Вы тут

Што такое мікарыза і як яна ўплывае на глебу і расліны?


З кім «сябруюць» дрэвы і кусты, агародніна і травы? З сонцам, паветрам, вадой і пажыўнымі рэчывамі, скажаце вы — і памыліцеся, а дакладней, пералічыце не ўсіх. Большасць вышэйшых раслін таксама «сябруе» з грыбамі і для азначэння гэтых адносін нават прыдумана асаблівае слова.


Мікарыза — гэта сімбіёз каранёў вышэйшых раслін і міцэлію грыбоў. За гады эвалюцыі гэтае ўзаемадзеянне стала такім моцным, што цяпер расліны і грыбы жыццёва неабходныя адзін аднаму. Карані даюць грыбам амінакіслоты, гармоны і простыя вугляводы, а самі ўзамен атрымліваюць ваду, фосфар, макра- і мікраэлементы. Карані самой расліны ў тысячы разоў меншыя, чым ніткі мікарызы, што кантактуюць з імі, а значыць, дзякуючы гэтаму сімбіёзу расліна можа атрымліваць нашмат больш пажыўных рэчываў і лепш сябе адчуваць. Значэнне мікарызы асабліва вялікае на бедных глебах.

Мікарызу ўтвараюць як вышэйшыя, так і ніжэйшыя грыбы, прычым і тыя, і іншыя здольныя вылучаць бялок гламалін, які непасрэдна ўплывае на ўрадлівую глебу. Няздольныя да ўтварэння мікарызы толькі апенькі, гнаевікі, шампіньёны, вешанкі і парасоны.

Утварэнне мікарызы — натуральны прыродны працэс, аднак вопытныя агароднікі могуць стымуляваць яго, каб палепшыць стан глебы і раслін на сваім участку. Грыбы ўтвараюць мікарызу з раслінамі бесперапынна, для гэтага трэба толькі каб іх споры трапілі ў глебу. Можна чакаць падарунка ад прыроды, а можна ўнесці ўсё неабходнае самастойна.

У цяперашні час выпрацаваны чатыры спосабы ўзбагачэння раслін мікарызай. Зрабіць тое можна на любым этапе існавання і развіцця расліны, а таксама амаль з любой культурай. Крыжакветныя (капуста, катран, рэдзька, гарчыца і г. д.), маравыя і амарантавыя неўспрымальныя да ўнясення грыбнога міцэлію і мікарызу не ўтвараюць.

Апрацоўка насення падчас стратыфікацыі

Каб расліна пачынала свой жыццёвы шлях з максімальнымі сіламі і магчымасцямі, варта апрацаваць мікарызай насенне падчас яго падрыхтоўкі да сяўбы. Пры гэтым спосаб апрацоўкі залежыць ад таго, мае патрэбу насенне ў стратыфікацыі ці яно можа абыходзіцца без яе.

У першым выпадку насенне на ўвесь тэрмін стратыфікацыі заварочваюць у паперу або тканіну, прамочаную пажыўнай баўтухай. Рыхтуюць яе наступным чынам: у пяці ст. л. вады раствараюць 1 г белай гліны і 1 г парашку мікарызы. Гэтай колькасці дастаткова для таго, каб споры мікарызы распаўсюдзіліся па дзесяці «сотках» плошчы.

У другім выпадку насенне проста акунаюць у калатушу і адразу сеюць, абавязкова прысыпаючы зямлёй.

Дражыраванае, інкруставанае і пратраўленае фунгіцыдамі насенне апрацоўваць мікарызай не мае сэнсу — споры загінуць пры кантакце.

Апрацоўка саджанцаў у момант высадкі ў грунт

Мікарыза для расады шматгадовых кветак, свежаперасаджаных, чаранкаваных або падзеленых раслін — гэта сапраўдная скарбніца сіл і магчымасцяў. Даказана, што карані расліны, апрацаванай мікарызай, нашмат больш актыўна растуць і развіваюцца, пакрываюцца сеткай валокнаў, якія ўбіраюць у сябе, а значыць, забяспечваюць свайму «гаспадару» стабільны прыток пажыўных рэчываў.

Баўтуха мікарызы для маладых саджанцаў рыхтуецца гэтак жа, як і для насення, толькі вады бярэцца больш. Затым у яе паслядоўна акунаюцца ўсе карані пасаджанага матэрыялу, які адразу пасля гэтага адпраўляецца ў грунт на сталае месца.

Купіць мікарызу можна ў садовых цэнтрах. Звычайна яна прадаецца пакуначкамі па 15—60 г, і гэтага цалкам дастаткова.

Унясенне мікарызы пад кусты і дрэвы

Калі вы вырашылі ўжыць мікарызу ўжо пасля таго, як у садзе выраслі дрэвы і кусты — нічога страшнага. Нават дарослыя расліны, якія атрымалі доступ да падземнай сістэмы харчавання, будуць вам удзячныя.

Старыя дрэвы, чыя каранёвая сістэма размешчана вельмі глыбока, слаба адрэагуюць на ўнясенне мікарызы ці не адрэагуюць зусім, паколькі іх карані проста не сутыкнуцца з грыбніцай, якая з'явілася.

Баўтуха для іх рыхтуецца аналагічна, а вось уносіцца крыху інакш. Пасля моцнага дажджу або пасля багатага паліву па контуры кроны дрэва або куста ў зямлі свідруюць (выкопваюць) вузкія адтуліны глыбінёй не больш за 20 см. Даросламу пладоваму дрэву такіх спатрэбіцца 5—7, кусту — 2-3. У гэтыя адтуліны ўліваюць раствор мікарызы, а затым іх засыпаюць зямлёй. Робяць гэта адзін раз за жыццё расліны.

Дарослыя кусты, дрэвы і мнагалетнія расліны пажадана апрацоўваць увосень — за зіму грыбы «расцягнуць» сваю сетку пад дрэвам, і ўвесну вы адразу ж заўважыце змены. Калі ж апрацоўка адбудзецца вясной, то выніку прыйдзецца пачакаць некаторы час.

Унясенне мікарызы ў грунт гаршковых раслін

Нават гаршковыя расліны маюць патрэбу ў інакуляцыі. Гэта дазваляе ім нарасціць каранёвую сістэму, якасна засвойваць ваду і харчаванне, менш пакутаваць ад захворванняў. Праўда, ва ўнясенні мікарызы пад пакаёвыя расліны ёсць шэраг асаблівасцяў.

Па-першае, у гаршкі пажадана ўносіць растворы або гелі з часцінкамі жывога міцэлію, а не парашкі са спорамі. Такія прэпараты даюць больш хуткі вынік і дазваляюць грыбам развіцца ва ўмовах невялікай прасторы. Па-другое, на працягу двух месяцаў пасля ўнясення мікарызы расліны нельга апрацоўваць хімічнымі прэпаратамі або падкормліваць, паколькі любое старонняе рэчыва можа парушыць сістэму, якая развіваецца. І нарэшце, калі вы выбралі парашковы прэпарат, то пажадана выняць расліну з гаршка, насыпаць туды трохі свежага грунту, зверху ўнесці мікарызу, а пасля пасадзіць і засыпаць расліну нанава.

Вядучая рубрыкі Ірына Тамковіч. Тэл. 8 (017) 287-18-15

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.