Вы тут

Не замоўчваць праблемы


«Прафсаюзныя арганізацыі я разглядаю як супольнасць прафесіяналаў, якія адчуваюць і добра разумеюць, што адбываецца ў кожнай канкрэтнай установе і на кожным канкрэтным рабочым месцы. Наведваючы рэгіёны, сустракаючыся з педагагічным актывам, з прафсаюзнымі актывістамі, мы атрымліваем вельмі важную зваротную сувязь, без якой немагчыма было б выбудоўваць наша ўзаемадзеянне і сацыяльнае партнёрства», — такую думку агучыў міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА падчас свайго выступлення на пленуме Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. У цэнтры ўвагі яго ўдзельнікаў аказаліся сацыяльна-эканамічныя пытанні і задачы (прафесійнае пенсійнае страхаванне педагогаў, забеспячэнне іх жыллём), стратэгічныя напрамкі развіцця сістэмы адукацыі і іншыя.


Фота:  iStock.

Дайсці да кожнага

Як паведаміла старшыня Цэнтральнага камітэта прафсаюза Таццяна ЯКУБОВІЧ, па стане на 1 студзеня 2021 года прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі аб'ядноўваў 594,6 тысячы членаў у 7035 першасных прафсаюзных арганізацыях.

— Нягледзячы на нязначнае зніжэнне колькаснага складу і ахопу прафсаюзным членствам, 2020 год даказаў, што мы можам і далей развівацца як адзін з найбуйнейшых і самых аўтарытэтных прафесійных саюзаў. І гэта павінна стаць першачарговай задачай на 2021 і наступныя гады, — падкрэсліла ў сваім выступленні Таццяна Якубовіч. — У чым мы бачым рэзерв? У шчыльным супрацоўніцтве з сацыяльным партнёрам (Міністэрствам адукацыі) у пытаннях абароны правоў і інтарэсаў работнікаў галіны — членаў прафсаюза, у правядзенні эфектыўнай матывацыйнай работы па ўключэнні ў члены прафсаюза асобных катэгорый навучэнцаў (студэнтаў платнай формы навучання, прыватных устаноў адукацыі), у працягу работы па стварэнні першасных прафсаюзных арганізацый у арганізацыях усіх форм уласнасці. Трэба дайсці да кожнага, растлумачыць і на канкрэтных прыкладах паказаць аўтарытэт і ўплыў як у калектыве, так і ў грамадстве нашай арганізацыі.

Галоўны інструмент, з дапамогай якога прафсаюз дамагаецца ўстанаўлення для работнікаў больш спрыяльных умоў працы ў параўнанні з дзеючым працоўным заканадаўствам і рознага роду дамовамі — гэта калектыўны дагавор.

На 1 студзеня 2021 года ў арганізацыях галіны складзена 6953 калектыўныя дагаворы. З іх заключана ўпершыню — 125, у першасных прафсаюзных арганізацыях, створаных у 2020 годзе, — 121.

«Мы ўдзячныя сацыяльным партнёрам за ўключэнне ў калектыўныя дагаворы нормаў, якія павышаюць абарону працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў работнікаў нашай галіны ў параўнанні з нормамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і пагадненняў больш высокага ўзроўню, — падкрэсліла Таццяна Якубовіч. — Гэта спрыяе сацыяльнай ахове ветэранаў, моладзі і іншых катэгорый работнікаў, аказанню ім матэрыяльнай дапамогі, адначасовых выплат, гарантый занятасці».

У 2020 годзе з заключэннем кантрактаў працавалі 86,2 % работнікаў галіны. Колькасць кантрактаў, заключаных на тры-пяць гадоў, складае 66,5 % ад агульнай колькасці, на адзін год — 20,8 %.

Між іншым, у галіновае Пагадненне паміж прафсаюзам і Міністэрствам адукацыі ўключаны гарантыі для работнікаў перадпенсійнага ўзросту, працуючых жанчын, маладых спецыялістаў, прафсаюзнага актыву, не вызваленага ад асноўнай працы, і іншых катэгорый работнікаў, якія працуюць на ўмовах кантрактнай формы найму.

