Вы тут

Як у Мастах працуе буйны аздараўленчы цэнтр, якога чакалі сем гадоў?


Амаль два гады таму пачаў дзейнічаць капітальна адрамантаваны басейн у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры «Прынёманскі». Аб'ект меў розных уласнікаў, але доўгі час пуставаў з-за аварыйнага стану. А сродкаў на рамонт не хапала. Але мастаўчане не здымалі гэтае пытанне з парадку дня. Пэўныя намаганні прынеслі плён: сацыяльны праект падтрымалі абласныя ўлады. Рэканструкцыя дазволіла поўнасцю аднавіць басейн. І цяпер яго можна лічыць сапраўднай візітоўкай горада.


Дырэктар Дзмітрый Боцька праводзіць экскурсію па цэнтры. Увогуле, галоўная асаблівасць аб'екта — гэта водныя працэдуры. І яны тут даволі разнастайныя. Найперш праходзім комплекс з асобным міні-басейнам, які разлічаны на шэсць-восем чалавек. Менавіта такія групы часцей за ўсё прыходзяць па водныя працэдуры. Гэта што датычыцца арганізаванага адпачынку. Многія прыязджаюць з найбліжэйшых населеных пунктаў, напрыклад, са Скідзеля. Але больш за ўсё мясцовых. Напрыклад, прадпрыемства «Мастоўдрэў» закупляе абанементы для сваіх работнікаў.

У так званым малым басейне займаецца група малодшых школьнікаў. Зараз у іх урок фізічнай падрыхтоўкі па тэме «Плаванне». Такія заняткі арганізаваны для школ з усяго раёна. На адзін клас — гадзіна. Тут вучаць дзяцей плаваць, школьнікі здаюць нарматывы, праводзяць спаборніцтвы. Раней такой магчымасці ў Мастах не было. Старэйшыя вучні могуць наведваць вялікі басейн для дарослых з чатырма дарожкамі, даўжыня якіх 25 метраў. Прапускная здольнасць басейна — 50 чалавек у гадзіну.

— У спартыўным комплексе ёсць інструктары, якія вучаць дзяцей і дарослых плаванню, правільнаму дыханню і бяспечным паводзінам на вадзе. Распрацаваны цэлы комплекс паслуг з воднай аэробікай, уведзена скідачная сістэма для людзей пенсійнага ўзросту і пачынаючых спартсменаў, — каментуе Дзмітрый.

Часу для аздараўлення дастаткова: басейн працуе да 21 гадзіны. І самае галоўнае — тут зусім не чуваць паху хлору, а чыстая блакітная вада так і цягне акунуцца. Чысцінёй вады, дарэчы, нават спецыялісты па абслугоўванні абсталявання былі здзіўлены. Дырэктар такі феномен тлумачыць новымі фільтрамі і ўсёй сістэмай водападрыхтоўкі і ачысткі, хоць басейн прыйшлося падымаць амаль што з нуля. На капітальны рамонт было выдаткавана амаль чатыры мільёны рублёў. Мадэрнізацыя атрымалася сапраўды маштабнай. У выніку 40-гадовы аб'ект атрымаў новае сучаснае аблічча. Да новага комплексу праяўляе інтарэс і бізнес. Тут у хуткім часе плануецца адкрыць дзіцячае кафэ і цырульню.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Алены ДАЎЖАНОК

Загаловак у газеце: Блакітны колер здароўя

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.