Вы тут

У вяскоўцаў выхадных няма. У сельгаспрадпрыемстве «Мурава» завяршылі пасяўную, работа на палях і фермах працягваецца


Напярэдадні Першамая мы накіраваліся ў Мураву, бо дзе яшчэ гаварыць пра свята працы, як не ў сельгаспрадпрыемстве. Дакладней, на вытворчасці, якая не мае выхадных альбо святочных вакацый наогул. Жывёлагадоўчыя комплексы функцыянуюць кожны дзень аднолькава. Ды і земляробы працуюць не ад кампаніі да кампаніі. Пасяўная фактычна завершана, але кожны дзень можа прынесці сюрпрызы, абумоўленыя надвор'ем, шкоднымі насякомымі, хваробамі раслін, — і заўсёды трэба быць гатовым выйсці ў поле.


А забяспечваюць названыя працэсы сельскія працаўнікі, пра якіх дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Білецкі гаворыць з нязменнай павагай: «На службу сучаснаму аграрыю прыйшлі новыя тэхніка і тэхналогіі. Работа патрабуе значна менш, чым раней, чалавечай сілы: усё робяць машыны і трактары; высокапрадукцыйная тэхніка ў асноўным камп'ютарызаваная. Але ж нязменным застаецца адно — сумленнасць працаўніка, шчырасць у адносінах да зямлі і сваёй справы. Бо зямлю не падманеш. Недзе не дагледзеў, прапусціў, махнуў рукой — потым яно абавязкова вылезе, і не толькі стратай на канкрэтным адрэзку часу, але і пазней. Агрэхі ў тэхналогіі цягнуць за сабой ланцужок праблем, на вырашэнне якіх можа спатрэбіцца шмат часу».

Пётр Білецкі ганарыцца сваім калектывам. Расказваў, што назіраў у полі, калі вопытныя механізатары паказвалі маладзейшым, як правільна ўзараць, а старэйшыя жывёлаводы вучылі маладых нюансам догляду. А яшчэ ганарыцца сваім кіруючым звяном — мазгавым цэнтрам, які складаюць спецыялісты гаспадаркі. Напрыклад, галоўны інжынер Юрый Лашкевіч, ветэран аграрнай працы і ас калгаснай механізацыі.

Юрыя Міхайлавіча знаходзім на машынным двары. Цяпер яго цэх механізацыі складаецца са 120 спецыялістаў, якія працуюць у мехатрадзе, аўтагаражах, рамонтнай майстэрні, на машынным двары, у жывёлагадоўлі. Працоўнае крэда інжынера Лашкевіча — тэхнічны парк павінен пастаянна абслугоўвацца на самым высокім узроўні. Дастаткова глянуць на памяшканне майстэрні, каб упэўніцца, што парадак падтрымліваецца ва ўсім, што ён дысцыплінуе, а ўмовы, створаныя для працаўнікоў, спараджаюць адказнасць і павагу. Той факт, што і ў машынным, і ў трактарным парку гаспадаркі няма вакансій, гаворыць пра многае.

Начальнік механізаванага атрада Уладзімір Карунас забяспечвае тэхналагічны працэс як у полі, так і на ферме. Яго епархія — 43 трактары, сем збожжаўборачных камбайнаў, пяць кормаўборачных машын. Усе яны павінны быць спраўнымі і па меры неабходнасці выходзіць на аб'екты. Справа, як быццам простая, калі працэс адладжаны.

Уладзімір Уладзіміравіч паходзіць з вялікай вясковай дынастыі. У гэтай гаспадарцы працавалі яго бацькі, тут працуюць жонка, сястра, брат, сыны Аляксандр і Дзмітрый таксама шчыруюць у галіне механізацыі.

— На работу тады яшчэ ў калгас прыйшоў адразу пасля службы ў арміі, вось толькі з грамадзянствам былі праблемы, — згадвае з усмешкай Уладзімір.

