Вы тут

Музей «Лес і чалавек» у Мастах адзначае 30 гадоў існавання


І прымае ўдзел у экалагічным гуманітарным праекце «Экастрым «Карысны адпачынак»

Збор экспанатаў для музея вёўся больш за пяць гадоў. За гэты час удалося сабраць нямала ўнікальных рэчаў, большая частка якіх — на тэму лесу. Сёлета дзейнасць музея значна пашырылася. Новы кірунак работы звязаны з экалагічным праектам, у ходзе якога будзе праведзена работа па добраўпарадкаванні гарадскога парку культуры і адпачынку, распрацавана экалагічная культурна-адукацыйная праграма «Экалогія. Чалавек. Будучыня» і набыты цікавыя наглядныя матэрыялы для правядзення экалагічных акцый і мерапрыемстваў.


Горад Масты бярэ свой пачатак ад пасёлка Фабрычны, дзе ў 30-я гады мінулага стагоддзя пачаў працаваць фанерны завод. Драўляныя вырабы складалі аснову быту таго часу. Некаторыя экспанаты трапілі ў музей. Напрыклад, драўляная барана, якая складаецца з некалькіх пераплеценых радоў з драўлянымі «зубамі». Па словах навуковага супрацоўніка музея Марыны Жвірблі, такі від бараны характэрны для Гродзеншчыны. У ліку гаспадарчых прылад — драўляныя жорны, у якіх малолі зерне на муку.

А захоўвалі гэтае зерне і муку ў саламяных кашах. Прычым пляліся яны з сакрэтам. Каб адганяць грызуноў, у салому ўпляталі духмяныя травы. Замест халадзільніка ў сялянскіх хатах былі драўляныя кубелы, дзе трымалі каўбасы, сала, яйкі, а стаялі яны ў скляпах. Звяртае на сябе ўвагу вялікі куфар, распісаны ўзорамі.

— Такі спосаб упрыгожвання куфра быў распаўсюджаны на Гродзеншчыне і называўся фарбаванне ці цацкаванне, — расказала Марына Жвірбля. — Бралі звычайную бульбу, у цэнтры вырэзвалі кветачку альбо лісцікі, макалі гэтую бульбачку ў фарбу і наносілі на куфар. У ім захоўвалі ўсё: дываны, посцілкі, ручнікі, паясы.

Дарэчы, цікавыя факты тут расказалі пра паясы. Яны былі вельмі важныя ў адзенні як мужчын, так і жанчын. Напрыклад, ніводзін мужчына не выходзіў з хаты, не падпярэзаўшыся поясам: гэта было сорамна. І на вяселлі было прынята адкупляцца паясамі. Таму дзяўчына перад шлюбам павінна была наткаць каля сотні такіх паясоў. Калі прыходзіла ў хату да маладога, усе паясы замяняла на свае. У музеі можна ўбачыць мастоўскі строй, адзенне, у якім хадзілі месцічы.

У другой зале сабраны экспанаты аб прыродзе. Самыя ўнікальныя — пчаліны вулей, чучалы звяроў і птушак, калецыі насякомых.

Прывабліваюць наведвальнікаў маляўнічыя дыярамы. Нямала звестак у музеі пра Ліпічанскую пушчу, якая знаходзіцца на тэрыторыі Мастоўскага і яшчэ двух суседніх раёнаў. У гэтай зале акрамя тэматычных экскурсій праводзяцца экалагічныя анімацыйныя мерапрыемствы, у тым ліку ў рамках праекта «Экастрым «Карысны адпачынак».

Гэта першы вопыт удзелу музея ў гуманітарным праекце.

— У рамках праекта мы плануем добраўпарадкаваць парк, які знаходзіцца побач з унікальным падвясным мостам. Ужо было пасаджана 75 саджанцаў сасны і 10 кедраў. Прайшла акцыя па ачыстцы тэрыторыі гарадскога парку «Чысты парк». Тут будзе ўсталявана альтанка — месца для правядзення экалагічных заняткаў і адпачынку жыхароў нашага горада, — паведаміла дырэктар музея Наталля Пуцілоўская.

— Галоўнай мэтай праекта з'яўляецца далучэнне жыхароў горада да рэалізацыі праекта і работа ў тандэме з грамадзянскімі арганізацыямі. Падчас праекта, які будзе доўжыцца да кастрычніка, пройдзе шэраг цікавых мерапрыемстваў і акцый, якія ладзіць музей сумесна з сектарам культуры Мастоўскага райвыканкама. Гэта і анімацыйныя праграмы, і музейна-педагагічныя заняткі з элементамі тэатралізацыі, і тэматычныя экскурсіі. Некаторыя ўжо адбыліся, напрыклад, свята «Гуканне вясны. Саракі». Карыснай стала праграма круглага стала з прадстаўнікамі ўсіх службаў і ведамстваў для дакладнага абмеркавання асноўных пытанняў рэалізацыі праекта. Напрыканцы праекта будзе ладзіцца заключнае свята — экафэст «У гармоніі з прыродай», дзе збяруцца ўсе ўдзельнікі праекта і жыхары горада, каб падзяліцца ўражаннямі і адпачыць у маляўнічым куточку.

Для правядзення мерапрыемстваў плануецца закупіць сталы і крэслы, а таксама экалагічныя гульні. А яшчэ ў музеі з'явіцца мурашыная ферма і вермікампосцер.

— Ёсць спецыяльныя фермы — фармікарыі, — дзе разводзяць мурашак. Можна ў разрэзе паглядзець, як яны жывуць, нават пад лупай паназіраць за паводзінамі мурашынай сям' і асобных членаў. Дзецям гэта будзе цікава. Потым зможам параўнаць іх жыццё ў прыродзе, — расказала дырэктар музея.

Наведвальнікі музея змогуць даведацца, што такое вермікампосцер. Гэта ёмістасць, дзе біяадходы, напрыклад, лупіны яблык ці бананаў, папера будуць перапрацоўвацца ў арганічнае ўгнаенне дажджавымі чарвякамі. Плануецца стварэнне фларарыумаў, якія дапамогуць наведвальнікам навучыцца высаджваць комплексы раслін з ужываннем біягумусу. Яны змогуць убачыць на практыцы, як арганіка паляпшае структуру глебы і ўплывае на рост раслін.

На закупку абсталявання і правядзенне экалагічных мерапрыемстваў плануецца скарыстаць 4,7 тысячы долараў ЗША, выдзеленыя Еўрапейскай асацыяцыяй мясцовай дэмакратыі ALDA. Будзе набыты тэлевізар для прагляду экалагічных відэаролікаў, спецыяльныя стэнды для перасоўных выставак, у тым ліку фотавыставак, а таксама фотаапарат. У музеі мяркуюць, што праект дазволіць выйсці на новы ўзровень дзейнасці, аб'яднае жыхароў горада ў рашэнні экалагічных праблем і павысіць экалагічную культуру насельніцтва.

Маргарыта Ушкевіч, фота аўтара

Загаловак у газеце: У музеі з водарам лесу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.