Вы тут

У Сухопальскім сельсавеце кожны год зносіцца паўтара дзясятка дамоў


У склад Сухопальскага сельсавета ўваходзяць 28 населеных пунктаў. Па стане на пачатак гэтага года ў 923 вясковых хатах ніхто не жыве. Больш за тры гады пустуюць 210 дамоў. Работы ў плане скарачэння колькасці пустых і старых дамоў у выканкаме хапае. Напрыклад, летась знеслі 14 старых і трухлявых дамоў, з пачатку гэтага года вызваліліся ўжо чатыры пляцы пад былымі пабудовамі і сядзібамі.


Пошукі, суды, перапіска

Тэрыторыя адміністрацыйнай адзінкі даволі вялікая. Тут размяшчаюцца землі трох гаспадарак: ААТ «Мурава», ААТ «Роўбіцкае», вытворчы ўчастак ААТ «Жураўлінае». І хоць побач з Сухопалем, Роўбіцкам, іншымі населенымі пунктамі праходзіць аб'язная дарога вакол Белавежскай пушчы, тутэйшая нерухомасць асаблівым попытам не карыстаецца. У асобных вёсках дамы аддаюць за паўтары—дзве тысячы долараў у эквіваленце, але пакупнікі ў чэргі выстройваюцца. На рыначны кошт уплывае аддаленасць ад буйных гарадоў. 

Варта адзначыць, што вялікая колькасць дамоў падтрымліваецца ў адносным парадку нашчадкамі былых гаспадароў і выкарыстоўваецца ў летні перыяд для адпачынку ці агародніцтва. Але даволі многа такіх, якія з гадамі пачынаюць разбурацца, прыходзяць у заняпад і становяцца клопатам мясцовай улады.

Старшыня Сухопальскага сельскага Савета Міхаіл МАРТЫНАЎ гаворыць, што знайсці магчымых нашчадкаў часта становіцца задачай вельмі складанай:

— Накіроўваем запыты ў розныя інстанцыі. Пры гэтым яшчэ трэба ведаць, кампетэнтныя ўстановы якой краіны давядзецца турбаваць. Раней моладзь, як вядома, раз'язджалася па ўсёй былой вялікай краіне. Цяпер дзеці і ўнукі ўласнікаў дамоў жывуць у розных кутках блізкага, а часам і далёкага замежжа. Таму здараецца, што найлепшай крыніцай інфармацыі становяцца вясковыя старажылы. Ну, а знайшоўшы нашчадкаў, адразу ладзім перапіску. Часам у ёй і вырашаецца лёс будынка. Бо патэнцыяльны ўласнік, бывае, лічыць за лепшае пісьмова адмовіцца ад пабудовы і тым самым пазбегнуць дадатковых праблем.

Некаторыя спадчыннікі самі разбіраюць былыя дзедаўскія дамы, іншы раз знаходзяць магчымасць прадаць пабудовы юрыдычнай асобе пад знос на дровы. Але найбольш старых дамоў ідзе пад знос пасля адпаведнага рашэння суда. Сельвыканкам накіроўвае дакументы ў суд з просьбай прызнаць дом безгаспадарчым. Пасля шэрагу неабходных юрыдычных фармальнасцяў такое рашэнне прымаецца, і дом пераходзіць ва ўласнасць мясцовага органа ўлады.

Старшыня сельскага Савета Міхаіл Мартынаў на полі, якое ўтварылася пасля зносу дамоў.

Зямля — у севазварот

Менавіта з прымяненнем вышэйапісанай працэдуры былі знесены тры жылыя дамы ў вёсцы Грыневічы. Туды і накіроўваемся са старшынёй сельскага Савета Міхаілам Мартынавым. «Усе выдаткі па ліквідацыі былых пабудоў узяло на сябе сельгаспрадпрыемства «Мурава» — расказвае Міхаіл Яўгенавіч. Самі каробкі дамоў разабралі яшчэ зімой. З надыходам вясны пляцоўку канчаткова расчысцілі, правялі рэкультывацыю зямлі, падрыхтавалі глебу і пасеялі кукурузу. Такім чынам, у севазварот гаспадаркі ўведзены ладны кавалак зямлі.

