Вы тут

Неаніла Крынічная — з нашых крыніц


Вядомая расійская фалькларыстка з Петразаводска нарадзілася ў беларускім Жлобіне, жыла ў Маларыце — і потым не парывала сувязяў з Бацькаўшчынай.


Неаніла Крынічная.

Творчая супраца рэдакцыі газеты з дачкой Андрэя Мрыя, навукоўцам Наталляй Прушынскай дала магчымасць нашым чытачам даведацца пра яе калегу, нашу суайчынніцу, калі навуковая грамадскасць Карэліі адзначала 75-я ўгодкі вядомай фалькларысткі. У грунтоўным артыкуле «Глыбіні даўніны, свядомасці, душы» (ГР, 12.12.2013) Наталля Андрэеўна пісала: «Мы амаль равесніцы з Неанілай Арцёмаўнай, і таму я адчуваю надзвычай востра, колькі пакутаў давялося перажыць ёй яшчэ ў маленстве, апаленым вайной. Мы з мамай таксама спазналі яе жахі. Цяжка сабе і ўявіць: ранняе дзяцінства дзяўчынкі прайшло не проста ў эвакуацыі — пад Сталінградам, у зямлянцы. Прычым дзве старэйшыя сястры яе загінулі... А нарадзілася Неаніла Арцёмаўна 22 лістапада 1938 года ў Жлобіне, на Гомельшчыне. Пасля вайны бацькі жылі ў Маларыце, на Брэстчыне: там яе бацька-ўкраінец, франтавік Арцём Крынічны быў на партрабоце, а яна вучылася ў школе. Калі дачка паступіла на філфак Ленінградскага дзяржуніверсітэта, бацькі-пенсіянеры пераехалі ў Жлобін — туды, дзе пачыналася іх сямейнае жыццё. Там Неаніла Арцёмаўна часта іх наведвала».

З Неанілай Крынічнай у нас адна «альма-матэр»: Ленінградскі дзяржуніверсітэт. І яна, згадвае сын, хацела нават на журфак паступіць, ды не склалася нешта. Філфак, корпус якога й цяпер упрыгожвае Універсітэцкую наберажную непадалёк ад Будынка 12 калегій, закончыла яна ў 1961-м, а я журфак (на 1-й лініі, дом 26 таго ж Васілеўскага вострава) —
у 1982-м. Дарэчы, на Васілеўскім, па 4-й лініі, дом 45 некалькі гадоў жыў у перадрэвалюцыйны час Янка Купала: у прафесара, літаратуразнаўцы й фалькларыста Браніслава Эпімаха-Шыпілы. На вядомых агульнаадукацыйных курсах Чарняева, якія наведваў Іван Луцэвіч, лекцыі чыталі вучоныя з Пецярбургскага ўніверсітэта. І сам Браніслаў Ігнатавіч, ураджэнец Полаччыны, вучыўся (1880–1860) на аддзяленні класічных моў гістарычна-філалагічнага факультэта Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, з 1891-га, ужо кандыдатам навук, працаваў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы. Так што беларускі след у піцерскай культуры — грунтоўны. Што да Неанілы Крынічнай, то займалася ў часе вучобы яна ў семінары сусветна вядомага прафесара, філолага-фалькларыста Уладзіміра Пропа — тое й прадвызначыла яе далейшы жыццёвы шлях. На журфаку й мы вывучалі рускі фальклор, выкладчыкі часта спасылаліся менавіта на працы Уладзіміра Пропа — скажам, яго фундаментальныя творы «Морфология сказки» ды «Русский героический эпос».

Не атрымалася ў Неанілы Крынічнай стаць аспіранткай ва Уладзіміра Пропа: яго, немца па паходжанні, у пасляваенны час абвінавачвалі ў фармалізме, быў ён у апале. І таму перадаручыў сваю вучаніцу Ірыне Лупанавай, якая доўгія гады кіравала кафедрай рускай і замежнай літаратуры ў Петразаводскім універсітэце. Вось таму, аказваецца, наша супляменніца й трапіла ў Петразаводск: з 1969 года працавала ў Інстытуце мовы, літаратуры й гісторыі Карэльскага навуковага цэнтра Расійскай акадэміі навук. Была загадчыцай сектара фальклору, з часам стала галоўным навуковым супрацоўнікам.

