Вы тут

Гісторыя вёскі Камуна ў Любанскім раёне


Гісторыя вёскі Камуна, што ў Любанскім раёне, непарыўна звязана з гісторыяй калгаса БВА (Беларуская ваенная акруга). Тут у 2005 годзе ўстаноўлены мемарыяльны знак да 100-годдзя з дня нараджэння першага старшыні гэтай гаспадаркі Эмануіла Натанавіча Модзіна. Побач пасаджана сем дубоў у памяць аб першых сямі камунарах, якія прыехалі на Любанскую зямлю. Эмануіла Модзіна — чалавека-легенду — па праве лічаць заснавальнікам вёскі. Ён служыў у 7-й Самарскай дывізіі. І калі пачалася калектывізацыя, прапанаваў салдатам, для якіх надыходзіў час дэмабілізацыі, арганізаваць у вёсцы сельскагаспадарчую камуну. На прапанову адгукнуліся Фёдар Коўрык, Яфрэм Зенаў, Іван Данілаў, Міхаіл Осіпаў, Іван Шматаў, Цімафей Анісімаў. На чатырох падводах яны прыехалі пакараць палескія балоты. Такім чынам, вясной 1929 года на востраве Забалоцце з'явілася першая палатка, а да восені ўтварылася чырвонаармейская камуна.


Эмануіл Модзін узначальваў калгас з 1929 да 1934 года. Пасля яго накіравалі на партыйную работу, падчас Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на фронце, быў паранены. У 1953-м узначаліў саўгас «Любанскі». У 1968 годзе за высокія ўраджаі бульбы ўзнагароджаны зоркай Героя Сацыялістычнай Працы.

«Экспазіцыя валуноў», прысвечаная Песняру. Фота Яўгена Пясецкага.

Звесткі аб арганізацыі Камуны, гісторыі калгаса, важных гісторыка-культурных падзеях на тэрыторыі краіны захоўваюцца ў Камунараўскім навучальна-педагагічным комплексе «Дзіцячы сад-сярэдняя школа» імя Янкі Купалы.

У 1933 годзе вёску Камуна наведаў Янка Купала. Ён быў частым госцем у школе, расказваў дзецям пра сваё жыццё, чытаў вершы. Напярэдадні 75-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы тагачасны дырэктар школы Мікалай Свінкоўскі наведаўся ў Мінск і сустрэўся там з жонкай знакамітага паэта і празаіка Уладзіславай Францаўнай. Яны абмеркавалі прапанову Мікалая Фёдарвіча аб прысваенні Камунараўскай сямігодцы імя песняра. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову і для ўшанавання памяці Янкі Купалы прысвоіў яго імя шэрагу ўстаноў і арганізацый. У тым ліку і Камунараўскай школе.

Пазней установу адукацыі ў Камуне узначальваў Анатоль Вялічка, які разам з педагагічным калектывам шмат зрабіў для таго, каб імя Янкі Купалы навечна запала ў душу вучняў.

Пры ўваходзе ў школьны двор раскінулася экспазіцыя валуноў пад адкрытым небам «Пуцявіны Купалы». Кожны камень распавядае пра жыццёвы і творчы шлях паэта. У цэнтры кампазіцыі — надпіс «Вязынка». Тут, на гэтай зямлі, купальскай ноччу ў сям'і Дамініка і Бянігны Луцэвічаў нарадзіўся сын.

Сеніца — вёска ў Мінскім раёне, дзе працаваў эканомам у маёнтку памешчыка Турчынскага бацька паэта. У 1889 годзе тут Купала вучыўся ў мясцовым двухкласным народным вучылішчы.

Яхімоўшчына — яшчэ адна адметная мясціна Беларусі, дзе ўзрастаў і мужнеў талент народнага паэта.

У фальварку Акопы, што на Лагойшчыне, Янка Купала стварыў шэдэўры нацыянальнага паэтычнага эпасу і нацыянальнай драматургіі.

Ляўкі... Тут паэт перажыў новую хвалю паэтычнага натхнення.

У парку імя Янкі Купалы ў Мінску некалі стаяў дом, дзе жыў народны пясняр у 1927—1941 гадах. Вайна зруйнавала будынак.

Пачэснае месца сярод валуноў належыць кампазіцыі «Камуна, Сосны, Нежын, Лісцёнка». Менавіта гэтыя вёскі стаялі на Мар'інскіх балотах, дзе была заснавана чырвонаармейская камуна. У маі-чэрвені 1933 года тут знаходзіўся ў творчай камандзіроўцы Янка Купала разам з Платонам Галавачом і Уладзімірам Хадыкам. Камунары надзвычай гасцінна сустракалі паэта. Матэрыялы з жыцця камунараў ляглі ў аснову паэмы «Над ракой Арэсай», якую паэт тут пачаў пісаць.

У далечыні кампазіцыі змрочна, самотна выглядае камень з надпісам Масква. Тут 28 чэрвеня 1942 года трагічна загінуў Янка Купала. Пахаванне адбылося ў Маскве 1 ліпеня 1942-га. Урна з прахам паэта захоўвалася ў Маскве да 1962 года.

Натуральны выгляд валуноў, надпісы на іх сведчаць, што нашчадкі камунараў жывуць з Купалам у сэрцы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: З Купалам у сэрцы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.