Вы тут

Беларусы ў Паволжы


Нашы супляменнікі з Паволжа паўдзельнічалі ў Міжнародным круглым стале «Самарские белорусы в межкультурном пограничье полиэтнического региона».


Удзельнікі святочнай імпрэзы.

Цікавая імпрэза, якую ладзіў Самарскі дзяржаўны сацыяльна-педагагічны ўніверсітэт (СДСПУ) пры актыўным удзеле Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000», прайшла ў рэжыме відэаканферэнцыі 25 лютага. Як адзначае Ірына Глуская, прэзідэнт суполкі, гэты навуковы форум — знакавы для беларусаў вобласці: «Упершыню за многія гады сістэмна, з навуковым абгрунтаваннем разглядаліся пытанні ўтварэння беларускай дыяспары, нашай этнакультурнай ідэнтычнасці на Самарскай зямлі. Прыемна й пачэсна для нас, што быў такі прадстаўнічы ўдзел у пасяджэнні з беларускага боку. Безумоўна, усё гэта паспрыяе зберажэнню гістарычных фактаў, пашырэнню дзейнасці нашай суполкі».

У круглым стале актыўны ўдзельнічалі кіраўнікі, педагогі, студэнты ўстаноў адукацыі Магілёва й Магілёўскай вобласці (у тым ліку Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі: МДАІРА), а таксама Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Полацкага дзярж­універсітэта. Цікавасць да размовы праявілі й студэнты Самарскага дзяржаўнага аэракасмічнага ўніверсітэта імя С. П. Каралёва. Беларусаў Самарскай вобласці прадстаўлялі сябры праўлення суполкі «Руска-Беларускае Братэрства 2000»: Андрэй Кірылюк і Юлія Цяплянская.

З дакладам, відэапрэзентацыяй «Самарские белорусы в межкультурном пограничье полиэтнического региона» выступіла Кацярына Ягафава, доктар гістарычных навук, прафесар, загадчыца кафедры філасофіі, гісторыі ды тэорыі сусветнай культуры СДСПУ. З яе дакладу вынікае, што ў Самарскай губерні, утворанай 170 гадоў таму, напрыканцы XІX стагоддзя жыло ўсяго 418 беларусаў, з якіх каля чвэрці былі гарадскімі жыхарамі, у тым ліку самарцаў — 81 чалавек. Іншыя жылі ў паветах, у асноўным у Самарскім (91), Мікалаеўскім (86), Бузулукскім (77), Бугульмінскім (75) і Новаузенскім (63). Кацярына Андрэеўна зрабіла выснову, што міграцыйныя хвалі беларусаў у Паволжы назіраліся ў гады Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, у часе калектывізацыі (30-я гады XX ст.). Паводле перапісу 1920 года ў Самарскай губерні жыло ўжо амаль 10 тысяч беларусаў. Пасля Грамадзянскай вайны шмат іх вярнулася на гістарычную радзіму: колькасць нашых супляменнікаў у Самарскім краі ў 1926-м — ужо 6854 чалавекі.

У развіцці беларускай дыяспары ў рэгіёне можна выдзеліць тры этапы: перыяд Расійскай імперыі (канец XVІІІ — пачатак XX стагоддзя), савецкі перыяд (1917 год — канец XX стагоддзя) і перыяд фарміравання Саюзнай дзяржавы — з канца мінулага стагоддзя. Даследчыца звярнула ўвагу, што значны ўнёсак у захаванне й пашырэнне беларускай культурнай спадчыны на Самарскай зямлі, умацаванне дружбы паміж народамі Беларусі ды Расіі робіць суполка «Руска-Беларускае Братэрства 2000», якую з моманту заснавання (2000 год) узначальвае Ірына Глуская, прафесійны юрыст і эканаміст.

Удзельнікі круглага стала з Беларусі выказалі гатоўнасць паўдзельнічаць у праектах, якія рэалізуюць актывісты суполкі. У прыватнасці, Святлана Селязнёва з МДАІРА ў вітальным слове адзначыла: імпрэза вельмі змястоўная й карысная, а тэма — даволі актуальная не толькі для самарскіх беларусаў, але й навукоўцаў, педагогаў, студэнтаў беларускіх навучальных устаноў. «Мы ўдзячныя, што запрасілі нас на гэты навуковы форум і спадзяемся, што нашы дружалюбныя сувязі стануць яшчэ мацнейшымі», — выказала надзею Святлана Васілеўна.

