Вы тут

Інтэрв’ю з рэжысёрам узорнага тэатра «Летуценнікі» Васілём Каткаўцом


Любанская зямля шчодрая на празаікаў, паэтаў, музыкаў, танцораў і проста таленавітых людзей. Тут распрацавана культурная канцэпцыя развіцця рэгіёна, дзе ўлічаны ўсе аспекты творчасці. Пра тое, якая яна, літаратурная палітра Любаншчыны, расказаў «Звяздзе» рэжысёр узорнага тэатра «Летуценнікі» Любанскай дзіцячай школы мастацтваў, вялікі аматар роднага слова Васіль Каткавец.


— Калі казаць пра літаратуру — гэта сумежжа розных пластоў, розных гістарычных аспектаў. Вобраз Любаншчыны ўвасабляюць дзве адметныя асобы — Уладзіслаў Сыракомля і Павел Шпілеўскі. Першы адлюстраваў у сваёй творчасці беларускі, літоўскі фальклор, стаў знаным паэтам у Польшчы, а таксама ўвайшоў у рускую літаратуру сваёй вядомай песняй «Ямщик». Фактычна Уладзіслаў Сыракомля аб'яднаў пласт заходняй і ўсходняй культур. Павел Шпілеўскі — літаратар, этнограф, фалькларыст. Яго бацька быў святаром. Сын таксама пайшоў па яго слядах, закончыўшы Слуцкую духоўную семінарыю. Але пасля адмовіўся ад гэтага шляху, стаў пісьменнікам, крытыкам. Найбольш яскрава Павел Шпілеўскі ў XІX стагоддзі адлюстраваў беларускі фальклор, паказаў адметнасць Беларусі ў гэтым плане. Таму пры распрацоўцы канцэпцыі гэтыя дзве асобы занялі цэнтральнае месца. Сыракомля — гэта высокая паэзія, літаратура, музыка. Шпілеўскі — народна-традыцыйны пласт культуры.

Рэжысёр узорнага тэатра «Летуценнікі» Любанскай дзіцячай школы мастацтваў Васіль Каткавец. Фота Анатоля Клешчука.

«Іду на сто»

— Васіль Сцяпанавіч, нядаўна пайшоў з жыцця чалавек-легенда не толькі Любанскага краю і Мінскай вобласці, але і наогул усёй Беларусі Іван Андрэевіч Муравейка. Вы яго добра ведалі, цесна супрацоўнічалі з ім. Якім ён быў?

— Сапраўды, пятага сакавіка не стала Івана Андрэевіча Муравейкі. Ён крыху не дажыў да свайго стагоддзя. У адным са сваіх вершаў ён пісаў: «Я ў 21 годзе нарадзіўся і ў 21-м да яго пайду». Гэтая асоба аб'ядноўвала ўсіх, мы яго называлі чалавекам-легендай. Ён ведаў усю гісторыю, падзеі, людзей. На працягу ўсёй маёй працы ў аддзеле культуры райвыканкама Іван Андрэевіч быў для мяне мудрым дарадцам. З якім пытанннем я ні звяртаўся да яго, ён мог лёгка адказаць. Мы разам распрацавалі культурную канцэпцыю. Іван Андрэевіч лічыў, што вялікая літаратура пачынаецца з той малой радзімы, дзе мы жывём. Пачынаючы з 75-годдзя Івана Андрэевіча мы заўсёды адзначалі яго юбілей. У 2001-м з нагоды 80-годдзя паэта трэці тэатральны дзіцячы фестываль «Чароўны куфэрак» быў прысвечаны Муравейку. Ён сам прысутнічаў на свяце. На радзіме пісьменніка ў вёсцы Таль, а гэта адзін з самых вялікіх населеных пунктаў раёна, які называюць «Кітай-горад», таму што працягнуўся на пяць кіламетраў, — у школе ёсць літаратурная гасцёўня. Іван Андрэевіч туды перадаў розныя рэчы, у тым ліку і ваенныя, пішучую машынку «Зінгер», шмат рукапісаў. З 2014 года на Любаншчыне стартаваў сумесны з аддзелам адукацыі праект па падтрымцы юных талентаў — паэтаў, мастакоў «Мураўіная сцяжынка». Івану Андрэевічу прыносілі стос работ, якія ён рэдагаваў, выказваў аўтарам заўвагі, пажаданні.

