Вы тут

«Букет дружбы» для Рыгора Васільева


У чарговы раз у крымскай Еўпаторыі ладзілася імпрэза, прысвечаная Дню яднання народаў Беларусі ды Расіі. А букет, складзены падчас яе, перадалі 97-гадоваму ветэрану, які вызваляў Беларусь ад фашыстаў.


Удзельнікі святочнай імпрэзы.

Які фармат у імпрэзы? Такія словы звычныя ў час, калі ёсць кавідныя абмежаванні. А фармат «Букет дружбы» што-небудзь вам гаворыць? Так у Еўпаторыі называюцца традыцыйныя сустрэчы сяброў розных нацыянальнасцяў, прысвечаныя Дню яднання народаў Беларусі ды Расіі. Маючы досвед працы сцэнарыстам і рэжысёрам, я ўпершыню задумала й правяла такую душэўную імпрэзу гадоў пяць таму. І ўжо шосты раз сёлета на пачатку красавіка ў клубе санаторыя «Орен — Крым» складвалі мы з сябрамі «Букет дружбы». Ініцыявалі, правялі сустрэчу актывісты Мясцовай беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Крым — Беларусь» ды Крымскай рэспубліканскай культурна-асветніцкай грамадскай арганізацыі «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай (г. Еўпаторыя). Ініцыятыву падтрымалі гарсавет і адміністрацыя горада.

Нам даслаў віншаванне са святам старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі Сяргей Кандыбовіч — яно было зачытана ў ходзе сустрэчы. Дэпутат Еўпатарыйскага гарсавета Таццяна Васілевіч і віншавала ўсіх з Днём яднання, і агучыла Падзячны ліст ад кіраўніцы горада Алесі Харытоненкі: за нашу дзейнасць, правядзенне святочных імпрэзаў, прысвечаных важнай падзеі. Цёплыя словы з нагоды свята казаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Еўпаторыі Іван Прасаедаў, і ён жа ўручыў граматы ад кіраўніка гарадміністрацыі — гендырэктару санаторыя «Орен — Крым» Анатолю Арыставу й мне — як кіраўніцы згаданых беларускіх суполак. А ключавым момантам свята стала складанне «Букета дружбы» прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў: гэта былі беларусы, рускія, украінцы, немцы, караімы, малдаваны, грэкі.

Адметная сёлетняя імпрэза й тым, што мы прадоўжылі ўшаноўваць ветэранаў: тое летась з-за кавідных абмежаванняў зрабіць належным чынам не ўдалося. Заўважу, суполка «Крым — Беларусь» у 2018-м прыняла ў сябе Таварыства ветэранаў-вызваліцеляў Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — а

дзінае ў свеце, дарэчы! Дзейнічала таварыства ў Еўпаторыі, але час неміласэрна, з кожным годам «выбівае» герояў з лініі апошняй іх абароны. Летась мы па-новай перагледзелі «списки безвозвратных потерь», як пісалі ў ваенную пару, і падрыхтавалі спіс удзельнікаў баявых дзеянняў, якія жывуць у Еўпаторыі ды ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. Я накіравала спіс у Пасольства Беларусі ў Расіі. Пасол Уладзімір Сямашка нас падтрымаў — і вось мы ўжо маем магчымасць ушанаваць юбілейнымі медалямі «75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» нашых ветэранаў. Скажаце, позна? Я адкажу: важна, каб узнагароды знайшлі герояў. І мы пастараемся зрабіць гэта ў бліжэйшы час: дзевяць юбілейных медалёў атрымалі ў аддзяленні Пасольства Беларусі ў Растове-на-Доне (там працуе кіраўніком дарадца Пасла Дзяніс Цімохін) для ўручэння ветэранам. У ходзе святочнай імпрэзы мы ўшанавалі юбілейным медалём Рыгора Сямёнавіча Васільева. Узнагароду з маіх рук атрымаў і ў той жа дзень перадаў бацьку ягоны сын Уладзімір — таксама сябар суполкі «Крым — Беларусь». Ветэрану ж, якому нядаўна споўнілася 97 гадоў, перадалі мы й сам «Букет дружбы», які сабралі на свяце.