Невыканальныя ўмовы

Як зазначыла Таццяна Якубовіч, праблемнымі па-ранейшаму застаюцца пытанні прафесійнага пенсійнага страхавання педагагічных работнікаў. Галоўная прычына негатыўных водгукаў — немагчымасць выканання крытэрыяў ацэнкі ўмоў працы, устаноўленых з улікам спецыфікі арганізацыі навучальных працэсаў, і як вынік — адсутнасць права на прафесійнае пенсійнае страхаванне.

Для іх вырашэння патрабуецца перагляд пераліку ўстаноў, арганізацый і пасад, а таксама крытэрыяў ацэнкі ўмоў працы педагагічных работнікаў для мэт прафесійнага пенсійнага страхавання.

Цяпер у пераліку засталіся пасады настаўнікаў, выхавальнікаў, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, настаўнікаў-дэфектолагаў, выкладчыкаў і бацькоў-выхавальнікаў. Выйсці на датэрміновую прафесійную пенсію можна пры ўмове ажыццяўлення педагагічнай дзейнасці ў аб'ёме не менш за 18 гадзін у тыдзень (не менш за 20 гадзін у тыдзень — для настаўнікаў-дэфектолагаў), выканання арганізацыйна-выхаваўчай работы і ажыццяўлення дадатковага кантролю за вучэбнай дзейнасцю вучняў. Зыходзячы са спецыфікі навучальных прадметаў, немагчыма выканаць крытэрый — ажыццяўленне дадатковага кантролю за вучэбнай дзейнасцю вучняў — настаўнікам працоўнага навучання, музыкі і спеваў, фізічнай культуры і здароўя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Службовымі абавязкамі выхавальнікаў школ, школ-інтэрнатаў, настаўнікаў-дэфектолагаў не прадугледжана выкананне арганізацыйна-выхаваўчай работы і ажыццяўленне дадатковага кантролю за вучэбнай дзейнасцю вучняў.

Арэнднае жыллё — не панацэя

Яшчэ адным з праблемных пытанняў у сістэме адукацыі, ад якога ў вялікай ступені залежыць захаванне кадравага патэнцыялу, з'яўляецца забеспячэнне работнікаў галіны жыллём. На пачатак бягучага года на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў знаходзіліся 15 792 работнікі, што складае 7,5 працэнта ад агульнай колькасці педагагічных работнікаў: з іх у гарадах — 13 653 чалавекі, або 86,5 працэнта ад агульнай колькасці тых, хто мае патрэбу, у сельскай мясцовасці — 2139, або 13,5 працэнта.

— Важна адзначыць прынятыя ўрадам меры па першачарговым праве на атрыманне арэнднага жылля педагагічным работнікам (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2020 г. № 339 «Аб грамадзянах, якія маюць першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля»). Аднак, відавочна, што адной з прычын немагчымасці палепшыць жыллёвыя ўмовы (уступіць у долевае будаўніцтва або пабудаваць жыллё ў камерцыйнага забудоўшчыка без прыцягнення льготнага крэдытавання) з'яўляецца невысокі ўзровень заработнай платы педагагічных работнікаў, — падкрэсліла Таццяна Якубовіч. — Больш за тое, малады педагог, маладыя сем'і, ды яшчэ і з маленькімі дзецьмі, не заўсёды ў стане аплачваць у поўнай меры нават арэнднае жыллё.

Напрыклад, штомесячны кошт арэнды дзяржаўнай кватэры агульнай плошчай 40 квадратных метраў складзе 139,2 рубля ў Гродне, Віцебску, Жлобіне, Баранавічах, Пінску; 174,0 рубля — у Брэсце; 185,6 рублёў — у Магілёве і Бабруйску; 232 рублі — у Гомелі; ад 116 да 348 рублёў — у Мінску (у залежнасці ад ступені добраўпарадкавання і месца знаходжання жылога памяшкання). І гэта без аплаты жыллёва-камунальных паслуг. Выдаткі толькі на гэтыя мэты ў сярэднім складуць ад 25 і больш працэнтаў заработнай платы работнікаў адукацыі. Таму для рашэння дадзенага пытання хацелася б вярнуцца да практыкі будаўніцтва жылля.

