Вы тут

Фонд Міколы Ермаловіча. Давайце пагартаем некаторыя дакументы


У юнацтве слыннага гісторыка ледзь не расціснула паміж вагонамі, а загінуў у сталасці пад коламі аўтамабіля

«Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі». Так называлася кніга, якая выйшла пятнаццаць гадоў таму, да 85-годдзя слыннага гісторыка Міколы Ермаловіча.

Лёс гэтага чалавека заслугоўвае стаць сюжэтам блакбастара. Не маючы навуковых рэгалій, інвалід па зроку, ён апантана захапіўся таямніцамі мінулага свайго народа. І, амаль невідушчы, адкрыў вочы відушчым на іх спадчыну, на сапраўдную гісторыю беларускай дзяржаўнасці, якая, аказваецца, налічвае шмат стагоддзяў.

Легендарныя кнігі Міколы Ермаловіча, накшталт «Па слядах аднаго міфа» і «Старажытная Беларусь», шмат каго змусілі змяніць ацэнкі беларускага мінулага, кагосьці моцна абурылі, парушыўшы звыклыя стэрэатыпы, кагосьці натхнілі на творчасць... Быў час, яго артыкулы і манаграфіі распаўсюджваліся ў самвыдаце, перапісваліся ад рукі. У 1990-х, калі Беларусь стала незалежнай, пачалося і афіцыйнае прызнанне: Дзяржаўная прэмія Беларусі, прэмія Уладзіміра Караткевіча, медаль Францыска Скарыны.

Мікола Ермаловіч загінуў у 2000-м, трапіўшы пад колы аўтамабіля.

29 красавіка мы адзначаем 100-годдзе гэтага легендарнага чалавека. Я наведала фонд Міколы Ермаловіча, які створаны ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Давайце разам пагартаем некаторыя дакументы.


Шэры сшытак

«30.ІV.50. Нядзеля.

Учора мне мінула 29 год, а адчуваю, што 90».

Менавіта такі запіс бачым у шэрым школьным сшытку, які ўладальнік прыстасаваў пад вядзенне дзённіка. Почырк тут у параўнанні з іншымі, пазнейшымі, дакументамі яшчэ роўны, больш-менш разборлівы — відаць, што зрок аўтара яшчэ не настолькі сапсаваўся.

У 1949—1950-х гадах Мікола Ермаловіч выкладаў беларускую літаратуру ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце. Запісы думаючага чалавека... Таго, хто здольны рэфлексаваць, хто ставіць перад сабой жорсткія задачы... І перыядычна папракае сябе ў ляноце — гэта якраз звычайная рыса найбольшых рупліўцаў. Глядзіць на свет крытычна. «Нешта нядобра на душы. Нервознасць. Бяда з гэтымі духоўнымі еўнухамі-мяшчанамі. Нельга сказаць, што мешчанін не актыўны. Толькі гэта актыўнасць ідзе ў адным напрамку: у абузданні актыўнасці сапраўднай».

Перыядычна з'яўляюцца перыяды натхнення.

14 студзеня 1949 года: «Маладосць не загублена, яна пасеяна ва ўрадлівую глебу, яна ўзышла і прынесла плады старыцаю. Яна зноў уваходзіць у мяне».

На наступны дзень малады настаўнік робіць у дзённіку доўгі запіс, падобны да накіду апавядання. Галоўны герой — настаўнік М. «З такім народам не прападзеш, праца на яго ніколі не застанецца марнай, на яго можна пакласціся. Самае вялікае шчасце — працаваць на яго... З такой думкай ехаў М. на працу».

А потым — выступленне М. перад калгаснікамі і жорсткае сутыкненне ягоных ідэалістычных уяўленняў пра народ са стаўленнем вяскоўцаў да маладога настаўніка:

«Не важная птушка, калі сюды прыехаў. Важны чалавек сюды не прыедзе. Пасля: чаго ты сюды прыехаў? Для цябе знайшлося б месца лепш нашага».

Відавочна, што карціна спісаная з жыцця.

Аўтабіяграфія

Якім ён быў? Паэт Мікола Аўрамчык успамінаў: «Да вайны тры гады мы вучыліся з Міколам Ермаловічам на адным курсе літфака Менскага педагагічнага інстытута. Яшчэ на першым курсе... я звярнуў увагу на ціхмянага юнака, што трымаўся крыху абасоблена і вылучаўся сур'ёзнасцю і замкнёнасцю. Мяне асабліва здзіўляла, што гэты першакурснік з кепскім зрокам увесь вольны ад заняткаў час праседжваў у інстытуцкай чытальні, штосьці вычытваючы і канспектуючы».

Давайце дапоўнім карціну ўрыўкамі аўтабіяграфіі і ўспамінаў, якія можна прачытаць на асобных аркушах з фонду Ермаловіча.

