Вы тут

Эксперты ўпэўнены: кватэры на другасным рынку будуць таннець тэмпам 1–1,5 % у месяц


Вясна. Яна сёлета ў нашых галовах надыходзіць хутчэй, чым цяплее за акном. Пасля амаль суцэльнай спячкі мінулага года рынак жылля ў сталіцы паступова прыходзіць у сябе. На фоне стабілізацыі курсу долара і павольнага аднаўлення праграм крэдытавання жылой нерухомасці ўсё выразней пачынае праяўляць сябе адкладзены попыт.


Па словах дырэктара агенцтва нерухомасці «БелЦТН» і ганаровага старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя «Нерухомасць» Мікалая Прасталупава, актыўны сакавік, а затым і суперактыўны красавік прывялі да таго, што колькасць рэалізаваных здзелак (у месяц) павялічылася ў сярэднім на 20—30 % у адносінах да іншых месяцаў года.

У сакавіку — чарговы рэкорд

Паводле інфармацыі партала realt.by, у параўнанні з лютым колькасць здзелак у сакавіку вырасла на 15 %, перавысіўшы сярэднія значэнні для гэтага месяца. Мацней за ўсё выраслі продажы двух- і трохпакаёвых кватэр — на 25 % і 20 %. Колькасць здзелак з аднапакаёвымі кватэрамі павялічылася толькі на 6 %. Колькасць аб'яў аб продажы кватэр за месяц вырасла на траціну, перавысіўшы адзнаку ў 15 тысяч аб'ектаў.

У структуры попыту доля аднапакаёвых кватэр па-ранейшаму застаецца прыкметна вышэйшай за сярэднюю — з імі ў сакавіку заключылі 48 % усіх здзелак супраць звычайных 40 %. На двухпакаёвыя кватэры прыйшлося крыху менш траціны ўсяго попыту, на трохпакаёвыя — толькі 16 %.

За кошт большай разнастайнасці і больш выгадных умоў крэдытавання першаснага рынку доля гатовых новабудоўляў у агульным ліку здзелак застаецца высокай з канца 2020 года. У сакавіку гэтага года з кватэрамі ў новых гатовых дамах заключылі 22 % усіх здзелак, хоць па вопыце мінулых гадоў іх доля ў сярэднім складала каля 13 %. Часцей, чым звычайна, куплялі кватэры ў Кастрычніцкім, Першамайскім і Ленінскім раёнах сталіцы, удзельная вага Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў у агульным попыце, наадварот, скарацілася. Радзей, чым звычайна, у сакавіку заключалі здзелкі з кватэрамі ў тыпавых панэльных і старых панэльных дамах, цікавасць да сучасных «каркаснікаў», наадварот, узрасла.

«Хрушчоўкі» таннейшыя за ўсё

Па словах Мікалая Прасталупава, на рынку цяпер сталі з'яўляцца абсалютна бюджэтныя кватэры, дзе квадратны метр жылля падае часам да 1100 і нават да 1050 долараў. Аднапакаёвыя кватэры ў старых дамах прапануюцца гэтай вясной нават па 32–35 тысяч долараў. Больш прасторныя «брэжнеўкі» і стандартныя кватэры ў панэльных дамах на крайніх паверхах прадаюцца за 35–40 тысяч долараў. А цалкам прасторная аднапакаёвая кватэра абыдзецца новаму гаспадару ў 42–48 тысяч «баксаў».

Праўда, як разважае наш эксперт, калі далажыць яшчэ пару тысяч «зялёных», то можна будзе знайсці і сціплую двухпакаёвую кватэру. Але адшукаць сапраўды ліквідную двухпакаёвую «хрушчоўку» па цане да 50 тысяч долараў лічыцца добрай удачай. Такая кватэра нават у рэкламны каталог не патрапіць — яна сыдзе «з-пад малатка» ўжо на стадыі агляду, плюс-мінус — пару дзён. Двухпакаёвыя кватэры па цане 52–55 тысяч долараў прадаюцца на працягу ад двух месяцаў да паўгода. Затое выбар такіх аб'ектаў уражвае — тут можна падабраць любы мікрараён, год пабудовы і нават паверх.

Дарэчы, прадавец сёння, пасля доўгага прастою, вельмі беражліва ставіцца да пакупніка. Можна сказаць, нават ласкава, амаль заўсёды пойдзе на сустрэчу кліенту і скіне адразу 2–3 тысячы долараў ад першапачатковай цаны.