На пачатку мая 2019-га Наталля Прушынская паведаміла, што 5 мая на 81-м годзе жыцця Неанілы Крынічнай не стала. Паведамляючы пра тое, інтэрнэт-часопіс «Лицей» акцэнтуе ўвагу: «У бібліятэцы кожнага фалькларыста працы Неанілы Арцёмаўны па праве займаюць адно з вядучых месцаў, а для даследчыкаў рускай міфалогіі яе кнігі — настольныя». Пазней спадарыня Наталля напісала пра навуковую канферэнцыю «Мир образов фольклора: памяти Н. А. Криничной», якую правёў летам 2020-га згаданы Інстытут. Дарэчы, назва канферэнцыі адпавядае загалоўку (падзагалоўку) адной з найбольш вядомых і запатрабаваных манаграфій нашай суайчынніцы. Наталля Андрэеўна падрыхтавала да канферэнцыі ўспаміны: як працавала поруч з зямлячкай. Артыкул Н. Прушынскай «Позовёт страничка: О своей работе над переводом „Указателя...“ Л. Симонсуури» змешчаны ў зборніку «Ученые записки Петрозаводского государственного университета — 2020, т.42, № 5). Неаніла Арцёмаўна, згадвае яна, закончыла аспірантуру пры Петразаводскім дзяржуніверсітэце і ўжо ў 1970-м абараніла кандыдацкую дысертацыю. Трохі раней у той жа сектар літаратуры й народнай творчасці лабарантам прыйшла працаваць Наталля Прушынская. Па прозвішчы новай супрацоўніцы яна выказала здагадку, што новенькая — зямлячка-беларуска. Так і аказалася, дзякуючы таму ў жанчын склаліся прыязныя адносіны на ўсё жыццё. Прычым іх не азмрочылі й невялікія супярэчнасці, звязаныя з выбарам правільных слоў для адэкватнага перакладу навуковых тэрмінаў з нямецкай мовы на рускую, чым займалася некаторы час Наталля Андрэеўна.

Блакітная крыніца пад Слаўгарадам.

З тэкста бачна, што Наталля Прушынская высока цэніць зямлячку як спецыяліста й чалавека: «Працы Неанілы Крынічнай — ці то справаздача на пасяджэнні сектара, ці то чарговая даследчая праца — з першых дзён яе навуковай дзейнасці ў Інстытуце ўражвалі мяне. Яна стала доктарам філалагічных навук, аўтарам многіх фундаментальных прац. Ёй прысвоены ганаровыя званні „Заслужаны дзеяч навукі Карэліі“ ды „Заслужаны дзеяч навукі Расіі“ яна ўзнагароджана ганаровымі граматамі Карэльскага навуковага цэнтра РАН, савета міністраў Карэліі ды Расіі, медалём „Ветэран працы“. Тры апошнія манаграфіі пра міфалагічную прозу — „Русская народная мифологическая проза: Истоки и полисемантизм образов“, „Русская мифология. Мир образов фольклора“ і „Крестьянин и природная среда в свете мифологии. Былички, бывальщины и поверья Русского Севера. Исследования, тексты, комментарии“ — уражваюць аб’ёмнасцю матэрыялаў (у тамах ад 600 да 1000 старонак), распрацоўкай навуковага апарата, шэрагам навуковых дысцыплін, на стыку якіх навукоўца даследавала народную міфалогію — па сутнасці, язычніцкую рэлігію, якая мае карані ў дахрысціянскіх глыбінях стагоддзяў. Я была рада сустрэць у іх і спасылку на нашу сумесную працу. Даследаванні Неанілы Крынічнай, прысвечаныя традыцыйным міфалагічным паданням, маюць міжнароднае прызнанне: на іх, у прыватнасці, спасылаюцца навукоўцы й на Міжнародных навуковых форумах. І ў той жа час яна, вялікі навуковец, заставалася чалавекам душэўным, простым, даступным. Калі, бывала, калегі скардзіліся, што „не пішацца!“, то Неаніла Арцёмаўна іх падбадзёрвала: „Нічога, пакліча старонка!“. Мне яе гэтыя словы запомніліся... Разумная, вывераная старонка заўсёды настойліва клікала даследчыцу да сябе. І хто ведае, у якую пару сутак? Яна была вялікая, самаадданая працаўніца ў навуцы».

У згаданым зборніку Петразаводскага дзяржуніверстэта, звярнула нашу ўвагу Наталля Прушынская, змешчаны й цікавы даклад на канферэнцыі Соф’і Лойтар, доктара філалагічных навук, прафесара з Петразаводскага дзяржуніверсітэта. Яскравая ўжо сама назва: «Ценю ее таланты и ее добросовестность»: Н. А. Криничная в письмах В. Я. Проппа«. Даследчыца прааналізавала перапіску знакамітага фалькларыста з яшчэ адной яго вядомай вучаніцай — ужо згаданай Ірынай Лупанавай, пад кіраўніцтвам якой Неаніла Крынічная рабіла кандыдацкую. Лупанава ўспамінала: «Адзін з парадоксаў савецкай рэчаіснасці: ва Уладзіміра Якаўлевіча, на той час ужо вучонага з сусветным імем (гаворка ідзе пра 1960-я гады. — Аўт.) , не было аспірантуры, а мне, ледзь аперанаму птушаняці, Міністэрства вылучыла цэлыя два месцы. І мой былы прафесар папрасіў мяне ўзяць на адно месца яго вучаніцу». Прычым ужо ў той час Неанілу Арцёмаўну прыцягвала вывучэнне ў першую чаргу ранняй стадыі фарміравання гістарычнай прозы, з яе архаікай ды міфемамі.

