Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


pixabay.com

Замуж выйсці трэба знаць...

Пяць падушак рыхтаваць

Я, магчыма, і памыляюся, але ж скажу, што большасці з сённяшніх маладых дзяцінства ўспамінаецца як свята: цацкі, прысмакі, можа, нават паездкі да мора... У сённяшніх пажылых (яшчэ мякка кажучы) усё было іначай.

Я вось з маленства працавала — пасвіла гусей, бо яны ў нас былі сухапутныя: паблізу ні рэчкі, ні канавы якой, ні хоць бы сажалкі. Адзін толькі выган, куды і сапраўды выганялі гусей, цялят, свіней. І пасвіць іх трэба было, бо з аднаго боку знаходзіліся людскія гароды, з другога — калгасныя палеткі з нейкай збажыной, да якой птушку ды скаціну цягнула як магнітам.

А я на пасьбу выходзіла з кніжкай. І адарвацца ад чытання ну ніяк не магла! Таму гусей і сваіх, і чужых пазабівала б, здаецца!

Бачачы гэта, дзядуля хіба ўсміхаўся ды неяк сказаў: «Бедная ты дзеўка. Доўга табе яшчэ мучыцца... Пакуль пяць падушак збярэш».

Я тады зусім не разумела: прычым тут падушкі?! І навошта аж пяць, калі досыць адной? Дзядуля параіў спытаць пра гэта ў таты.

І вось аднойчы восенню, калі наш выган добра такі апусцеў (гаспадыні сталі трымаць гусей на падворках, каб адкарміць на мяса), я, нарэшце, уздыхнула з палёгкай і папрасіла тату, каб расказаў мне пра пяць падушак. Ён крыху пасмяяўся, але ж узяўся ўспамінаць:

«У свой час, — казаў, — гадоў, можа, сто таму, жыў у вёсцы дужа багаты гаспадар. У яго і пабудовы былі найлепшыя, і жыўнасці рознай шмат, і прыгажосць паўсюль: і ў хаце, і паблізу... А вось аўтарытэту пры тым — ну ніякага, бо вельмі ж ганарысты быў: без фігі не да носа, як той казаў, людзей за людзей не лічыў...

І была ў яго дачка — Ганначка. Самы час бы дзеўцы замуж ісці, аднак бацька сказаў, што дастойных жаніхоў паблізу не бачыць, а за галадранца нават не падумае аддаваць...

Хоць адзін з такіх Ганне і падабаўся: прыгожы быў, разумны, майстравы... Уся ганьба, што ўдовін сын, што хатка старая-малая ды гаспадаркі амаль ніякай. Па гэтай прычыне Іван і ў сваты не ішоў.

А вось нейкі іншы жаніх, з далёкай вёскі, да Ганны з'явіўся.

Іван пачуў гэту навіну — і ў роспач: трэба ж, як быццам, нешта рабіць, а што? Дарослых сватоў яму наўрад ці знайсці (да ганарліўца Дзеркача ніхто лішні раз не пойдзе), — кінуўся тады да сваіх сяброў. Дамовіўся з адным, з другім (маім будучым татам), і таксама да Ганны (у вёсцы лічылася, чым больш у дзеўкі сватоў, тым больш пашаны).

І вось яны ўтрох з бутэлькай гарэлкі заходзяць у хату, гавораць, чаго прыйшлі. Дзяркач той слухае ды ў вочы смяецца, думае, як бы і сваіх гасцей пасмяшыць — сватоў, што прыехалі першымі.

Для гэтага выцягвае з запечка дзве калодкі, абодвум жаніхам дае па сякеры — гаворыць, каб паказалі, ці ўмеюць секчы лучыну.

Той першы хлопец, багаты, за справу смела ўзяўся: акуратна так махаў сякерай, тое, што адсякаў, адразу ж складаў у кучкі...

Іванка спярша хіба глядзеў на ўсё — на багаты стол, на важных гасцей, на ганарыстага Дзеркача, — спрабаваў зразумець, якую ж той абразу для яго прыдумаў?..

А таму і справу пачаў спакваля: спакойна рассек калодку на некалькі вялікіх кавалкаў, паставіў у кут сякеру, сабраў на руку цурбакі.

— Хоць я бядняк, сірата, але прыніжаць сябе нікому не дазволю.

