай імпрэзе паўдзельнічаў ансамбль украінскай песні «Чарівницы» (кіраўнік Мікалай Лукаўкін).

Канцэртная праграма была — наймацнейшая! Прагучалі ажно 18 новых песень беларускіх і рускіх кампазітараў, паэтаў: Міхаіла Скрундзя, Мікалая Яцкова, Аксаны Лявонавай, Барыса Жыхарава. Парадавалі мы гледачоў песнямі «Ой, ды полька-весялуха!» з удзелам Дзмітрыя Шлыкава, «У месяцы верасні», «Вёсачка», «Ой, ды за ваконцам». Салістка Дар’я Папова душэўна выканала песню «Рябина краснеет». Дзяўчына вучыцца на 3-м курсе Музычнага кале­джа. І яркія, запальныя танцы радавалі ўсіх.

Спявае Дар'я Папова.

У фінале канцэрта прайшла прэм’ера песні «Русь», тэкст якой даслаў нам заслужаны лётчык-выпрабавальнік, генерал-маёр, Герой Расіі Барыс Аляксандравіч Жыхараў. Музыку ж напісала кампазітар з Тальяці Аксана Лявонава. Вось такія паважаныя партнёры па творчасці ў нас ёсць!

Кацярына САЛАНОВІЧ, г. Тальяці, Самарская вобласць


Ад рэдакцыі. Людміла Дзёміна паведаміла нам, што 30 сакавіка ў Віртуальнай канцэртнай зале Тальяцінскай філармоніі была наладжана трансляцыя выступлення Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі. «Паглядзець выступленне калектыву акрамя сталых гледачоў прыйшлі прадстаўнікі суполкі „Нёман“, — адзначае Людміла Іванаўна. — Гэта быў адзін з праектаў да Дня яднання народаў Беларусі ды Расіі. Мы запрасілі на канцэрт сяброў. Перад праглядам я расказала пра культурна-асветніцкую дзейнасць суполкі, падзякавала тым, хто зладзіў трансляцыю, за магчымасць паглядзець выступленне знакамітага ансамбля танца, які ўжо даўно стаў нацыянальным брэндам Беларусі. Запрасіла ўсіх на выступы, канцэрты народнага ансамбля беларускай песні „Купалінка“ і дзіцячага калектыву „Зорачкі“ — а іх артысты ж таксама былі ў глядзельнай зале».

Людміла Дзёміна ўдакладніла: зладзіць трансляцыю прапанаваў намеснік дырэктара філармоніі Яўген Быкаў: з ім кіраўніца «Нёмана» працавала ў свой час у тальяцінскай Думе. У планах — рабіць трансляцыі розных іншых беларускіх па тэматыцы праграм. «Да таго ж Яўген прапанаваў „Купалінцы“ даць канцэрт у філармоніі: як у камернай зале, так і ў вялікай. Праграмы ў нас ужо ёсць. І, калі ўсё складзецца, то можна будзе зрабіць і відэазапісы на высокім узроўні — пра тое таксама вядзем перамовы».

То хай збываюцца вашы прыгожыя творчыя планы, сябры!

І яшчэ ў нашай пошце — паведамленне ад Людмілы Дзёмінай пра тое, што дэлегацыя з Беларусі наведала Самарскую вобласць, абласны Дом дружбы народаў. Госці сустракаліся з кіраўнікамі беларускіх нацыянальных суполак рэгіёна, прайшоў святочны канцэрт з удзелам беларускіх творчых сіл Паволжа. Пра тое ёсць інфармацыя ў нэце — на сайце згаданай установы. У часе візіту вяліся перамовы наконт пашырэння супрацы між Самарскай вобласцю й Беларуссю, а рабочыя сустрэчы перамяжоўвала культурная праграма. Па выніках візіту падпісаны План мерапрыемстваў на 2021-2023 гады па рэалізацыі раней прынятага Пагаднення паміж урадамі Беларусі ды Самарскай вобласці аб супрацы ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльна-культурнай і гуманітарных сферах.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».