Вы тут

Ecology Expo-2021 і XVІ Рэспубліканскі экалагічны форум пройдуць з 3 да 5 чэрвеня


Рэспубліканскі экалагічны форум — гэта пляцоўка для аб'яднання ўсіх слаёў грамадства дзеля вырашэння праблем аховы навакольнага асяроддзя, максімальнага ўцягвання насельніцтва краіны ў экалагічны рух, павышэння экалагічнай культуры, прасоўвання прынцыпаў устойлівага развіцця, экалагічна дружалюбнага ладу жыцця.


— Такая скіраванасць форуму прасочваецца і ў яго тэме «Уцягванне грамадскасці ў прыняцце экалагічных рашэнняў», — расказала намеснік начальніка ўпраўлення аналітычнай работы, навукі і інфармацыі Мінпрыроды Алена МЕЛЯШКОВА. — На мерапрыемстве плануецца абмеркаваць пытанні экалагічнай палітыкі, развіцця зялёнай эканомікі, вызначэння далейшага развіцця краіны праз сістэму «дзяржава—бізнес—чалавек» і ролі грамадскасці ў вырашэнні экалагічных праблем.

Дзелавая праграма форуму і выстаўкі таксама ўключае шосты Міжнародны водны форум «Крыніцы Беларусі», секцыю, прысвечаную 20-годдзю грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета пры Мінпрыроды, секцыю «Захаванне і аднаўленне натуральных экасістэм», круглы стол «Удасканаленне сістэмы абыходжання з адходамі».

— Падчас 6-га Міжнароднага воднага форуму беларускія і замежныя спецыялісты абмяркуюць пытанні развіцця навуковых ведаў па крыніцах і іх экасістэмах, праблемы і перспектывы выкарыстання водных рэсурсаў ва ўмовах змены клімату, задачы экалагічнай адукацыі і асветы, забеспячэнне воднай бяспекі краіны, — адзначыла начальнік аддзела выкарыстання і аховы водных рэсурсаў Мінпрыроды Вікторыя ВОРАНАВА. — Запланавана таксама экскурсія на адну з крыніц у Валожынскім раёне.

Як расказала начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Вольга САЗОНАВА, тэматычная секцыя па захаванні і аднаўленні натуральных экасістэм арганізавана ў рамках работы, якая вядзецца ў краіне па захаванні біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, а таксама абвяшчэння ААН 2021—2030 гадоў дзесяцігоддзем аднаўлення экасістэм. Адно з галоўных пытанняў секцыі — выпрацоўка абгрунтаваных падыходаў для прадухілення і прыпынення працэсаў парушэння экасістэм.

Удзельнікі круглага стала «Удасканаленне сістэмы абыходжання з адходамі» падзеляцца вопытам у вырашэнні праблем абыходжання з небяспечнымі адходамі, адходамі электрычнага і электроннага абсталявання, абмяркуюць пераход ад выкарыстання пластыкавай упакоўкі да вытворчасці біяраскладальнай і многае іншае.

— Мы спадзяёмся, што гэты круглы стол будзе платформай для выпрацоўкі кансалідаваных пытанняў па ўдасканаленні сістэмы абыходжання з адходамі ў Беларусі, штуршком для далейшай работы з улікам міжнароднага вопыту і сучасных тэхналогій, — падкрэсліла Вольга Сазонава.

У Міжнароднай спецыялізаванай экалагічнай выстаўцы плануюць узяць удзел беларускія кампаніі, якія вырабляюць прадукцыю, рэалізоўваюць паслугі ў сферах экалогіі і прыродаахоўнай дзейнасці, перапрацоўкі адходаў. Паводле слоў начальніка ўпраўлення выставак і кірмашоў УП «БелЭкспа» Вікторыі АГАФОНАВАЙ, там будуць прадстаўлены буйныя прадпрыемствы, якія ўкараняюць эфектыўныя тэхналогіі для зніжэння выкідаў і рацыянальнага выкарыстання адходаў вытворчасці, стваральнікі экалагічнага транспарту, харчовай прадукцыі. Сярод замежных экспанентаў — кампаніі з Польшчы, Германіі, Славеніі, Швецыі, Украіны, Расіі. На выстаўцы можна будзе даведацца пра турыстычныя прапановы нацыянальных паркаў, атрымаць карысныя веды ад зялёных школ, купіць цікавыя тавары на кірмашы.

Акрамя таго, у рамках выставы праходзіць другі па ліку конкурс экастартапаў Belarus Green Awards—2021 з прызавым фондам 45 000 рублёў. Прыём заявак завершыцца ў сярэдзіне мая. Дадатковую інфармацыю пра конкурс можна знайсці на сайтах арганізатараў — Мінпрыроды, НВЦ «БелЭкспа» і экапраекта «Пастарнак».

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Разам — для прыроды

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.