Зараз у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» выходзіць зборнік выбраных твораў Івана Муравейкі з серыі кнігі «Кнігі нашага дзяцінства», да якога я напісаў уступны артыкул. У свой час работнікі Любанскай раённай бібліятэкі ў серыі «Любаншчына літаратурная» выдалі кнігу «Вяртанне ў дзяцінства». У яе ўвайшлі творы, якія раней не друкаваліся ў кнігах. Гэта тыя «Літаратурныя сшыткі» з архіва Івана Андрэевіча за 1936—1939 гады, якія падчас Вялікай Айчыннай вайны зберагла маці паэта. У адным са сваіх вершаў «Як я на свет з'явіўся» аўтар піша, што было восеньскае дажджліва-хлюпотнае надвор'е, але яго нараджэнне было «божым дарам» і бабка-павітуха наканавала «добры, доўгі век», а бацькі сказалі: «Бач, які разумны! Вырасце, дык будзе ўзводны ці паэт». Практычна яны прадказалі яму лёс, іх сын прайшоў праз Вялікую Айчынную вайну ўзводным і стаў паэтам. У 2009 годзе пры фінансавай падтрымцы Любанскага райвыканкама выйшла кніга «Лебядзіны край», якую ён прысвяціў Любаншчыне, яе асобам, паэтычна апеў свой любы край. Ён вельмі вобразна і яскрава сказаў пра Любань: «Так, нашы продкі былі жыццялюбамі, раз родны кут ахрысцілі Любанню». Ён фактычна напісаў два гімны Любані. У 1967-м годзе — песню «Любань»: «Нямала знакамітых і сёл, і гарадоў, а для мяне дык Любань — і слава, і любоў...», музыку напісаў кампазітар Павел Якавенка. А другая — «Як ляцелі лебедзі» — датавана 2006-м, мясцовы кампазітар Мікола Шагаў паклаў словы на музыку, і песня стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Песні Беларусі». У выкананні барысаўскіх артыстаў яна гучала на тэлебачанні.

У Івана Андрэевіча быў дэвіз: калі жыць — дык да ста, калі кахаць — дык напоўніцу. Ён казаў: «Калі чалавек хоча жыць, а не думае пра смерць, то ён будзе жыць вечна». Такі дэвіз гучыць у яго вершы «Іду на сто». У свае 95 гадоў ён напісаў: «Я ў сталым узросце, але не адчуваю свайго ўзросту, таму што ў мяне душа маладая. Я адчуваю душой і прыроду, і людзей, і іду на сто». І фактычна датупаў да ста гадоў. Прайшоў усю вайну, на рэйхстагу пакінуў надпіс: «Я Іван з Беларусі».

Пра сваіх пісьменнікаў мы здымаем відэафільмы. Адзін з іх «Тут на ўсё жыццё прапісана маё сэрца» прысвечаны Муравейку. Больш чым дзве гадзіны Іван Андрэевіч расказваў пра сваё жыццё, дзяцінства. Яго бацька памёр, калі хлопчыку было чатыры гады. Маці да 1936-га не выходзіла замуж, бо баялася, што айчым будзе дрэнна ставіцца да пасынка. Пазней жанчына пабралася шлюбам і пераехала да мужа ў вёску Сарачы. Туды забрала і сына. З малога чалавека пачынаецца вялікая Радзіма. Тут, у фільме, фактычна біяграфія чалавека, які пражыў стагоддзе і перадаў нашчадкам багаты духоўны вопыт.

— Знакамітай асобай з'яўляецца Уладзімір Паўлаў, які нарадзіўся ў вёсцы Замошша 25 кастрычніка 1935 года. На жаль, Уладзімір Андрэевіч ужо пайшоў з жыцця. Пра яго жыццёвы і творчы шлях мы таксама знялі відэафільм «Восеньская мелодыя лёсу». Асабіста я прывёз яго з Мінска ў родную вёску. Вось ён ідзе да бацькоўскай хаты, на могілкі, расказвае пра сваіх землякоў, родзічаў. Пасля быў літаратурны вечар у вёсцы Дарасіна, дзе ён вучыўся ў школе, а пасля такое ж мерапрыемства правялі ў раённай бібліятэцы. Пісьменнік неаднаразова прыязджаў з вандроўкай на Любаншчыну, напісаў песню «Любань-лебедзь», якая стала гімнам. Ніна Васілеўна Маеўская, празаік, паэтэса, таксама слынная наша зямлячка, заўсёды наведвала сваю малую радзіму, удзельнічала ў сустрэчах, літаратурных вечарынах.