— Другі год больш чым паўмільённы прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі здае экзамен на давер яго членаў. Паказчык нашай салідарнасці — ва ўзаемадапамозе ў пандэмію, планамернай рабоце супраць спробаў распаліць нянавісць і агрэсію, незаконных і неабгрунтаваных мер, прынятых Еўрасаюзам у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў, супраць сабатажу ў працоўных і студэнцкіх арганізацыях прафсаюза, — падкрэсліла Таццяна Якубовіч. — Апошнім часам узмацняецца інфармацыйны ціск. Вы самі гэта бачыце ў сваёй рабоце, калі любая спрэчная сітуацыя тут жа падхопліваецца і скажаецца, прычым найбольш актыўна гэта адбываецца ў сацыяльных сетках. Таму наша з вамі задача (акрамя супрацоўніцтва з традыцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі) — забяспечыць актыўную прысутнасць прафсаюзаў у сацыяльных сетках, дзяліцца там вопытам працы, не замоўчваць праблемы, якія хвалююць людзей.

Неабходна выкарыстоўваць лічбавыя тэхналогіі, мабільныя прылады і сацсеткі для прапаганды ідэй прафсаюзнага руху, матывацыі прафсаюзнага членства, фарміравання станоўчага іміджу, прыцягнення ўвагі грамадства да праблем адукацыі і развіцця сацыяльнага партнёрства.

Паказаць прыклад

— У 2020 годзе для нашай галіны насамрэч было шмат выпрабаванняў, — пагадзіўся міністр адукацыі Ігар Карпенка ў сваім выступленні перад удзельнікамі пленума. — Мінулай вясной мы яшчэ не ведалі, як будзе развівацца пандэмія. Гучалі прапановы адмовіцца ад цэнтралізаванага тэсціравання і правесці ўступную кампанію па конкурсе атэстатаў. Я тады задаў пытанне: «А хто можа ў такім выпадку гарантаваць справядлівасць запаўнення бюджэтных месцаў?». Сутыкнуліся мы і з неабходнасцю арганізоўваць дыстанцыйнае навучанне ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Для вышэйшай школы гэта не было такой вялікай праблемай, бо там ужо прымяняліся элементы дыстанцыйнага навучання. Таму вялікі дзякуй усім, хто не панікаваў, хто дастойна арганізоўваў работу на кожным рабочым месцы, і мы далі магчымасць нашым вучням годна завяршыць навучальны год, паспяхова правесці прыёмную кампанію і залічэнне. Затое пандэмія падказала нам яшчэ адзін кірунак работы — дапамогу выпускнікам з падрыхтоўкай да ЦТ на бясплатных курсах у школах у прамежак паміж выпускнымі экзаменамі і прыёмнай кампаніяй. Мы цудоўна разумеем, што не кожная сям'я мае магчымасць наймаць рэпетытара, але стварыць роўныя ўмовы для ўсіх школьнікаў мы абавязаны. У гэтым заключаецца гуманістычная місія нашай сістэмы адукацыі.

«Сёння я хачу папрасіць прафсаюз падключыцца да работы па вакцынацыі супраць каранавіруса, — звярнуўся міністр да ўдзельнікаў пленуму. — Гэта вельмі сур'ёзнае пытанне. На жаль, але на тэму вакцынацыі адбываецца вельмі шмат інфармацыйных укідаў. А ў нас раней вакцынацыя і супраць грыпу праходзіла няпроста. Я асабіста ўжо каля дзесяці гадоў прышчапляюся ад грыпу. І цяпер атрымаў ужо другую дозу вакцыны «Спутнік». Трэба правесці ў калектывах тлумачальную работу, таму што педагогі ўваходзяць у групу рызыкі. На жаль, мы пакуль атрымліваем несуцяшальную інфармацыю з месцаў, бо зусім невялікі працэнт педагогаў гатовы прышчапляцца. Але нам трэба стварыць імунную праслойку, якая дазволіць сістэме адукацыі спакойна функцыянаваць і далей, нягледзячы на ўсе выклікі. Мы пераканаліся, што ніякая відэаканферэнцыя і анлайн-стасункі не заменяць жывых стасункаў вучня і педагога. А для выхаваўчай работы і выканання сацыяльных функцый жывыя зносіны ўвогуле нічым не заменіш. Настаўнікі павінны паказаць усім прыклад, каб правесці вакцынацыю дастойна».

Насустрач рэспубліканскаму педсавету

Ігар Карпенка расказаў, што ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі прапісалі дыстанцыйную форму навучання як самастойную форму: «Нядаўна на Савеце рэктараў мы ўсебакова абмяркоўвалі гэтае пытанне, таму што адзінага разумення дыстанцыйнай формы пакуль няма. І нам яшчэ трэба будзе адпрацаваць цэлы комплекс нарматыўных дакументаў, якія будуць адлюстроўваць спецыфіку арганізацыі такой работы, яе аплаты, стымулявання і гэтак далей. Таму заклікаю і прафсаюзы далучыцца да гэтай работы. Разам з тым і ў школьнай адукацыі будуць прымяняцца дыстанцыйныя тэхналогіі. З пачатку года працуе Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, які суправаджае Нацыянальны інстытут адукацыі. Я ўдзячны педагогам, якія дапамагалі з яго напаўненнем, падзяліліся сваімі напрацоўкамі, а не трымалі іх у сваіх «кубышках». Вядома, платформа яшчэ будзе развівацца і ўдасканальвацца...»

Міністр адукацыі праінфармаваў прафсаюзны актыў, што ў жніўні ў краіне павінен прайсці Рэспубліканскі педагагічны савет:

— Асноўныя моманты, якія мы павінны разгледзець: першае — гэта гатоўнасць Кодэкса аб адукацыі да разгляду ў другім чытанні. Таму просьба — арганізаваць у рэгіёнах дыялогавыя пляцоўкі па яго абмеркаванні. Толькі прашу: не перагружайце Кодэкс рознымі дробязямі. Мы, наадварот, прыбралі з гэтага дакумента многія моманты, каб потым было прасцей уносіць карэкціроўкі і змены. У жніўні мы павінны далажыць кіраўніку дзяржавы, наколькі ўзгоднена падыходзім да другога чытання гэтага дакумента.

Таксама мы павінны прыняць на Рэспубліканскім педагагічным савеце Канцэпцыю развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. З яе праектам можна азнаёміцца на сайце Міністэрства адукацыі. Чакаем вашых думак і меркаванняў...

На педсавеце мы збіраемся абмеркаваць і падыходы да выніковай атэстацыі ў школах і змяненні ў правілы прыёму. Ужо восенню трэба паведаміць старшакласнікам, што ў 2023 годзе яны будуць здаваць экзамены па-іншаму. У нашых планах таксама зняць абмежаванні па мэтавай падрыхтоўцы. Сёння накіраванні на мэтавую падрыхтоўку могуць даваць толькі прадпрыемствы і арганізацыі, якія знаходзяцца ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва менш як 20 тысяч чалавек. Але, напрыклад, у тых жа сталічных установах аховы здароўя адчуваецца востры дэфіцыт кадраў з сярэднім медыцынскім персаналам. У медыцынскія каледжы паступаюць пераважна абітурыенты з рэгіёнаў, потым яны размяркоўваюцца ў сталіцу, і аўтаматычна паўстаюць праблемы з забеспячэннем іх жыллём. Такая ж сітуацыя назіраецца ў Мінску і з забеспячэннем кадрамі дашкольных устаноў і пачатковай школы.

Ігар Карпенка паведаміў, што Рэспубліканскі педсавет пройдзе на працягу двух дзён, каб на секцыях была магчымасць выступіць усім ахвотным.

Летась прававой інспекцыяй прафсаюза праводзілася работа па ахове правоў і законных інтарэсаў яго членаў: было складзена 32 працэсуальныя дакументы ў судовыя органы і 10 заяў у камісію па працоўных спрэчках. З удзелам прафсаюза было разгледжана 10 іскавых заяў. А 43 індывідуальныя працоўныя спрэчкі пры ўдзеле прафсаюза вырашыліся на карысць работніка без звароту ў суд.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Не замоўчваць праблемы

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.