Сказаў ён так і... па вокнах — паленнем...

Шыбы звіняць, шкло сыплецца, усе аслупянелі...

Першым гаспадар апомніўся: схапіў качаргу і з крыкам «Ах ты, паганец!» кінуўся да нас, да Івана. А таго ўжо і след прастыў.

...Трэба сказаць, што гэтае сватаўство адбывалася ўзімку, што на вуліцы былі маразы: холад адразу ж палез у хату, а зашкліць усе пяць акон тады цяжкавата было нават багатаму Дзеркачу: дзіркі прыйшлося затыкаць падушкамі.

...Ганначку, як і варта было чакаць, засваталі тыя прыезджыя — забралі замуж у іншую вёску. А ў сваёй — дзяўчатам яшчэ доўга казалі, што падушак трэба мець шмат: столькі, колькі вокнаў у бацькавай хаце, бо ці мала што... Гісторыі ж паўтараюцца».

Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў


Добрая... хвароба

Нашы вяскоўцы, відаць, спрадвеку шмат працавалі, часу не мелі звяртацца да ўрачоў. Бо гэта ж, як правіла, некуды ехаць, некага непакоіць... Ім прасцей было думаць, што пабаліць ды перастане. А калі не — то гэткі ўжо лёс...

Дык вось два дні з жыцця жанчын.

Першы — зусім звычайны. Раніцой у брыгадны домік сышліся паляводы. Сядзяць там, чакаюць брыгадзіра, які зараз павінен прыехаць з нарады ў старшыні, размеркаваць іх па работах. А пакуль што могуць адпачыць, пагутарыць.

У той раз нейкай агульнай тэмы ў іх чамусьці не было: жанчыны перамаўляліся паміж сабой. Адна расказвала сваёй прыяцельцы, што ўчора госць у хаце быў, родны брат прыязджаў, але ж бедны, як сам не свой... Жонка ў яго захварэла: з кожным тыднем ёй горай і горай, а да ўрачоў не ідзе... Вось ён, маўляў, і рыхтуецца ўжо да самага найгоршага. Шкада чалавека! І жонку яго... Кабеце ж толькі 40 гадоў... Амаль 20 разам пражылі ў згодзе і ладзе... Праўда, дзетак ім Бог не даў.

Жанчыны пагаварылі так, паспачувалі, згадалі нешта сваё, а тут і брыгадзір прыехаў.

...Месяцаў праз колькі — дзень другі.

Такая ж раніца... Тыя ж людзі ў тым самым брыгадным дамку, з якога ні з таго ні з сяго... рогат — звонкі, нястрымны! Аж заходзяцца ўсе: і жанчыны, і мужчыны, і брыгадзір...

З чаго? Ды брат прыязджаў да той самай сястры. Прычым шчаслівы-шчаслівы! Сказаў, што жонка яго, тая хворая, сынка нарадзіла: Бог даў — не іначай!.. Багданам назвалі.

Іван Букоўскі, Глыбоцкі раён


Трэба мыць ногі, альбо Размова нямога з глухім

Гэтыя два дзядзькі — назавём іх Вася і Гена — жылі ў раёне, а працавалі ў горадзе, у Рагачове, на заводзе «Дыяпраектар» (ці дзівапраектар, як кажуць у нас). Першы быў грузчыкам, другі — токарам-фрэзероўшчыкам... Што відаць было нават здалёк, у тым ліку — па іх гаспадарках. Тому Васю, напрыклад, хоць плот паставіць, хоць гарод узараць, хоць дроў нарыхтаваць, хоць дах накрыць — што раз плюнуць, як той казаў. А вось розныя там бабскія работы (падлогу памыць, пустазеліну вырваць) — гэта, прабачце, і божа барані! Так яго дзядуля вучыў, які, можа, цара яшчэ бачыў.

Гена — той іншы зусім: яму чамусьці і ў градах цікава, і адзежу памыць, і есці наварыць... Ён нават булкі пёк да Вялікадня! Сам замешваў, сам глядзеў, як падыходзяць, сам у печ садзіў... А калі чаго не ведаў альбо не ўмеў, у кніжках-газетах стараўся вычытаць, у людзей пытаўся...