Без уліку новабудоўляў — цэны амаль стаяць

Сярэдняя цана прададзеных кватэр у Мінску за месяц у залежнасці ад колькасці пакояў такая:

1-пакаёвыя кватэры — 1374 долары за квадратны метр,

2-пакаёвыя кватэры — 1256 долараў за кв. м,

3-пакаёвыя кватэры — 1173 долары за кв. м,

4-пакаёвыя кватэры — 1175 долараў за кв. м.

Цана прапановы за той жа перыяд знізілася на 4,5 % і склала 1252 долары за «квадрат». Мацней за ўсё асела цана чатырохпакаёвых (мінус 9,5 %) і аднапакаёвых кватэр (мінус 5,5 %).

На дадзеную статыстыку партала аб цане прапановы моцна ўплываюць новабудоўлі. Спецыялісты зрабілі разлікі, згодна з якімі без уліку новабудоўляў сярэдняя цана прапановы квадратнага метра ў сакавіку складала 1341 долар, што адпавядае невялікаму патанненню (мінус 0,5 % за месяц).

На думку Мікалая Прасталупава, апошнім часам на рынку назіраецца стабільнае патанненне кватэр тэмпам каля 1–1,5 % у месяц. І такое патанненне будзе працягвацца да ліпеня дакладна, лічыць эксперт. І пра гэта падрабязней.

«З ліпеня змены, якія — невядома»

Нацбанк уводзіць змены па валютным рэгуляванні і кантролі. Сярод іншага дазволяць адкрываць рахункі ў замежных банках, купляць акцыі і нерухомасць за мяжой без узгаднення з рэгулятарам, а таксама ўвядуць абавязковую рэгістрацыю некаторых валютных дагавораў. Яшчэ прапісалі, у якіх выпадках чыноўнікі могуць уводзіць валютныя абмежаванні пры пагрозе эканамічнай бяспецы краіны. Пра гэта — падпісаны кіраўніком дзяржавы Указ ад 20 красавіка 2021 года № 154. Ён уступае ў сілу 9 ліпеня гэтага года.

У дакуменце прапісана, што ў выпадку пагрозы эканамічнай бяспецы краіны, у тым ліку стабільнасці фінансавай сістэмы, калі сітуацыя не можа быць вырашана іншымі мерамі эканамічнай палітыкі, могуць увесці валютныя абмежаванні. Гэта могуць зрабіць на тэрмін да аднаго года. Паводле прагнозу экспертаў, як мінімум у найбліжэйшыя месяцы перадумоў для такіх сур'ёзных узрушэнняў у эканоміцы няма.

У Нацбанку ўдакладняюць, што 154-ы ўказ прынялі для таго, каб «прывесці заканадаўства ў галіне валютнага рэгулявання ў адпаведнасць з патрабаваннямі нарматворчасці, а таксама выключэнні з яго нормаў, якія не адпавядаюць новай парадыгме ажыццяўлення аперацый з замежнай валютай у Беларусі, замацаванай палажэннямі новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі». Дакумент прадугледжвае адмену шэрагу існуючых абмежаванняў і абцяжарванняў пры правядзенні валютных аперацый юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, удакладняе рэгулятар.

Мікалай Прасталупаў лічыць, што менавіта з ліпеня на рынку нерухомасці чакаюцца нейкія змены. Якія менавіта — невядома. Па-першае, гэта залежыць ад таго, якія абмежаванні пры неабходнасці могуць увесці. Што ні кажыце, а рынак нерухомасці ў нас рэгулюецца вядома якой валютай.

І яшчэ. Сёння Нацбанк праводзіць рэжым плаваючага валютнага курсу. Эксперты раней казалі пра тое, што «калі рэгулятар і ўздзейнічае на дынаміку курсу, то толькі ў кароткатэрміновым перыядзе, каб згладзіць рэзкія ваганні курсу з-за дзеяння нейкіх кароткатэрміновых фактараў і пазбегнуць у сувязі з гэтым панічных настрояў на валютным рынку».

Курсы валют у абменніках цяпер ніяк не рэгулююцца. Раней былі нейкія калідоры адхіленняў ад афіцыйнага курсу — не больш за 2 % ад курсаў Нацбанка. Цяпер такога няма.

А калі пачакаць?

Падобны, але некалькі іншы прагноз прапануе аналітык рынку нерухомасці Наталля Літоўская. Эксперт лічыць, што калі ў пакупніка ёсць 50 тысяч долараў, то ён кароль на рынку нерухомасці.

