Вы тут

У цэнтры ўвагі — нарказлачынствы


У Міністэрстве ўнутраных спраў правялі круглы стол, прысвечаны супрацьдзеянню абароту наркотыкаў і распаўсюджвання іх у маладзёжным асяроддзі. Сярод прысутных былі прадстаўнікі праваахоўных органаў, дэпутаты, урачы, а таксама моладзь. Разам яны абмеркавалі прычыны павелічэння колькасці нарказлачынстваў, найбольш эфектыўныя формы іх прафілактыкі, а таксама ролю бацькоў у гэтай актуальнай праблеме.


Начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Алег СІЛЬВЕСТРОВІЧ расказаў, што з пачатку года ў Беларусі захоўваецца дынаміка росту нарказлачынстваў:

— У студзені — сакавіку было выяўлена 1063 выпадкі, якія звязаны з незаконным абаротам наркотыкаў. Распачата 277 (летась — 180) крымінальных спраў у дачыненні да 216 (у 2020 годзе — 148) маладых асоб, якія займаліся гэтым з выкарыстаннем розных вэб-рэсурсаў. За апошнія 3,5 месяца зарэгістравана 615 выпадкаў, звязаных са збытам псіхаактыўных рэчываў, а таксама 11 злачынстваў, звязаных з перамяшчэннем наркотыкаў і псіхатропаў праз дзяржаўную граніцу. Дарэчы, за аналагічны перыяд мінулага года такіх выпадкаў было 17. Спынена дзейнасць дзвюх інтэрнэт-крамаў па продажы наркотыкаў. Колькасць нарказлачынстваў, учыненых групай асоб, павялічылася ў параўнанні з мінулым годам на 55,1 % (з 69 да 107), у складзе арганізаванай групы — у 5,5 раза (з 11 да 60). Найбольш актуальным пытаннем з'яўляецца павелічэнне колькасці тых, хто навучаецца ў сярэдніх, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установах адукацыі і пры гэтым уцягнуты ў незаконны абарот наркотыкаў. Цяпер такіх 70 чалавек. У асноўным такія злачынствы маюць асабліва цяжкі састаў, а гэта ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Безумоўна, суды, кіруючыся асноўным прынцыпам правасуддзя, індывідуалізацыяй пакарання, старанна і аб'ектыўна вывучаюць усе нюансы, але якое б пакаранне ні было прызначана, лёс зламаны і ў сям'і трагедыя. Захоўваецца і тэндэнцыя да павелічэння колькасці перадазіровак псіхаактыўнымі рэчывамі, сярод іх пяць выпадкаў з непаўналетнімі, за аналагічны перыяд мінулага года — адзін. Мы не павінны чакаць, калі гэтая лічба павялічыцца ў разы, ужо сёння трэба прапаноўваць варыянты дапамогі ў вырашэнні дадзенай праблемы. У нашай краіне не павінна быць такога паказчыка, як перадазіроўка ў дзяцей, гэта недапушчальна ў нашым грамадстве.

Начальнік упраўлення ўпэўнены: адна з асноўных праблем росту нарказлачыннасці сярод моладзі — недасведчанасць дарослых наконт таго, чым займаюцца іх дзеці ў інтэрнэце:

— Важна данесці да ўсяго насельніцтва думку пра тое, каб у выхаванні, навучанні і прафілактычных мерапрыемствах больш удзельнічалі бацькі. Нам неабходна крыху перабудаваць нашу работу і сканцэнтраваць увагу менавіта на гэтым. Любыя адносіны павінны пачынацца з сям'і, менавіта яна — аснова дабрабыту дзяцей. Каласальная работа ў гэтым кірунку праведзена і працягваецца педагогамі, але, на жаль, бацькі перакладваюць частку абавязкаў па выхаванні сваіх дзяцей на плечы настаўнікаў. Высвятляецца, што многія мамы і таты дагэтуль не ведаюць, што інтэрнэт і гаджэты не толькі спрыяюць развіццю дзіцяці, але і нясуць сур'ёзную пагрозу яго бяспецы. Спрабуючы не парушыць асабістую прастору падлетка, не звяртаючы ўвагу на змены ў яго паводзінах, не ведаючы кола зносін і не ўнікаючы ў лад жыцця, бацькі даведваюцца аб наступствах вельмі позна. Перакананы, што, далучыўшы да працэсу родных, у хуткім часе нам удасца мінімізаваць рызыкі ўцягвання моладзі ў злачынныя працэсы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, асабліва ў інтэрнэце.

