Вы тут

Да 15 мая праходзяць мерапрыемствы па азеляненні населеных пунктаў


Штогод Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя запрашае неабыякавых грамадзян далучыцца да азелянення населеных пунктаў. І самі прадстаўнікі прыродаахоўнай сістэмы актыўна бяруць удзел у акцыях па пасадцы дрэў і кустоў. Сёлета яны праходзяць пад дэвізам «Разам за чыстую і зялёную краіну!»


Так, падчас рэспубліканскага суботніка міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык працаваў у горадзе Іўе Гродзенскай вобласці. Ён браў удзел у закладцы саду Сяброўства з алеямі Адзінства і Гасціннасці.

— У Год народнага адзінства пасадка дрэў стане адным з сімвалаў яднання ўсіх жыхароў Беларусі на карысць нашай краіны і нагадае нам, што прырода ў нас адна. У будучым высаджаныя дрэвы не толькі будуць нагадваць аб добрай традыцыі праводзіць суботнікі, але і стануць сімвалам клопату пра навакольнае асяроддзе і прыгажосці роднага краю, — адзначыў міністр.

Толькі ў адзін дзень 17 красавіка з удзелам супрацоўнікаў Брэсцкага абласнога камітэта і раённых інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя было пасаджана 1077 дрэў у розных кутках Брэсцкай вобласці.

Мерапрыемствы па пасадцы дрэў і кустоў у гарадах, аграгарадках, пасёлках і іншых населеных пунктах праходзяць з 3 красавіка да 15 мая 2021 года. Фота прэс-службы Мінпрыроды.

Разам з прадстаўнікамі грамадскасці супрацоўнікі тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды Віцебскай вобласці залажылі алеі ў Глыбоцкім, Бешанковіцкім, Аршанскім раёнах, Наваполацку і іншых пунктах вобласці. Новымі дрэўцамі папоўніліся зона адпачынку на рацэ Віцьба, парк імя Фрунзэ, тэрыторыя каля крыніцы Іаана Хрысціцеля ў Віцебску.

Тэрытарыяльныя падраздзяленні Мінпрыроды Гомельскай вобласці падчас рэспубліканскага суботніка высадзілі 2415 дрэў і 408 кустоў розных парод у абласным і раённых цэнтрах.

Разам з маладым пакаленнем гродзенцаў і неабыякавымі грамадзянамі прадстаўнікі Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя высаджвалі дрэўцы на тэрыторыях устаноў адукацыі і каля іх, а таксама стваралі маладыя лясы.

Супрацоўнікі Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя азелянялі тэрыторыі ў Магілёве, Быхаўскім, Горацкім, Мсціслаўскім, Бабруйскім, Кіраўскім, Асіповіцкім і іншых раёнах вобласці. У Магілёве, у раёне Палаца культуры ў пойме Дняпра, з'явілася ліпавая алея.

Пасадкай маладых хвойных і ліставых дрэў як на тэрыторыі населеных пунктаў, так і ў лясах займаліся супрацоўнікі Бярэзінскай, Слуцкай, Нясвіжскай, Барысаўскай раённых інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мінскай вобласці.

На працягу красавіка супрацоўнікі Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя высаджвалі дрэўцы і кусты ў розных кутках сталіцы, стваралі алеі, вызвалялі скверы ад сухой расліннасці.

Усё гэта — толькі невялікая частка работы па азеляненні, якая праводзіцца ў Беларусі. У кожнага ахвотнага ёсць магчымасць да 15 мая пасадзіць сваё дрэва ці куст, добраўпарадкаваць свой двор і тым самым далучыцца да экаруху «Разам за чыстую і зялёную краіну!».

Тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды сумесна з зацікаўленымі службамі збіраюць прапановы ад насельніцтва аб пажаданых месцах пасадкі дрэў і кустоў у населеных пунктах.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Мая чыстая краіна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?