— ?!

— Так, нарадзіўся і вырас тут. Пасля заканчэння Пружанскага сельгастэхнікума ў армію пайшоў. Служыў на тэрыторыі Расіі. А калі тэрмін скончыўся, Саюза ўжо не стала. Аказалася, што я прыехаў у незалежную Беларусь з іншай краіны з усімі наступствамі. Карацей, давялося пабегаць па інстанцыях, каб атрымаць грамадзянства. Ну а цяпер ёсць што ўспомніць ды дзецям, унукам расказаць. Адно я ведаю: няма нідзе лепей, як у нас у Мураве. На месцы работа, жыллё, маладым ёсць магчымасць вучыцца, павышаць кваліфікацыю, расці ў плане кар'еры. Ну і працаваць, вядома ж, не ленавацца. У нас ёсць з каго браць прыклад. Хоць бы з такіх механізатараў, як Анатоль Савіцкі, Мікалай Бульчук.

Ме­ха­ні­за­тар Мі­ка­лай Буль­чук.

З Мікалаем Бульчуком мы сустрэліся побач з мехдваром каля яго аграмаднага «Амкадора». Зараз ён заняты дастаўкай кармоў на жывёлагадоўчыя аб'екты.

— Біяграфія тыповая, — гаворыць механізатар. — Родам з суседняй вёскі. У школе вучыўся ў Мураве. А потым, пасля службы ў ВМФ, вярнуўся ў сваю гаспадарку. Сеў на трактар, і вось ужо 35 гадоў стажу. Па старых мерках, дык ветэран працы, — усміхаецца суразмоўнік.

Як удалося даведацца, Мікалай Уладзіміравіч не проста ветэран земляробнай справы — роўных яму пашукаць. Усе гэтыя 35 гадоў у жніво аграрый убірае хлеб. Калі збажына сабраная — пераходзіць на буракаўборачны камбайн, потым працуе на іншых трактарах, такіх як гэты «Амкадор». Работы хапае.

Дом атрымаў у свой час у гаспадарцы, выкупілі яго з жонкай, прыватызавалі. Трымаюць невялікую падсобную гаспадарку: як жа без гэтага ў вёсцы? Гаворыць, што зарплата прыстойная, дом добраўпарадкаваны, з усімі выгодамі... Пацікавілася, як ён праводзіць адпачынак. Сказаў, што ў працоўны водпуск ходзіць найбольш зімой, хоць часам выпадала і ў красавіку, і ў маі. Адпачывае найчасцей на прысядзібным участку. У экзатычныя краіны на курорты не ездзіў, хіба пасля выхаду на пенсію адважыцца.

Першага мая ў Мікалая Уладзіміравіча будзе рабочы дзень. На комплексе — тысячы галоў жывёлы. Кармы ім павінны быць дастаўлены строга па распарадку. За гэтым сочыць дзяжурны намеснік начальніка малочна-таварнага комплексу. Калі мы прыехалі, на змене была Святлана Ленкавец.

Рабочы дзень, альбо змена, у Святланы Іванаўны пачынаецца а палове пятай раніцы. У пяць — дойка, да гэтага часу ўжо ўсе аператары машыннага даення на месцы, вырашаюцца бягучыя арганізацыйныя пытанні і запускаецца рабочы працэс. Святлана Ленкавец таксама пачынала з аператара машыннага даення і вырасла да намесніка начальніка. Свой калектыў яна лічыць дружным, гаворыць, што паказчык іх работы — якасць прадукцыі. Усё малако з комплексу «Мурава» прадаецца гатункам «Экстра». Адсюль — зарплата, прэміі, ну і пашана за працу.

