Вы тут

«Пераканаўча прашу зрабіць мне ласку і выдаць пісталет»


Вялікая Айчынная вайна змяніла стаўленне да праваслаўнай царквы не толькі з боку савецкага ўрада, але нават і з боку Сталіна. Гэта было выклікана, па-першае, патрыятычнай пазіцыяй, занятай кіраўніцтвам Рускай праваслаўнай царквы ў дачыненні да раптоўнага ўварвання фашысцкіх войскаў на тэрыторыю Савецкага Саюза. Па-другое, перапіс насельніцтва 1937 года паказаў: нягледзячы на актыўную палітыку, якую праводзіла бальшавіцкая партыя супраць царквы, амаль усё насельніцтва краіны адкрыта заявіла аб сваёй рэлігійнасці. Па-трэцяе, ва ўсенароднай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўзялі актыўны ўдзел як самі служыцелі рэлігійных культаў, так і мільёны вернікаў.


На акупаванай тэрыторыі Беларусі гітлераўскія ідэолагі спрабавалі выкарыстаць рэлігійны фактар для ўзмацнення варожасці да бальшавізму, драблення рэлігійнага руху і недапушчэння яго кансалідацыі для дапамогі нямецкай адміністрацыі.

Але многія святары падзялілі долю свайго народа. Яны вялі пропаведзі, накіраваныя на непрызнанне чужаземцаў, заклікалі прыхаджан маліцца за доблесных братоў і сясцёр, якія не змірыліся з новай уладай. Многія служыцелі царквы сталі агентамі, партызанскімі сувязнымі і нават партызанамі.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца дакументы, якія пацвярджаюць патрыятычныя дзеянні царкоўных служыцеляў, іх імкненне дапамагаць партызанам і выхаваўчае ўздзеянне на прыхаджан.

26 кастрычніка 1943 года сакратар ЦК КП(б)Б Аўхімовіч, пабываўшы ў тыле праціўніка, пісьмова паведамляў першаму сакратару ЦК Беларускай ССР П. К. Панамарэнку аб гутарцы са свяшчэннікам Кашэвіцкай царквы Капаткевіцкага раёна Палескай вобласці (цяпер Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці) Рыгорам Чаусам. У ходзе гутаркі свяшчэннік расказаў, што сваю работу ён праводзіць «у поўнай увязцы з партызанамі», і паведаміў такія дэталі: «Да мяне прыходзіў адзін партызанскі камісар, прагледзеў змест маіх пропаведзяў, сёе-тое закрэсліў, сёе-тое дадаў, і вось я гэтага і прытрымліваюся. Мы ў сваіх малітвах молімся за перамогу нашай зброі, здароўе партызан і ў дадзеным выпадку за здароўе Героя Савецкага Саюза, камандзіра партызанскага атрада Фёдара Паўлоўскага, бо дзякуючы яго атраду наша вёска ўвесь час знаходзіцца пад аховай партызан і засталася цэлая».

І яшчэ паведаміў Рыгор Чаус, што кожную нядзелю ён збірае ў прыхаджан для партызанскага шпіталя яйкі, масла, іншыя прадукты, а таксама перавязачны матэрыял для параненых.

У партызанскай брыгадзе імя Леніна Пінскай вобласці знаходзіўся ўраджэнец вёскі Пунічы Францішак Купш, які перад вайной служыў ксяндзом у мясцовым касцёле. Па заданні камандавання брыгады Купш збіраў звесткі аб злачынствах, учыненых нямецкімі захопнікамі ў Ленінскім (цяпер Жыткавіцкім) раёне. У чэрвені 1943 года ён быў адпраўлены самалётам у савецкі тыл, дзе і паведаміў Беларускаму штабу партызанскага руху сабраныя ім звесткі аб зверствах акупантаў.

У сакавіку 1943 года з пісьмом да вернікаў звярнуўся кіеўскі мітрапаліт Мікалай. У звароце выказваўся боль за шматпакутную зямлю, акупаваную фашыстамі, а таксама ўпэўненасць у перамозе Чырвонай Арміі над праклятым ворагам, гучаў заклік да ўсіх праваслаўных прыхаджан садзейнічаць партызанам: «Святая царква радуецца, што сярод вас на святую справу выратавання Радзімы ад ворага паўстаюць народныя героі, слаўныя партызаны, для якіх няма вышэйшага шчасця, як змагацца за Радзіму, а калі трэба — памерці за яе. Будзьце сапраўднымі хрысціянамі, ратуйце вашу святую маці-царкву праваслаўную на карысць вызвалення нашай радзімы ад фашысцкіх захопнікаў, а яна ніколі не пакіне вас».

Гэты заклік украінскай праваслаўнай царквы разам са зваротамі і заклікамі падпольных райкамаў і абкамаў партыі ў выглядзе лістовак распаўсюджваўся сярод насельніцтва і знаходзіў жывы водгук у сэрцах людзей.

Царкоўныя служыцелі лепш за іншых ведалі не толькі сваіх прыхаджан, але і становішча ў населеных пунктах прыхода, ведалі аб настроі насельніцтва ў дачыненні да акупантаў. Менавіта таму партызанскія камандзіры выкарыстоўвалі царкоўных служыцеляў у якасці сваіх агентаў і сувязных.

Прыкладам патрыятызму, адданасці роднай Айчыне быў свяшчэннік Мала-Плотніцкага прыхода Лагішынскага (цяпер Пінскага) раёна Аляксандр Фёдаравіч Раманушка. Святар актыўна ўключыўся ў барацьбу з нямецкімі акупантамі ў 1942 годзе, з'яўляўся сувязным партызанскага атрада імя Арджанікідзэ. Падазраваўся ў сувязях з партызанамі, за што падвяргаўся ганенню з боку нямецкіх улад, а ў лістападзе 1943 года разам з сям'ёй прыйшоў у штаб партызанскай брыгады імя Куйбышава. Святы айцец, як Раманушку называлі партызаны, праводзіў вялікую выхаваўчую работу сярод байцоў брыгады і мясцовага насельніцтва, заклікаў сялян да барацьбы з акупантамі. У прадстаўленні да ўзнагароджвання Аляксандра Раманушкі гаворыцца: «Бездакорны патрыёт сваёй Радзімы».

11 лютага 1944 года Раманушка звярнуўся з пісьмом да камандзіра Пінскага партызанскага злучэння В. Каржа з просьбай забяспечыць яго і сына зброяй. Вось як тлумачыць святар гэту просьбу:

«Згодна з работай, даручанай мне камандаваннем брыгады, я ўвесь час раз'язджаю па населеных пунктах Лагішынскага і Целяханскага раёнаў і заклікаю насельніцтва да аказання дапамогі партызанам і ўступлення ў атрады для барацьбы з захопнікамі. Хоць наша камандаванне заўсёды накіроўвае са мной для аховы двух байцоў, аднак не выключана магчымасць, што ў адзін момант мы можам быць раздзелены і я акажуся зусім бездапаможным перад ворагам.

У гэтай сувязі, калі ў вас або ў вашым распараджэнні маюцца свабодныя пісталеты сістэмы «ТТ», пераканаўча прашу не адмовіць зрабіць мне ласку і пры першым зручным выпадку пераслаць яго на імя камандзіра брыгады т. Антановіча, а для сына — вінтоўку-дзесяцізарадку».

У канцы пісьма святар абяцаў «і надалей разам з народам і яго найлепшымі сынамі-партызанамі змагацца з гэтымі вылюдкамі роду чалавечага да канчатковага разгрому фашызму».

Невыпадкова партызанская барацьба на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўвайшла ў гісторыю як усенародная. У ёй удзельнічалі ваеннаслужачыя Чырвонай Арміі, якія па волі лёсу апынуліся ў тыле праціўніка, дарослае насельніцтва гарадоў і вёсак, старыя і дзеці. У адзіным страі з гэтымі змагарамі былі і прадстаўнікі царквы.

Генадзь БАРКУН, гісторык

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.