Вы тут

Моц веры. Пра ролю асобы ў гісторыі. Нават калі гісторыя — зусім не «глабальная»


«Я называю Малыша сімвалам перамогі дабра над злом», — сказала ў тэлесюжэце яго выратавальніца. Гісторыя пра звычайнага дварняка сапраўды стала сёлета сімвалічна-велікоднай. Так, я пра таго самага Малыша, пра якога пісала тры тыдні таму. Якога адны людзі стукнулі па галаве і закапалі яшчэ жывым, а іншыя выцягнулі з магілы і выратавалі.


Фота валанцёраў.

Сабачка павольна, але ўпэўнена ідзе на папраўку. Ён ужо стаў бачыць, упэўнена тупае пярэднімі лапамі, спрабуе на спецыяльных занятках перасоўваць заднія. (Ёсць надзея, што хутка пойдзе ўсімі чатырма, бо пазваночнік не пашкоджаны, але дае аб сабе знаць пяцідзённае нерухомае знаходжанне пад зямлёй.) Любіць паесці і нават пачаў звонка брахаць, «перагаворваючыся» са сваім хвастатым суседам у рэабілітацыйным цэнтры для жывёл. Карацей, гэтыя тры тыдні ў мяне асабіста добрыя навіны ёсць штодня. Прыйдзеш дадому стомлены, а часам і без настрою, адкрыеш групу ў вайберы — а там навіны пра Малыша: то ён спрабуе ўстаць, то з рэабілітолагам займаецца... Нават калі ваду з міскі заўзята-бадзёра хлёбае — і то на душы радасней. Асабліва таму, што ты да гэтай добрай справы хоць нейкай пералічанай капейчынай прычыніўся. Думаю, і тыя іншыя семсот шэсцьдзясят чалавек, што ўжо тры тыдні застаюцца ў агульным чаце, тое самае адчуваюць.

Гэта гісторыя сапраўды пра перамогу дабра над злом. Пра чалавечую спагаду. Але галоўнае (і з гэтага ўсё пачыналася, і гэта вельмі дарэчы зноў жа кладзецца на велікодную сімвалічнасць) — пра веру. Пра веру стваральную, якая натхняе на дзеянні нават у, здавалася б, безнадзейнай справе. Якая была напачатку толькі ў адной жанчыны. І з самага пачатку было зразумела, што менавіта дзякуючы яе веры і таму, што яна не сядзела склаўшы рукі, некалькі соцень іншых людзей, паміж сабой незнаёмых, магчыма, абсалютна розных палітычных поглядаў (а ў нашым грамадстве, на жаль, сёння гэта адзін з вызначальных паказальнікаў) аб'ядналіся дзеля адной добрай справы. Гэта яна першай прымчала ў Старобін і павезла пакалечаную жывёлу ў ветклініку. Гэта яна не дала ўсыпіць Малыша, як напачатку раілі ветэрынары, а пачала шукаць, дзе яго згодзяцца ратаваць. Гэта з яе падачы гісторыя старобінскіх (дагэтуль, дарэчы, не знойдзеных) нелюдзяў і іх ахвяры трапіла ў СМІ. Прычым яна не прасіла дапамагчы фінансава — толькі падстрахаваць у сталічнай ветклініцы. Хоць кожны, хто хоць раз вазіў да ўрача гадаванца, пацвердзіць: рахункі там нярэдка астранамічныя.

Я не ведаю гэтую жанчыну асабіста — толькі па відэа ды па перапісцы ў мэсэнджары. Адтуль і вядома, што завуць яе Іна Курс і жыве яна ў Салігорску. Дапамагае не толькі бяздомным жывёлам, але і хворым на анкалогію дзеткам. Сваіх клопатаў і праблем у жанчыны хапае: сын-студэнт, хворая дачушка, пажылая мама ў вёсцы. Дома ў яе жывуць яшчэ восем кошак і сабака... Здавалася б, толькі круціся, выжывай, падай стомлена без сіл, скардзіся знаёмым і незнаёмым, як цяжка жыць. А яна... Яна імчыць ратаваць паўмёртвага бруднага дварняка, якога выкапалі з зямлі, вязе яго ў Мінск, шукае, хто возьмецца яго лячыць. А праз колькі дзён едзе да мамы ў вёску, ратаваць яшчэ адну жывую істоту — атручанага суседам сабаку, гэткага ж беспароднага, як Малыш. Вязе яго ў лякарню на сваёй машыне, пасля — да сябе дадому, бо больш няма куды...

Яна не маладая апантаная нейкай ідэяй дзяўчынка — дарослая жанчына са спакойнымі моцнымі рухамі і крыху стомленым тварам. Але ў вачах у яе — цёплае святло, а ўсмешка ненадумана шчаслівая. «Я называю Малыша сімвалам перамогі дабра над злом», — шчыра гаворыць яна карэспандэнту. Яна мае права так лічыць і так думаць.

А яно і сапраўды так атрымалася — добрая велікодная гісторыя. Прынамсі, амаль для васьмісот чалавек, большасць з якіх абсалютна паміж сабой незнаёмыя, якія, напэўна, маюць розныя палітычныя погляды і ўвогуле погляды на жыццё. Бо гэта не Малыш выжыў — гэта мы сталі больш жывымі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».