Вы тут

Маляўнічыя кветкі сям’і Аракчэевых


У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы рэалізуецца дынастыйны выставачны праект мастачкі Аксаны Аракчэевай «Як у садзе кветка».


Аксана Аракчэева.

Сёлета спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага мастака Барыса Аракчэева. Аксана Барысаўна — яго малодшая дачка. Штогод яна ладзіць у Купалавым музеі выставу ў памяць аб бацьку — сваім першым настаўніку ў жывапісе. Гэтым разам вернісаж прысвечаны таксама музе мастака — яго жонцы Галіне Ягораўне.

Карціны Барыса і Аксаны Аракчэевых нібы вядуць са сцен зала бязгучную, але выразную пераклічку аб пераемнасці радавых традыцый. Большасць твораў паказана гледачам упершыню.

Сям’я Аракчэевых любіла кветкі. Яны заўсёды былі і ў мінскай кватэры, і на лецішчы. Сімвал кахання Барыса і Галіны — бэз. Калісьці мастак падарыў сваёй нявесце яго квітнеючыя галінкі ў кітайскай вазе, якая стала хатнім сімвалам вечнага кахання і аб’ектам многіх нацюрмортаў. «Калі я не пісаў увесну бэз, дык быццам не было і года», — прамаўляў Барыс Аракчэеў. А на залатое вяселле ён зрабіў сваёй Галі рамантычны падарунак — напісаў букет лілей.

Барыс Аракчэеў. «Зацвіў бэз».

Любоў да прыроды, захапленне дзівосным светам раслін перадаліся яго дачцэ Аксане. «Кветкі натхняюць мяне на творчасць. Малюю іх і алеем на палатне, і акварэллю на паперы. А болей за ўсё мне падабаецца ствараць ілюстрацыі да дзіцячых кніжак. І там расліны — ужо жывыя істоты: вясёлыя і гарэзлівыя альбо задуменныя і сумныя», — шчыра дзеліцца мастачка. Яна таксама плённа супрацоўнічае з часопісам «Родная прырода», ілюструе яго дадатак «Юны натураліст». На выставе можна ўбачыць сакавітыя кветкавыя нацюрморты Аксаны Барысаўны.

Аксана Аракчэева. «Папяровы караблік».

Апошнім часам Аракчэева часта малюе партрэты: «Пільна ўглядаюся ў чалавечыя вочы — і мяне ажно працінае ад таго ўнутранага сэнсу, які яны выпраменьваюць»…

Аксана Аракчэева. «Беларусачка».

Сутнасць экспазіцыі — аповед аб шчаслівай сям’і, дзе панавалі любоў і ўзаемаразуменне, а вышэй за ўсё шанавалася творчасць у розных яе праявах. Барыс і Галіна Аракчэевы вырасцілі трох дачок: Алену, Марыну і Аксану, і ўсе сталі мастачкамі. Аксана Барысаўна захавала малюнкі і дэкаратыўныя вырабы свае і сясцёр яшчэ са школьнай пары, рэчы і дакументы матулі і таты, сямейныя рэліквіі, з якімі знітаваны шчаслівыя ўспаміны. І кранальна падзялілася самым дарагім з гасцямі выставы. (Фота 6 і 7)

Выстава прадоўжыцца да 8 мая. Па завяршэнні праекта мастачка перадасць у дар Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы эскіз і карціну Барыса Аракчэева «Ноч на Івана Купалу».

Барыс Аракчэеў. «Ноч на Івана Купалу».

Святлана ІШЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.