Вы тут

«Пад ударам можа апынуцца любое прадпрыемства, незалежна ад санкцый, уведзеных супраць беларускіх кампаній»


Найбуйнейшыя замежныя прафсаюзы нафтахімічнай галіны прынялі заяву ў падтрымку беларускіх работнікаў.


Фота БелТА.

Салідарную падтрымку прадпрыемствам нашай краіны выказала Міжнародная Канфедэрацыя Нафтагазбудпрафсаюзаў. Гэтая ўплывовая арганізацыя прадстаўляе інтарэсы больш чым 1,7 мільёна работнікаў з 8 краін свету — Расіі, Казахстана, Азербайджана, Грузіі, Малдовы, Украіны, Узбекістана і Беларусі. Дзеля чаго спатрэбілася гэтая падтрымка? Зараз патлумачым.

У сярэдзіне красавіка ЗША заявілі аб аднаўленні санкцый супраць найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў галіны нафтахіміі. У гэтым спісе апынуліся адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Нафтан», «Гродна Азот», «Полацк-Шкловалакно», «Белшына» і іншыя беларускія кампаніі.

— Прадстаўнікі Нафтагазбудпрафсаюзаў Расіі і прафсаюзы нафтахімічнай галіны Казахстана асабіста прыляцелі ў Беларусь, каб падтрымаць работнікаў тых прадпрыемстваў, якія трапілі ў санкцыйны спіс. Уведзеныя абмежаванні могуць закрануць і інтарэсы прадпрыемстваў-партнёраў з краін Еўразійскага эканамічнага саюза. Пры гэтым парушаюцца вытворчыя ланцужкі, якія склаліся за гады ўзаемадзеяння. Напрыклад, ААТ «Белшына» атрымлівае сыравіну з 57 краін свету, у тым ліку з Расіі і Казахстана. Спажыўцамі прадукцыі ў тым ліку з’яўляюцца АўтаВАЗ, Ростсельмаш, КАМАЗ, ГАЗ і іншыя сусветныя прамысловыя гіганты, — паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў. — Таксама найбуйнейшымі расійскімі пастаўшчыкамі сыравіны на «Нафтане» з’яўляюцца «Раснафта» і «Сургутнафтагаз». Пастаўкі ажыццяўляюць «Татнафта», «Руснафта» і «Нафтыса». Пастаўшчык расійскага газу на «Гродна Азот» — глабальная энергетычная кампанія «Газпрам». Пад ударам можа апынуцца кожнае з прадпрыемстваў, незалежна ад таго, што абмежаванні ўведзеныя супраць беларускіх кампаній. Як вынік — зніжэнне ўзроўню занятасці і заработнай платы работнікаў галіны і іншых краін.

Акрамя таго, закранаюцца інтарэсы і нафтахімічнай сферы Казахстана, паколькі паміж краінамі ўжо падрыхтавана пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве па пастаўках нафты.

— На сённяшні дзень прадстаўнікі ЗША адмаўляюцца прызнаваць, што ў першую чаргу ад санкцый пакутуюць шараговыя працаўнікі, якія не парушалі нормаў нацыянальнага і міжнароднага права, не неслі пагрозы рэгіянальнай і сусветнай стабільнасці і бяспецы, — дадалі ў прэс-службе ФПБ. — Ва ўмовах грубага ўмяшання ў дзейнасць прадпрыемстваў найбуйнейшыя міжнародныя аб’яднання прафсаюзаў выказалі салідарнасць з беларускімі працоўнымі і прапанавалі сумесна выпрацаваць стратэгію адэкватный дзеянняў на ўвядзенне санкцый.

Дарэчы, раней Белхімпрафсаюз, які аб’ядноўвае больш за 140 тысяч работнікаў галіны, прыняў сваю заяву супраць аднаўлення эканамічных санкцый ЗША ў дачыненні да асобных прадпрыемстваў галіны.

Выбар рэдакцыі