Раённае свята паэзіі і песні «Я словам слаўлю родны край» стала сапраўдным брэндам Любані. Ладзяць яго раз на два гады. Ужо прайшло шэсць такіх свят. Адметна, што ўдзел у ім бяруць мясцовыя самадзейныя паэты, якія дэкламуюць свае вершы, якія пасля друкуюцца ў зборніку.
— Звычайна плануем свята ў межах юбілейнага дня — дня нараджэння нашых пісьменнікаў, у тых мясцінах, дзе яны жылі або напісалі свае творы, — кажа загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Любанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Святлана Баброўнік. — Напрыклад, шостае свята было прысвечана 85-годдзю з дня выхаду паэмы Янкі Купалы «Над ракой Арэсай». І праходзіла яно ў пасёлку Сосны. У паэме вялікі кавалак прысвечаны гэтаму населенаму пункту. Менавіта тут знаходзіўся рабфак, дзе выкладалі беларускую і рускую мовы і літаратуру. На гэтым рабфаку з 1930 да 1934 года працаваў вядомы беларускі паэт Алесь Жаўрук, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Творца сустракаўся з Янкам Купалам, які выступаў перад навучэнцамі, з Платонам Галавачом, Уладзімірам Хадыкам. Алесь Жаўрук напісаў шмат твораў, прысвечаных Любанскаму краю.
Вялікі валун паўстаў насупраць сельсавета, як напамін пра тое, што тут праходзіла вузкакалейка, пракладзеная камунарамі. Акрамя таго, мясцовы краязнаўца Анатоль Вялічка ў многіх памятных мясцінах, звязаных з гістарычнымі, гераічнымі старонкамі раёна, трагічнымі падзеямі, знакамітымі людзьмі, усталяваў таксама памятныя валуны з тлумачальнымі надпісамі. У прыватнасці, на тэрыторыі сельсавета цэлы каменны ансамбль нагадвае, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны тут партызаны разграмілі фашысцкі гарнізон. Ахвярам ваеннага ліхалецця прысвечаны камень-помнік на месцы спаленай вёскі Камуна.
У выніку быў выдадзены зборнік «Камяні гісторыі Любаншчыны».
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.