Харкаў — з тых літаратурных старонак Украіны, што ў значнай ступені фарміравалі нацыянальную культуру, нацыянальны мастацкі свет на працягу многіх часін. Возьмем, да прыкладу, дваццатыя гады дваццатага стагоддзя…
Тады проста плеяда ўкраінскіх і рускіх пісьменнікаў выйшла ў шырокі свет менавіта з Харкава. А ўвогуле з старажытным горадам, горадам універсітэтаў і музеяў (пяты ў Расійскай імперыі ўніверсітэт заснаваны менавіта тут — у 1805 годзе; а ВНУ ў горадзе на сённяшні дзень — 45! Музеяў жа ў Харкаве — 16, а бібліятэк — ажно 80! Не кожная сталіца з краін постсавецкай прасторы дацягнецца да такога асветніцкага ўзроўню!) так ці інакш звязаны Велямір Хлебнікаў, Мікалай Асееў, Сяргей Ясенін, Анатоль Марыенгоф, Барыс Слуцкі, Барыс Чычабабін, Паўло Тычына, Уладзімір Сасюра, Васіль Элан-Блакітны, Астап Вішня, Васіль Місік, Вадзім Левін, Іван Бунін, Вадзім Сабко... Пералік можна доўжыць. І, канешне ж, так ці іначай з Харкавам звязаны і беларускія пісьменнікі.
Горад пакінуў свой след у жыцці народнага песняра Беларусі Янкі Купалы. Зазірнём у персанальную энцыклапедыю «Янка Купала»: «(Купала) быў у Харкаве ў кастрычніку 1932 года, калі ездзіў у Запарожжа на адкрыццё Днепрагэса...» Тады наш славуты суайчыннік наведаў у Харкаве трактарны завод і Літаратурны інстытут імя Т. Р. Шаўчэнкі. Яшчэ раз у Харкаве Купала быў у 1935 годзе. Тады на адкрыцці помніка Вялікаму Кабзару Купала прачытаў свой верш «Памяці Шаўчэнкі». Пра тую паездку народны песняр Беларусі расказаў 1 красавіка ў артыкуле на старонках «Звязда». Праездам з Каўказа Янка Купала ў 1938 годзе спыняўся ў Харкаве, сустракаўся з украінскімі калегамі-літаратарамі.
Калі згадваць імёны іншых літаратараў, то нельга абысці ўвагай той факт, што ў 1943 годзе ў вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў горадзе працавала бібліятэкарам беларускі празаік Алена Васілевіч (нарадзілася ў вёсцы Ліпнікі Слуцкага раёна). А паэта, празаіка, удзельніка беларускага літаратурнага жыцця ў Латвіі Віктара Вальтара (1902 — 1931) з Харкавам пазнаёміла іншая вайна — Першая сусветная. Тады ва Украіне будучы літаратар знаходзіўся ў далёкім ад Беларусі горадзе разам з бацькамі — у бежанстве.
Ураджэнец Барысава празаік Васіль Гігевіч (нарадзіўся на Барысаўшчыне, у вёсцы Жыцькава, у 1947 годзе) паступіў на фізічны факультэт Харкаўскага ўніверсітэта пасля Жыцькаўскай дзесяцігодкі. І было гэта ў 1964 годзе. Праўда, ужо з першых гадоў вучобы маладога чалавека цягнула да літаратуры, журналістыкі. Васіль закончыў факультэт грамадскіх навук па спецыяльнасці журналістыка. Першае апавяданне Васіль Гігевіч надрукаваў у часопісе «Полымя» ў 1972 годзе — «Калодзеж». Але тады малады літаратар ужо жыў і працаваў у роднай старонцы. Васіль Гігевіч — аўтар кніг «Спелыя яблыкі», «Калі ласка, скажы», «Астравы на далёкіх азёрах», «Доказ ад процілеглага», «Мелодыі забытых песень», «Карабель», «Марсіянскае падарожжа» і інш. Проза нашага земляка перакладалася і на ўкраінскую мову.
У Харкаве выкладаў гісторыю беларускі вучоны, этнограф, фалькларыст, літаратуразнавец Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867 — 1934). І было гэта ў 1920-1922 гады.
