Вы тут

Подых Вечнасці на Залатой горцы


Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) у чарговы раз прымаў удзельнікаў Фестывалю духоўнай музыкі «Залатагорская ліра».


Фестываль дастасаваны па часе да Вялікадня: сёлета Светлае Хрыстова Уваскрасенне каталікі адзначалі 4 красавіка. Раней фестываль быў па-сапраўднаму міжнародным: прыязджалі ў Мінск артысты з усяго свету. Сёлета з-за пандэміі гучала больш айчынная музыка ў выкананні беларускіх музыкантаў.

Упершыню на XVІ фестывалі, які праходзіў з 10 па 26 красавіка, выступіў харавы ансамбль «Concertіno». З 2019 года гэты калектыў — творчая лабараторыя Беларускага саюза кампазітараў і пад кіраўніцтвам Алега Снітко агучвае творы сучасных аўтараў. Выступленнем на Залатой горцы хор прадоўжыў інавацыйны культурны праект «Музыка беларускіх кампазітараў — пакаленню XXІ стагоддзя». Ён быў распачаты ў сакавіку ў аграгарадку Ракаў (Валожынскі раён Міншчыны). 10 красавіка хор спяваў у Бабруйску. А 17-га выканаў творы сучасных беларускіх кампазітараў у касцёле на Залатой горцы. Гучала музыка з духоўным зместам: «Ave, Marіa» Алены Атрашкевіч, «Ойча наш» Віктара Кісценя, «Алілуйя» Дзмітрыя Лыбіна, «Песнапенні ў гонар Еўфрасінні Полацкай» Людмілы Шлег, «Glorіa» і «Слабне золак» Ігара Янкоўскага, «Glorіa Patrі» з цыкла «Малітвы» для жаночага хору без суправаджэння Яўгена Паплаўскага. Гучалі таксама беларускія народныя песні «Туман-туман, матухна», «З-пад белага камушыка», «Ой, там на гары» ў апрацоўцы Уладзіміра Рашчынскага, «Купалінка» ў апрацоўцы Алены Атрашкевіч ды іншыя. Прыемнай падзеяй для гасцей імпрэзы стала прэм’ера хрысціянскага гімна ў 4-х дзеях «Te Deum» Аліны Безэнсон.

Ансамбль «Concertіno» мае намер пазнаёміць з апошнімі творамі беларускіх кампазітараў і жыхароў Оршы, Магілёва, Гомеля ды іншых гарадоў нашай краіны.

На фестывалі духоўнай музыкі выступалі ў гэтым годзе таксама Дзяржаўны камерны хор Беларусі, музычная капэла «Санорус» Мінскай вобласці. Некалькі вечароў прысвечана было арганнай музыцы: гралі арганіст касцёла Святога Роха, кампазітар Віктар Кісцень, салістка Полацкага Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая і Варвара Царук. Можна было пачуць і неардынарнае спалучэнне аргана (Лізавета Марозава) і беларускіх цымбалаў (Ірына Марозава), аргана (Кацярына Іванова) і дудука (Глеб Якушаў).

Сяброўства між касцёлам Святога Роха й выканаўцамі класічнай музыкі — даўняе: святыня была ў 1983–2006 гадах Залай камернай ды арганнай музыкі пры Белдзяржфілармоніі. Тады філармонія між канцэртамі давала магчымасць каталікам праводзіць набажэнствы. А цяпер вернікі з задавальненнем слухаюць музычныя канцэрты ў будынку, які перайшоў да іх.

Ганна ЛАГУН

Прэв’ю: pixabay.com

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.