Вы тут

Як змагацца з несанкцыянаванай рэкламай на дошках аб'яў


Сацыяльны праект «Стэнд Беларусі», ініцыяваны індывідуальнымі прадпрымальнікамі Дзмітрыем і Святланай ЛАБКОВІЧАМІ ў 2017-м, першапачаткова быў скіраваны на рашэнне праблем несанкцыянаванай рэкламы. Яго мэтай была распрацоўка якасна новых дошак аб'яў для пад'ездаў дамоў. У канцы 2020 года ідэю адобрылі ў якасці інавацыйнага праекта для рэалізацыі ў таварыстве «Мінскі гарадскі тэхнапарк». Якім чынам дошка аб'яў спалучылася з інавацыямі, расказалі аўтары праекта.


Сацыяльная, выхаваўчая, камерцыйная...

Любое пачынанне, якія б мэты яно ні мела, павінна быць эканамічна абгрунтаваным, інакш энтузіязм з часам абясцэніцца пад цяжарам абставін. Перш за ўсё тут трэба ўспомніць пра выдаткі жыллёва-камунальных службаў на прыборку пад'ездаў. Пры аказанні дадзенай паслугі не абысціся без ручной кваліфікаванай працы, аднак чалавечы фактар часам бывае непрадказальны і патрабуе пастаяннай увагі як з боку кіраўнікоў прадпрыемстваў, так і з боку спажыўцоў. Укласціся ў нарматывы затрат і рэгламент часу і пры гэтым яшчэ забяспечыць належную якасць здольныя далёка не паўсюль. Тут паспець хоць бы лесвічныя пралёты падмесці ды памыць. А калі па пад'ездзе яшчэ «гуляе» маркетынгавае смецце ў выглядзе буклетаў, а дзверы ды сцены заклееныя папяровымі аб'явамі беспардонных рэкламшчыкаў, дзе ж тут усё паспееш...

Рашэнне праблемы аказалася ў літаральным сэнсе на паверхні... дошкі аб'яў, макет якой і прапанавалі індывідуальныя прадпрымальнікі. Плошчу, прызначаную пад рэкламу, падзялілі на тры часткі: для сацыяльнай рэкламы, для інфармацыйна-выхаваўчых матэрыялаў, для камерцыйных прапаноў.

Такім чынам праект аб'яднаў інтарэсы самых розных партнёраў. Дабрачынныя арганізацыі займелі яшчэ адну пляцоўку для прасоўвання ідэі бязвыплатнай дапамогі. Распаўсюджвальнікі рэкламы атрымалі магчымасць накіраваць сваю дзейнасць у цывілізаванае рэчышча. Камунальнікі змаглі нарэшце заняцца сваімі прамымі абавязкамі і не адцягваць сілы ад прыборкі на адскрабанне са сцен і дзвярэй рэкламнага папяровага смецця.

Пры заключэнні дагавора прадпрымальнікі абавязваюцца пастаянна абнаўляць інфармацыю на дошках і пры неабходнасці прыводзіць сапсаваныя паверхні ў належны стан. А камунальнікі такім чынам атрымліваюць дадатковую лінію інфармавання насельніцтва.

— Першапачаткова мы планавалі сваю дзейнасць на прынцыпах супрацоўніцтва з кіруючымі кампаніямі ЖКГ. А пачалося ўсё з вывучэння кітайскага вопыту, дзе з несанкцыянаванай рэкламай змагаліся вельмі лёгка. Нумар тэлефона з аб'явы, якая была размешчана з парушэннем правілаў, перадаваўся ў дыспетчарскую, а потым на яго кожныя пяць хвілін рабілі аўтадазвон — абаненту тлумачыліся нормы заканадаўства і адказнасць за іх ігнараванне, — расказаў Дзмітрый Лабковіч. — Мы падумалі, што і ў нашай краіне рэкламны бізнес можа быць больш культурны, для чаго неабходна распрацаваць нейкія адзіныя прынцыпы. Сёлета ўступілі ў сілу артыкулы Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях рэкламы», адпаведна з якімі, напрыклад, дастаўка лістовак у паштовыя скрыні будзе забаронена без згоды ўласніка. Атрымліваецца, што праект «Стэнд Беларусі» дае магчымасць распаўсюджвальнікам рэкламы весці сваю дзейнасць у межах закона. Гэта ўжо не кропкавая ініцыятыва, а цэлы комплекс эфектыўных рашэнняў, якія фарміруюць цывілізаваныя правілы рэкламнага рынку. Пры гэтым многія буйныя кампаніі ўжо сталі працаваць з намі на апярэджанне — такі від распаўсюджвання рэкламы эканоміць іх сродкі і не выклікае агрэсіі з боку ўласнікаў (яны проста забіраюць буклеты, якія іх цікавяць, з боксаў на нашых стэндах).

