Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Усе чакалі Вялікадня, або Так было і так будзе

Як спяваецца ў вядомай песні, «...нам рано жить воспоминаньями».

І ўсё ж, калі прападае сон, калі нешта баліць, памяць нязменна вяртае ў мінулае, найчасцей — у далёкае дзяцінства. Яно было цяжкім, пасляваенным і ў той жа час — незвычайна радасным.

...У той год адпасваць кароў нам прыпала якраз на суботу. Мама з сонцам, можна сказаць, пабудзіла мяне, паставіла на стол няхітры сняданак, і я, толкам яшчэ не прачнуўшыся, паплёўся па вёсцы, збіраючы статак. Ведаў, што, адвыкшы за зіму ад «кампаніі», каровы будуць разбрыдацца па хмызняку, што, зганяючы іх «да кучы», давядзецца за дзень наматаць не адзін дзясятак кіламетраў і ўвечары ледзь жывым ад стомы прыпаўзці дадому...

Прыпаўзці і ў той раз ледзьве не ахнуць, бо пакуль я быў у полі, пасвіў кароў, дома ўсё змянілася. Маміным клопатам столь і печы заззялі белізной, а ўсе шыбы-лавы-сталы — чысцінёй. На адшараванай падлозе ляжалі галінкі палыну, на вокнах красаваліся новыя фіранкі... Усё чакала Вялікадня!

Ноччу тата пабудзіў мяне, і мы з ім пайшлі ў царкву, панеслі трохі солі, некалькі пафарбаваных яек і ладны акраец хлеба: без гэтых асвечаных страў нельга было садзіцца за святочны стол...

А ён да нашага вяртання ўжо быў засланы святочным абрусам, на які выстаўляліся пахкія, прыхаваныя да свята і парэзаныя на скрылікі каўбаса, паляндвіца, запечаны кумпяк... Да іх у асобнай пасудзіне дадаваўся заборысты хрэн, падфарбаваны бурачным сокам.

Аднак за стол да гэтай смакаты мы сядалі крышачку пазней. Спачатку ў вялікую міску мама клала чырвонае яйка, налівала свежай вады і нам, дзецям, па чарзе абмывала тварыкі, прыгаворваючы, каб былі здаровенькія, кругленькія, каб красныя-прыгожыя, як гэтае яйка...

Бліжэй да абеду ў нас — і, вядома ж, не толькі — збіраліся госці. Прыносілі хто што меў і мог (яйкі — абавязкова), і мы, дзеці, збягалі з імі ў двор: дзяўчынкі — каб скочваць з горкі (чыё закоціцца далей, тая і перамагла), хлопчыкі — каб гуляць у «біткі», правяраць, чыё яйка мацнейшае.

А вечарам па вёсцы ўжо хадзілі валачобнікі: купка дарослых жанчын і мужчын, часам з гармонікам, перамяшчалася ад хаты да хаты, спявала пад вокнамі велікодныя песні, збірала ў якасці «платы» што-нішто з пачастункаў-прысмакаў, а недзе мо і па чарцы-другой гарэлкі...

Назаўтра, у другі дзень Вялікадня, мы, дзеці, хадзілі да суседзяў у так званыя жачкі, але ж марылі хоць у нейкай хаце ды атрымаць не толькі іх (пафарбаваныя яйкі)... Самым жаданым гасцінцам былі цукеркі-падушачкі, смак якіх не забыць да скону.

...Што цікава яшчэ, на Вялікдзень заўжды, колькі помню сябе, было добрае сонечнае надвор'е, ад чаго гэтае свята — сапраўды вялікае — рабілася яшчэ больш светлым і радасным.

Так было ў маёй роднай вёсцы Суцькава, а можа, і па ўсёй краіне.

Мікалай Балыш

г. Смаргонь


Рэха бяды

«...А інакш нельга было»

Зямля пад белымі крыламі, чыстая, непаўторная... І летам, і зімой, і ўвосень ты заўсёды прыгожая! А ўжо вясною — і пагатоў: першыя ручаінкі, першыя кветкі, птушкі... А з імі — радасць, каханне, натхненне...

Вясна 1986-га прынесла страшную бяду: каля двух тыдняў запар атамны рэактар  бесперапынна выкідваў у паветра радыеактыўныя матэрыялы. Асноўная маса іх у выглядзе дажджоў выпала на землі нашай шматпакутнай Беларусі, Украіны, Расіі. У д'ябальскім катле Чарнобыля згарэлі не толькі наіўныя ўяўленні пра перамогу чалавека над сіламі прыроды — попелам сталі чалавечыя лёсы, надзеі на шчасце і само жыццё.