Мае надзею на такую супрацу і Андрэй Кірылюк, дырэктар САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000». Ён прапанаваў беларускім сябрам і партнёрам паўдзельнічаць у праектах суполкі: а гэта штогадовыя Міжнародныя фестывалі-конкурсы мастацтваў «Беларусь — мая песня!» і «Единство». Да таго ж у грамадска-папулярным і літаратурна-мастацкім часопісе суполкі «Адзінства/Единство» магчыма размяшчаць карысную й пазнавальную інфармацыю з гістарычнай радзімы. «Будзем вельмі ўдзячныя прадстаўнікам беларускага боку, калі яны зацікавяцца, падключацца да рэалізацыі сацыяльна-значнага нашага праекта: складання Рэестра воінаў, якія пайшлі на фронт з Куйбышаўскай вобласці, загінулі, абараняючы й вызваляючы Беларусь, і пахаваныя ў беларускай зямлі, — звярнуўся да магілёўцаў Андрэй Аляксандравіч. — Праца — вельмі адказная і працяглая: на тэрыторыі Беларусі, мы ўдакладнілі, знаходзіцца 6184 пахаванняў воінаў, прызваных з нашай вобласці». А кіраўніца моладзевага аддзялення суполкі Юлія Цяплянская нагадала яшчэ пра імпрэзы самарскіх беларусаў, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, міжнароднаму Дню роднай мовы. І што ў суполцы прынялі рашэнне: скласці анталогію выбраных твораў аўтараў, якія прайшлі дарогамі Афганскай вайны, якія жылі й цяпер жывуць у Беларусі ды Самарскай вобласці. Спадарыня Юлія запрасіла ўдзельнікаў размовы далучыцца й да гэтых праектаў.

Па выніках круглага стала «Самарские белорусы в межкультурном пограничье полиэтнического региона» ў Самары актуалізавалася і «эвакуацыйнае» пытанне з мінулага. Мы ведаем, што тысячы беларусаў і выхадцаў з Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі разам з прадпрыемствамі эвакуяваныя ў Куйбышаўскую вобласць. Пасля заканчэння вайны частка з іх засталася жыць і працаваць на Самарскай зямлі. Вядома, напрыклад, што ў канцы чэрвеня 1941-га ў Куйбышаў былі эвакуяваны 459 авіяматорны завод з Магілёва і 453 самалётабудаўнічы завод з Мінска. У ноч на 27 чэрвеня распачалася эвакуацыя Мінскага вагонарамонтнага завода імя А. Мяснікова. Частку рабочых эвакуявалі на вагонарамонтны завод у Куйбышаў, іншых — на станцыю Батракі Куйбышаўскай чыгункі (цяпер станцыя Октябрьск). А невялікі пасёлак Гур’еўка Барышскага раёна Куйбышаўскай вобласці (з 1943 года — Ульянаўскай вобласці) стаў адным з паволжскіх цэнтраў швейнай прамысловасці пасля таго, як туды эвакуявалі абсталяванне швейных фабрык з Беларусі: «Камінтэрн» з Гомеля і «Прафінтэрн» з Віцебска. На базе тых вытворчасцяў была створана новая: Гур’еўская швейная фабрыка № 4. І ўжо да пачатку 1942 года фабрыка дасягнула вытворчай магутнасці больш чым у 3 млн адзінак абмундзіравання ў год.

Як сведчаць дакументы, на 1 чэрвеня 1942 года ў Куйбышаўскую вобласць было эвакуявана 17300 жыхароў Беларусі. Колькі з іх вярнулася дадому?.. Адказу на гэтае пытанне пакуль няма, а знайсці яго было б цікава. Распачаць такую працу беларусаў Самарскай вобласці падштурхнуў і ліст з Магілёва, партнёра горада Самары, які прыйшоў адразу ж пасля завяршэння відэаканферэнцыі. У лісце ёсць просьба: дапамагчы ў пошуку Лісоўскага Фёдара, які ў гады вайны з’ехаў у эвакуацыю са згаданым авіяматорным заводам у Куйбышаў і застаўся, відаць, жыць у Паволжы. Магчымае месца яго нараджэння — вёска Вайнілы, Чавускі раён, Магілёўшчына. Вядома, што ў Самары ў яго нарадзіўся сын Сяргей. І потым сувязі з ім абарваліся.

