На Віцебшчыне працягласць мясцовай сеткі дарог — каля 15 тысяч кіламетраў, яна саступае толькі Міншчыне (каля 16,1 тысячы кіламетраў). Пры гэтым у Прыдзвінскім краі рэкордная ў Беларусі колькасць населеных пунктаў — блізу 6,3 тысячы. Што зрабіць, каб дарогі ў паўночным рэгіёне, які адзіны ў краіне мяжуе адначасова з Расіяй і Еўрапейскім саюзам, былі ў добрым стане? Мясцовыя ўлады пры дапамозе профільнага міністэрства выпрацоўваюць належны алгарытм дзеянняў.
Дарожныя пытанні абмеркавалі на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама. Тэму, дарэчы, падказалі жыхары Падзвінскага краю. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў анансаваў калектыўную «мазгавую атаку» пасля чарговай прамой тэлефоннай лініі, у якой нядаўна браў удзел. Падчас яе традыцыйна было агучана нямала дарожных праблем.
Свой уплыў сярод іншага аказваюць і кліматычныя асаблівасці Віцебшчыны. Тут узімку нярэдка вялікія маразы, потым раптоўна можа наступіць адліга, праз некалькі дзён зноў «мінус» значна ўзрасце. Рэзкія перапады тэмпературы здараюцца і вясной.
Але і ў такіх умовах, як падкрэсліў губернатар, дарожнікі імкнуцца да таго, каб дарогі былі ў належным стане. Мікалай Шарснёў падзяліўся думкамі наконт магчымасці перадачы дарог пад адказнасць аграрных холдынгаў, якія ўжо створаны. У планах развіццё моцных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Такім буйным суб'ектам па сілах будзе сачыць за парадкам на дарогах, што яны выкарыстоўваюць. Безумоўна, спецыялізаваныя арганізацыі будуць браць удзел у агульнай справе.
Сярод іншага было агучана, што сёлета ў Аршанскім раёне плануецца запусціць вытворчасць асфальтавага пакрыцця. Заводаў, дзе вырабляюць аналагічны матэрыял, хапае (23 у вобласці), але наколькі эфектыўна яны працуюць? Дадзена заданне прааналізаваць іх дзейнасць і зрабіць арганізацыйныя захады.
Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка заўважыў, што ідэі губернатара пасля рэалізацыі стануць цікавым вопытам для пераймання. Насамрэч тая ж «дарожная кааперацыя» — вельмі нестандартны, але і шматабяцальны эксперымент. Міністр паабяцаў падтрымку ў пракладцы новых транспартных артэрый. У прыватнасці, у планах гэтай пяцігодкі ўладкаванне аб'ездаў для Полацка, Віцебска, а таксама Магілёва і Міра — агульнай працягласцю звыш 50 км.
Паводле інфармацыі Мінтранса, падчас мінулай пяцігодкі праклалі, рэканструявалі, зрабілі капітальны і бягучы рамонты на прыблізна 11,1 тысячы кіламетраў дарог. Сетка платных аўтамабільных трас была павялічана на 275 км і выключна пасля іх рэканструкцыі. У рамках рэалізацыі новай дзяржаўнай праграмы запланавана зрабіць вышэйпералічанае ўжо на 12,1 тысячы км дарожнага палатна.
Для параўнання: сетка беларускіх аўтамабільных дарог агульнага карыстання складае больш за 87 тыс. км. Пры гэтым да рэспубліканскіх адносяцца практычна 16 тыс. км, да мясцовых — каля 71 тыс. км. Шчыльнасць дарожнай сеткі — адна з самых высокіх сярод краін СНД.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Бяспека рэальная, віртуальная, у навальніцу і на адлегласці.
Яшчэ нядаўна поле сланечніку здавалася нам дзіўнай з'явай.
«Эфект шафёра» лічыцца адной з распаўсюджаных ментальных пастак.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?