Чаму ўсё ж такі моладзь згаджаецца на сумніўныя прапановы хуткага заробку? Алег Сільвестровіч растлумачыў:

— Існуе меркаванне, што працаўладкоўваючыся на работу ў інтэрнэт-краму па продажы наркотыкаў і рэалізуючы забароненыя рэчывы праз ананімныя платформы і месенджары, можна доўгі час заставацца па-за полем зроку праваахоўнікаў, пры гэтым зарабляць абяцаныя наймальнікам лёгкія казачныя грошы. Як правіла, рассыланне паведамленняў пра «працаўладкаванне» адбываецца праз «УКантакце», «Аднакласнікі» або «Вайбер». Наваспечаных «работнікаў» пераконваюць, што пры выкананні ўсіх мер бяспекі рызыка быць затрыманымі практычна адсутнічае. Жаданне хуткіх і лёгкіх грошай прымушае моладзь наіўна спадзявацца на ўдачу. Але ў рэальнасці сярэдні «працоўны стаж» маладога чалавека да моманту прыцягнення да крымінальнай адказнасці складае два-тры месяцы, а некаторыя пападаюцца і пры першай спробе зарабіць падобным чынам. Выйсці на след такіх наркагандляроў — пытанне часу. Практыка паказвае, што для ідэнтыфікавання і затрымання нарказбытчыка дастаткова ад некалькіх месяцаў да года. Пры гэтым пакаранне, прадугледжанае за ўчыненне такіх злачынстваў, вельмі сур'ёзнае.

Алег Сільвестровіч заўважыў, што мала хто з распаўсюджвальнікаў наркотыкаў, ступаючы на гэтую небяспечную сцежку, усведамляе, што любая «закладка» можа прывесці да перадазіравання і смерці нарказалежнага спажыўца: «Толькі ў мінулым годзе ад перадазіровак наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў памерлі 89 асоб. Гэта амаль у два разы больш, чым у 2019 годзе. У 70 працэнтах прычыны такіх смяротных выпадкаў былі звязаныя з ужываннем метадону. Пры большасці атручэнняў наркотык набываўся бескантактавым спосабам праз інтэрнэт-крамы».

Начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый ЧАРТКОЎ таксама падкрэсліў неабходнасць навучання бацькоў па пытанні наркаманіі. «З усімі затрыманымі непаўналетнімі на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна праводзіліся размовы, і практычна ўсе сказалі, што ў школе іх папярэджвалі пра шкоду наркотыкаў, але бацькі бралі ўдзел у іх выхаванні не максімальна. Таму нам трэба сёння дастукацца да бацькоў. Калі дарослыя дзесьці прапусцілі, недагледзелі, чым займаецца іх дзіця ў тэлефоне, гэта мае свае наступствы. Заўсёды бачу здзіўленне ў вачах дарослых, калі яны даведваюцца, што літаральна за паўгадзіны дзіця можа зрабіць 10-15 «закладак» па-за межамі кватэры... Таму сёння важна, каб да канца года мы не прыйшлі да татальнага павелічэння прыцягнутых да крымінальнай адказнасці непаўналетніх. Трэба працаваць з бацькамі на ўсіх узроўнях, пачынаючы з бацькоўскіх сходаў у школах з прыцягненнем супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, прадстаўнікоў улады, і да тлумачальных мерапрыемстваў на рабочых месцах. Таксама патрэбна ствараць кароткія сацыяльныя прома-ролікі, рэкламу, афішы, якія дапамогуць старэйшаму пакаленню зразумець інтэрнэт-камунікацыю ў маладзёжным асяроддзі», — лічыць спікер.

З гэтым меркаваннем пагадзілася і загадчыца сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вераніка БУШЫЛА. Яна адзначыла, што на многіх прадпрыемствах, дзе працуюць дарослыя, не аддаецца належная ўвага тэме наркаманіі. «Бацькі часта замоўчваюць праблему, думаюць, што гэта закране кагосьці, толькі не іх сям'ю. Але рэальнасць такая, што многія маладыя людзі ўжываюць наркотыкі ад нуды. Цяпер ідзе тэндэнцыя да таго, што часта нарказалежнасць закранае тыя сем'і, дзе быў свабодны доступ да грошай і дзеці маглі сабе дазволіць што заўгодна. Безумоўна, дарослыя могуць дапамагчы засцерагчы ад няправільнага кроку дзяцей. Яшчэ адзін важны момант — заробак падлеткаў. Наша задача — арганізаваць платныя формы занятасці для непаўналетніх не толькі ў перыяд летніх канікулаў. Хай гэта будзе невялікі заробак, але ён будзе прыносіць ім уласныя грошы».