Болей эпізадычнымі з’яўляюцца стасункі з Харкавам у беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі (1900 — 1976). Наш суайчыннік, які нарадзіўся на Віцебшчыне, у Пастаўскім раёне, прыязджаў у Харкаў на Шаўчэнкаўскае свята ў 1924 годзе. Між іншым, у розныя гады Уладзімір Дубоўка праяўляў цікавасць да ўкраінскай літаратуры. У 1926 годзе ў Мінску выйшла перакладзеная ім п’еса ўкраінскага драматурга І. Мыслінскага «Общепонятная» мова«. У. Дубоўка звяртаўся да перакладаў паэзіі Паўло Тычыны, Максіма Рыльскага, Уладзіміра Сасюры. І самога Уладзіміра Дубоўку вельмі шмат перакладалі на ўкраінскую мову — у 1974 годзе ў Кіеве выйшла яго кніга «Як сінячок да сонца лятае», а ў 1977 — аповесць «Як Алік у тайзе заблукаў». Сярод украінскіх перакладчыкаў Уладзіміра Дубоўкі — Тарас Масэнка, Тамара Каламіец, Уладзімір Лучук, Барыс Сцепанюк і шмат хто яшчэ. Такая пашана дарагога каштуе.
Сёння мала хто памятае старога беларускага літаратара Міхася Дуброўскага (1897 — 1983). Паэт, драматург, перакладчык нарадзіўся на Краснапольшчыне. Памёр у Гродна. Абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў выкладчыкам Гродзенскага педінстытута (сёння — універсітэт). У 1915 — 1916 гг. Міхась Дуброўскі працаваў раз’язным паштальёнам у Харкаве.
Янка Журба — легенда беларускай літаратуры. Паэт, перакладчык. Нарадзіўся на Віцебшчыне, у вёсцы Купніна (цяпер — Чашніцкі раён Віцебскай вобласці). З 1914 года наш зямляк вучыўся на вышэйшых камерцыйных курсах у Харкаве. З-за матэрыяльных цяжкасцяў вучобу давялося спыніць. А яшчэ да 1911 года Янка Журба працаваў настаўнікам у гарадскім вучылішчы ў Канстанцінаградзе (цяпер — Чырванаград) Харкаўскай вобласці). На той час пісьменнік ужо друкаваўся ў «Нашай ніве»... Мо там, у Чырванаградзе (тады — Канстанціградзе) наш зямляк сустракаўся з будучымі ўкраінскімі пісьменнікамі Леанідам Первамайскім, Васілём Шчогалевым, Іванам Сенчанкам..? Тады яшчэ зусім дзеці маглі ж яны недзе перасекчыся з настаўнікам у невялікім павятовым гарадку…
Задоўга да прыезду на Харкаўшчыну Янкі Журбы з Харкавам звязаў свой лёс другі беларускі літаратар — празаік, паэт, драматург Кандрат Лейка (1860 — 1921), які нарадзіўся ў вёсцы Збочна Слонімскага павета Гродзенскай губерні. Яшчэ ў 1884 годзе Кандрат Лейка пераехаў на Харкаўшчыну. Працаваў настаўнікам у Лініўскім і Аснавянскім народных вучылішчах У 1893 годзе выдаў у Харкаве падручнік «Руская азбука». У 1896 годзе быў прызначаны інспектарам Харкаўскага вучылішча сляпых дзяцей. Наш зямляк зарэкамендаваў сябе добрым спецыялістам у навучанні сляпых дзяцей. Друкаваўся з артыкуламі, карэспандэнцыямі ў газетах «Харьковские губернские ведомости», «Южный край». Пачынаючы з 1911 года, К. Лейка друкаваўся і ў «Нашай ніве». А з Харкавам, Харкаўшчынай лёс пісьменніка быў звязаны да 1918 года. Відавочна, што многія мастацкія творы Кандрата Лейкі былі народжаны менавіта ва ўкраінскай жыццёвай прасторы.
Пад Харкавам быў цяжка паранены ў Вялікую Айчынную вайну беларускі празаік Мікола Лупсякоў (1919 — 1972).
«Харкаўская» біяграфія беларускай літаратуры — толькі частка беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязяў. Ды і выкладзеныя згадкі — далёка не поўная карціна. Яшчэ, відаць, з часам будуць дапісаны яе многія старонкі.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек.
Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах.
«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».