Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Да 9 мая мы павінны ў асноўным пасеяць і буракі, і лён, і кукурузу, і палову бульбы


Калі для многіх сфер эканомікі 2020 год быў выпрабаваннем, то для сельскай гаспадаркі ён склаўся як мага лепей. Вытворчасць валавай прадукцыі ў АПК павялічылася амаль на пяць працэнтаў. Пры гэтым прырост назіраўся ва ўсіх абласцях краіны. Намалочана больш зерня, павышана ўраджайнасць з гектара і сярэднія ўдоі. Таму і выручка ад рэалізацыі на 14 працэнтаў пайшла ўверх. Задачы на бягучы год вызначаны — павялічыць вытворчасць ва ўсіх катэгорыях на 2,7 працэнта. У тым ліку і ў сельскагаспадарчых арганізацыях на 3,5 працэнта. Ці ўдасца сялянам захаваць узяты тэмп і выйсці на запатрабаваныя паказчыкі, абмяркоўваюць на сустрэчы.


«Мінулы год стаў сапраўднай праверкай для сістэмы сусветных эканамічных адносін. Не думаю, што яны адбудаваны і сёння. Тады за адну ноч зачыніліся межы, разбурыліся шматгадовыя гандлёвыя сувязі. Дзяржавы і эканамічныя саюзы адмовіліся выконваць узятыя на сябе абавязацельствы па ўзаемнай падтрымцы. Не выключаю, што гэта камусьці трэба было. Але тое, што гэтым скарысталіся многія, не з’яўляецца сакрэтам тым, хто тут прысутнічае», — сказаў Прэзідэнт. 

У ковідным выпрабаванні перамаглі нацыянальныя інтарэсы, асабліва ў такой фундаментальнай сферы бяспекі дзяржавы, як забеспячэнне прыярытэтных патрэбаў насельніцтва, працягнуў ён.

«У гэтым кантэксце пытанне харчовай бяспекі выйшла на адно з першых месцаў. Мінулай вясной у свеце былі ледзь не панічныя настроі — не ведалі, як пасеяць і вырасціць ураджай. Прадказвалі дэфіцыт прадуктаў харчавання. Так яно і адбылося ў свеце. Сёння рост цэн на прадукты харчавання перавысіў 10 працэнтаў па ўсёй планеце. Менавіта ў гэты момант так званая дыктатура і парадак, за якія нас не проста падкрытыкоўваюць, а папракаюць, паказалі сваю эфектыўнасць», — дадаў Прэзідэнт.

Дзякуючы таму патэнцыялу, які стварылі за перыяд незалежнасці ў сельскагаспадарчай галіне, у мінулым годзе забяспечаны рост вытворчасці асноўных відаў прадукцыі — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, што ў мінулым годзе прыраслі. А менавіта: больш намалочана збожжа, з прычыны чаго была палепшана кармавая база, вырасцілі больш за тону зерня на кожнага чалавека, прыраслі па асноўных відах прадукцыі жывёлагадоўлі — гэта 86 працэнтаў ад таго, што ў зімова-стойлавы перыяд вырабляецца на вёсцы.

«Разам з тым інфармацыя кантралюючых органаў аб актуальным стане спраў у жывёлагадоўлі некалькі насцярожвае. Зніжана вытворчасць жывёлы і птушкі ў жывой вазе. Хай крыху, але зніжана. Пры гэтым вырас падзёж, скарацілася пагалоўе. Я думаю, генеральны пракурор добра ведае, што гэта зона адказнасці пракуратуры. Мы пра гэта дамовіліся яшчэ паўтара гады таму. Падзёж не дапушчальны, калі мы хочам, каб сельскагаспадарчая вытворчасць расла», — паведаміў кіраўнік краіны.

«Ад вытворчасці залежаць рэалізацыя прадукцыі і, як вынік, эканамічны стан вёскі»

Ён акцэнтаваў увагу, што ў чарнобыльскіх рэгіёнах абазначыў: калі старшыні райвыканкамаў не спраўляюцца з праблемай, маладняк з іх гаспадарак павінен быць адпраўлены ў тыя, што могуць забяспечыць нагляд.