Дамы пад нумарамі 9, 11, 13 стаялі на адной вуліцы адзін за адным. Таму вызваліўся ўчастак зямлі, які можна апрацоўваць любой габарытнай тэхнікай. А гэта для гаспадаркі выгадна. У пачатку вуліцы застаўся адзін дом, які таксама мае не вельмі прывабны выгляд. З яго гаспадарамі зараз вядуцца перамовы.

— Справа ў тым, што ёсць законная гаспадыня гэтага дома. Хоць яна жыве ў дзяцей ужо добры дзясятак гадоў, але пакуль не дае згоду на знос пабудовы. Яно і зразумела, — разважае кіраўнік мясцовай улады. — Мы не можам прыспешваць у такім выпадку. Добра разумеем, як некалі ўзводзілі дамы вясковыя жыхары, як у многім сабе адмаўлялі пры гэтым. А цяпер пусціць сваю былую хаціну пад бульдозер, у якім бы стане яна ні была, не кожны адважыцца. Таму і чакаем. Хоць падчас апошняй тэлефоннай гутаркі пенсіянерка сказала, што неўзабаве дзеці збяруцца, і на сямейнай нарадзе будуць вырашаць пытанне пра лёс гэтай хаты. Можа, захочуць аднавіць бацькоўскую сядзібу. Іх права, толькі давядзецца рукі прыкласці.

Каб у Хвалаве хаты хвалілі

Так і хацелася заклікаць асобных нашчадкаў жылых дамоў з вёскі Хвалава прыкласці рукі да дома, дзе, скажам, пакасілася, а ў асобных месцах і зусім абвалілася агароджа. Пры гэтым сам дом выглядае цалкам нармальна: прасторны, з вялікімі вокнамі, узведзены, як тут кажуць, з пушчанскай драўніны. Магчыма, спадчыннікі жывуць недзе далёка. Бывае і такое.

Хвалава — даволі вялікая вёска. Некалі была трэцяя сярод сельскіх населеных пунктаў былога Шарашэўскага раёна па колькасці жыхароў. Цяпер палова, калі не больш, дамоў пустыя. У вёсцы зачынілі апошні аб'ект інфраструктуры — магазін. Праўда, некаторыя нашчадкі падтрымліваюць хаты ў належным стане, гэта адразу заўважна. Ёсць і такія дамы, што ў чарзе на знос.

Як бы ні было шкада, а зносіць старыя дамы даводзіцца. І работа гэтая не танная. Вядома, тых грошай, што выдзяляюцца з бюджэту, не хапае, асабліва калі гаворка ідзе пра такі сельсавет, як Сухопальскі, дзе колькасць пустых дамоў параўнальная з іх колькасцю ва ўсім, напрыклад, Клецкім раёне. Таму мясцовая ўлада выйсце бачыць у супрацоўніцтве з сельгасарганізацыямі. Паводле слоў старшыні сельскага Савета, асабліва плённай атрымліваецца сумесная работа з ААТ «Мурава». У кіраўніцтва гаспадаркі ёсць свая тактыка работы з такімі дамамі. Лепшыя з іх, найперш на цэнтральнай сядзібе, сельгаспрадпрыемства купляе, праводзіць рэканструкцыю і выдзяляе сваім работнікам, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Ну а тыя, што размешчаны ў населеных пунктах без інфраструктуры і выразных перспектыў, зносяць, а ўчасткі ўводзяць у севазварот. Вядуць гэтую работу і іншыя сельгаспрадпрыемствы. Драўніну выкарыстоўваюць для ўласных кацельных на цвёрдым паліве.

Сёлета па сельсавеце запланавана знесці 16 дамоў. Старшыня сельвыканкама Міхаіл Мартынаў лічыць вельмі патрэбным указ, падпісаны ў канцы сакавіка, які датычыцца ўдасканалення работы з пустымі дамамі ў сельскай мясцовасці. Цяпер будзе прасцей надаць новае жыццё многім вясковым будынкам. Бо зносяцца толькі тыя з іх, якія не маюць ніякай перспектывы ды псуюць знешні выгляд населеных пунктаў. Калі трухлявых збудаванняў стане менш, вёска будзе выглядаць больш прывабна, тады хутчэй знойдуцца ахвотныя набыць домік, які можна прывесці ў парадак і скарыстаць сабе на радасць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Пружанскі раён

Загаловак у газеце: Дзе дом стаяў — расце кукуруза

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?