На гэтым комплексе ўтрымліваецца не толькі дойны статак: больш за 600 галоў маладняку даглядаюць Людміла і Уладзімір Усачовы. Дакладней, Людміла гадуе 323 цяляці ад трох месяцаў да года, потым перадае статак мужу, які даглядае іх да ўзросту 18 месяцаў. Вядома, працэс у многім механізаваны, але і ручной работы хапае, напрыклад, падаслаць стойлы свежай саломай. А з малымі цяляткамі, зразумела, асобны клопат.

На машынным двары: загадчык майстэрні Віталь Беразнюк, галоўны інжынер Юрый Лашкевіч, загадчык машыннага двара Аляксандр Карунас, начальнік мехатрада Уладзімір Карунас, намеснік дырэктара гаспадаркі Аляксандр Маркечка.

Уладзімір расказаў, што сям'я яго родам з Веткаўскага раёна. Пасля чарнобыльскай трагедыі вёску адсялялі, бацькі прыехалі ў Пружанскі раён. Так ён апынуўся тут, і гэта мясціна ўжо стала другой радзімай:

— Працаваў некаторы час у лясніцтве, на будоўлі, а цяпер ужо з дзясятак гадоў на ферме і зразумеў, што гэта маё. Жывёлу трэба любіць, інакш няма чаго брацца за гэтую работу.

Любоў да жывой істоты назвалі фактарам выбару прафесіі маладыя спецыялісты, ветурачы гаспадаркі Дар'я Лявоцкая і Дзмітрый Крайнік. Абое яны прыехалі па размеркаванні пасля заканчэння Пінскага аграрнага каледжа. Дзмітрый працуе два гады, Дар'я — год. Яна прызнаецца, што ўсяму давялося вучыцца на ферме. Вырасла ў горадзе, дома «лячыла» толькі свайго коціка, падчас вучобы атрымала пераважна тэорыю. А жывёлы спачатку  нават баялася. Дапамагаў Дзіма, як больш вопытны, ну і, вядома, Віктар Уладзіміравіч Міхальчык, ветурач гаспадаркі... Гэта цяпер яна сама ўпраўляецца з падшэфнымі: на вока навучылася вызначаць, як тое ж цялятка ідзе на папраўку ў выніку лячэння, — і гэта прыносіць задавальненне.

— У жывёлагадоўчай галіне так пабудаваны графікі работы, што людзі маюць гарантаваныя выхадныя дні, ды і механізатары працуюць з выхаднымі, якія прызначаюцца ў адпаведнасці з вытворчай неабходнасцю і падганяюцца пад вытворчы працэс. Таму нехта будзе працаваць на Першамай, нехта — на Вялікдзень, — гаворыць намеснік дырэктара гаспадаркі Аляксандр Маркечка, — да гэтага людзі ставяцца з разуменнем.

Ветурачы Дзмітрый Крайнік, Віктар Міхальчык, Дар'я Лявоцкая.

У сваім калектыве мы асабліва шануем ветэранаў вытворчасці, стараемся падтрымаць маладых спецыялістаў, — працягвае Аляксандр Іванавіч. — Можна, вядома, прыехаць, адпрацаваць вызначаны тэрмін і з'ехаць. А тыя, хто застаецца, выбіраюць не толькі работу, але і ўклад жыцця. Каб застацца ў вёсцы, трэба яе адчуць, палюбіць, як ні пафасна гэта гучыць. Вось, скажам, ёсць у нас начальнік вытворчага ўчастка Анатоль Сахарчук. Работы ў яго на вытворчасці хапае. Але ў чалавека ёсць хобі: ён займаецца вывучэннем гісторыі свайго краю, знаходзіць звесткі нават аб далёкім мінулым. Гэта ён адшукаў пісьмовыя ўпамінанні пра Мураву, датаваныя 1563-м. Нядаўна паставілі валун з гэтай датай, каб усе ведалі, што вёсцы хутка 460 гадоў, што ў часы Сярэднявечча тут жылі людзі, расцілі хлеб, гадавалі дзяцей. А мы — іх нашчадкі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Пружанскі раён

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.