«Гэта не толькі тэхналагічныя пытанні, якія профільныя спецыялісты павінны загадзя планаваць і вырашаць. Ад вытворчасці залежаць рэалізацыя прадукцыі і, як вынік, эканамічны стан вёскі, які цяпер не самы просты. За грашыма нават не звяртайцеся. Грошы — у вас. Нам дай Бог вырашыць тыя задачы, праблемы і планы, што мы намецілі. Мы не можам выдаткоўваць грашовыя сродкі на клумбы, дарожкі і накіроўваць значныя грашовыя сродкі туды, дзе яны павінны зарабляцца і адкуль паступаць у бюджэт. Мы не можам дазволіць сабе папаўняць грашовыя страты нічым, акрамя эфектыўнай вытворчасці», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сітуацыя ў галіне дастаткова моцна адрозніваецца па абласцях і тым больш па раёнах, ды і па гаспадарках. «Калі ёсць беспраблемныя гаспадаркі, то чаму пры тым жа надвор’і, фінансавых і іншых фактарах такія ашаламляльныя вынікі? Я разумею, часам хацелася б больш тэхнікі, грошай. У некаторых людзі не тыя, быццам бы іх не хапае», — сказаў кіраўнік краіны і адзначыў, што ў савецкія часы праблема была іншая — працоўных мелі залішне.

Недахоп кадраў ён параіў вырашыць працай у некалькі змен. «Нашы людзі могуць працаваць, толькі трэба ім заплаціць і папрасіць, каб папрацавалі», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Наконт пытання з тэхнікай парада ад лідара іншая — навучыцца абслугоўваць тую, што ёсць, асабліва энерганасычаную.

«Мы вам спецыяльна стварылі да 350 конскіх сіл трактары, а як яны павінны эксплуатавацца? Яны павінны эксплуатавацца асабліва ў пасяўную, бо ў час неабходна пасеяць і ў уборачную круглыя суткі. Хаця б 15–16 гадзін, а для гэтага неабходныя два механізатары і пункт тэхнічнага абслугоўвання», — падзяліўся думкамі Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што нельга ламаць тэхніку, заганяючы яе ў балотныя мясціны, калі падціскаюць тэрміны пасеваў: «Не лезьце ў балота з тэхнікай. Лепш папрацуйце, калі падсохне глеба ў тры змены».

Па словах Прэзідэнта, у дысцыпліне і арганізацыі ўся праблема, у гэтым запэўніўся на мінулым тыдне, абляцеўшы паўкраіны.

«Больш таго, часам складваецца ўражанне, што чым большая падтрымка і давер аказаны рэгіёну, тым горш ён працуе. На прыкладзе Віцебскай вобласці Уладзімір Паўлавіч (Андрэйчанка — „Зв.“ ) і Мікалай Мікалаевіч (Шарснёў — „Зв.“) у бліжэйшы час разбяромся. І не дай Бог у вас там не будзе прагрэса. Зрабілі ўсё, што вы прасілі», — абазначыў Прэзідэнт.

«Ключавыя фактары поспеху — эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных і працоўных рэсурсаў»

Ён папрасіў старшынь аблвыканкамаў далажыць пра прычыны, якія сталі перашкодай дынамічнага развіцця аграпрамысловага комплексу, і, галоўнае, якія прымаюцца меры для іх ліквідацыі.

«Сельскагаспадарчая галіна спецыфічная тым, што менавіта на месцах (а не ў Мінску) знаходзяцца ключавыя фактары поспеху — эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных і працоўных рэсурсаў, выключэнне фактаў безгаспадарчасці, аптымальнае задзейнічанне ўсяго патэнцыялу галіны. Пры гэтым мы дамаўляліся, што старшыні райвыканкамаў, аблвыканкамаў — гэта ваша зона адказнасці. Але функцыі павінны быць размеркаваны паміж выканкамамі раённых саветаў і абласных саветаў, міністэрстваў і ўрадам», — сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў пры гэтым трэба ведаць, што асноўная задача віцэ-прэм’ера, які адказвае за ўвесь АПК, — экспарт прадукцыі.

«Шчыра скажу, што і Субоціна (Аляксандра — „Зв.“) мы прызначалі на гэтую пасаду, бо ён на асноўным нашым рынку ў Маскве патаптаўся. Ведае людзей і іншае. Быццам бы з экспартам асаблівых праблем няма. Гэта галоўнае ў ацэнцы працы віцэ-прэм’ера, ды і прэм’ера. Урад павінен забяспечыць па-буйному сельскую гаспадарку. Чытай, пасяўную і ўборачную. Фінансавыя рэсурсы, матэрыяльна-тэхнічную базу, маю на ўвазе, паліва перад усім, угнаенні. І больш туды не трэба лезці», — абазначыў задачы Прэзідэнт.

