Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


Названы прадукты даўгалецця на кожны дзень

Знізіць рызыку многіх хранічных захворванняў, якія з'яўляюцца асноўнымі прычынамі смерці, дапаможа багатая на садавіну і агародніну дыета. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Гарвардскай медыцынскай школы.

Яны прааналізавалі даныя звыш двух мільёнаў чалавек, за чыім здароўем назіралі на працягу доўгага часу. Акрамя таго, у добраахвотнікаў удакладнялі харчовыя звычкі. Усяго спецыялісты абагульнілі даныя прыкладна з 30 навуковых работ, якія збіраліся па ўсім свеце, — ад Аўстраліі да Паўночнай Амерыкі.

Даследаванне паказала, што даўжэй за іншых жывуць людзі, у штодзённы рацыён якіх уваходзяць па тры порцыі агародніны і па дзве — садавіны. У сярэднім у гэтых людзей на 12 працэнтаў ніжэйшая рызыка смерці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў у параўнанні з людзьмі, якія ўжывалі па дзве штукі фруктаў або агародніны ў дзень.

Акрамя таго, навукоўцы высветлілі, што аматары агародніны і садавіны на дзесяць працэнтаў радзей паміралі ад раку і на 35 працэнтаў радзей — ад рэспіраторных захворванняў.

Аўтары даследавання адзначылі, што максімальнага эфекту для здароўя можна дасягнуць, дадаўшы ў рацыён капусту, салату, шпінат і іншыя ліставыя культуры, а таксама моркву. Самым карыснымі фруктамі з'яўляюцца тыя, у якіх утрымліваюцца бэта-карацін і вітамін С, напрыклад, цытрусавыя. Між тым бульба, гарох і кукуруза, а таксама фруктовыя сокі на працягласць жыцця не ўплываюць.


Ведалі пра карысць лішняй вагі для жанчын?

Жанчыны з больш высокім узроўнем тлушчу больш абароненыя ад рызыкі смерці з-за сардэчных захворванняў у параўнанні з тымі, у каго яго менш. Пра гэта гаворыцца ў публікацыі выдання Journal of Amerіcan Heart Assocіatіon.

Навукоўцы з Каліфарнійскага ўніверсітэта прааналізавалі даныя нацыянальнага апытання аб стане здароўя ў перыяд з 1999 да 2014 года і ацанілі інфармацыю пра больш чым 11 тысяч чалавек ва ўзросце ад 20 гадоў. Іх падзялілі на чатыры групы па камплекцыі. У першай знаходзіліся людзі з нізкай мышачнай масай і нізкім утрыманнем тлушчу, у другой — з малой колькасцю мышцаў і вялікім працэнтам тлушчу. У трэцяй групе былі тыя, у каго назіралася вялікая мышачная маса і нізкае ўтрыманне тлушчу. У апошнюю ўвайшлі людзі з вялікай мышачнай масай і высокім утрыманнем тлушчу. Пасля гэтага навукоўцы для кожнай з катэгорый разлічылі каэфіцыенты смяротнасці ад захворванняў сэрца.

Даследчыкі вызначылі, што смяротнасць ад захворванняў сэрца ў жанчын з вялікай мышачнай масай і вялікім утрыманнем тлушчу ў арганізме на 42 працэнты ніжэйшая ў параўнанні з тымі, у каго мышцаў і тлушчу было мала. Але ў жанчын з вялікай мышачнай масай і малым утрыманнем тлушчу не было асаблівых пераваг перад тымі, у каго абодва паказчыкі апынуліся нізкімі.

Сярод мужчын з вялікім утрыманнем тлушчу і высокай мышачнай масай рызыка смерці ад сардэчных захворванняў была ніжэйшая на 26 працэнтаў, чым у тых, у каго па абодвух крытэрыях былі нізкія значэнні. Малая колькасць тлушчу і высокая мышачная маса ў мужчынскім арганізме змяншалі рызыку смерці ад праблем з сэрцам на 60 працэнтаў.

Навукоўцы адзначылі, што атрыманыя даныя падкрэсліваюць важнасць фізіялагічных адрозненняў паміж жанчынамі і мужчынамі пры разглядзе складу цела і рызыкі смерці ад захворванняў сэрца.


Навукоўцы расказалі пра фазы сну васьміногаў

Васьміногі маюць некалькі фаз сну. Часопіс іScіence апублікаваў адпаведнае даследаванне навукоўцаў з Федэральнага ўніверсітэта Рыу-Грандзі-ду-Нортэ ў Бразіліі.

У матэрыяле ўдакладняецца, што ў васьміногаў ёсць фазы павольнага сну, калі яны застаюцца нерухомыя і бясколерныя, а таксама фазы хуткага сну, падчас якой паддоследныя васьміногі цямнелі і іх прысоскі на шчупальцах скарачаліся. Цыкл паўтараўся кожныя 30—40 хвілін, а фаза хуткага сну займала ўсяго каля 40 секундаў.

