Вы тут

У Віцебску зацвердзілі комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Здароўе і дэмаграфічная бяспека»


На пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў зацвердзілі рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Здароўе і дэмаграфічная бяспека» на 2021—2025 гады.


Вядома, што менавіта Падзвінскі край першы прыняў выклік каранавіруснай інфекцыі. І адпаведная сістэма: выяўлення інфіцыраваных, ізаляцыі, лячэння — не дала збояў. У выніку вобласць дастойна справілася з першай хваляй эпідэміі раней невядомай хваробы. І вопыт, які напрацавалі медыкі на поўначы краіны, потым выкарыстоўваўся ў іншых абласцях і Мінску.

Прытым, што барацьба з «інфекцыяй XXІ стагоддзя» працягваецца, не спыняецца і працэс павышэння якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва ў цэлым.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі расказаў пра маштабную рэканструкцыю аб'ектаў аховы здароўя і акрэсліў планы далейшых дзеянняў.

У прыватнасці, каб падцягнуць узровень мясцовай медыцыны да абласной, робіцца стаўка на стварэнне і развіццё міжраённых медыцынскіх цэнтраў.

Шмат увагі такім установам, якія ўжо працуюць у буйных гарадах Падзвіння: Оршы, Полацку і Наваполацку. З часам яны па тэхнічнай «начынцы» не будуць саступаць клінікам, якія знаходзяцца ў абласным цэнтры. Але трэба, каб было каму працаваць на абсталяванні, якое адпавядае сучасным стандартам. Таму асобная размова пра тое, як захоўваць і прывабліваць маладыя кадры.

Наконт унікальнага вопыту. Сёлета пачалі прымаць пацыентаў у першым для вобласці міжраённым скрынінгавым цэнтры па выяўленні анкалагічных захворванняў. Ён функцыянуе на базе Аршанскай цэнтральнай паліклінікі. Сюды па кансультацыі і абследаванне могуць звяртацца і жыхары суседніх Дубровенскага і Талачынскага раёнаў. Біялагічныя матэрыялы накіроўваюцца ў Віцебскі абласны клінічны анкалагічны дыспансер і сталічны Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава. Такая магчымасць дазваляе жыхарам глыбінкі сэканоміць час і атрымаць пры гэтым якасны медыцынскі сэрвіс.

Таксама сёлета запрацаваў міжраённы цэнтр трамбалітычнай тэрапіі (для нармалізацыі кровазвароту, у тым ліку для прафілактыкі інфаркту), які дзейнічае на базе Браслаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

У вобласці, каб павысіць эфектыўнасць функцыянавання службы хуткай медыцынскай дапамогі, ажыццяўляецца яе цэнтралізацыя. У прыватнасці, да пачатку ліпеня да Віцебскай гарадской «103» запланавалі далучыць брыгады суседніх раёнаў: Лёзненскага, Сенненскага, Шумілінскага, Бешанковіцкага і Гарадоцкага. Ад гэтага выйграюць і медыкі, і патэнцыйныя пацыенты. Будзе палепшана матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Напрыклад, у ліку іншага людзі ў белых халатах атрымаюць каля пятнаццаці новенькіх аўто.

Каб палепшыць першаснае медыцынскае абслугоўванне, сэканоміць бюджэтныя сродкі, акцэнт робіцца на дзейнасць урачоў агульнай практыкі. Сёлета запланавана, што такія спецыялісты будуць абслугоўваць ужо каля 40 % жыхароў вобласці. Там, дзе такія дактары ёсць, становіцца менш праблем са здароўем у грамадзян, прыпісаных да тэрапеўтычных участкаў. У прыватнасці, своечасовае назіранне дазваляе паніжаць колькасць шпіталізаваных з хранічнымі захворваннямі, на больш ранніх стадыях можна выявіць анкалагічныя захворванні, цукровы дыябет, праблемы з сасудамі і іншае.

Кіраўнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя запэўніў народных выбраннікаў, што ўсе рэарганізацыйныя змены праводзяцца толькі дзеля атрымання станоўчага выніку з улікам патрэб часу.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Дзеля здароўя!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.