У нас вельмі моцная кагорта літаратурных крытыкаў. Лідзія Савік нарадзілася ў гістарычнай Камуне, прафесар, выкладала ва ўніверсітэце культуры. Лідзія Сымонаўна вельмі добра ведае замежную літаратуру, доўгі час працавала ў Лондане, Германіі. Яе пяру належыць даследаванне пра нашу расстраляную літаратуру. Яна з падачы вядомага мецэната Анатоля Васілевіча Чабаганава, які казаў, што з малога чалавека пачынаецца вялікая Радзіма, напісала радавод Адзярыхаў (гэта яе дзявочае прозвішча). Дзед Лідзіі Савік Адам Адзярыха быў будаўніком вузкакалейкі ў Камуне. У ліку літаратурных крытыкаў таксама Таццяна Мікалаеўна Дасаева, прафесар, выкладае на факультэце журналістыкі. Мікола Мікуліч працуе ў Нацыянальнай акадэміі навук.

Сяргей Грахоўскі з Бельска, што паблізу Рудабельскай рэспублікі, але ён настаўнічаў на Любаншчыне ва Урэччы. І тут яго другі раз рэпрэсіравалі. У Сяргея Іванавіча ёсць аповесць «З воўчым білетам», дзе ён адлюстроўвае гэты трагічны час. Мне давялося пагутарыць з Сяргеем Грахоўскім. На пачатку 1990-х мы паставілі па яго кнізе кампазіцыю — «Споведзь». Але ён сказаў, што споведзь можа напісаць толькі ён, паколькі шмат перажыў пакут.

«Я сын ваш»

— Вы неаднойчы сустракаліся з пісьменнікам, мецэнатам, лаўрэатам прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Анатолем Статкевічам-Чабаганавым. Якія ўражанні ад гэтых сустрэч?

Асоба Анатоля Статкевіча-Чабаганава для мяне была сапраўдным адкрыццём. З ім мяне пазнаёміў рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі. Мы з ім размаўлялі тры гадзіны. Анатоль Васілевіч расказваў пра творчы і жыццёвы лёс. Гэта лёс простага вясковага хлопца з маленькай вёсачкі Засмужжа, што на Любаншчыне. Ён закончыў школу ў Любані з залатым медалём, паступіў у Санкт-Пецярбург, закончыў універсітэт таксама з залатым медалём, стаў бізнесменам, стажыраваўся ў Англіі. Закончыў Ленінградскі інстытут дакладнай механікі. Менавіта ў горадзе на Няве далучыўся да рускай культуры, быў вялікім аматарам мастацтва, калекцыяніраваў іконы. Напісаў цыкл кніг «Летапіс беларускай шляхты», першы том прысвечаны яго радаводнаму дрэву. Ён напісаў гісторыю вёскі Засмужжа. Гэта гісторыя шляхетнага роду і вёскі. Пісьменнік вельмі яскрава паказвае пераломныя 1930-я гады, як распраўляліся са шляхтай, якая не толькі несла духоўнасць, але і ўмела працаваць на зямлі. Усяго выйшла дзесяць кніг летапісу радоў. Ён прызнаваўся, што хацеў бы даследаваць усе радаводы, але для гэтага не хопіць жыцця. Анатоль Васілевіч займаўся і сялянскімі родамі, паколькі яны, па яго словах, такія ж удзельнікі гісторыі, як і шляхта.

Калі я пагутарыў з гэтым унікальным чалавекам, то вырашыў, што ён стане нашым творчым супрацоўнікам, дарадцам. У 2013 годзе мы правялі з'езд землякоў Любаншчыны ў бібліятэцы імя Пушкіна ў Мінску. Тут былі гісторыкі, дыпламаты, усе, хто мае дачыненне да музыкі, спартсмены, акадэмікі, дэпутаты. У выніку стварылі любанскае зямляцтва. Анатоль Васілевіч падарыў усім удзельнікам свой першы том «Я сын ваш», дзе расказвае пра свой радавод і вёску Засмужжа. У 2016-м, калі святкавалі 450-годдзе з дня заснавання Любані, прайшла другая сустрэча землякоў.

Малая радзіма ў кожнага свая, але Беларусь адна на ўсіх. Важна падтрымліваць агонь любові да яе праз літаратуру, мову, музыку, жывапіс. Нічога ў жыцці не знікае бясследна, гэта праца абавязкова дасць свой вынік на карысць людзям, на карысць будучыні.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Зямля святой любові

Выбар рэдакцыі