Ірына Лупанава памерла ў 2003 годзе. Сярод яе папер знайшлі папку з пісьмамі ад розных карэспандэнтаў, і Соф’я Лойтэр іх рыхтавала да друку. Ёсць у ліку карэспандэнтаў Ірыны Лупанавай быў і Уладзімір Проп, прычым у 22-х пісьмах, з 55-і дасланых ім, гаворка ідзе пра Нілу Крынічную. Па ўсёй бачнасці, Неаніла ўжо ў кастрычніку 1964-га была ў Петразаводску ў аспірантуры. Ёсць у пісьмах шмат добрых слоў, клопату пра нашу суайчынніцу, веры ў яе сілы. Вось урыўкі з некаторых.

20 сакавіка 1966 года: «Нила Вас не подведет, ею руководить даже не придется. Она с полуслова все понимает и потом действует сама».

26 лістапада 1966 года, пасля пісьма Нілы пра замужства: «От Нилы тоже есть письмо, пишет про свое счастье. Я очень рад за нее. Диссертацию она тоже вытянет».

24 лютага 1967 года: «Она очень хорошая, и я ее очень люблю. Характерец, правда, у нее не совсем легкий, но муж попался ей покладистый, и она этого заслуживает. ...Очень способна и работоспособна. ...У нее настоящая хватка. Она мыслит совершенно самостоятельно, хотя все спрашивает советов».

17 студзеня 1968 года: «Ниле я готов помочь, чем могу. Она мне много говорила о своей работе, у нее и знание, и талант, и хватка. Из нее будет толк».

24 мая 1968 года: «Она большая умница и энергичная работяга».

19 сакавіка 1969 года: «Очень жаль, что Нила не сможет защититься до весны, — но что ж поделаешь, жизнь у нее трудная — это я могу себе представить. Всем, чем можно, я готов ей помочь, т. к. ценю ее таланты и ее добросовестность».

Нават з гэтых урыўкаў бачны як вялікая дабрыня і чалавечнасць вядомага вучонага Уладзіміра Пропа, так і тыя лепшыя беларускія рысы характару, дзякуючы якім Неаніла Крынічная рэалізавала свой велізарны патэнцыял як даследчыца фальклору. Яна была ўдзячная Настаўніку праз усё жыццё. На яе рабочым стале ягоны фотаздымак стаяў, і ўсе свае манументальныя працы па фальклоры — яму прысвячала. Ужо на пачатку 1970 года яна паспяхова абараніла кандыдацкую «Народные исторические песни Московской Руси начала XVІІ столетия» (навуковы кіраўнік — Ірына Лупанава). Душой і сэрцам злучаны з вучаніцай, але цяжка хворы Уладзімір Проп вельмі жадаў, ды не змог прыехаць на абарону. 28 жніўня яго не стала. У 1974-м на аснове дысертацыі Неаніла Крынічная выдала манаграфію «Народные исторические песни начала XVІІ века». У 1991-м ужо ў Ленінградзе Неаніла Арцёмаўна бліскуча абараніла доктарскую «Русская народная историческая проза: вопросы генезиса и структуры».

Няхай і гэтыя нашы нататкі будуць данінай павагі суайчынніцы Неаніле Крынічнай, якая з гонарам прайшла няпросты шлях у навуцы. Вельмі сімвалічным бачыцца нам, што яна, пажыўшы на Палессі, маючы «воднае» прозвішча, пацягнулася грунтоўна даследаваць і міфалогію вады, вадаёмаў. Адна са знакавых яе прац так і называецца: «Мифология воды и водоемов. Былички, бывальщины, поверья, космогонические и этиологические рассказы Русского Севера: Исследования, тексты, комментарии». Спасцігаючы глыбіні душы рускай, яна, безумоўна, даследавала й наш, беларускі менталітэт, які ў многім сфармаваўся дзякуючы навакольнаму асяроддзю: з яго ручаямі, рэчкамі, азёрамі, балотамі. І, вядома ж, крыніцамі, пра якія ў нашым краі вельмі шмат расказваюць таямніц, складаюць пра іх песні, паданні, легенды.

Іван ЖДАНОВІЧ

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.