Вы тут

Як выхоўваюць у сталічнай інспекцыі па справах непаўналетніх


Падлеткаў, якія хуліганілі на чыгунцы, у выхаваўчых мэтах запрасілі ў музей лакаматыўнага дэпо Мінск. Там маладыя людзі паслухалі і паглядзелі, якой няпростай з'яўляецца работа на стальной магістралі, колькі людзей насамрэч працуюць, каб цягнік без перашкод трапіў з аднаго пункта ў другі, а таксама ўпэўніліся, як часам няпроста папярэдзіць аварыі, і, магчыма, самі захацелі ў будучыні паспрабаваць сябе ў ролі машыністаў.


У сакавіку гэтага года некалькі падлеткаў побач з прыпыначным пунктам Масюкоўшчына ў сталіцы паклалі на чыгуначныя пуці аўтамабільныя шыны. Як пасля тлумачылі — паглядзець, як з такой перашкодай справіцца цягнік. У выніку машыніст цягніка міжрэгіянальных ліній № 668 «Гродна — Мінск» вымушаны быў прымяніць экстраннае тармажэнне, каб папярэдзіць наезд на перашкоду. На шчасце, у здарэнні ніхто не пацярпеў, падлеткаў жа хутка знайшла міліцыя.

Паколькі ўзрост крымінальнай адказнасці ў іх яшчэ не надышоў (а за злачынствы супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, да якіх і адносяцца такія «жарты», у Крымінальным кодэксе маецца некалькі артыкулаў), падлеткаў будуць выхоўваць іншымі метадамі. Паглядзець на свае вочы няпростую працу машыністаў — адзін з такіх.

— У канцы красавіка Мінскім аддзелам унутраных спраў на транспарце праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Бяспека». Яно накіравана на папярэджанне фактаў траўміравання грамадзян і гібелі на аб'ектах чыгуначнага транспарту, а таксама ДТЗ на чыгуначных пераездах. У межах гэтага мерапрыемства нашы супрацоўнікі арганізавалі экскурсію дзяцей і падлеткаў са школ Фрунзенскага раёна ў музей Лакаматыўнага дэпо Мінск, — расказвае інспектар прафілактыкі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце Кацярына Федарэнчык.

Старшыня савета ветэранаў лакаматыўнага дэпо Мінск Яўгенія Лапіцкая, якая правяла экскурсію, нагадала, што хутка Беларуская чыгунка адзначыць сваё 160-годдзе (упершыню чыгуначныя зносіны на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі адкрыты ў снежні 1862 года на ўчастку Парэчча — Гродна Санкт-Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі), а сталічнае лакаматыўнае дэпо — 150-годдзе. Да Мінска ўчастак Маскоўска-Брэсцкай чыгункі быў пабудаваны ў рэкордна кароткія тэрміны — за 1,5 года, але ў вельмі цяжкіх, калі не сказаць нечалавечых, умовах. У сталічным лакаматыўным дэпо працавала ў розныя часы 119 ганаровых чыгуначнікаў, а гэта самая высокая ўзнагарода.

Цікава, што ў гады Айчыннай вайны машыністамі працавалі і жанчыны. У музеі захоўваюцца рэчы адной з іх: яе цягнік ні разу не быў разбомблены. Яна працавала разам з мужам, а ў кабіне сям'я вазіла чатырохгадовага сына. Пасля, дарэчы, ён стаў вядомым хірургам і працаваў у адной са сталічных бальніц. Цяпер машыністамі і памочнікамі машыніста жанчыны стаць не могуць: гэтыя прафесіі адносяцца да мужчынскіх.

Падлеткаў зацікавіў куток дома машыніста. Трэба сказаць, што жылі чыгуначнікі побач з магістраллю — будавалі сваё жыллё за 500 метраў. Але заўсёды іх работа добра аплачвалася. Таму менавіта ў чыгуначнікаў з'яўляліся першыя патэфоны, тэлевізары, прыёмнікі.

Нямала ў гісторыі Беларускай чыгункі і гераічных старонак. Вядома, што многія з іх звязаны з Вялікай Айчыннай. У тым ліку за дыверсіі і ўдзел у рэйкавай вайне, дзе сваю ролю сыгралі і чыгуначнікі, наша сталіца пасля стала горадам-героем. Але хапала гераізму і ў мірныя дні. У 1967 годзе машыніст лакаматыўнага дэпо Мінск Уладзімір Яцкевіч цаной уласнага жыцця папярэдзіў гібель соцень пасажыраў цягніка № 187 «Чайка», які накіроўваўся з Мінска ў Талін. Перад станцыяй Залессе, недалёка ад Маладзечна, ад грузавога цягніка, які ішоў наперадзе, адчапіліся некалькі вагонаў. Заўважыла гэта толькі лакаматыўная брыгада пасажырскага цягніка. Каб знізіць хуткасць, машыніст націскаў на кнопку пясочніцы і сыпаў пясок на рэйкі, адваёўваючы літаральна кожны метр паміж сваім цягніком і адчэпленымі вагонамі. Ён змог знізіць хуткасць амаль на 70 км, утрымаўшы цягнік на рэйках. Але сутыкнення, у выніку якога сам Уладзімір Яцкевіч загінуў, пазбегнуць не ўдалося. З той пары на Беларускай чыгунцы самая прэстыжная прэмія за дасягненні ў галіне бяспеку руху носіць яго імя.

Напрыканцы экскурсіі Яўгенія Лапіцкая яшчэ раз нагадала падлеткам правілы бяспечных паводзін на чыгунцы і расказала, як можна стаць машыністам. А таксама запрасіла паўдзельнічаць у квэсце з пытаннямі па гісторыі Беларускай чыгункі.

А «цяжкіх» падлеткаў чакае яшчэ шэраг мерапрыемстваў.

— З 1 мая ў нас пачнецца акцыя «Клопат», падчас якой мы максімальна зоймем падлеткаў. Сумесна з рознымі суб'ектамі прафілактыкі правядзём шэраг мерапрыемстваў: ад паездкі ў кіналагічны цэнтр МНС да экскурсіі на фабрыку «Камунарка». Хутка наступіць лета, і кантроль з боку інспекцыі па справах непаўналетніх будзе ўзмоцнены, — кажа ўчастковы інспектар па справах непаўналетніх Фрунзенскага РУУС Вікторыя Рудая.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: «Цяжкіх» падлеткаў — у музей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».