На губернатараў, як ён працягнуў, ускладзена выбудоўванне стратэгіі, а на старшынь раённых выканкамаў — яе рэалізацыя.

«Губернатары, назірайце, каб эфектыўнасць была сельскагаспадарчай вытворчасці, каб тэхналогіі захоўваліся. Гэта і міністра сельскай гаспадаркі задача — тэхналогіі, самыя перадавыя. І пуга ў вас павінна быць у руках, калі дзесьці нешта не так, але не ўмешваючыся ў вытворчы працэс. Паўтараюся, што мы з вамі пра гэта дамовіліся. Вы вызначыце, хто за што адказвае, але галоўнае — вынік», — нагадаў Прэзідэнт.

Сёння, паводле яго слоў, павінны быць прыняты рашэнні, якія вызначаць канкрэтныя задачы для кіраўнікоў усіх узроўняў, і ўсталяваны параметры, па якіх пасля будзе дадзена ацэнка вынікаў працы.

«Меліярацыя — пытанне найважнейшае для нас»

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што настойвае на актывізацыі меліярацыі любымі сродкамі і за любыя грошы. Усё павінна быць накіравана на гэта, у тым ліку і ініцыятыва людзей, бо страчваюцца тысячы гектараў, зарастаючы хмызняком.

«Меліярацыя, утрыманне земляў, павышэнне ўрадлівасці (гумус і іншае) — гэта задача дзяржаўнай важнасці. Гэта наша задача. Таму я папрашу міністра і віцэ-прэм’ера заняцца гэтымі праблемамі. У кожным раёне, яшчэ раз паўтараю, павінны быць спецыяльныя атрады, якія будуць гэтым займацца, — сказаў Прэзідэнт. — Меліярацыя — пытанне найважнейшае для нас. У кожнай вобласці шырокім фронтам павінна ажыццяўляцца меліярацыя. Таму што нават у Генадзя Міхайлавіча (Салаўя — „Зв.“) у чарнобыльскіх абласцях людзі радуюцца, калі ў сотню гектараў нейкае поле далучаюць. Чаму? Бо трэба кармы атрымаць, каб у жывёлагадоўлі дадаць».

Ён дадаў, што асабліва «сумна выглядае» тэрыторыя паміж Мінскам і Барысавам у плане меліярацыі. 

Яшчэ адна праблема, якая кідаецца ў вочы, па словах Прэзідэнта, — пустуючыя прысядзібныя ўчасткі і дамы. На працягу года задача ўсёй вертыкалі ўлады ад кіраўніка краіны — іх прадаць ці знесці.

«Старыкі з’ехалі, памёрлі, а дзецям не патрэбныя. Але ў нас добры працэс пайшоў — гараджане пачалі такія дамы купляць, нават у самых аддаленых вёсках. Ваша задача — усе гэтыя дамы ці знесці ці прадаць за капейкі, калі патрэбна. Але галоўнае для вас — апрацаваць гэтыя прысядзібныя ўчасткі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У связцы з гэтай і наступная праблема. Будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў дала магчымасць сысці са старых вытворчых пляцовак. «Мы кінулі старыя фермы, і на дахах растуць дрэвы. Мужыкі, 2–3 гады — усё прыбраць ці закапаць на месцы. ці вельмі глыбока, каб не перашкаджала пахаць. Захочуць людзі разабраць, нешта забраць, хай забіраюць. Але парадак трэба навесці», — дадаў кіраўнік краіны.

Старшыню Камітэта Дзяржкантролю Васіля Герасімава Аляксандр Лукашэнка папрасіў узяць усе пералічаныя праблемы на кантроль. «Не дай Бог хтосьці не выканае гэтыя задачы, спасылаючыся на якія-небудзь абставіны! Глядзіце самі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Па яго словах, кожны тыдзень яму прадстаўляюць справаздачу ад ходзе вясенне-палявых работ. «Пакуль, мужыкі, адстаем. І скажу вам прама: працуйце суткі, як хочаце. З сёння надвор’е ўсталявалася. Да 9 мая мы павінны ў асноўным пасеяць і буракі, і лён, і кукурузу, і палову бульбы. Застанецца толькі пасля 9 мая дасеяць бульбу. Сплануйце справу і пакажыце, што вы можаце арганізаваць працэс, — сцвярджае Прэзідэнт. — Папрасіце гараджан, арганізуйце, каб дапамаглі, дзе трэба. Але толькі там, дзе трэба, не вазіце аўтобусамі людзей дзеля паказухі. 9 мая — кантрольная кропка, 10-га я знайду час, каб паглядзець краіну і зрабіць вынік, на што здольныя губернатары і падначаленыя ім людзі».