Фёдар Лісоўскі ў гады вайны з'ехаў у эвакуацыю ў Куйбышаўскую вобласць і застаўся там жыць. З часам яго сляды згубіліся.

«Эвакуацыйнае» пытанне — аб’ёмнае, без дапамогі спецыялістаў архіўных устаноў не абысціся. Таму кіраўніцтва суполкі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» звяртаецца з просьбай да ўсіх, у каго ёсць досвед падобнай працы: дапамажыце нам эфектыўна яе наладзіць. Усіх, хто жыве ў Беларусі, а таксама ў Самары й вобласці з прозвішчам Лісоўскія, просім успомніць падзеі з ваеннай гісторыі вашых сем’яў. Магчыма, нехта з вашых родных у гады вайны эвакуяваўся з Магілёва ў Куйбышаў і застаўся жыць на Самарскай зямлі. Чакаем лістоў на электронную пошту: nіckboyko@yandex.ru

Як адзначае прэзідэнт САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000» Ірына Глуская, міжнародны круглы стол «Самарские белорусы в межкультурном пограничье полиэтнического региона» прайшоў паспяхова. Ад усіх сяброў суполкі яна выказвае вялікую падзяку Кацярыне Андрэеўне Ягафавай — за праведзеную даследчую працу, а таксама Валерыі Віталеўне Бондаравай, кандыдату педагагічных навук, дацэнту, начальніцы міжнароднага аддзела СДСПУ — за цудоўную прафесійную мадэрацыю круглага стала. Ірына Міхайлаўна ўдзячна й кіраўнікам, педагогам, студэнтам устаноў адукацыі Самары, Магілёва й Магілёўскай вобласці, Мінска й Полацка, мае надзею на далейшую супрацу.

Мікалай Бойка, кіраўнік прэс-службы САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000», галоўны рэдактар часопіса «Адзінства/Единство».


Ад рэдакцыі. Радуюць нас допісы, у якіх няштатныя аўтары расказваюць пра кантакты, супрацу з беларускімі суполкамі замежжа прадстаўнікоў беларускіх дыпмісій. На гэты раз Мікалай Бойка даслаў нам тэкст пра ўдзел памочніцы прэзідэнта суполкі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» Юліі Цяплянскай у відэасустрэчы з кіраўніком беларускіх суполак рэгіёну. «Адкрываў яе дарадца Пасольства Беларусі ў Расіі, кіраўнік аддзялення дыпмісіі ў горадзе Уфе Артур Барысавіч Карповіч, — піша Мікалай Бойка. — Дыпламат звярнуў увагу на важнасць работы суполак у праектах, якія спрыяюць зберажэнню й развіццю самабытнай беларускай культуры, традыцый у рэгіёнах Расіі, замацаваных за аддзяленнем Пасольства. Гэта, нагадаем, Рэспубліка Башкартастан, Рэспубліка Калмыкія, Удмурцкая Рэспубліка, Астраханская, Арэнбургская ды Самарская вобласці».

У сяброўскай відэасустрэчы паўдзельнічалі Раіса Берасцень (кіраўніца суполкі «Полесье», Астрахань), Віктар Пархамовіч (кіраўнік беларускай суполкі з Арэнбурга), Раіса Зюзька (кіраўніца Нацыянальна-культурнага цэнтра Беларусаў Рэспублікі Башкартастан), Жанна Халізава (галоўны спецыяліст Дома дружбы народаў Рэспублікі Башкартастан, кіраўніца Беларускага гістарычна-культурнага цэнтра «Балтика» Іглінскага раёна), Мікалай Украінец (кіраўнік Таварыства беларускай культуры «Батьковщина», Удмурцкая Рэспубліка).

Мікалай Бойка інфармуе, пра што канкрэтна гаварыла ў часе відэаканферэнцыі спадарыня Юлія. І пра многае з таго раней газета пісала: дзякуючы пастаянным творчым кантактам з нашымі сябрамі ў Самары.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».