Карацей, агульнага ў мужчын гэтых мала было, хіба што абодва, адзін перад адным, павыхваляцца любілі. Збяруцца, бывала, вып'юць і ўжо тады...

Не паверыце: кожны сам пра сябе расказвае-слухае, кожны сам сабой ганарыцца, і абодвум добра.

Дык вось, неяк раз яны пляшку ўзялі, у Гены свая закуска была. Вася як пакаштаваў яе, дык проста абалдзеў! Там такая смаката...

— Што гэта? — пытаецца ў Гены. — І дзе ты ўзяў?

Той з форсам:

— Ды індычына... Сам нагадаваў, сам нагатаваў.

— Я... Я таксама нагадую! — загарэўся Вася.

Гена пачаў быў яму даводзіць, што птушка гэта вельмі няпростая — далікатная ў доглядзе, але Вася і слухаць не стаў, бо тут жа вясна якраз, а значыць...

Гена чарговы раз пасадзіў на яйкі індычку, Вася купіў гатовых індычанят і ўзяўся іх гадаваць — прычым так, як ён разумеў: як куранятак-бройлераў.

Не ведаю, колькі там часу прайшло, — запыханы, прыбягае да Гены, кажа:

— Браток, падкажы, што рабіць? Учора адно птушаня захварэла, сёння — другое...

Гена яму:

— Паспрабуй падкурыць.

Вася:

— Дык я ж і так... Кожны дзень...

(Без цыгарэты ў зубах ён, і праўда, хіба ноччу бывае...)

— «Падкурыць» — гэта іншае... Гэта зёлкамі трэба, — павучае Гена і нават цэлую лекцыю «выдае» пра тое, чым птушанят карміць, што рабіць, каб у іх ні лішняй вільгаці, ні холаду, ні бруду... Каб цёпла, каб суха, каб чыста... Ногі, маўляў (гэта бабы сказалі б «лапкі» ці «ножкі»...) кожны дзень трэба мыць!

Адзін, карацей, загадаў, як думаў, другі зразумеў, як пачуў і тут жа пайшоў выконваць.

Дні са тры яго ў Гены не было, потым зноў з'яўляецца, прычым зноў з бядою: яшчэ дзве птушачкі здохлі... А я ж, маўляў, і прыбіраў у іх, і пабяліў, і ногі мыў...

— Вадой? — удакладніў Гена.

— ?!

—... А зараз паспрабуй гарэлкай.

Вася (ён, вядома ж, пра свае ногі думаў) тут яшчэ раз знямеў.

— Як?.. — спытаўся ледзь чутна. — Гэта ж колькі яе спатрэбіцца?! Можа, з вядро?

— Прычым тут вядро? — запярэчыў Гена. — У кубачак наліў і мачай да каленцаў.

Вася з твару змяніўся: да яго дайшло (!), каму трэба ногі мыць, і ён зарагатаў.

З чаго зарагатаў, хутка зразумеў і Гена. Пасмяяліся разам.

...Так ці інакш, але некалькі індыкоў у Васіля да восені ўсё-ткі вырасла — ён выгадаваў... Адзінае — працэс гэтай гадоўлі не сказаць каб яму спадабаўся. З куранятамі куды прасцей было: пакарміў, і растуць сабе. І ніякіх зёлак ім, ніякіх пабелак ды гарэлкі, каб ногі мыць «да каленцаў».

...Гена, дарэчы, таксама індыкоў цяпер не гадуе, на падворку толькі парачка засталася: пакінуў, каб куранят вадзілі, бо, кажуць, што лепшых птушыных «матак» у свеце няма! Каршун, напрыклад, за вярсту аблятае, бо ведае: калі што, індычка на шматкі парве — не горш за сабаку.

...Вось такая выйшла гісторыя з-за таго, што адзін казаў, другі не разумеў (дакладней, разумеў не так)...

А калі б правільна, то і пісаць не было б чаго. Ну ўзяўся чалавек гадаваць індыкоў... Ну, з 10 выраслі тры. І ўсё — з чаго смяяцца? А так...

Так нават падумаць можна аб тым, як няпроста вяскоўцам даецца іхняе «ўсё сваё» — з хлява ды гарода.

Да таго ж, згадзіцеся, не такое яно і дармавое, калі ногі мыць трэба гарэлкай.

С. Вароніна, Рагачоўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».