Першы ўдар стыхіі прыняла на сябе ваенізаваная пажарная часць атамнай станцыі. Пазней, у красавіку—маі 1986—1987 гадоў, у жудасную зону пад назвай Чарнобыль адпраўляліся многія тысячы людзей. Мы павінны памятаць тых, хто аддаў здароўе і нават жыццё дзеля таго, каб ліквідаваць наступствы катастрофы, каб спыніць распаўсюджванне радыяцыі. Жыхара нашага аграгарадка Вялікія Вераб'евічы Аляксандра Міхайлавіча Конана тады прызвалі на планавыя вайсковыя зборы. У Хойніках, як расказваў, быў арганізаваны батальён забеспячэння, і ён там служыў шафёрам: 24 дні ў складзе аператыўнай групы вывозілі радыяцыйнае смецце, вялі радыяцыйны кантроль глебы, зямлі, паветра. «Радыяцыя — нябачны вораг, — успамінае Аляксандр Міхайлавіч. — Яго не відаць, не чуваць... Спачатку проста балелі галовы, потым папрывыкалі ці што? Выконвалі загад па ліквідацыі наступстваў катастрофы, працавалі сумленна: інакш нельга было».

У праўленне калгаса, па месцы работы Аляксандра Міхайлавіча, потым прыйшло пісьмо з падзякай ад камандавання часці. Ліквідатар беражліва захоўвае сваё пасведчанне і фотаздымкі, зробленыя падчас тых памятных вайсковых збораў.

Чарнобыль... Побач з назвай гэтага невялікага ўкраінскага горада назаўжды замацаваліся словы: катастрофа, трагедыя, подзвіг.

Марына Нагулевіч

Навагрудскі раён


Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы

Летась у канцы лютага да мяне зайшоў сённяшні глушчанін Уладзімір Мікалаевіч Жораў, прынёс копіі дзвюх аматарскіх фатаграфій (на жаль, не вельмі добрай якасці), растлумачыў, што на іх — цэнтральная вуліца і завулак яго роднай вёскі Журавы Краснапольскага раёна, папрасіў «аб'яднаць» іх — зрабіць малюнак для... мемарыяльнай дошкі.

За апошнія дзесяцігоддзі я намаляваў і напісаў велізарную колькасць графічных і жывапісных работ, але гэты заказ быў, мусіць, самым нечаканым і самым адказным.

На шчасце, я, здаецца, справіўся: заказчыку спадабаўся малюнак алоўкам. Да таго ж, я напісаў яшчэ і невялікую карціну алеем... Уладзімір Мікалаевіч досыць доўга разглядаў іх, а потым прызнаўся, што мае творы вярнулі яго ў родныя Журавы, адкуль некалі яго сям'я з двума малымі сынкамі пераехала на Глушчыну, на радзіму жонкі.

Тады, «уцякаючы» ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, раз'язджаліся з вёскі і ўсе іншыя жыхары: многія апынуліся ў Дрыбінскім раёне, куды іх перасялялі цэнтралізавана, нехта асеў у Гомелі, Магілёве, Мінску, але ж ніхто, як выглядае, не забыў сваю пахаваную Бацькаўшчыну. А Уладзімір Мікалаевіч да ўсяго стаў ініцыятарам яе ўшанавання, згуртавання былых аднавяскоўцаў. Ім, «рассыпаным» па ўсёй краіне, як аказалася, вельмі не хапае жывых зносін з землякамі, мала кароткіх сустрэч на Радаўніцу, калі кожны прыязджае да сваіх памерлых...

З датай вызначыліся адразу ж: з'язджацца ў родныя мясціны — каб адвесці душу, пагутарыць з былымі суседзямі, прытуліцца да сваіх бяроз — вырашылі на Івана Купалу. І летась такая сустрэча ўжо адбылася. На скрыжаванні, дзе вуліца некалі падзялялася на дзве, былыя аднавяскоўцы ўстанавілі памятны камень з прабачальнымі словамі (на адрас вёскі) «...даруй, што цябе мы пакінулі». Гэта, дарэчы, ужо другі знак памяці. Першым стаў невялікі пагорак з усталяваным крыжам, які асвяціў настаяцель Выдрынскай царквы айцец Віктар.

Тады на цырымоніі адкрыцця прысутнічалі раённыя ўлады, гучалі цёплыя словы пра агульную памяць і любоў да родных мясцін, гучала — нібыта пра жураўцаў — песня «Жураўлі на Палессе ляцяць»...