Відэаназіранне, навучанне, інфарміраванасць

Камерцыйны складнік праекта — у атрыманні платы за рэкламныя прапановы, якія размяшчаюцца ў трэцяй частцы дошкі аб'яў. За гэтыя сродкі «Стэнд Беларусі» існуе і распаўсюджваецца па краіне, аднак галоўная мэта — не толькі тыражыраванне ідэі. Каб змагацца з несанкцыянаванай рэкламай, недастаткова проста прыбраць сляды расклееных аб'яў і паспадзявацца на абуджэнне грамадзянскай свядомасці ў іх распаўсюджвальнікаў. Патрэбна стварыць прынцыпова новы канал атрымання інфармацыі, прычым не толькі рэкламнага характару. Трэба сфарміраваць дакладныя «правілы гульні» і стварыць сістэму кантролю за іх выкананнем. А задача такога маштабу вырашаецца ўжо не на дошцы аб'яў.

Далейшае развіццё праекта яго аўтары бачаць у стварэнні мабільных дадаткаў і праграмнага комплексу, якія дазволяць жыхарам браць актыўны ўдзел у жыцці дома і кантраляваць тое, што ў ім адбываецца. Таксама бачыцца магчымасць устанаўліваць камеры відэаназірання з функцыяй фіксацыі правапарушэнняў, а яшчэ распрацаваць і стварыць гульнявую мабільную прыладу, накіраваную на навучанне насельніцтва ў розных сферах. Праз такую платформу людзі змогуць, напрыклад, вучыцца правільна сарціраваць смецце і атрымліваць за гэта прыемныя бонусы (прома-коды і купоны на зніжкі ад буйных гандлёвых сетак). Пра перспектывы і эфектыўнасць падобных прапаноў можна ўскосна меркаваць па храналогіі падзей, якія адбыліся пасля стварэння кампаніі «Рэмага» (рэклама малых гарадоў).

У ліпені 2018-га Дзмітрый Лабковіч звярнуўся ў Міністэрства ЖКГ з прапановай вывучыць карыснасць праекта. Пасля з'явіўся шэраг артыкулаў у СМІ пра згаданую ініцыятыву. Сацыяльна-рэкламны праект «Стэнд Беларусі» прызнаны пераможцам конкурсу «Найлепшыя тавары (паслугі) Рэспублікі Беларусь — 2018» у трох намінацыях: «Паслугі насельніцтву», «Навінка года» і «Найлепшы ў рэгіёне». А ў маі 2019-га праект стаў паўфіналістам рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў Socіal Weekend.

Летась камісія адкрытага конкурснага адбору і ведамаснай навукова-тэхнічнай экспертызы пры Мінскім аблвыканкаме падтрымала бізнес-план інавацыйнага праекта «Фарміраванне інавацыйнай сэрвіснай сістэмы інфармацыйнага абслугоўвання насельніцтва і супрацьдзеяння распаўсюджванню несанкцыянаванай рэкламнай прадукцыі з прымяненнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій» з тэрмінамі рэалізацыі 2020—2025 гады.

Пасля гэтага кампанія «Рэмага» атрымала статус рэзідэнта тэхнапарка «ІнКата», а ў снежні 2020-га — сертыфікат-запрашэнне «Найлепшы інавацыйны праект для рэалізацыі ў ТАА «Мінскі гарадскі тэхнапарк». Карацей, у яго развіцці зацікаўлены ўсе.

