Вы тут

У маі адбудзецца 13-ы фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці «Чароўны куфэрак»


Своеасаблівай вясёлкай ззяе на Міншчыне абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці «Чароўны куфэрак», які праходзіць у Любані з перыядычнасцю раз на два гады.


Фота: pixabay.com

Па традыцыі ён праводзіцца ў межах Міжнароднага дня тэатра. Праграма фестывалю заўсёды яркая і насычаная: ад дзіцячай класікі да сучасных маладзёжных эксперыментаў.

Сёлета ў маі адбудзецца 13-ы па ліку «Чароўны куфэрак». Слоганам да яго сталі вядомыя словы Уладзіміра Караткевіча: «Калі кожны чалавек зробіць другому маленькае дзіва, то свет стане светам дзіваў».

— Пад гэтай эгідай мы працуем над канцэпцыяй цяперашняга фестывапю. Па-першае, фестываль аб'ядноўвае дзве іпастасі — дзіцячыя драматычныя і дзіцячыя лелечныя тэатры. Плануецца шмат выступленняў, спектакляў па творах беларускіх аўтараў. Гэта і «Беларуская батлейка» Стаўбцоўскага тэатра, «Прыгоды трох парасят» Ніны Мацяш, «Вясёлы звярынец» Уладзіміра Ягоўдзіка. Дзіцячы тэатр «Летуценнікі» Любанскай дзіцячай школы мастацтваў пакажа спектакль «Адчыніце, казляняткі» — музычнае, блазнаванне на беларускі лад Петруся Макаля. Тэатр юнага гледача абяцае прывезці спектакль «Дзікае паляванне караля Стаха» ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра Уладзіміра Савіцкага. Чакаецца і народны тэатр лялек «КапялюШ» з Наваполацка. Менавіта гэты калектыў адрадзіў старажытны жанр беларускага мастацтва — батлейку. Больш за тое, аднавіў тэатр ценяў, які быў папулярны паўтара стагоддзя таму, — распавёў ініцыятар і натхняльнік фестывалю Васіль Каткавец. — У нас будзе прысутнічаць і замежная класіка, плануецца пастаноўка «Пітэра Пэна і Вендзі» па п'есе пісьменніка Джэймса М. Бары, аўтарскія праекты. Але разам з тым хочацца, каб гэты фестываль праз наша беларускае слова, нашы беларускія гульні данёс гледачам багацце і разнастайнасць айчыннай культуры, літаратуры.

У межах фестывалю плануецца конкурс паэтычных твораў Уладзіміра Караткевіча. У якасці глядацкага журы будуць дзеці, якія ацэняць не толькі выступленні сваіх равеснікаў, але і касцюмы, і дэкарацыі.

Удзел у фестывалі прымуць каля 15—17 тэатраў.

— У нас чатыры сцэнічныя пляцоўкі: Сароцкі палац культуры, раённы Цэнтр культуры, вялікая і малая залы школы мастацтваў, — кажа Васіль Сцяпанавіч. — Акрамя таго, мы шырока выкарыстоўваем прасторавыя пляцоўкі. Выступалі ў парку культуры і адпачынку, на гарадской плошчы. Як паказала практыка, людзей аб'ядноўваюць вулічныя тэатры. Гэтым разам плануем імпрэзы ў двары школы мастацтваў. У нас адкрыты абласны фестываль, таму запрашаем юных акцёраў не толькі з Мінскай вобласці і Беларусі — удзельнічалі калектывы з Польшчы, Расіі, Украіны. Цяпер не ўсе адважацца прыехаць у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, але мы шукаем калектыў з Расіі. Таму што ў нас не конкурс-фестываль, а фестываль-свята. Для нас фестываль — гэта брэнд, які прадугледжвае многія аспекты дзейнасці. Але асновай усё ж з'яўляецца дзіцячы тэатр, беларуская літаратура. Плануецца, што ўдзел у свяце прыме наш выпускнік, акцёр Максім Брайніц, які працуе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Ён любіць прыязджаць на гэтыя фестывалі, мы яго ўключаем у журы. Дала згоду вядомая пісьменніца, паэтка, дзіцячы драматург Таццяна Сівец, а яшчэ — Уладзімір Савіцкі, галоўны рэжысёр тэатра юнага гледача, рэдактар дзіцячага часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі і шмат іншых цікавых творчых асоб.

Дадам, што дзеці самі вядуць фестываль, суправаджаюць яго. У межах фестывалю праходзіць «Тэатральны Алімп», своеасаблівая дыскусія аб шляхах развіцця дзіцячага тэатра, творчых пошуках, навацыях.

— Мы актыўна супрацоўнічаем з тымі, хто займаецца літаратурай, шукаем новыя п'есы, распаўсюджваем іх па творчых установах. Такія кірункі супрацоўніцтва даюць свой плён. Напрыклад, на мінулым фестывалі п'еса «Навошта мурашцы крылы» Зінаіды Дудзюк стала ўладальнікам дыплома першай ступені. Мы заўсёды падтрымліваем такія творчыя праекты. Таму што фестываль працуе на ідэю беларускасці. Дарэчы, яшчэ Уладзіслаў Галубок у 20-я гады мінулага стагоддзя прыязджаў у Любань са сваімі галубянятамі і паказваў тут спектаклі і для дарослых, і для дзяцей. Таму ў нейкім сэнсе мы прадаўжальнікі творчых традыцый Уладзіслава Галубка. Нашаму тэатру ў наступным годзе будзе 40 гадоў. Фестываль і тэатр — наша душа, — заўважыў Васіль Каткавец.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Таленты ў «Чароўным куфэрку»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».