Спраўдзіў Уладзімір Мікалаевіч і мару свайго бацькі: непадалёк ад крыжа і каменя з'явіўся помнік з імёнамі 42 аднавяскоўцаў, якіх забрала вайна.

...На жаль, праз эпідэмію каранавіруса многія з задуманых мерапрыемстваў давялося пакуль адкласці, аднак, гледзячы па ўсім, яны адбудуцца, бо да справы далучыліся дзеці і ўнукі былых жыхароў вёскі Журавы.

У народзе кажуць, што няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы, што ўсюды добра, а дома лепей, што ў сваім краі, як у раі...

І сапраўды, у кожнага чалавека ёсць куток, да якога заўжды імкнецца душа, і называецца ён вельмі проста — радзіма, зямля бацькоў.

Валерый Васілеўскі

г. п. Глуск.


У свеце захапленняў

У нашым раёне ў дыстанцыйнай форме прайшоў фестываль творчасці для дзяцей-інвалідаў і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя «Свет маіх захапленняў». Падчас яго 15 навучэнцаў з дзяржаўных устаноў адукацыі прадэманстравалі свае таленты і здольнасці: спявалі, танцавалі, малявалі, хваліліся ўмельствам рук...

Пераглядаючы матэрыялы фэстывалю, не перастаеш здзіўляцца майстэрству і фантазіі дзяцей ды шчыра дзякаваць педагогам, бацькам, якія дапамаглі ім выбраць заняткі, што даспадобы, зрабіць жыццё больш разнастайным і цікавым.

Для ўсіх удзельнікаў фестывалю наша арганізацыя забяспечыла прызы: наборы для творчасці і канцылярскія тавары, якія дапамогуць дзецям самарэалізавацца, бо жыццё, як пісаў Дзмітрый Ліхачоў, гэта найперш творчасць. І тое зусім не значыць, што кожны чалавек павінен нарадзіцца геніяльным мастаком, балерынай або навукоўцам... Можна проста ствараць добрую атмасферу вакол сябе. А гэта пад сілу кожнаму.

Ларыса Татарынава, дырэктар Смаргонскага раённага аддзялення грамадскага аб'яднання «Беларускі дзіцячы фонд»


Колеры жыцця? Толькі светлыя!

...Неяк вечарам сяджу, гляджу тэлевізар і раптам...

Божухна! Каго я бачу?! Вася Кукушкін, сябра маіх дзяцей! Надзіва прыгожы чалавек, душа любой кампаніі. Прычым застоллі амаль заўсёды вёў па-нашаму, па-беларуску: з жартамі, прыпеўкамі, анекдотамі... Як сапраўдны артыст! А на самай справе па першай адукацыі ён доктар, тэрапеўт, па другой — эканаміст і прадпрымальнік...

Помню, паверыць не магла, што Васіль цяжка захварэў, што ў яго анкалогія...

Іншы чалавек пры такім дыягназе, магчыма, здаўся б, што называецца, рукі апусціў бы. Васіль, дзякуй богу, не з такіх: разам з сям'ёю, з сябрамі ён стаў змагацца за жыццё, прычым сапраўднае, паўнацэннае.

Дзеля гэтага, наколькі ведаю, мужна перанёс некалькі складаных аперацый і безліч цяжкіх працэдур, выконваў і выконвае ўсе прадпісанні ўрачоў. А да ўсяго адкрыў у сабе новы талент: заняўся маляваннем, за тры гады стварыў больш за сотню карцін. І вось — стаў аўтарам першай выстаўкі «Колеры жыцця» ў віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва.

Па тэлебачанні казалі, што на яе адкрыцці было шмат людзей, што прыйшлі-прыехалі родныя Васіля, яго сябры, аднакурснікі, аматары мастацтва. І ўсе яны дружна прызнавалі, што карціны гэтага мастака пранізаны незвычайным святлом, што пад іх уздзеяннем міжволі святлее, лягчэе на душы. І гэта, відаць, заканамерна, бо аўтар — надзвычай добры і чулы чалавек, сапраўдны лекар. Помню, калі мне было цяжка, ён кожны вечар (хоць, можа, і самому было не нашмат лягчэй) тэлефанаваў, падбадзёрваў, прасіў, каб пачытала на памяць вершы.

Я ўдзячная Васілю за тую падтрымку, за карціны (хвала інтэрнэту!), якія ён стварае, за прыклад мужнасці і жыццялюбства, які ён падае іншым. Як мне здаецца, менавіта на гэткіх асобах цяпер і заўжды трымаецца наша нацыя.

Любоў Чыгрынава

г. Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У Блізнятаў ёсць шанц кардынальна змяніць жыццё.