Для даследаванняў былі ўзяты чатыры дарослыя васьміногі, за сном якіх назіралі спецыялісты. Каб праверыць глыбіню іх сну, навукоўцы ўключалі ім відэа з плаваючым крабам і пастуквалі малатком па акварыуме.

Калі васьміногі засыналі, яны паводзілі сябе абыякава ў адносінах да таго, што адбывалася вакол іх, і не рэагавалі на стымулы так інтэнсіўна, як падчас няспання.

Даследчыкі лічаць, што васьміногам могуць сніцца простыя сны, якія дапамагаюць ім упарадкаваць успаміны.


Для беспілотнікаў распрацавалі ракету-пастку

Навукоўцы Расійскага федэральнага ядзернага цэнтра — Усерасійскага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай фізікі вынайшлі прыладу для барацьбы з хуткаснымі беспілотнікамі, вынікае з дакумента, апублікаванага на сайце Распатэнта.

Паводле апісання, сістэма складаецца з ракеты з блокам навядзення, якая дастаўляе ў раён знаходжання беспілотніка па меншай меры адзін кантэйнер з размешчанай у ім сеткай-пасткай з прымацаванымі па вуглах грузамі, якія расцягваюць гэтую сетку і забяспечваюць захоп дрона. Прылада таксама змяшчае блок пеленгацыі.

Па словах распрацоўшчыкаў, існуючыя сёння ў Расіі аналагічныя праекты пастак для дронаў неэфектыўныя для захопу хуткасных беспілотных лятальных апаратаў, здольных здзяйсняць складаныя манеўры. «Неабходна дагнаць цэль зверху і з узгодненай адносна яе хуткасцю «запусціць» сетку-пастку, што з'яўляецца вельмі цяжкім і затратным па часе працэсам. За гэты час цэль можа знікнуць», — прыводзіць тэкст рэферата патэнта «РІА Навіны».

У сваю чаргу спецыялісты ядзернага цэнтра маюць намер вырашыць дадзеную задачу шляхам павелічэння пачатковай хуткасці грузаў з прымацаванымі выцяжнымі стропамі, звязанымі з сеткай-пасткай, шляхам падаўжэння кідальных ствалоў пры вылеце з іх грузаў.

У цяперашні час распрацоўваецца дакументацыя да вырабу, запланаваны выраб і папярэднія выпрабаванні доследных узораў комплексу барацьбы з хуткаснымі дронамі. Адзначаецца, што яго працаздольнасць пацверджана разлікамі.


Шыгірскі ідал аказаўся старэйшы за Стоўнхэндж

Знойдзеная пад Екацярынбургам у 1890-х гадах старажытная статуя пад назвай «Шыгірскі ідал» аказалася старэйшая за Стоўнхэндж. Пра гэта паведаміла газета The Daіly Maіl.

Спецыялісты ў 1990-х гадах правялі радыевугляродны аналіз і прыйшлі да высновы, што ідалу 9750 гадоў. У 2018 годзе эксперты падлічылі, што статую вырабілі 11 600 гадоў таму. Цяпер жа даследаванне паказала, што выразанай з лістоўніцы постаці можа быць яшчэ на 500 гадоў больш.

Такім чынам, Шыгірскі ідал аказаўся старэйшым не толькі за Стоўнхэндж, але і за Егіпецкія піраміды. Як нагадвае сайт kp.ru, піраміда Хеопса была пабудавана каля чатырох тысяч гадоў таму.

Шыгірскі ідал быў знойдзены ўральскімі золаташукальнікамі на адным з тарфяных балот у раёне Екацярынбурга ў 1894 годзе. Знаходку вывучалі мясцовыя археолагі і вызначылі, што гэта статуя вышынёй у 3-5 метраў, пакрытая абстрактнымі ўзорамі і выявамі дэманічных твараў і рук.

На думку расійскіх і нямецкіх навукоўцаў, постаць выразалі ў канцы апошняга ледніковага перыяду або ў пачатку галацэну — сучаснай геалагічнай эпохі.

Як адзначыў археолаг Томас Тэрбергер з Гетынгенскага ўніверсітэта Германіі, падчас стварэння ідала адбываліся сур'ёзныя кліматычныя змены, у прыватнасці, з-за змянення пейзажу. Таксама змяніліся ўзоры і малюнкі жывёл, намаляваных у пячорах і высечаных на скалах. Спецыяліст выказаў здагадку, што гэта быў спосаб дапамагчы людзям справіцца са складанымі прыроднымі ўмовамі, з якімі ім давялося сутыкнуцца. Вось дык вытрымка!

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота pixabay.com

Загаловак у газеце: Карысныя харчовыя звычкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».