— Наркотыкі мяняюць мысленне чалавека. Адпаведна, той, хто іх прымае — бяжыць ад сваёй рэальнасці. Ад сям'і, сяброў, калег, сябе, — увёў у курс справы загадчык аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Сяргей МАРЧУК. — Бывае, што ў школе ў дзіцяці можа з'явіцца непаразуменне са сваімі аднагодкамі, і ён шукае спосаб прыцягнуць да сябе ўвагу або пазбегнуць праблемы праз ужыванне наркатычных сродкаў. Калі звычайна ў нас ёсць патрэба зарабіць грошы, пракарміць сям'ю, самарэалізавацца, то ў нарказалежнага чалавека акцэнты жыцця і каштоўнасці ссоўваюцца ў іншы бок. Таму вельмі важна ўдзяляць больш увагі дзецям, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі.

Дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Першамайскага раёна Мінска Марына ЮСУПАВА выказала меркаванне, што выхоўваць студэнтаў па такім пытанні, як нарказлачынства, гэта вельмі добра, але ўжо позна:

— У студэнцкія гады ўжо трэба фарміраваць іх як патэнцыйных бацькоў, таму цяпер, прааналізаваўшы нашу дзейнасць і пастаянна знаходзячыся ў кантэксце прафілактычных мерапрыемстваў, разумеем, што трэба выходзіць не толькі ў школы, але і ў дзіцячыя садкі, менавіта там пачынаць фарміраваць адказную асобу. Калі ў гэты час бацькі не звяртаюць увагу на малога, ён думае, што нікому не патрэбны, і пачынае ствараць свой светапогляд самастойна, і не заўсёды ў добры бок. Што датычыцца псіхалагічных асаблівасцяў падлеткаў, у дзесяць гадоў у іх фарміруецца патрэба быць у калектыве, быць заўважанымі іншымі, быць падобнымі да бацькоў. У 15 гадоў фарміруюцца каштоўнасныя арыенціры. У гэты перыяд важна, каб у іх не было трывогі за сваю будучыню. Таму трэба аказаць псіхалагічную дапамогу школьнікам і не даць ім падпарадкавацца спакусам, якія прывядуць да непапраўных наступстваў.

У зале прысутнічаў пацыент рэабілітацыйнага наркалагічнага Цэнтра здаровай моладзі Аляксандр. Ён падзяліўся сваім досведам і падкрэсліў, што нарказалежнасць — гэта не часовая слабасць, а хвароба. «Яна фарміруецца часцей у сем'ях, дзе няма эмацыянальнай сувязі, дзе дзіцяці забараняюцца адны эмоцыі і дазваляюцца ці заахвочваюцца іншыя. Калі ў малога няма разумення, якія эмоцыі яму трансліраваць, пра што можна казаць, а пра што нельга, гэта прыводзіць да стрэсу, унутранага напружання. І адзін са спосабаў дэструктыўных паводзін у такіх выпадках — гэта ўжыванне алкаголю, наркотыкаў. Безумоўна, вялікую ролю адыгрывае тое, у якім асяроддзі ты расцеш, якая ў цябе сям'я. Таксама важна разумець, куды трэба рухацца: займацца спортам, імкнуцца да стварэння моцнай сям'і або іншае. Наркотыкі вельмі хутка ставяць на калені... Я ўжываў іх сем гадоў, і ва ўсіх сферах майго жыцця пачалі адбывацца дрэнныя незваротныя наступствы. Памятаю, як мне прысудзілі тры гады «дамашняй» хіміі, і я думаў, што гэтай матывацыі мне хопіць, каб больш ніколі не спрабаваць забароненыя рэчывы. Але я памыляўся... Таму звярнуўся па дапамогу да спецыялістаў у Цэнтр здаровай моладзі. Цяпер сем месяцаў абыходжуся без наркотыкаў і гэтаму вельмі рады».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск.