Вы тут

Што можа знізіць вытворчы траўматызм?


Дыстанцыйная работа, часовы перавод да іншага наймальніка, права работніка на тры дні лячэння без бальнічнага — гэтыя і іншыя змены з'явіліся ў працоўным заканадаўстве ў перыяд пандэміі. Як будзе мяняцца нарматыўная база ў арганізацыі працы, а таксама якія галіны і прафесіі з'яўляюцца сёння самымі траўманебяспечнымі, па якіх прычынах здараюцца няшчасныя выпадкі на вытворчасці і як іх пазбегнуць, расказалі спецыялісты.


Дыстанцыйная работа і тры дні без бальнічнага

Фота: pixabay.com

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў нагадаў, што з 28 студзеня бягучага года абноўлены Працоўны кодэкс. У прыватнасці, там з'явілася новая глава, якая рэгулюе пытанні дыстанцыйнай работы.

— Гэтыя змены аказаліся вельмі дарэчы, бо ва ўмовах COVІD-19 дыстанцыйная работа стала вельмі актуальнай. Мы адсочваем, як прымяняюцца новыя нормы. І можам канстатаваць, што, з аднаго боку, яны спрацавалі, з іншага — трэба ўдасканальваць нарматыўную базу ў гэтым кірунку, — адзначыў Ігар Старавойтаў.

Ён звярнуў увагу, што цяпер асабліва актуальным з'яўляецца не столькі накіраванне на дыстанцыйную работу, колькі стварэнне камбінаваных рэжымаў, калі людзі працуюць і аддалена, і ў офісе з улікам патрэбы арганізацыі. Адпаведныя змяненні ў Працоўны кодэкс рыхтуюцца, у парламент іх плануецца ўнесці да канца бягучага года.

Намеснік міністра нагадаў, што з'явілася і такая норма, як часовы перавод да іншага наймальніка. Яна можа прымяняцца на тэрмін да трох месяцаў, прычым без згоды самога работніка. Ёсць некаторыя змены і ў парадку аб'яўлення прастою. Калі ён звязаны з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай, то можа не абмяжоўвацца шасцю месяцамі. Праўда, у такім выпадку па жаданні работніка кантракт з наймальнікам можа быць скасаваны.

Накіраванне работнікаў у адпачынак пры рэжыме самаізаляцыі таксама практыкавалася падчас пандэміі. Асобныя прадпрыемствы стваралі падменны працоўны рэзерв. На асабліва важных участках, ад якіх залежыць работа ўсёй вытворчасці і дзе немагчымая страта штатнага складу, практыкавалася накіроўваць на самаізаляцыю частку работнікаў. У такім выпадку яны будуць гарантавана здаровыя і змогуць замяніць іншых работнікаў у выпадку іх хваробы. Для іх падчас самаізаляцыі захоўваецца заработная плата, не ніжэйшая за тарыфны аклад.

Ігар Старавойтаў таксама нагадаў пра такія меры, як вахтавы рэжым работы, на які пераходзілі работнікі сацыяльных устаноў, у прыватнасці дамоў з кругласутачным знаходжаннем старых і інвалідаў. Яшчэ адна новая норма — права наймальніка адпусціць работніка на тры дні ў выпадку хваробы без бальнічнага. Пры гэтым калектыўны дагавор можа прадугледжваць і захаванне заработнай платы ў такія дні.

Адміністрацыйная адказнасць за парушэнні правіл аховы працы

З 1 сакавіка гэтага года абноўлены і Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях. Паводле змяненняў, работнік таксама павінен несці адказнасць за пытанні аховы працы, выкарыстанне сродкаў індывідуальнай аховы і іншыя парушэнні. Адзін з артыкулаў прадугледжвае магчымасць прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці не толькі службовых асоб, але і саміх работнікаў (іх могуць пакараць штрафам да пяці б. в.). Калі парушэнне правіл аховы працы стала прычынай траўміравання работніка, штраф больш важкі — ад 20 да 50 б. в.

Самыя траўманебяспечныя — сельская гаспадарка, лесаводства і будаўніцтва

Летась асаблівая ўвага аддавалася пытанням аховы працы ў сельскай гаспадарцы. У выніку на 20 % скарацілася колькасць траўміраваных і загінулых у параўнанні з 2019 годам. Дасягнуць зніжэння траўматызму ўдалося і ў цэлым. Летась падчас выканання работ загінула 139 чалавек (141 — у 2019-м), было траўміравана 1889 работнікаў (2042 — у 2019-м).

Як паведаміў першы намеснік дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Сёміч, зніжэнне агульнага траўматызму назіраецца ва ўсіх рэгіёнах і Мінску, акрамя Мінскай вобласці. Тут загінулі 33 чалавекі, а гэта кожны чацвёрты з загінулых на вытворчасці па краіне. Сярод траўміраваных пераважная большасць — мужчыны — 78 %. У 2020 годзе пацярпелі падчас працы пяцёра работнікаў да 18 гадоў, адзін з іх загінуў.

Самымі траўманебяспечнымі з'яўляюцца такія галіны, як сельская гаспадарка, лесаводства і будаўніцтва. У іх каэфіцыент траўміравання, які разлічваецца на 100 тысяч працуючых, складае 153,6 (у сельскай гаспадарцы), 139 (у лесаводстве), 96,9 (у будаўніцтве), у той час як у сярэднім па краіне ён быў на ўзроўні 49,1.

Найчасцей траўміруюцца мужчыны, прычым ва ўзросце ад 51 да 60 гадоў. У выпадках са смяротным зыходам найбольш часта работнікі мелі стаж працы меншы за пяць гадоў, а кожны пяты загінулы — меншы за год.

— Адзін з рэзерваў тут — паляпшэнне навучання, інструктавання і работы па пытаннях аховы працы, — адзначыў Аляксандр Сёміч.

У топ-5 самых траўманебяспечных прафесій уваходзяць кіроўца, слесар, жывёлавод, падсобны рабочы, трактарыст. Прычым кіроўцы і трактарысты траўміруюцца, як правіла, не ў ДТЗ, а падчас рамонту і абслугоўвання машын і трактароў.

Сярод прычын вытворчага траўматызму ў 80 % гэта чалавечы фактар, калі сам работнік, службовая асоба ці яны адначасова не выканалі свае абавязкі па ахове працы. У 21 % смяротных выпадкаў вінаваты работадаўца, у 30 % — сам рабочы, у 23 % — сумесна, іншыя прычыны, напрыклад, ДТЗ, сталі прычынай у 19 % смяротных выпадкаў.

З боку пацярпелых да траўміравання вядзе парушэнне выканальніцкай дысцыпліны, патрабаванняў бяспекі пры эксплуатацыі механізмаў і непрымяненне выдадзеных сродкаў аховы. З боку службовых асоб гэта невыкананне сваіх абавязкаў па ахове працы, допуск да работы пацярпелага без навучання і інструктажу, прыцягненне работніка да працы не па спецыяльнасці.

— Летась прагулы і іншыя парушэнні дысцыпліны здзейснілі 137 тысяч чалавек. У стане алкагольнага ап'янення на рабочых месцах знаходзілася больш за 17 тысяч работнікаў. Сярод 139 загінулых летась 26 былі ў стане алкагольнага ап'янення. Як відаць, палепшыць сітуацыю можа навядзенне парадку і захаванне дысцыпліны, што не патрабуе істотных укладанняў, — рэзюмаваў Аляксандр Сёміч.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Выкананне дысцыпліны і навядзенне парадку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».