Паводле яе разваг, цэны будуць зніжацца і далей, але хуткасць гэтага зніжэння непрадказальная, паколькі залежыць ад курсу долара, існавання крэдытавання, старту новых праектаў, узроўню даходаў насельніцтва і настрою пакупнікоў.

З відавочнага: у «хрушчоўках» першае цэнавае дно з метрам па 1000—1100 долараў убачым, падобна, у гэтым годзе. Паўнавартасныя 40–45-метровыя аднапакаёвыя і «еўрадвушкі» ў новабудоўлях наўрад ці ў гэтым годзе патаннеюць да 50 тысяч долараў — вельмі ўжо высокі на іх попыт. Уласна, гэта адзіны фармат жылля, які ў забудоўшчыкаў разыходзіцца як гарачыя піражкі.

Дакладна ў найбліжэйшы год не варта разлічваць, што з'явяцца танныя аднапакаёвыя кватэры з рамонтам у адносна новых маналітна-каркасных дамах. Проста таму, што сабекошт іх будаўніцтва ў папярэднія гады быў не ніжэйшы за 50 тысяч долараў.

Што варта ўлічыць, калі падыходзіш да выбару новабудоўлі ў крызіс? Перш за ўсё — надзейнасць забудоўшчыка. Надзейнымі можна лічыць дзяржаўныя аб'яднанні і тройку найбуйнейшых камерцыйных арганізатараў будаўніцтва. Рэкламаваць іх нельга, але, мабыць, інтэрнэт вам усё падкажа.

За год ні адзін з невялікіх дэвелапераў будоўлю не спыняў. Калі забудоўшчык не буйны, гэта яшчэ нічога не кажа пра рызыкі. Але перш чым падпісаць дагавор, асабіста ацаніце хуткасць і стадыю будаўніцтва, імідж інвестара і будаўнічай кампаніі. Пачытайце форумы. Калі вам што-небудзь падасца падазроным, пастаўце ўсё на паўзу. Аналітык раіць не мітусіцца. Час працягвае працаваць на тых, у каго ёсць валютны запас.

Інфармацыя для разважання

Як мы ўжо пісалі, Нацыянальны банк краіны на май перагледзеў такі паказчык, як разліковая велічыня стандартнай рызыкі (РВСР). Прасцей кажучы, гэта працэнтная мяжа па ўкладах і пазыках, якой прытрымліваюцца банкі. Для крэдытаў гэты паказчык павысілі для грамадзян з 16,37 % да 17,13 %.

Дык вось, да гэтай разліковай велічыні ў некаторых банках прывязаны працэнтныя стаўкі па крэдытах на нерухомасць і на аўтамабілі на агульных умовах. Гэта значыць, з 1 мая банкі павінны змяніць працэнтныя стаўкі па асобных крэдытах. Аднак трэба ўлічваць, што далёка не ўсе банкі аднавілі выдачу крэдытаў, у тым ліку на нерухомасць.

Рэгіёны таксама «таннеюць» — услед за сталіцай

За мінулы тыдзень у абласных цэнтрах Беларусі на другасным рынку жылля склалася такая цанавая сітуацыя, дзе толькі Брэст трымае высокія цэннікі. Такім чынам, у горадзе над Бугам квадратны метр прапануюць набыць за 799 долараў (плюс 0,1 %), наступны адносна дарагі горад Гродна — 712 долараў за «квадрат» (мінус 0,4 %). Значна таннейшыя кватэры ў Магілёве, дзе квадратны метр каштуе ўжо 642 долары (мінус 0,3 %). У Гомелі — 624 долары (мінус 0,3 %), а ў Віцебску — 600 долараў (без змен).

У буйных гарадах Мінскай вобласці сярэдні ўзровень цэн на кватэры вызначыўся наступным чынам: Барысаў — 612 долараў за «квадрат» (мінус 0,2 %), Салігорск — 792 долары (плюс 0,2 %), Маладзечна — 748 долараў (мінус 0,4 %), Жодзіна — 725 долараў (мінус 0,6 %), Слуцк — 603 долары (мінус 0,3 %) за квадратны метр.

Сяргей КУРКАЧ

Фота pixabay.com

Загаловак у газеце: Лепш не спяшацца, а пару месяцаў пачакаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У Блізнятаў ёсць шанц кардынальна змяніць жыццё.