Каментарый у тэму

Аляксандр СУБОЦІН, намеснік прэм’ер-міністра ў размове з журналістамі расказаў, што Беларусь дасягнула шмат чаго ў сельскай гаспадарцы і забяспечыла сваю харчовую бяспеку. Сёння на першы план выходзіць задача прадаваць больш і ў розныя краіны.

«Мы бачым, што ў свеце ўжо адчуваецца недахоп харчовых тавараў. Цэны пачынаюць падвышацца на ўсё харчаванне. Мы як адны з асноўных вытворцаў і пастаўшчыкоў харчавання ў свеце разумеем сваё месца і будзем трымацца за яго», — акцэнтаваў ён.

Як сцвярджае віцэ-прэм’ер, беларускія тавары харчавання ведаюць у 116 краінах, а за бягучы квартал ужо прадалі на 72 мільёны долараў больш, чым за такі ж перыяд летась.

«Аграрная галіна — адна з самых няпростых і шматгранных, там заўсёды ёсць нюансы і пытанні. Як паказвае жыццё, яна становіцца адной з самых тэхналагічных, таму такія нарады з падвядзеннем прамежкавых вынікаў і пастаноўкай задач сталі неабходнасцю і традыцыяй», — паведаміў віцэ-прэм’ер.

Па яго словах, прысутнасць на сустрэчы губернатараў надало нарадзе актыўнасці, бо кожны агучваў праблемы свайго рэгіёна, і некаторыя са складаных выклікаў удалося вырашыць.

Аляксандр ТУРЧЫН, старшыня Мінскага аблвыканкама адзначыў, што сельская гаспадарка заўсёды выклікае гарачую дыскусію на нарадах, бо гэта галіна — найважнейшая для краіны і закранае значную колькасць людзей.

«Асноўныя пытанні тычыліся стану сельскай гаспадаркі. Мы бачым рост сусветных цэн на прадукцыю, таму задача — максімальна выкарыстоўваць наш вопыт і патэнцыял для актыўнай прысутнасці на сусветных рынках. Абмяркоўвалі пытанні і фінансава-эканамічныя, бо аснова — эканоміка. Мы павінны працаваць эфектыўна, рэнтабельна і тады будзем мець вынікі, якія хочам», — сказаў Аляксандр Турчын.

Ён заўважыў, што вялікую значнасць мае і аплата працы сялян: «Калі мы не будзем плаціць людзям нармальную зарплату, працаваць у сельскай гаспадарцы будзе няма каму».

Па яго словах, вобласці пастаўлена задача за бягучую пяцігодку навесці парадак са стратнымі гаспадаркамі, дзе традыцыйныя метады аздараўлення не дзейнічаюць. Такіх на Міншчыне каля 60.

«Кожная гаспадарка — індывідуальнае рашэнне. Няма агульных падыходаў. Я Прэзідэнта запрасіў у Крупскі раён для таго, каб далажыць пра нашы падыходы. Крупскі раён — адзін з прыкладаў такіх падыходаў у вобласці», — дадаў старшыня Мінскага аблвыканкама.

Яго калега з Гродзенскай вобласці Уладзімір КАРАНІК задаў рытарычнае пытанне, чаму ў адных гаспадарак атрымоўваецца зарабляць «на зямлі», а іншыя не спраўляюцца са стратамі.

«Сёння ў нас ёсць раёны, як Гродзенскі, дзе няма ніводнага стратнага прадпрыемства. Там кожнае мае значныя сумы на дэпазітах. Але ёсць раёны, дзе назіраюцца праблемы з развіццём. Сёння абмяркоўваўся падыход — для кожнай гаспадаркі выпрацоўваць індывідуальную стратэгію. Мы спадзяемся, што на працягу гэтага года будуць вызначаны крыніцы фінансавання мерапрыемстваў па паскораным развіцці, і мы будзем бачыць вынік», — заявіў старшыня Гродзенскага аблвыканкама.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем'і і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.