У аўтабіяграфіі, напісанай 4.03.1985 г., Ермаловіч піша: «У час Вялікай Айчыннай вайны лёс мяне закінуў у Мардоўскую АССР, куды я эвакуіраваўся з Беларусі. Па стану здароўя я не быў прызваны ў Чырвоную Армію, звыш двух гадоў жыў у мардоўскім сяле Лабаскі, працуючы там настаўнікам. І хаця я быў акружаны ўвагай сваіх новых знаёмых і сяброў, аднак адрыў ад роднага краю, трывога за яго цяжкі лёс пад фашысцкай акупацыяй застаўлялі ўвесь час быць думкай у Беларусі... І вось недзе ў канцы 1941 г. мне ўдалося спісацца з паэтам Міхасём Машарам, з якім я працаваў перад вайной у Шаркаўшчынскім Райана. Ён быў супрацоўнікам газеты «Савецкая Беларусь», якая пачала тады выходзіць у Маскве. І ў хуткім часе мне сталі прыходзіць яе нумары... Незабыўным застаўся ў маім жыцці момант, калі я ў адным з нумароў «Савецкай Беларусі» прачытаў верш П. Броўкі «Рана». У ім гаварылася пра байца беларуса, які загаіў восем ран, атрыманых ім у баях, толькі адна рана па-ранейшаму ў яго не зажывала. І гэта рана — балючы сум па Беларусі, з якой ён быў разлучаны. І таму вылечыць ад яго магла толькі Радзіма...»

Сваю рану тугі па радзіме Мікола Ермаловіч залечыць ужо ў 1943-м — «быў адкліканы з эвакуацыі ў Беларусь, усходнія раёны якой былі ўжо вызваленыя ад фашысцкіх акупантаў». Але вяртанне не было радасным: «І вось перада мной паўстала жудаснае відовішча разбураных гарадоў і мястэчак, спаленых вёсак (многіх разам з людзьмі), знясіленага насельніцтва, бо многія былі вывезены на фашысцкую катаргу».

Малады настаўнік гарэў прагай дзейнасці.

«Творчую працу я пачаў у 1936 г., калі ў друку пачалі з'яўляцца мае першыя літаратурныя вопыты. Аднак сталую навукова-літаратурную дзейнасць я распачаў у 1948 г. даследаваннем творчасці беларускіх пісьменнікаў. Адначасова я зацікавіўся гісторыяй Беларусі».

Да гэтага пункта маю ўдакладненне: у архіве захоўваецца сшытак з рэцэнзіяй Міколы Ермаловіча на артыкул сумна вядомага крытыка Алеся Кучара пра паэму Якуба Коласа «Новая зямля». Артыкул быў надрукаваны ў часопісе «Полымя» ў 1946 годзе. Назва рэцэнзіі Ермаловіча красамоўная: «Мелкая філасофія на глыбокім месцы». Аўтар аргументавана даказвае, што «крытык Кучар не толькі дрэнна разбіраецца ў літаратуры, але і ў навакольным жыцці».

Ён, трацячы зрок, працаваў апантана.

«Жывучы ў Маладзечне, я з пачатку 60-х гадоў амаль штодзённа ездзіў у Мінск, дзе ў Нацыянальнай і Акадэмічнай бібліятэках вывучаў летапісы, хронікі і іншыя гістарычныя матэрыялы. У выніку гэтага я ў 1968 г. закончыў кнігу «Па слядах аднаго міфа» аб утварэнні Вялікага Княства Літоўскага... Аднак кніга ў той час не была надрукавана і ўбачыла свет толькі праз 21 год, у 1989 г., і перавыдадзена ў 1991 г. Рэч у тым, што, заняўшыся даследаваннем нашай мінуўшчыны, я прыйшоў да высновы, што гісторыя Беларусі — гэта найперш гісторыя войнаў і бедаў, якія адбываліся на яе тэрыторыі. Як добра адзначыў Я. Колас, «тут схадзіліся плямёны спрэчкай лёс свой вырашаць, каб багата адароны родны край наш зваяваць».

Аркушы без назвы

А вось на асобных аркушах запісаная страшная гісторыя, якая здарылася з Міколам Ермаловічам, як можна зразумець, падчас вайны, калі ён ехаў на цягніку і наважыўся выйсці на адной са станцый, каб штосьці купіць у жанчын на платформе.

«Грошы ў мяне былі, хоць невялікія. Але тамбур быў замкнёны, і я рашыў вылезці паміж вагонамі. Гэта можна было зрабіць, бо «гармонікі», якімі закрываюцца пераходы аднаго вагона ў другі, былі парваныя. Поезд спыніўся, і я адразу з пляцоўкі паміж вагонамі стаў прабірацца на ўсходы вагона. У гэты час поезд чамусьці пайшоў, вагоны сталі збліжацца і сціскаць мяне «гармонікам». Я, вядома, спалохаўся адразу, стаў крычаць немым голасам, якога чамусьці сам не чуў, і паступова траціць прытомнасць, паспеўшы яшчэ заўважаць людзей, якія са страхам глядзелі на мяне. Я перажыў смяротны жах, бо думаў, што майму жыццю прыйшоў канец. Цікава, што ў маёй свядомасці за гэткі кароткі час усплывалі і нейкія драбніцы з маленства, таксама прыгадаліся словы: «Так вот где таилась погибель моя». Пасля раптам жах прапаў, і я страціў прытомнасць. Потым мне падалося, што я лячу знізу ўверх з нейкай ямы. Я прыйшоў у прытомнасць...Чаго гэта я ляжу на зямлі, і вакол мяне стаіць вялікі натоўп людзей. Пасля, успомніўшы ўсё, што было, я зноў спалохаўся і стаў крычаць. Поезд затрымалі на станцыі. Прыйшоў урач. Мяне занеслі ў вагон для раненых і нават далі для суправаджэння мяне ў Маскву ўрача-жанчыну...»

Па дарозе Міколу, якога ледзь не раздушыла паміж вагонамі, стала кепска, і ён спытаў у сваёй урачыхі, ці выжыве: «Яна супакоіла мяне, але па твары яе я зразумеў, што яна сама не верыла ў свае словы. А тут яшчэ нейкі ранены сказаў: «Зачем, чтобы человек мучился? Дать ему какого порошка, чтобы быстрее умер». Жорсткі быў час».

З Казанскага вакзала юнака забрала хуткая дапамога і завезла ў бальніцу. Там яму паставілі сур'ёзны дыягназ: страсенне мозгу, пашкоджанне грудной клеткі, пераломы.

«Жарты сказаць, вагоны сціснулі! Ляжу дзень-другі і бачу, што не паміраю. Крыху ўзрадваўся. На шосты дзень я сябе добра адчуваў і стаў прасіцца, каб выпісалі».

На выпіску з незалечанымі пераломамі Ермаловіч прасіўся, бо ў бальніцы вельмі кепска кармілі, ён галадаў.

Што ж, трымаць не сталі... Калі ішоў па калідоры, то ўбачыў у люстэрку, што яго вочы, як згусткі крыві. Спалохаўся, вярнуўся да ўрача... Той сказаў — праз месяц-другі пройдзе. Але, напэўна, перажытая траўма паўплывала і на без таго дрэнны зрок.

Чырвоны нататнік

А вось перад намі — чырвоны нататнік з выцісненым на вокладцы надпісам «Моя библиотека». Уладальнік дзесьці ў 1970-х запісваў туды свае думкі і творчыя накіды. Почырк ужо цяжка чытэльны, але асобныя радкі можна разабраць. Вельмі шмат разважанняў на тэму лёсу Беларушчыны:

«Матчына мова — а маці рада, што сын гаворыць не так, як яна».

«Нацыянальны гонар — вышэйшае пачуццё, і не ўсе да яго дарастаюць».

«Перш за ўсё бараніць, а пасля вывучаць. Інакш не будзе чаго вывучаць».

«Пакуль у народа не будзе інтэлігенцыі, яго не будуць заўважаць, і ён будзе «ніхто».

Ёсць сляды цяжкага настрою:

«Сумна, як сярод аўтаматаў».

«Працаваў звыш магчымасці, хаця атрымліваў менш патрэбнасці».

«Чалавек творчы — гэта не чалавек нормы».

Сустракаюцца ў нататніку чарнавікі вершаў, а таксама запісаныя адрасы. Вось — знаёмы адрас, вуліца Купрыянава, 9. Тут жыў паэт Сяргей Новік-Пяюн, таксама легендарны чалавек, які ў Заходняй Беларусі яшчэ ў 1920-х арганізаваў Таварыства беларускай школы і супрацоўнічаў з беларускімі дзіцячымі выданнямі, пабываў у фашысцкім лагеры смерці, а пасля вайны — у сталінскіх лагерах. У нататніку пазначана, як дабрацца да Купрыянава з вакзала, так што Ермаловіч дакладна бываў у Сяргея Міхайлавіча ў гасцях. Ім, рупліўцам Беларушчыны, было пра што пагаварыць.

І запіс, які пэўным чынам тлумачыць знясільвальную працу хворага чалавека: «Суд над сабой — галоўнае. Буду самым бязлітасным. Прысуд — на пажыццёвую катаргу».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Мікола Ермаловіч, адкрывальнік беларускай Атлантыды

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.