Вы тут

Старшыня Мастоўскага райвыканкама: Трэба больш увагі ўдзяляць развіццю малых гарадоў


Старшыня Мастоўскага райвыканкама Юрый Валяваты расказаў аб перспектывах раёна і яго болевых кропках.


Фактар позняй вясны

Па словах кіраўніка раёна, больш чым за 20 гадоў працоўнай дзейнасці ён не сутыкаўся з такой складанай зімоўкай. Амаль тысячу гектараў азімых зерневых прыйшлося перасейваць. Снег лёг не на мёрзлую глебу, таму працэсы вегетацыі не спыняліся, і расліны выйшлі з зімоўкі аслабленыя. А калі сышоў снег, яшчэ дадаліся маразы, што пагоршыла сітуацыю з пасевамі.

Для аграрыяў фактар позняй вясны, як сёлета, не вельмі спрыяльны. Прыйшлося вар'іраваць паміж неабходнымі агратэхнічнымі тэрмінамі і надвор'ем. Разам з тым раён зладжана праводзіць пасяўную кампанію. Пытанні, якія неабходна было вырашыць, зняты з боку дзяржавы, абласной улады.

Здароўе людзей — галоўнае

Пандэмія ўнесла пэўныя карэктывы ў жыццё раёна, у тым ліку ў эканоміку. З пачатку пандэміі на падтрыманне медыцыны выдаткавана з раённага бюджэту звыш чатырох мільёнаў рублёў.

— Раён гатовы ўкладваць сродкі ў здароўе нашых людзей. Але варта і людзям быць уважлівымі, берагчы здароўе сваё і блізкіх, — заўважыў старшыня райвыканкама. — Як паказвае жыццё, нельга недаацэньваць сур'ёзнасць гэтай глабальнай сітуацыі. Мы вучымся жыць у новых умовах, даражыць людзьмі, асабліва гэта датычыцца нашых медыкаў, медыцынскай службы раёна. Яны заслугоўваюць шчырай падзякі.

Чым прывабіць турыстаў

Прырода — адзін з самых унікальных складнікаў Мастоўскага раёна. Тут знаходзіцца маляўнічая Ліпічанская пушча, дзе можна ўбачыць шмат цікавага. Нядаўна тут выяўлена гнездаванне адной з рэдкіх птушак — арлана-белахвоста. У пушчы можна ўбачыць чорнага бусла і іншых рэдкіх птушак і жывёл, прайсціся па дубраве з 300-гадовымі дрэвамі. Вядома, такі прыродны патэнцыял раён скарыстоўвае для прыцягнення турыстаў.

— Гэты кірунак развіваецца. Робім стаўку на экалагічны турызм на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы. Папулярны водны турызм. Сёння да нас імкнуцца на раку Шчару, дзе сплаўляюцца на байдарках, — зазначае Юрый Мікалаевіч. — Вось толькі крыўдна, што наш раён выпаў з ліку бязвізавых раёнаў, хоць навокал усе бязвізавыя. І ў нас нямала гарадоў-пабрацімаў за мяжой, з якімі, я спадзяюся, мы будзем працягваць супрацоўнічаць. Хоць цяпер робім акцэнт на ўнутраны турызм.

Адным з фактараў прыцягнення можа стаць паляўнічая гаспадарка «Белая сцежка». Раён папулярызуе свае магчымасці, наладжвае сувязі з іншымі рэгіёнамі. Сапраўды, дзе яшчэ ў Беларусі можна ўбачыць пешы падвесны мост? Толькі ў Мастах. Гэты рукатворны цуд праз Нёман быў пабудаваны амаль паўвека таму. Сёння яго можна лічыць візітоўкай горада.

Каб не было адтоку...

Масты адносяцца да катэгорыі малых гарадоў: тут пражывае 15 тысяч чалавек. Хоць горад і невялікі, уся неабходная інфраструктура ёсць. Працуе горадаўтваральнае прадпрыемства «Мастоўдрэў». Разам з гэтым, упэўнены старшыня райвыканкама, малыя гарады патрабуюць і пэўных прэферэнцый.

— Як правіла, значныя сродкі і інвестпраграмы акумулююцца ў вялікіх гарадах, туды больш ахвотна ідуць інвестары. Але і ў нас нямала пытанняў, якія трэба вырашаць. Гэта і рамонты дамоў, рэканструкцыя прыдамавых тэрыторый, цеплатрас, водаправодаў, дарожнай інфраструктуры. Таму лічу, што праграме малых гарадоў павінна ўдзяляцца больш увагі. Інакш адток з малых гарадоў і населеных пунктаў будзе працягвацца, і гэта значны мінус для іх далейшага развіцця.

Як правіла, выязджаюць маладыя кадры, якія шукаюць больш разнастайны спектр паслуг, месцаў адпачынку. Хоць і ў Мастах ёсць добрыя ўмовы. Тут працуюць кафэ, ёсць піцэрыя, адноўлены басейн, дзе таксама маецца цэлы комплекс паслуг. Зараз раённыя ўлады ставяць задачу зрабіць новы стадыён. З рэспубліканскага бюджэту выдзяляецца мільён рублёў для пакрыцця стадыёна.

Будзе лесапільны цэх

Гэта што датычыцца інвестпраекта. Як вядома, згодна са стратэгіяй развіцця рэгіёнаў, ёсць мэта ў кожным раёне развіваць адзін-два буйныя інвестпраекты. У Мастах гэта будаўніцтва новага лесапільнага цэха на прадпрыемстве «Мастоўдрэў». Аб'ём інвестыцыі складае звыш 70 мільёнаў рублёў. Гэта даволі сур'ёзны праект, па сутнасці, новы завод на пляцоўцы буйнога прадпрыемства. Ёсць іншыя перспектыўныя праекты, якія старшыня райвыканкама плануе агучыць пры ўзгадненні праекта.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Трэба больш увагі ўдзяляць развіццю малых гарадоў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».