Дамафоны і газоны пад наглядам і з падтрымкай дзяржавы

Датычна сферы ЖКГ, акрамя вырашэння праблемы несанкцыянаванай рэкламы, закрываецца таксама і пытанне захаванасці агульнай маёмасці ў жыллі. Пад відэакамерамі псаванне дамафонаў, падпальванне паштовых скрыняў, паркаванне на газоне і іншыя супрацьпраўныя дзеянні не застануцца без пакарання.

Укараненне мабільных дадаткаў дазволіць аператыўна даводзіць да жыхароў любую інфармацыю, ды і самі ўласнікі змогуць дзяліцца паміж сабой меркаваннямі і вопытам вырашэння праблем. Магчыма, такі канал нават дапаможа зменшыць нагрузку на службу «115», куды часам звоняць, проста каб выплюхнуць эмоцыі, разважае Дзмітрый Лабковіч.

Сёння рэалізацыю праекта «Стэнд Беларусі» падтрымала больш як 50 райвыканкамаў, што сведчыць пра рост яго папулярнасці, аднак аднаго энтузіязму для далейшага развіцця ўжо недастаткова.

— Ідэя перспектыўная толькі пры падтрымцы з боку органаў дзяржкіравання, — лічыць стваральнік праекта. — Размяшчаць інавацыйныя канструкцыі неабходна па паведамляльным прынцыпе і бязвыплатна. Спагнанне арэнднай платы робіць праект стратным. Чым большы будзе ахоп гарадоў, тым вышэйшы будзе эфект ад прапанаваных мерапрыемстваў. Дагэтуль мы развівалі ідэю за кошт атрыманага прыбытку, аднак на наступным этапе, пры ўкраненні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, не абысціся без інвестыцый. Неабходна 400 тысяч долараў, якія акупяцца ўсяго за 2,5 года.

Да 2025 года ў краіне можа з'явіцца 25 тысяч новых крыніц дзяржаўнага інфармавання і 95 новых рабочых месцаў, у тым ліку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Акупляльнасць разлічвалася зыходзячы з меркаванага паступлення падаткаў у бюджэт, аднак сапраўдны эканамічны эфект цяжка падлічыць нават спецыялістам.

Просты прыклад — пафарбоўка дзвярэй. На першы погляд, яна здаецца недарагім мерапрыемствам, якое амаль незаўважнае ў доўгім спісе работ па тэхабслугоўванні. Супрацоўнікі кампаніі «Рэмага» дэталёва прааналізавалі дадзены артыкул расходаў у межах усёй краіны. У кожным раёне Беларусі ў сярэднім 606 пад'ездаў. Калі зыходзіць з таго, што плошча дзвярэй — 3 м2, то штогод пафарбаваць трэба каля 215 тысяч м2 паверхні. Гэта памер прыкладна 60 футбольных палёў. Аднак насамрэч фарбаваць прыходзіцца часцей. Дадайце сюды пафарбоўку сапсаваных аб'явамі сцен пад'ездаў, прыпынкаў грамадскага транспарту, апор асвятлення. У суме толькі на фарбаванне ў цэлым па краіне траціцца каля 850 тысяч рублёў.

Пры гэтым тыя, хто сапсаваў паверхні, застаюцца непакараныя. У кампаніі падлічылі і прыкладную шкоду. У сярэднім у кожным горадзе здзяйсняецца 10—15 правапарушэнняў па адміністрацыйным артыкуле 21.14, згодна з якім для юрыдычных асоб прадугледжана пакаранне да 100 базавых велічынь, а для фізічных — да 50. Такім чынам, нерэалізаваны даход у бюджэт складае тры мільёны рублёў, і гэта без уліку сталіцы і абласных цэнтраў.

Цяпер шмат гаворыцца пра выхаванне ў спажыўца пачуцця ўласнасці, аднак яно складваецца ў тым ліку і з умення лічыць грошы, упэўнены Дзмітрый Лабковіч. І ў гэтым дзяржаўныя органы могуць паказаць добры прыклад.

Вікторыя БЕЛАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Маркетынгавае смецце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.