Са святам, сябры!

У цёплай сустрэчы паўдзельнічаў іерэй Пётр Дворнікаў — памочнік дабрачыннага Еўпатарыйскай царкоўнай акругі Сімферопальскай ды Крымскай епархіі. Укладваючы сваю кветку ў букет, ён нагадаў: народы Беларусі ды Расіі паяднаныя моцнымі духоўнымі й гістарычнымі каранямі. Святар блаславіў фотавыставу «Крым — Беларусь» для перадачы яе ў Мемарыяльны комплекс «Хатынь». Падрыхтаваная мной, прысвечаная 75-годдзю Вызвалення Беларусі выстава два гады экспанавалася ў санаторыі «Орен — Крым», яе пабачылі сотні жыхароў і гасцей горада. Зачыталі мы на сустрэчы й ліст беларусам Еўпаторыі ад дырэктара Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артура Зельскага, які напісаў: «Будзем рады развіццю сяброўскіх дачыненняў, спадзяемся на плённую супрацу». Згадкай пра Беларусь стала нам і вядомая песня «Вы шуміце, бярозы» — яе выканаў Леанід Качаткоў з крымскага сяла Уютнае, акампанаваў Аляксандр Малінкін.

Актывістка суполкі «Крым — Беларусь», выкладчыца Еўпатарыйскай мастацкай школы Алена Прынь падарыла суполцы сваю працу «Дзве сястры»: яна сімвалізуе Беларусь і Расію.

У свяце паўдзельнічалі й тыя, хто ўваходзіць у праўлен­не маладой яшчэ, створанай летась суполкі «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай. Выступалі намесніца старшыні Людміла Айзенштэйн (Сімферопаль) і Вольга Рудэнка (Сімферопальскі раён.) Вольга расказала пра сваю калекцыю прадметаў беларускага побыту, некаторыя экспанаты яна прывезла і ў Еўпаторыю. Натхнёна чытала свой любімы верш «Пасылка» — многія беларусы ведаюць твор Пятра Глебкі, вучылі яго на памяць у школе. Слова мелі яшчэ Тамара Пухальская (Сімферопаль) і Галіна Баранава (Сакскі раён). Яны — таксама цікавыя асобы, у лёсах якіх моцныя жыццёвыя лініі вядуць разам Беларусь і Расія. Тамара Пухальская — рэстаўратар і мастачка, з мамай (Алена Кірыенка — найстарэйшая ў суполцы: ёй 87 гадоў) сабрала вялікую калекцыю прадметаў беларускай культуры. Галіна Баранава жыве ў пасёлку Лясноўка, уваходзіць у склад літсуполкі «Сакские родники», чытала свой новы верш пра Беларусь на беларускай мове.

На святочную імпрэзу актывісткі суполкі «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай прывезлі белыя хрызантэмы з Сімферопаля, Ялты, Сакскага раёна, Краснаперакопска, Сімферопальскага раёна. У часе складання «Букета дружбы» мы абвясцілі, што сябар праўлення суполкі Людміла Цімашчук з Краснаперакопска мае запрашэнне для правядзення персанальнай выставы габеленаў — у выставачнай зале Еўпатарыйскага культурна-этнаграфічнага цэнтра «Малый Иерусалим». Вернісаж заспланаваны на 5 чэрвеня: у дзень памяці беларускай святой Еўфрасінні Полацкай.

Ансамбль «Встреча» (кіраўнік Аляксандр Малінкін) з Еўпатарыйскага цэнтра культуры й вольнага часу парадаваў нас песнямі: гучалі беларуская народная «Цячэ вада ў ярок» і знакамітая «Малиновка» з рэпертуару ВІА «Верасы». А напрыканцы сяброўскай сустрэчы ўсе мелі магчымасць пачаставацца смачнымі беларускімі дранікамі. Якія ў Еўпаторыі, дарэчы, таксама любяць.

Дзіна ШАЎЧЭНКА, г. Еўпаторыя

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.